Гiды

Замежныя мультсерыялы па-беларуску

Замежныя мультсерыялы па-беларуску

Дзеці на вакацыях не ведаюць, чым заняцца, а дарослым хочацца крыху адпачыць ці папрацаваць? Трымайце агромністую падборку мультсерыялаў для дзяцей і падлеткаў у беларускай агучцы (44 варыянты на розны ўзрост), каб заняць дзяцей надоўга ды з карысцю.

Любімчыкі / Tiny Love Пакаё Свінка Пэпа Хамф Мама Му Пэтсан і Фіндус К’ю Клыпа 5 Хайдзі, дзяўчынка Альпаў Доўгія, доўгія вакацыі Папірус Рабакар Полі. Дарожная бяспека Штодзённая бяспека з Эмбер Маленькае каралеўства Бэна і Холі Уотэршыпскі ўзгорак Мікі Маўс Бамсэ і горад злодзеяў Мамі-Фаталь Падарожжы на навальнічнай хмары Экспедыцыя прафесара Губкі Чатыры бакі казак Рыцар Пятрусь гербу «Тры Яблыкі» Аблавушак Пінгвінік Пік-Пок Сцэны з жыцця цмокаў Аповеды таты Бабра Прыгоды Ціўкі Між намі, бусламі Пацукі Мікі Моль і Страшны Плашч Казкі з-за вакна Матыльда Чацвёра вушэй у пералеску Букаландыя Фільм са страшнаю назваю Мядзведзік Фантазік Маўрыцы і Гаўранэк Прыгоды ката Філімона Падарожжы Цюхці, поўныя прыгодаў Рык і Морці Цмок-пакаёўка спадарыні Кабаясі Створаны ў Бездані Анёлы смерці Комі цяжка мець зносіны Сшытак смерці

Любімчыкі / Tiny Love

0+
Развіццёва-забаўляльны мультфільм для самых маленькіх, створаны сусветна вядомым брэндам дзіцячых цацак Tiny Love як бонус да іх прадукцыі. Зацікавіць і будзе карысным дзеткам ад трох месяцаў да трох гадоў. «Любімчыкі» знаёмяць з навакольнымі прадметамі, формамі і колерамі, яны насычаныя песнямі і інтэрактыўнымі элементамі. Мультфільм атрымаўся настолькі ўдалы, што займеў мільёны ўдзячных гледачоў, а цяпер даступны па-беларуску дзякуючы студыі «Гаварун».

Пакаё

0+
Пакаё — гэта цікаўны чатырохгадовы малы, апрануты ў блакітнае, які даследуе свет праз гульні і фантазію. Разам са сваімі сябрамі — жоўтай качкай Пата, ружовым сланяняткам Слонем, сабачкам Лулай і іншымі — ён вучыцца карыстацца рознымі прадметамі, складае музыку, бегае навыперадкі і нават ладзіць конкурс на самы звонкі і заразлівы смех. А захопленыя гледачы — дзеці — дапамагаюць сябрам у гэтым, даючы слушныя парады.

Свінка Пэпа

1+
Знакаміты брытанскі мультсерыял для дашкалятаў з серыямі па 5 хвілін. Пэпа — цікаўная пяцігадовая свінка, якая любіць скакаць па лужынах і ласавацца яблыкамі. Яна добра ладзіць з іншымі, заўсёды гатова заводзіць сяброў. Дубляж мультсерыяла ажыццявіла каманда «Кінаконг» пры падтрымцы краўдфандынгу. Па-беларуску ролі агучылі прафесійныя акцёры Ганна Хітрык і Уладзімер Глотаў.

Хамф

1+
Яскравы і пазнавальны мультсерыял расказвае пра мілага пухнаціка, якога завуць Хамф. Ён вельмі дапытлівы, пастаянна імкнецца даведацца нешта новае і даследаваць свет вакол сябе. Хамфа чакае шмат неверагодных дзіцячых прыгод і адкрыццяў у самых звычайных месцах: ва ўласнай кватэры, у сяброўскім пакоі, у парку, у краме, на дзіцячай пляцоўцы і ў кавярні.

Мама Му

1+
Мультсерыял зняты паводле сусветна вядомай кніжнай серыі Юі Вісландэр «Мама Му». Карова Мама Му хоча навучыцца ўсяму: залезці на дрэва, пакатацца на ровары, пагушкацца на арэлях або пабудаваць дом на дрэве. Што самае цікавае, у яе гэта выдатна выходзіць. Найлепшы сябар Мамы Му — Крумкач. Ён увесь час нагадвае, што Мама Му карова і не можа рабіць усе тыя дзіўныя рэчы. Па-беларуску агучаны студыяй Gavarun.by.

Пэтсан і Фіндус

3+
Мультсерыял створаны паводле шведскай кніжнай серыі Свэна Нурдквіста, а па-беларуску агучаны студыяй Gavarun.by. Пэтсан — рассеяны стары, які жыве ў адзіноцтве на краі маленькай шведскай вёсачкі. Ён разумее гаворку свойскіх жывёл, любіць майстраваць і вынаходзіць. У Пэтсана ёсць вясёлы і гарэзлівы кот Фіндус. Разам героі трапляюць у мноства займальных, смешных і трывожных сітуацый. Мультфільм вылучаецца маляўнічымі краявідамі, прыгожай прамалёўкай персанажаў, мудрым сюжэтам і выдатным саўндтрэкам.

К’ю Клыпа 5

3+
Там, сярод безлічы зорак, ёсць маленькая планета пад назвай Окі-Докі. На ёй жыве прыязны зялёны прышэлец К’ю Клыпа 5, які любіць глядзець на зоркі і бавіць час з сябрамі. Для Аёечкі, Эдзі, Стэлы, Клёвіча і робата Брат-Ка на Окі-Докі таксама ніколі не бывае сумна! Клыпа імчыцца па галактыцы, каб дапамагчы заблукалым касмічным турыстам, вылечыць перагрэтыя планеты і, самае галоўнае, выявіць каштоўнасць сяброўства. Па-беларуску агучана студыяй Gavarun.by.

Хайдзі, дзяўчынка Альпаў

3+
Дзяўчынка-сірата Хайдзі адпраўляецца жыць да дзеда ў Альпійскія горы, бо цётка Дэт больш не можа даглядаць яе. Мясцовыя жыхары адгаворваюць Дэт, бо лічаць дзеда дзікім, суворым старым. Аднак Хайдзі здзіўляецца прыгажосці прыроднага наваколля і з задавальненнем даследуе свой новы дом… Па-беларуску агучаны студыяй Gavarun.by.

Доўгія, доўгія вакацыі

5+
Два галоўныя героі — Эрнэст і Калет — прыехалі з Парыжа на вакацыі і мусілі застацца ў сельскай мясцовасці на ўсю вайну. Яны ствараюць групу сяброў пад назвай «Рабінзоны», якія сустракаюцца ў лесе і спрабуюць дапамагчы «Супраціву». Выдатны мультсерыял пра жыццё акупаванай вёскі падчас Другой сусветнай вайны ў Нармандыі, створаны паводле аповедаў дзяцей — сведак тых страшных падзеяў. У гэтым шоў ёсць вялікія прыгоды, небяспека, сумныя гісторыі… Кожны эпізод суправаджаецца кароткім праўдзівым аповедам тых, хто жыў у тыя часы, а па-беларуску агучыў «Гаварун».

Папірус

5+
Малады егіпецкі рыбак і звычайны хлопец Папірус загадкавым чынам абраны багамі абараняць краіну ад злых сіл Сэта — бога вайны і знішчэння. З дапамогай чароўнага мяча і сяброў ён мусіць знайсці змрочную піраміду Омбас і вызваліць заступніка Егіпта — бога святла Гора. Неверагодныя прыгоды, выдатная маляваная графіка, узрушальны саўндтрэк і таямнічая атмасфера старадаўняга Егіпта.

Рабакар Полі. Дарожная бяспека

3+
Мультфільм з’яўляецца адгалінаваннем паўднёвакарэйскага мультсерыяла «Рабакар Полі». Створаны Hyundai Motors разам з RoiVisual і EBS у межах сусветнага праекта карпарацыйнай сацыяльнай адказнасці для навучання дзяцей бяспецы дарожнага руху. Вядомыя дзіцячыя мультгероі Рабакар Полі з сябрамі весела і даступна раскажуць маленькім гледачам, як паводзіць сябе на вуліцы, растлумачаць правілы бяспекі на дарозе і ў транспарце.

Штодзённая бяспека з Эмбер

3+
Працяг паўднёвакарэйскага мультсерыяла «Рабакар Полі» агучыла студыя «Гаварун». Адважная хуткая дапамога Эмбер з ратавальнай каманды супер-трансформераў штораз спяшаецца выратаваць людзей і машыны з небяспечнага становішча. У часе кожнага эпізоду дзеці навучаюцца дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях і засвойваюць захады тэхнікі бяспекі.

Маленькае каралеўства Бэна і Холі

3+
Маленькае каралеўства Бэна і Холі — гэта малюсенькая зямля, дзе кветкі і трава ўзвышаюцца над самымі высокімі вежамі. Холі — фея-прынцэса, якая ўсё яшчэ вучыцца лятаць, і яе магія не заўжды ідзе па плане. Яе найлепшы сябар эльф Бэн не мае крылаў і не займаецца магіяй, але эльфы вельмі добра майструюць рэчы, асабліва цацкі!

Уотэршыпскі ўзгорак

3+
Ратуючыся ад чалавека, трусіная чарада пакідае родныя сэндлефордскія лугі ў пошуках новага бяспечнага дома. Яны падарожнічаюць па ангельскай сельскай мясцовасці, змагаючыся з небяспекай, пакуль не знаходзяць Уотэршыпскі ўзгорак. Але і ў новым доме неспакойна. Побач варожая чарада — Эфрафа, яе ўзначальвае аўтарытарны генерал Крываўнік. Героі зноў вымушаныя абараняць свой дом і жыццё… Мультсерыял зняты паводле кніжнага бестсэлеру Рычарда Адамса 1972 года, а агуваецца студыяй «Гаварун».

Мікі Маўс

3+
Бесклапотнае мышаня Мікі падарожнічае па свеце і трапляе ў розныя камічныя сітуацыі. Яго паўсюль суправаджаюць сябры: ці не заўжды незадаволены Дональд, гарэза Плута, дзіўнаваты Гуфі і весялушка Міні. Уся кампанія запрашае далучыцца да іх прыгод. Сумаваць не давядзецца!

Бамсэ і горад злодзеяў

3+
Шведскі мастацкі анімацыйны фільм 2014 года. Мішка Бамсэ з сябрамі накіроўваецца ў падарожжа, якое прывядзе іх у голад злодзеяў, але сябры праявяць адвагу, каб выратаваць бабулю ад злоснага ліса Рэйнарда.

Мамі-Фаталь

3+
Мамі Фаталь — найлепшая кухарка ў свеце, якая спакойна жыве на хутары са сваімі гадаванцамі — Сабачкам і Парсючком. Тым не менш час ад часу ёй даводзіцца змагацца з бандай шкоднай ежы. Нешта ад кулінарнага шоў, нешта ад мультфільмаў пра жыццё на ферме — цікавая польская анімацыя 2012-2014 гадоў у беларускай агучцы.

Падарожжы на навальнічнай хмары

3+
Злы Васіліск ператварыў гномаў у гіпсавыя фігуры. Каб іх расчараваць, патрэбны дэгіпсатар — сумесь, інгрэдыентамі якой валодаюць казачныя істоты, якія жывуць у розных краінах Еўропы. Пятачок, Пікулік і добрая вядзьмарка адпраўляюцца ў далёкую дарогу, каб знайсці зелле. Ім таксама пагражае небяспека з боку Васіліска.

Экспедыцыя прафесара Губкі

3+
Польскі каляровы мультсерыял 1978-1980 гадоў. Гэта экранізацыя рамана Станіслава Пагачэўскага пад назвай Misja profesora Gąbki (1975) і адначасова працяг серыяла Porwanie Baltazara Gąbki. Вавельскі Цмок і яго сябры адпраўляюцца ў экспедыцыю, каб даведацца пра звычкі жывёл і высветліць прычыны іх разбуральных падарожжаў.

Чатыры бакі казак

3+
Гэта мультсерыял, якія складаецца з анімаваных народных казак, сярод якіх «Пан Катовіч», «Пра цыгана і дзевяць крукоў», «Вучань і каменны сабака», «Прыгожая Тамара» ды іншыя.

Рыцар Пятрусь гербу «Тры Яблыкі»

3+
Французскі мультсерыял пра рыцара Петруся і яго верных сяброў — прыдворнага кухара і блазна, якія трапляюць у розныя прыгоды пры двары караля.

Аблавушак

3+
Польскі лялечны мультсерыял, які выходзіў у 1975-1987 гадах і быў другім па папулярнасці пасля «Болека і Лёлека». Персанаж Аблавушка быў вельмі цёплы і зразумелы дашкалятам, з якім яны сябе атаясамлялі. Цяпер цікава глядзець гэты мульсерыял, распавядаючы дзецям, як раней здымаліся мультфільмы.

Пінгвінік Пік-Пок

3+
Лялечны мультсерыял пра пінгвіна Пік-Пока быў выраблены ў польскай студыі Se-ma-for. Галоўны герой — пінгвін, які стаміўся сядзець на снежнай выспе і вырашае даследаваць свет. Серыял выходзіў з 1988 па 1992 год і меў 26 серый.

Сцэны з жыцця цмокаў

3+
Мультсерыял быў створаны ў 1990-я гады паводле гумарыстычнай казкі Бэаты Крупскай. Цмокавую даліну насяляюць Антоні, Цмок Зыгмунта і Цмок Вінцэнт. Аднойчы да шчаслівай тройкі далучаецца жаба, і прыгоды закручваюцца ў цікавы сюжэт.

Аповеды таты Бабра

3+
Французскі анімацыйны тэлесерыял, заснаваны на серыі дзіцячых апавяданняў Пэра Кастора пра тату Бабра і трох бабранятаў, якім ён расказвае займальныя гісторыі. Напрыклад, перад Хэлаўінам ён распавядае пра дачушку вядзьмаркі, а перад Калядамі — пра падарунак для Санты.

Прыгоды Ціўкі

3+
Прыгоды прыязнага і вясёлага вераб’я — пазнавальны анімаваны расповед з каментарамі пра папулярных птушак і іх звычкі. Мультсерыял здымаўся ў 1983 годзе.

Між намі, бусламі

3+
Польскі мультсерыял пра сям’ю буслоў Матыльду і Войтэка, якога жонка ласкава называе Дзюбік. Яны вяртаюцца з выраю ў родную вёсачку, у сваю буслянку, выседжваюць буслянятаў і ўзаемадзейнічаюць з іншымі птушкамі: паштовым голубам, ястрабам, сарокай, зязюляй, пеўнем, дзятлам.

Пацукі

3+
Ёсць розныя казачныя каралеўствы, і ва ўсім свеце можна знайсці месцы, дзе адбываюцца неверагодныя гісторыі, поўныя фантазіі і прыгод. На гэты раз чэшскае тэлебачанне Večerníček перавязе дзяцей старэйшага ўзросту ў мараўскія Візавічы, дзе ў глухім кутку «амаль забытага» сметніка разгортваюцца эпізоды лялечнага мультсерыяла «Пацукі». Губерт і Годан жывуць у шуфлядах старой швейнай машынкі разам са сваім гіпсавым сябрам-карузлікам Людвікам. Аднойчы да іх мімаволі, у свежай кучы смецця, завітвае Эда — белы лабараторны пацук з Прагі.

Мікі Моль і Страшны Плашч

3+
У бібліятэцы дзівосных казак жывуць тры кніжныя молі і запісаюць свае прыгоды. Аднойчы па Мікі Моля прыслалі верталёт — і ён паляцеў у далёкую Каламбургію на спаборніцтва ў смехатрыванні. Але туды з’явіўся Страшны Плашч і пры дапамозе смуткоўнага газу запалохаў жыхароў. Гэтая навіна зацікавіла двух знішчальнікаў кніжак, яны вырашаюць знайсці Страшнага Плашча, пазычыць у яго чароўны газ і выкурыць ім кніжных моляў з бібліятэкі.

Казкі з-за вакна

3+
Польскі мульт, створаны на студыі анімацыйных фільмаў у Кракаве ў 1992-1998 гадах. У пачатку кожнай серыі на экране з’яўляецца бібліятэка дзівосных казак. Кніжны моль Мікі пачынае свой аповед пра тое, што адбываецца ў наступным эпізодзе казкі пра лясны куток.

Матыльда

3+
Чэскі мультсерыял пра свойскую качку Матыльду, якую клічуць далёкія палёты і прыгоды. Але яна то адвозіць гусак замест выраю на Паўночны полюс, то прапануе чарапасе зняць панцыр, то вучыць вязаць павука.

Чацвёра вушэй у пералеску

3+
Чэшскі анімацыйны серыял 2006 года, створаны па тэхналогіях мультфільма і плоскай анімацыі ў студыі Anima Praha. У серыяле два героі — трус Ухцік і яго сябар зайчык Ахцік. І як гэта звычайна бывае паміж сябрамі, жыццё прыносіць шмат прыгод, сюрпрызаў, але і расчараванняў. Кніга Маркеты Зінеравай, якая паслужыла асновай для анімацыі, вылучаецца добрым гумарам, дасціпнасцю і этычным пасланнем для самых маленькіх гледачоў.

Букаландыя

3+
Букаландыя — гэта горад-дрэва. На галінах, як на вуліцах, стаяць дамкі, гнёзды і дуплы з зашклёнымі ўваходамі. Аднойчы сюды прылятае прышэлец Бульбер. Прышэлец моцна адрозніваецца ад іх, ён вялікі і нязграбны. Жыхары Букаландыі спачатку прымаюць чужынца стрымана, нават адчужана. Урэшце, аднак, яны пераконваюцца, што ён нястрашны, прымаюць яго іншасць і прапануюць жыць побач, у вольнай лагчыне.

Фільм са страшнаю назваю

3+
Польскі мультсерыял для дзяцей пра лясную сям’ю і вадзяную сям’ю, якія жывуць побач. Аднойчы над паселішчам уздымаецца віхор, з якога выпадаюць тры гномы, а таксама прывід у выглядзе сабакі. Яны прыносяць навіну пра ўцёкі з замка жорсткіх рыцараў, ад якіх давядзецца абараняцца галоўным героям мультфільма.

Мядзведзік Фантазік

3+
Мультсерыял для дзяцей паводле рамана Эвы Карван-Ястжэмбскай «Мядзведзік Фантазік у краіне вечнага сонца» і «Мядзведзік Фантазік спазнае таямніцу крышталя». Пасля радыё-кніжнага ўвасаблення блакітнага мядзведзя ў 2005 годзе надышоў час анімацыі. Эва і Марэк Карван-Ястжэмбскія напісалі сцэнар для ўступных тытраў і ўсіх 13 серый серыяла, а пасля паказу ў Канах серыял выклікаў цікавасць 70 тэлеканалаў свету.

Маўрыцы і Гаўранэк

3+
Гэта лялечны серыял паводле матываў кнігі Збігнева Жакевіча «Двое адважных з Плімплянскага лесу». Абодва героі жывуць у Плімплянскім лесе, сустракаюцца з мясцовымі жывёламі і змагаюцца са злым ведзьмаком Плімплянам.

Прыгоды ката Філімона

3+
Серыял распавядае пра прыгоды маладога ката Філімона і старога дасведчанага ката Баніфацыя, якія жывуць у вёсцы з бабуляй і дзядулем.

Падарожжы Цюхці, поўныя прыгодаў

3+
Польскі мультсерыял для дзяцей, створаны для вечаровай тэлепраграмы для дзяцей перад сном.

Рык і Морці

16+
Рык — звар’яцелы навуковец, які ўцягвае свайго ўнука Морці ў навукова-фантастычныя прыгоды, вынікі якіх нярэдка спрыяюць разбурэнню іх сям’і, а часам і цэлага свету. Далучайцеся да Рыка і Морці ў іх прыгодах на розных планетах і сусветах, а таксама сачыце за іх намаганнямі жыць, як нармальная сям’я, у ненармальным свеце. Асцярожна: у агучцы каманды Anibel прысутнічае ненарматыўная лексіка.

Цмок-пакаёўка спадарыні Кабаясі

16+
Кабаясі — звычайны офісны планктон, адзіны сябар якой — калега Макота Такія. Кожны вечар яна «адзначае» заканчэнне працоўнага дня ў розных забягалаўках. Аднойчы пасля чарговай папойкі Кабаясі сустракае параненую цмачыху на імя Тору і прапануе ёй жыць разам. Агучыла гэты мультсерыял каманда Anibel.

Створаны ў Бездані

13+
Бездань — вялізная дзіра, якая вядзе да самых глыбінь Зямлі, поўная загадкавых істот і рэліквій. Адкуль яна ўзялася? Што хаваецца ў яе глыбінях? Безліч смелых людзей, што называюць сябе рэйдарамі, імкнуцца зведаць таямніцы Бездані. Самыя лепшыя і смелыя з рэйдараў — Белыя свісткі. Тымі, хто жыве на паверхні, яны лічацца легендарнымі. Рыка, дачка зніклага Белага свістка Лайзы Знішчальніцы, хоча стаць такой жа, як маці, і разведаць усе самыя далёкія куточкі Бездані. Аднак ёй, навічку, Чырвонаму свістку, дазваляецца знаходзіцца толькі на верхніх узроўнях. Нягледзячы на гэта, аднойчы Рыка сустракае таямнічага робахлопчыка, разам з якім на ўласным досведзе спазнае жах таго, што Бездань хавае ў сваіх глыбінях.

Анёлы смерці

13+
Рэйчал — дзяўчынка трынаццаці год, якая страціла памяць і апынулася ў невядомым ёй будынку. Шукаючы выйсце, яна сустракае хлопца на імя Айзак, але з адчаю і неразумення таго, што адбываецца, яна прапаноўвае яму забіць яе. Аднак замест гэтага яны вырашылі заключыць дамову, паводле якой гэты хлопец заб’е яе толькі пасля таго, як яна дапаможа яму выйсці з будынку.

Комі цяжка мець зносіны

16+
У першы ж дзень вучобы ў прэстыжнай школе Ітан дзяўчына на імя Сёко Комі ў вачах іншых вучняў становіцца сапраўднай каралевай школы. Прычына ў неймавернай прыгажосці дзяўчыны: цудоўныя цёмныя валасы, рост, зграбнасць. Валодаючы ўсім гэтым, Комі без праблем звяртае на сябе ўвагу кожнага мінака. Аднак ёсць адна праблема: нягледзячы на сваю папулярнасць, Комі цяжка мець зносіны. Воляю лёсу ў новым класе побач з Комі садзяць Хітахіта Тадана — звычайнага хлопца, які выпадкова даведваецца пра праблему дзяўчыны і выклікаецца памагчы ёй. Цяпер яны маюць разам пераадолець усе цяжкасці характару Комі і ажыццявіць яе запаветную мару: знайсці сабе сто сяброў.

Сшытак смерці

16+
Напэўна, самае знакамітае анімэ пра магічны сшытак бога смерці. Варта толькі ўпісаць у сшытак сапраўднае імя чалавека — і ён памрэ. Гэты сшытак трапляе ў рукі падлетка, які спачатку ачышчае свет ад злачынцаў, а потым сам ператвараецца ў злачынца. Агучыла гэты мультсерыял каманда Anibel.

Любімчыкі / Tiny Love Пакаё Свінка Пэпа Хамф Мама Му Пэтсан і Фіндус К’ю Клыпа 5 Хайдзі, дзяўчынка Альпаў Доўгія, доўгія вакацыі Папірус Рабакар Полі. Дарожная бяспека Штодзённая бяспека з Эмбер Маленькае каралеўства Бэна і Холі Уотэршыпскі ўзгорак Мікі Маўс Бамсэ і горад злодзеяў Мамі-Фаталь Падарожжы на навальнічнай хмары Экспедыцыя прафесара Губкі Чатыры бакі казак Рыцар Пятрусь гербу «Тры Яблыкі» Аблавушак Пінгвінік Пік-Пок Сцэны з жыцця цмокаў Аповеды таты Бабра Прыгоды Ціўкі Між намі, бусламі Пацукі Мікі Моль і Страшны Плашч Казкі з-за вакна Матыльда Чацвёра вушэй у пералеску Букаландыя Фільм са страшнаю назваю Мядзведзік Фантазік Маўрыцы і Гаўранэк Прыгоды ката Філімона Падарожжы Цюхці, поўныя прыгодаў Рык і Морці Цмок-пакаёўка спадарыні Кабаясі Створаны ў Бездані Анёлы смерці Комі цяжка мець зносіны Сшытак смерці