Гiды
Як быць актывістам у сучаснай Беларусі

Як быць актывістам у сучаснай Беларусі

За апошнія пару гадоў у Беларусі ліквідавалі больш за паўтысячы грамадскіх арганізацыяў. Паводле маніторынгу Цэнтру прававой інфармацыі Lawtrend, у пачатку года 344 арганізацыі знаходзіліся ў стане прымусовай ліквідацыі, а 208 прынялі рашэнне закрыцца самастойна. Прадстаўнікі гэтых аб’яднанняў займаліся самымі злачыннымі, паводле ўлады, справамі: дапамагалі пакрыўджаным бараніць свае правы ды паляпшалі прастору навокал сябе (больш дэтальна пазнаёміцца з ліквідаванымі арганізацыямі можна тут). Аднак не загіне край забраны, покі будуць людзі, хоць іх актыўнасць і змяняе свой характар. Сойка сабрала відавочныя і менш відавочныя спосабы займацца актывізмам і валанцёрствам у сучаснай Беларусі.

ЭКАЛОГІЯ

Да апошняга года экалагічныя актыўнасці былі па-за палітыкай, пакуль беларуская дзяржава не вырашыла, што птушкам небяспечна быць з народам — і пад ліквідацыію трапіла арганізацыя Ахова птушак Бацькаўшчыны (ейнага кіраўніка, арнітолага Віктара Фянчука пакаралі 2,5 гадамі калоніі), а таксама яшчэ шэраг экалагічных грамадскіх аб’яднянняў.

Тым не менш, рабіць штосьці добрае для экалогіі можна на лакальным узроўні і нават у супрацоўніцтве з мясцовымі органамі улады. Вось некалькі ідэй.

ПРЫБОРКА СМЕЦЦЯ

Штогод увесну па ўсёй краіне аб’яўляецца рэспубліканскі суботнік — гэта добрая нагода «прымазацца» да такой важнай дзяржаўнай падзеі і разам з суседзямі прыбраць наваколле ад бутэлек ды пластыку. А мясцовыя ўлады хутчэй за ўсё нават дапамогуць з вывазам сабранага смецця — ім жа хочацца паставіць «птушачку» за шырокі ўдзел насельніцтва ў прыборцы.

ПЛОГІНГ

Лакальную талаку па зборы смецця можна аб’яўляць у любы час — але рабіць гэта ўлетку нязручна, бо з-за высокай травы смецця не відаць.

Але калі вельмі хочацца ачышчаць прыроду ад смецця цэлы год, то ёсць добры фармат — плогінг. Гэта калі вы не проста бегаеце дзеля здароўя ці падтрымання формы, а яшчэ адначасова збіраеце смецце па вашым маршруце. За абвесткамі па супольных плогерскіх забегах у Беларусі можна сачыць тут.

ПАСАДКА ДРЭВАЎ

Проста так узяць і пачаць саджаць дрэвы — ідэя можа і добрая, але не вельмі легальная. Калі гэта, вядома, не вашая ўласная прысядзібная тэрыторыя. І каб вашае добрае памкненне не патанула ў шматлікіх узгадненнях у мясцовых органах улады, то лепш пачаць з удзелу ў акцыі «Тыдзень лесу», якая праводзіцца ў Беларусі штогод увесну (сёлетняя ўжо скончылася — з 9 па 16 красавіка). Падчас гэтага тыдня любы ахвотны можа саджаць новыя дрэвы, прыбіраць смецце ў лесе і добраўпарадкоўваць месцы адпачынку. Па інструкцыі трэба звяртацца ў мясцовы лясгас — там раскажуць, дзе гэта ўсё можна рабіць.

ЗБОР І РАЗДЗЯЛЕННЕ СМЕЦЦЯ

Мала пачаць раздзяляць смецце ў сваёй кватэры — трэба, каб адпаведныя кантэйнеры для пластыку ды шкла стаялі і ў вашым двары. А калі гэтага яшчэ няма, то можна арганізаваць. Куды наконт гэтага звяртацца, можна пачытаць у парадах ад эколагаў.

АБМЕН КНІГАМІ І РАСЛІНАМІ

Калі вам нешта не патрэбна, то гэта лепш не пераўтвараць у смецце, а перадаць камусьці іншаму. Зрабіць гэта можна нават з карысцю для сябе, калі далучыцца да клубаў па абмене. Напрыклад, вось тут можна мяняцца кніжкамі, а тут — раслінамі. Ну і нішто не замінае арганізаваць свае кропкі буккроссінгу з суседзямі ў вашым пад’ездзе або вёсцы або знаёмымі.

ДАР’Я ЧЫБУЕВА, СТАРАСТА ВЁСКІ НОВАЕ ПОЛЕ

Усё пачалося з таго, што я як мама траіх дзяцей часта гуляю з вазком. І бачу, як на вуліцах валяюцца бутэлькі — з часам яны разбіваюцца і становяцца небяспечнымі для дзяцей. І я аднойчы вырашыла сабраць гэтае шкло. Патэлефанавала ў кампанію, якая забірае бытавое смецце ў нашай вёсцы. Мне сказалі, што здаць асобна шкло можна, і за гэта нават заплацяць грошы. Але ёсць адзін нюанс — трэба набраць мінімум 100 кілаграм, каб прыехала машына.‍

Я стала збіраць бутэлькі, але хутка зразумела, што мне адной набраць 100 кілаграм нерэальна. Таму напісала ў наш вясковы чат — папрасіла дапамогі. І людзі адгукнуліся: хадзілі па вёсцы, па лесе, прывозілі сабраныя бутэлькі на тачках. У выніку мы назбіралі больш за 220 кілаграм. І навокал сапраўды стала менш шклянога смецця, але акрамя таго, мне было радасна, што людзі мяне падтрымалі — і маладыя, і пажылыя, і нават дзеці.‍

Наступным разам мы сабралі болей за паўтону шкла.‍

Потым сталі збіраць яшчэ і пластык, але гэта ўжо складаней, таму што ён вельмі лёгкі. Цэлая гара пластыку ў 30-40 вялікіх мяхоў — гэта ўсяго толькі на кілаграм 60.‍

Зараз збор смецця ў нашай вёсцы ўжо стаў нормай жыцця — каля 40 чалавек робяць гэта на пастаяннай аснове, а яшчэ некаторыя жыхары вёскі ўдзельнічаюць перыядычна. У месяц здаем 300-400 кілаграм шкла і 60-70 кілаграм пластыку, і за гэта атрымліваем 50-60 рублёў. Гэта агульныя грошы, мы разам вырашаем, на што іх выдаткаваць — напрыклад, на вясковае свята.‍

Паколькі арганізоўваць на маім участку гару смецця — не найлепшая ідэя, то на працягу месяца кожны збірае шкло і пластык у сябе, а кіроўца смеццявоза потым праязджае па спісе адрасоў і ўсё забірае.‍

Зараз вось шукаем кампанію, якая магла б у нас забіраць метал — мы асобна збіраем бляшанкі і алюміній. Але праблема ў тым, што трэба назбіраць вялікі аб’ём, каб да нас прыехала машына і па гэтае смецце (мяхоў 30, каб напоўніць грузавы бус). Таму ў ідэале нам у вёсцы патрэбна спецыяльная пляцоўка з кантэйнерамі, дзе б мы маглі назапашваць адсартаванае смецце — зараз думаем, як яе арганізаваць.‍

Калі вы хочаце і ў сваёй вёсцы зрабіць падобную сістэму збору смецця, то трэба:‍

1) Знайсці арганізацыю, якая займаецца вывазам смецця, і даведацца, якая колькасць шкла або пластыку трэба, каб прыехала машына.‍

2) Папрасіць суседзяў дапамагчы вам. Лепш за ўсё пачынаць са шкла: нават мінімальная група ў 5-10 чалавек лёгка зможа за месяц сабраць 100 кілаграм.

3) Вось і ўсё — у вас ёсць паасобны збор смецця!

Як быць актывістам у сучаснай Беларусі

ВАЛАНЦЁРСТВА

З ліквідацыяй шматлікіх арганізацый трэцяга сектару сацыяльныя праблемы не рассмакталіся самі сабой — неабароненыя катэгорыі людзей, а таксама кінутыя жывёлкі па-ранейшаму патрабуюць увагі і дапамогі з боку грамадства.

‍Зараз валанцёрства набыло больш дэцэнтралізаваны характар, а самі валанцёры асабліва не адсвечваюць у медыях і сацыяльных сетках: дапамаглі некаму — і добра, лепш пра гэта памаўчаць. І ўсё ж па-ранейшаму пры жаданні можна працягваць рабіць карысныя рэчы.

УСЁ НАЙЛЕПШАЕ — ДЗЕЦЯМ

Ва ўсе часы дапамога патрэбна дзецям — з цяжкімі захворваннямі або тым, якія засталіся без бацькоў. На іх карысць можна данаціць праз АРІП (у дрэве плацяжоў выбраць «Дабрачынныя арганізацыі — Фонды — Дапамога дзецям і дарослым»), можна збіраць рэчы і адзенне, можна валанцёрыць, а можна проста лайкаць і рэпосціць у сацсетках пасты ад фондаў.

‍Вось кароткі спіс такіх арганізацый (насамрэч ён значна шырэйшы — можна пагугліць і выбраць іншую, са сваёй мясцовасці):

  • Аб’яднанне бацькоў неданошаных дзетак «Рано».
  • ‍Пошукава-выратавальны атрад «Ангел».
  • ‍Установа KinderVita, якая дапамагае дзецям з анкалагічнымі, гематалагічнымі, імуналагічнымі захворваннямі.
  • ‍Гомельская дабрачынная арганізацыя «Маленькія сонейкі», якая дапамагае дзецям з анкалагічнымі захворваннямі, неданошаным малым, дзецям-сіротам і дзецям-сіротам з інваліднасцю.
  • ‍Установа «Ніткі сяброўства» дапамагае дзецям-сіротам у сацыялізацыі і прафарыентацыі, а таксама ў пошуках патранатных дарослых.
  • ‍Дабрачынная арганізацыя UNIHELP дапамагае цяжка хворым дзецям атрымаць неабходнае лячэнне або лекі.

ДАПАМОГА ЖЫВЁЛАМ

Падключыцца да дапамогі кінутым жывёлам вельмі проста — бадай у кожным горадзе існуюць суполкі ў сацсетках і чаты, у якіх пастаянна ёсць процьма абвестак пра ператрымку жывёл, набыццё ім харчоў, а таксама збор грошай на розныя ветэрынарныя патрэбы. Універсальная парада — набярыце ў гугле: «Помощь животным + свой горад».

А калі хочацца дапамагаць не толькі коцікам ды сабачкам, то вось кантакты цэнтру «Сірын», які займаецца дапамогай траўмаваным дзікім жывёлам. Можна пералічыць грошы, прывезці харчы, узяць пад апеку жывёлку або прыехаць туды на экскурсіі, сродкі ад якіх пойдуць на развіццё цэнтру.

НАВУЧЫЦЬ ПЕНСІЯНЕРАЎ КАРЫСТАЦЦА ГАДЖЭТАМІ

Беларускія мабільныя аператары перыядычна праводзяць наборы валанцёраў у праекты, дзе людзей сталага веку вучаць карыстацца камп’ютарамі, планшэтамі і смартфонамі. Напрыклад, у сезоне 2022 года МТС у межах праекта #НаучиСвоихБлизких плануе распавядаць пенсіянерам пра TikTok, кібербяспеку і анлайн-падпіскі на газеты і часопісы. У аператара А1 падобны праект называецца #яонлайн — на адпаведным сайце можна спампаваць гатовыя інструкцыі і памяткі, якія дапамогуць навучыць карыстацца гаджэтамі сваіх пажылых суседзяў і родных. А калі прайсці рэгістрацыю ў якасці валанцёра, то можна падараваць свайму «вучню» 1 ГБ трафіка на першыя крокі ў інтэрнэце.

Наогул, любы актывізм зараз крайне ўскладнены, а ягоныя яскравыя прадстаўнікі — за мяжою або ў глыбокім падполлі. Тацяна Гацура-Яворская, якая ўзначальвала грамадскую арганізацыю «Звяно», ліквідаваную ў 2021 годзе, а цяпер дапамагае ўкраінцам у Кіеве, упэўненая: актывізм і змаганне за паляпшэнне наваколля нікуды з Беларусі не выветрыліся.

ТАЦЯНА ГАЦУРА-ЯВОРСКАЯ

Я ўпэўнена, што актывізм дакладна не высечаны пад корань разам са знішчэннем арганізацый. Проста ўсё сышло ў падполле. А статус арганізацыі — не галоўнае. Неабыякавыя і актыўныя людзі заўсёды былі і будуць. Я думаю, што няма адназначна бяспечных заняткаў, сфера зараз мала што значыць, улады баяцца актыўных у любой сферы. Таму зараз лепш усё рабіць непублічна і чакаць, пакуль зменніцца сітуацыя.‍

Чаму варта займацца актывізмам нават у неспрыяльных умовах? Цяжкае пытанне. З аднаго боку, актывізм — гэта не проста дзвіж, гэта дзвіж, які грунтуецца на каштоўнасцях, і чалавек імкнецца адстойваць гэтыя каштоўнасці ў любых умовах. З іншага боку, сам чалавек вызначае, што ён гатовы за іх аддаць. Бо ва ўмовах сённяшняй Беларусі гэта можа быць і свабода, і здароўе. Я пазбягаю такіх вызначэнняў як «абавязаны», я лічу, што ніхто не абавязаны насамрэч быць актыўным. Але ў той жа час мяркую, што мы адказныя за нашы дзеянні ці бяздзеянне, але і гэта кожны чалавек прымае толькі дабраахвотна на сябе. Карацей, кожны сам вырашае, але вынікамі карыстаемся ўсе мы. Таму заклікаць я б не стала, а вось дзякаваць кожнаму актыўнаму не спыняюся.

Як быць актывістам у сучаснай Беларусі

ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ ПРАСТОРЫ ВАКОЛ СЯБЕ

Унутры сваёй кватэры або прыватнай дзялкі на вёсцы кожны з нас імкнецца стварыць сапраўды райскі куточак. Але хочаш не хочаш, а выбірацца ў людзі трэба — а там ужо пад’езд, двор, газоны, дзіцячыя пляцоўкі, дарогі, прыпынкі… І ўсё гэта, як правіла, не ў самым лепшым стане.

Чакаць, калі навакольнае асяроддзе ў беларускіх гарадах ды вёсках стане самым прыгожым у свеце намаганнямі камунальных ды іншых дзяржаўных службаў, не выпадае — у іх заўсёды бракуе грошай, а часам і проста жадання зрабіць нешта добра і прыгожа. Таму трэба браць ініцыятыву ў свае рукі.

ТАЛАКА

Некаторыя дробныя пытанні з навядзеннем парадку вакол свайго жытла можна вырашыць самастойна, па старой добрай беларускай традыцыі талакі. Праз таварыства ўласнікаў або проста камунікацыю ў суседскіх чаціках можна дамовіцца, а потым і зрабіць парадак у пад’ездах, разбіць клумбы або газоны, а то і самім збудаваць пад’язныя дарогі. Апошняе часта робіцца сельскімі жыхарамі або дачнікамі: чакаць міласці ад сельсаветаў ды дарожнікаў можна гадамі, таму часам прасцей прайсці з шапкай па суседзях ды замовіць пару самазвалаў гравійнай сумесі і грэйдарам самастойна падсыпаць пад’язныя дарогі.

115.БЕЛ

На ўсе праблемы ўласных грошай не напасешся, таму частку спраў па паляпшэнні краіны трэба перакладваць і на тых, хто за гэта атрымлівае заробак. І для гэтага ёсць зручны сэрвіс 115.бел. Праз сайт або мабільную аплікацыю можна скардзіцца на бардзюры, яміны, незакрытыя каналізацыйныя люкі, непрыбраныя снег і смецце і любыя іншыя рэчы, якія вам не падабаюцца ў гарадской ці сельскай прасторы. Досвед паказвае, што калі рабіць гэта сістэматычна і разам з суседзямі, то ЖКГ-машына пачне паціху варушыцца і сёе-тое з вашых заявак выпраўляць.

ПРАМЫЯ ЛІНІІ І ЗВАРОТЫ ГРАМАДЗЯН

З пытаннямі больш сур’ёзнага характару (накшталт арганізацыі пешаходных пераходаў, будаўніцтва новых аўтобусных прыпынкаў, паляпшэння якасці пітной вады) можна азадачваць мясцовых чыноўнікаў пры дапамозе такога інструмента як звароты грамадзян.

Рабіць гэта можна ў любы зручны для вас момант: адкрываеце сайт патрэбнага вам выканкама, міністэрства або любой іншай дзяржаўнай установы, знаходзіце там адпаведны раздел і пакідаеце свой зварот у электроннай форме. Тое ж самае можна рабіць і на паперы — але давядзецца схадзіць на пошту па канверт. Звароты можна пакідаць як індывідуальныя, так і збіраць подпісы для калектыўных — на апошнія чыноўнікі звычайна рэагуюць больш актыўна, а калі пашанцуе, то яшчэ і з выездам на месца.

‍А яшчэ кожную суботу ва ўсіх выканкамах і міністэрствах праходзяць прамыя тэлефонныя лініі — сачыце за аб’явамі на сайтах гэтых устаноў ды раённых газет і ў прызначаны час набірайце патрэбны нумар, каб выказаць усё, што набалела.

Калі ёсць час ды натхненне, то можна яшчэ схадзіць на асабісты прыём — чыноўнікі ўсіх узроўняў перыядычна праводзяць такія сустрэчы з грамадзянамі ў розных рэгіёнах. Але туды трэба ісці падрыхтаваным — у першу чаргу, у маральным плане. Каб не паддавацца на ўсе ўгаворы, што «і так усё ў парадку», «вы ўсё прыдумляеце» і «на гэта няма грошай», а цвёрда стаяць на сваім і патрабаваць вырашэння вашай праблемы.

Механізм зваротаў да дасканаласці адпрацавалі актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак. Яны напісалі цэлую кнігу «Абаронім вёску» пра тое, як слушна вымагаць ад чыноўнікаў дзеянняў, а таксама запусцілі тэлеграм-бот, дзе можна навучыцца пісаць звароты.

СЯМ’Я АЛІНЫ НАГОРНАЙ І ІГАРА СЛУЧАКА

Кніга і тэлеграм-бот з’явіліся абсалютна натуральна. Мы ўвесь час марылі пра свой дом, і калі знайшлі такі ў Перасецы, адразу набылі, нават не глядзелі іншыя. Аднак калі дома і на падворку ўсё было цудоўна, то за плотам адразу станавілася непрыемна, бо ўсё занядбанае: дарога разбітая, прыпынкі страшныя, усё паламанае. І ў нас проста не было выбару, бо калі проста чакаць, пакуль дзяржава сама заўважыць і вырашыць праблему, можна ніколі нічога не дачакацца. Дзяржава клапоціцца пра вёскі, ды й наогул пра ўсю інфраструктуру толькі на паперы.

‍Мы юрысты, таму падышлі да справы юрыдычна — вывучылі профільнае заканадаўства і распрацавалі звароты па вырашэнні праблем вёскі. Да таго ў нас было шмат досведу паспяховых зваротаў за беларускую мову. І з вёскай мы паступілі гэткім жа чынам. Мы дасылалі звароты ў розныя інстанцыі: ад выканкама, санстанцыі, ЖКГ і энергазбыту да Камітэта дзяржаўнага кантролю і міністэрстваў.

І гэта спрацавала! Дарогу на нашай вуліцы адрамантавалі, з калодзежа стала нястрашна браць ваду, з’явіўся пешаходны пераход, новыя дарожныя знакі і ўказальнікі, прыпынкі палепшыліся, святло перастала знікаць. Вёска змянілася, стала ўтульнейшай і прыгажэйшай.‍

Усе звароты з кніжкі і бота апрацаваныя і паспяховыя, парады і інструкцыі — таксама.

А ВОСЬ НЕКАЛЬКІ ГІСТОРЫЙ.

1) Дарога на нашай вуліцы была страшнай, пасля дажджу станавілася падобнай да багны, жыхары вуліцы будавалі з дошак сцежкі, каб можна было хоць неяк па ёй прайсці. Мы цэлы год ліставаліся з рознымі ўстановамі ад сельсавету да міністэрства транспарту і камунікацый, і ў выніку нам зрабілі добрую дарогу.

Дарэчы, адна з прычын такога кепскага стану дарогі — тое, што па ёй ездзілі трактары і іншая цяжкая тэхніка. Мы напісалі зварот, і на вуліцы паставілі такі знак яшчэ перад рамонтам.

2) Калі нарадзіўся наш сын Стэфан, мы пачалі часам карыстацца калодзежам, бо вада з крана была з жалезам, і я не рызыкавала ў ёй мыць малыша (гэта, дарэчы, асобная гісторыя: мы прымусілі санстанцыю праверыць усю ваду ў сельсавеце — і гэта не толькі ваданапорныя вежы, а і каля 150 калодзежаў). Дык вось, Ігар пачаў набіраць ваду з грамадскага калодзежа, і гэта было небяспечна і не вельмі прыемна, бо ён быў разбураны. Мы напісалі звароты, каб яго пачысцілі, адрамантавалі, пафарбавалі і ўпарадкавалі тэрыторыю вакол яго, і ўсё атрымалася.

3) Вёска знаходзіцца каля шашы Р43, там даволі хуткі рух машын, але пры гэтым адзіны пешаходны пераход было кепска бачна, і да прыпынку было далёка ісці. Мы напісалі звароты — пешаходны пераход і разметку перыядычна падфарбоўваюць, а таксама зрабілі яшчэ адзін пераход. І цяпер стала зручней.

4) Калі ехаць у Перасеку з Жыліч (вядомае месца, там знаходзіцца палац Булгака) то ўвесь час падскокваеш на ляжачым паліцэйскім. Знака, што ён там ёсць, не было, і фарбы на дарозе даўно не бачна. Мы даслалі звароты — і цяпер усё добра.

ХОБІ І АДПАЧЫНАК

Бадай што найлепшы варыянт — гэта сумясціць карыснае і прыемным. То бок і адпачыць, і наладзіць добрыя стасункі з суседзямі, калегамі, знаёмымі і сябрамі. Вось некалькі добрых ідэй, як арганізаваць адпачынак для вялікай кампаніі і атрымаць цэлы акіян новых эмоцый.

ПАЕХАЦЬ У ВАНДРОЎКУ

Сонца свеціць усё ярчэй — пачаўся добры сезон для падарожжаў: збірайце ў чацік ахвотных пракаціцца па Беларусі ў выходныя і замаўляйце экскурсію.

Напрыклад, можна звярнуцца ў «Краіну замкаў» — яны маюць у сваім загашніку нават экскурсіі з анімацыяй, пад час якіх вы быццам бы перанясецеся ў мінулыя эпохі. Можна замовіць як індывідуальны тур, так і далучыцца да зборнай экскурсіі, калі сярод вашых блізкіх сабралася не так шмат аматараў падарожжаў.

‍Яшчэ добры варыянт — нарэшце даехаць да ўнікальнага верхавога балота Ельня. Пейзажы бы з іншай планеты можна паглядзець або самастойна, прайшоўшыся па турыстычным драўляным насціле, або скарыстацца дапамогай людзей, якія змогуць вас правесці бяспечнымі сцежкамі ў самы цэнтр балота.

СХАДЗІЦЬ У МУЗЕЙ

Калі вы яшчэ не былі на месцы, дзе пачынаўся Менск, то абавязкова бярыце ўсіх каго зможаце і вязіце ў вёску Гарадзішча. Там Глеб Лабадзенка за некалькі гадоў з нуля адбудаваў музей «Стары Менск», а таксама паціху займаецца добраўпарадкаваннем гарадзішча, з якога пачыналася гісторыя беларускай сталіцы.

СПЛАВІЦЦА НА БАЙДАРКАХ

Для тых, хто любіць не проста вандроўкі, а з экшэнам і спортам, можна зладзіць для сваёй кампаніі сяброў сплаў на байдарках — па Іслачы, Віліі і нават па Прыпяці. Варыянтаў, дзе знайсці лодкі, безліч: ад самастойнай арэнды да паслугі «пад ключ», калі цябе прывязуць-адвязуць-накормяць-абагрэюць. Ініцыятываў шмат, дастаткова проста пагугліць.

ДАЛУЧЫЦЦА ДА БЯСПЛАТНЫХ ЭКСКУРСІЙ

Калі ехаць далёка няма часу і магчымасці, то можна пашукаць бясплатныя экскурсіі — яшчэ засталіся ў Беларусі энтузіясты, у якіх сэрца баліць за папулярызацыю гісторыі свайго краю. Так, напрыклад, у Менску дзейнічае праект дабрачынных экскурсій «Набліжэнне», а таксама экскурсавод Павел Дзюсекаў перыядычна ладзіць free walking tours. Можа быць, такія туры ёсць і ў вашым горадзе. А калі няма — ну вы ведаеце, што трэба рабіць 🙂

СВЯТА ВЁСКІ

Калі ў вашым вясковым чаце назбіралася ўжо багата людзей, то самы час развіртуалізавацца і пазнаёміцца ў жыцці. А для гэтага лепш за ўсё зладзіць свята вёскі. Без ўзгаднення такога мерапрыемства з мясцовымі ўладамі не абысціся, але часам яны не супраць. Вось тут можна паглядзець, як жыхары вёскі Новае Поле праводзяць у сябе свята «Гарбузы і слімакі».

КЛУБЫ ПА ІНТАРЭСАХ

Зразумела, што гуртавацца можна не толькі з суседзямі і калегамі, але з людзьмі, якія падзяляюць вашыя інтарэсы і сацыяльныя ролі — авіямадэлісты, посткросеры, нумізматы і г.д. З дапамогай сацсетак лёгка сабраць ці далучыцца да супольнасці, а потым ужо можна ладзіць і афлайн-сустрэчы. Як гэта робяць, напрыклад, мамскія клубы.‍

УЛАДЗЬ БУЛАЎСКІ, АКТЫВІСТ З ВІЦЕБСКА

Можна сказаць, што я з самага дзяцінства ўдзельнічаю ва ўсім актыўным і крэатыўным гарадскім руху. З восені 2011 года далучыўся да моладзевай ініцыятывы vitebsk4me, потым быў каардынатарам па Віцебшчыне ад грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!», працаваў у Цэнтры сучаснага мастацтва.

У 2011-2013 гадах мы часта сутыкаліся з неразуменнем з боку чыноўнікаў, якія нам казалі: рабіце свае ініцыятывы на сваіх пляцоўках і не лезьце на дзяржаўныя. Нібыта мы — не частка дзяржавы. Але з часам мы наладжвалі сувязі і змаглі арганізаваць супрацу паміж дзяржаўным і недзяржаўным сектарам у Віцебску. Скажам, яшчэ у 2016-2019 гадах я мог прыйсці з любой прапановай непалітычнага характару ў аддзел культуры або ў аддзел спорту і турызму — і гэтая падзея ўключалася ў план мерапрыемстваў і рэалізоўвалася без аплаты арэнды памяшкання, паслуг хуткай дапамогі, міліцыі, пажарных і г.д. Мы хадзілі на эфіры віцебскага тэлебачання (без цэнзуры і ўзгаднення сцэнароў), нас запрашалі ў школы і ўніверсітэты для расповеду моладзі пра гарадскія ініцыятывы, мы дамаўляліся пра стрыт-артаўскія малюнкі на сценах віцебскіх дамоў. Вядома, усё трымалася на персаналіях і на нейкіх кантактах, але галоўнае, што справа рабілася і ўсё працавала.

Усё пачало змяняцца з траўня 2020 года, з выбарчай кампаніі і палітызацыі грамадства. З’явілася вялікая праблема каштоўнаснага падзелу: гарадскія ўлады найвышэйшага ўзроўню былі гатовыя развіваць толькі тое, што ўзгоднена з Мінскам і адпавядае ідэалогіі. А ўся супраца грамадскага сектару з дзяржаўнымі арганізацыямі стала магчымай толькі на нізавым узроўні праз асабістыя кантакты з работнікамі ўстаноў культуры.

Фактычна можна сказаць, што ўсё вярнулася да стану 2013 года. Шмат хто з’язджае з Віцебску і з краіны, у тым ліку моладзь. Зашкальвае ідэалагізацыя грамадства. Натуральна, што мы не зможам зараз нешта арганізоўваць. Мне і маім знаёмым сумленне не дазваляе супрацоўнічаць з гарадскімі ўладамі так, які гэта было раней, бо па ўсіх нас прайшлася рэпрэсіўная машына: як працаваць з гэтымі людзьмі, калі яны на цябе заводзяць справы, калі дзясяткі тваіх сяброў сядзяць за кратамі, а яшчэ сотні былі вымушаныя з’ехаць.

Але і дагэтуль у Віцебску ёсць пару дзясяткаў сацыяльна адказных бізнэсаў, якія могуць бясплатна прапаноўваць пляцоўкі для рэалізацыі нейкіх мерапрыемстваў або аказваць дапамогу нейкім ініцыятывам. З’яўляюцца і новыя прасторы: іх заснавальнікі разумеюць, што калі не будуць спалучаць фармат грамадскага харчавання з фарматам нейкага крэатыўнага месца, то бізнэс не пойдзе. Гэта сёння вельмі дапамагае ў рэалізацыі творчага патэнцыялу, а ў перспектыве там можна будзе праводзіць сацыяльна значныя мерапрыемствы.

Не можа не радаваць, што з’яўляюцца крэатыўныя ініцыятывы — скажам, музычныя, якія могуць рабіць тэхна- або электра-напаўдыскатэкі на гарадскіх пляцоўках. Часам гэта пракатвае, бо ўсё-такі на нізавым узроўні у дзяржаўных служачых ёсць разуменне, што ў моладзі ёсць патрэба развівацца і самарэалізоўвацца. Так, часам у арганізатараў уключаецца самацэнзура, але бывае, што і сістэма прапускае бяскрыўдныя ідэі, якія могуць казаць людзям пра сённяшнюю рэчаіснасць: не наўпрост, але ўсё ж такі казаць.

‍Асноўная праблема ў тым, што над усім гэтым пастаянна вісіць пагроза рэпрэсій. Яна абсалютна радномная: нават калі ты нічога не робіш, да цябе могуць прыйсці, а калі робіш — могуць і не прыйсці. Мяне не раз затрымлівалі на «суткі», але я дагэтуль жыву ў Віцебску (хоць любая дзейнасць мне афіцыйна забароненая, бізнэс ліквідаваны, уладкавацца на дзяржаўную працу для мяне немагчыма). Але увесь час ёсць рызыка, што цябе забяруць — гэты страх перашкаджае нешта рабіць.

З аднаго боку, сённяшняя сітуацыя замаруджвае развіццё і рэалізацыю крэатыўнага патэнцыялу горада, але з іншага боку дае новыя магчымасці і нагоды да ўзнікнення нефармальных і нефарматных, часам напаўпадпольных і напаўзакрытых ініцыятываў. Рух ідзе, і можна з невялічкім аптымізмам глядзець на будучыню — бо гэта вельмі круты досвед працы ў неспрыяльных умовах. Спадзяюся, што ў спрыяльных ён будзе рэалізаваны напоўніцу.

Пакуль не надышлі тыя часы, калі актывістам будуць даваць медалі і ганаровыя граматы, а не суткі, то будзьце пільныя і асцярожныя. Калі ў краіне часам не да законаў, то нават у дапамозе коцікам лепей кіравацца прынцыпам «добрыя справы любяць цішыню». Ну а самыя лепшыя кейсы мы гучна абмяркуем калі-небудзь потым.