Архітэктурнае мысленне
Школа архітэктурнага мыслення для дзяцей ад 5 да 15 гадоў вучыць архітэктурнаму мысленню як інструменту разумення сучаснага глабальнага свету. Афлайн заняткі праводзяцца ў Лісабоне, а анлайн — з дзецьмі па ўсім свеце. На працягу кожнай чвэрці вучні праходзяць праз заняткі розных студый і ў выніку ствараюць фінальны праект: кнігу, фільм, мапу горада і г.д. Сярод 16 розных праграм тут ёсць, напрыклад, анлайн-курс «Дом», прысвечаны адчуванню дома як месца. Сёлета будуць групы для дзяцей 6-7 і 8-10 гадоў на курс пра зорныя архітэктурныя аб’екты ва ўсім свеце ва ўсе часы. Звычайна заняткі платныя, але ў верасні школа правядзе шэраг бясплатных заняткаў аб архітэктуры для дзяцей 7-10 гадоў.
Дзе: анлайн + Лісабон
English з Наталкай
Наталка Харытанюк выкладае ангельскую і дарослым, але нядаўна ў яе з’явіўся курс для дзетак 9-11 гадоў, у межах якога яна запрашае прайсці праграму ангельскай мовы за 5 клас разам.
Заняткі праходзяць анлайн (на платформе Zoom), тры разы на тыдзень, па 45 хвілін, у кожнай групе — 4 чалавекі. З 15 верасня да 15 траўня (90 сустрэч). З фарматам падачы матэрыялу можна азнаёміцца на ютуб-канале «English з Наталкай».
Дзе: анлайн
Танцы па-беларуску
Настаўніца танцаў Алеся набірае групу дзяцей 7-12 гадоў для заняткаў танцамі: вулічныя стылі, база+імправізацыя. Тут дзеці танчаць ва ўмовах узаемнай павагі й любові да руху. На занятках дзеці 4-7 гадоў знаёмяцца з сабою, вывучаюць сябе, магчымасці свайго цела, развучваюць базавыя рухі сучасных кірункаў танца; вучацца слухаць музыку і адно аднаго, дыхаць, імправізаваць. Дзеці ў групе ад 8 да 12 гадоў вучацца працаваць у камандзе, развучваюць танцавальныя камбінацыі ў вулічным стылі, працуюць са сваімі эмоцыямі, рашаюць фізычныя задачкі на каардынацыю. І ўсё гэта пад беларускамоўныя трэкі сучасных выканаўцаў!
Дзе: Менск, Куйбышава, 22
Скаладром
Навучыцца чапляцца і лазіць, развіць гнуткасць і сілу рук можна на скаладроме. Кожную суботу аб 11 тут праходзяць спробныя заняткі (кошт 10 рублёў), а пасля выпрабавальнай трэніроўкі можна падабраць прыдатную групу. Групаў шмат: для дашкалятаў і для падлеткаў, для пачаткоўцаў і для спартоўцаў, ранішнія і вячэрнія.
Дзе: Менск, Куйбышава, 22
Шахматны дом
У верасні клуб «Шахматны дом» распачынае новы сезон. Тут прымаюць у свае шэрагі кемлівых шахматыстаў, якія хочуць развівацца, вучыцца і перамагаць — як на шахматнай дошцы, так і ў жыцці. Адкрыюцца новыя беларускамоўныя групы ў двух філіялах у Менску і анлайн.
На Пушкінскай будзе тры групы: для пачаткоўцаў (6+), другога году навучання, а таксама 4-гадовых;
У Зялёным Лузе: для пачаткоўцаў (6+) і другога году навучання;
Анлайн: для пачаткоўцаў (7+) і другога году навучання.
Дзе: Менск + анлайн
Калякі-малякі
У «Каляках» ёсць заняткі малявання для маленькіх творцаў, дзе педагогі раскрываюць і накіроўваюць творчы патэнцыял дзіцяці, знаёмяць кожны тыдзень з творчасцю вядомых жывапісцаў і выкарыстоўваюць розныя творчыя тэхнікі. Тут таксама ёсць урокі акадэмічнага малюнка, анатоміі чалавека для мастакоў, інтэр’ернага жывапісу і стварэння анімацыйных персанажаў.
Заняткі праводзяцца ў чатырох раёнах Менска: на Дзяржынскага, 125А; Калеснікава, 27; Тураўскага, 24 і на Брацкай, 12, а таксама ва Уроцлаве на Dąbrowskiego, 36.
Дзе: Менск + Уроцлаў
Краіна Маляванія
У прасторы «Шустры вожык» праходзяць чацвярговыя заняткі па асновах малявання і мастацкага бачання з Уладзімірам Рэгіневічам. Гурток пасуе дзецям ад 6 да 12 гадоў. На дасяжных кожнаму матэрыялах наведнікі знаёмяцца з рознымі творчымі тэхнікамі: жывапісу і акварэлі, гравюры і лінагравюры. Пасля занятка дзеці могуць пагарэзіць ва ўтульнай прасторы, дзе адбываюцца заняткі.
Дзе: Горадня, Замкавая, 18
Гурток тэатральнага майстэрства «Ў нескладанае»
Тэатральня студыя «Ў нескладанае» праводзіць заняткі для дзяцей ад 5 да 14 гадоў. Заняткі будуць адбывацца па-беларуску і складацца з дзвюх частак: тэатральнае майстэрства (майстэрства актора, сцэнічная мова) і фальклорна-выканаўчыя практыкі (народныя танцы, вывучэнне музычных інструментаў). Таксама ў межах заняткаў плануюцца майстар-класы па выяўленчым мастацтве, народных спевах і яшчэ шмат чаго цікавага. Заняткі вядуць актор тэатру і кіно Сяржук Тоўсцікаў і дудар і навуковец Вячка Красулін.
Дзе: Вільня, Maironio g., 11
Тэатральная школа «Разам»
Студыя вулічнага тэатра праводзіць заняткі, на якіх падлеткі ад 14 гадоў будуць вучыцца хадзіць на хадулях, жангляваць рэквізітам да фаер-шоу, танцаваць народныя беларускія і сярэднявечныя танцы, акрабаціць, развіваць акторскія здольнасці, вучыцца камунікаваць з гледачамі, ствараць пастаноўкі і спектаклі. Вядзе заняткі рэжысёрка вандроўнага тэатра «Вір» Ганна Карчэўская.
Калі: чацвер: 19.00-20.30, нядзеля: 12.00-14.00
Дзе: Вільня, Vilniaus, 16
Робататэхніка
У сучасным свеце нас паўсюль атачаюць робаты. Гурток дапамагае лепш зразумець прынцыпы, паводле якіх яны функцыянуюць, і дазваляе рэалізаваць свае інжынерныя задумкі. Навучанне праходзіць з выкарыстаннем набораў LEGO Mindstorms EV3. На занятках дзеці вучацца абмяркоўваць задачы і шукаць найлепшае інжынернае рашэнне, вывучаюць прынцыпы працы кожнага механізма і датчыка, вучацца пераўтвараць свае думкі ў код, які будзе кіраваць робатам, атрымліваюць задавальненне ад працы ў камандзе і вучацца паважаць адно аднаго. У канцы кожнага занятку дзіця бачыць вынік, што падвышае самаацэнку і матывацыю да навучання.
Дзе: Вільня, Vilniaus, 20
Тэатральная студыя «Купалінка»
Тэатральная студыя «Купалінка» запрашае ў чатыры ўзроставыя групы: 4-7 гадоў, 8-12 гадоў, 13-16 гадоў, дарослыя. Заняткі праходзяць па серадах і суботах па розных творчых напрамках: тэатральнае мастацтва, танец, сцэнічны рух, вакал і сцэнічная мова, а таксама — спатканні з традыцыйнай культурай, якія выкладаюць артысты Купалаўскага тэатру, прафесійныя рэжысёры, тэатральныя інструктары, культуролагі з Нацыянальнага мастацкага музею.
Стваральнікі імкнуцца падтрымаць артыстаў на чужыне і даць беларускім дзецям апірышча ў роднай культуры дзеля гарманічнай пабудовы іх свядомасці. Таму праграма базуецца перадусім на здабытках беларускай культуры, ад хуткамовак да вершаў, песень, літаратуры і драматургіі, а напрыканцы года ўдзельнікі штогод рыхтуюць паўнавартасную тэатральную прэм’еру. Сябры гурткоў прымаюць інтэрактыўны ўдзел у святочных імпрэзах на Каляды, Купалле і Дзень Волі. Рыхтуюцца да старту заняткі па мове, гісторыі і культуры для дзяцей і дарослых.
Дзе: Варшава, Elektoralna, 12
Школа мастацтваў Равенскага
Музычная школа мастацтваў імя Міколы Равенскага запрашае ўсіх ахвочых 6 верасня (18:00-20:00) паўдзельнічаць у праслухоўваннях па кірунках: вакал, фартэпіяна, гітара, хор, тэатр, вакальны ансамбль. У школе працуюць чатыры выкладчыкі з вышэйшай адукацыяй, стажам і практыкай. Тут чакаюць дзяцей (5+) і дарослых з розным узроўнем падрыхтоўкі. Напрыклад, на вакальным гуртку (індывідуальны вакал, дуэты, ансамблі) вы зможаце праявіць свой талент і стаць часткай творчай сям’і школы Равенскага. На праслухоўванне запрашаюцца ўсе ахвочыя незалежна ад досведу і ўзроўню падрыхтоўкі, тут гатовыя дапамагчы вам развіць голас і дабіцца поспеху ў вакальным мастацтве.
Дзе: Варшава, Rynek Starego Miasta, 2
Спартовы клуб «Волат»
Легендарны спартыўны клуб «Волат» адрадзіўся ў Варшаве! Дасведчаныя трэнеры, аўтарскія методыкі, падрыхтоўка да спаборніцтваў на высокім міжнародным узроўні і выхаванне гарманічнай, усебакова развітай асобы — усё гэта клуб «Волат», дзе было ўзгадавана не адно пакаленне таленавітых спартоўцаў і адданых патрыётаў.
Тут ёсць секцыя каратэ для дзяцей (ад 7 гадоў), падлеткаў і моладзі, а таксама дарослых; трэнінгі для дашкольнікаў з элементамі каратэ і акрабатыкі; бокс, тайскі бокс і кікбоксінг для моладзі і дарослых; MMA, бразільскае джыу-джытсу для моладзі і дарослых; функцыянальны трэнінг, карэкцыйная гімнастыка для дзяцей і падлеткаў.
Дзе: Варшава, ul. Malawskiego 6
Мастацкія заняткі Дзо
Мастацкі гурток разлічаны на 8 заняткаў, за якія дзеці зробяць вялікую кнігу пра жыццё персанажа. Удзельнікаў чакае шмат цікавай работы: распрацаваць персанажа і ўсё яго асяроддзе, ад планеты да сяброў і хатніх гадаванцаў. Кожны занятак мае ўнікальную тэму і матэрыялы. Дзеці будуць маляваць фарбамі, клеіць, выразаць, ляпіць. Падчас творчага навучання ва ўдзельнікаў атрымаецца персанаж з пенапластыліну, планета ў тэхніцы каляровай аплікацыі, мапа горада з сакрэцікамі, фотакалаж дома, партрэты сяброў з натуры, вялікі гадаванец, кардонная маска і вокладка для ўлюбёнай кніжкі.
Дзе: Гданьск, ul. Dolna 4