Уводзіны ў эмодзі
Само слова 絵文字 паходзіць з японскай мовы, дзе 絵 («э») значыць «карцінка», а «文字» («модзі») — «знак, сімвал». (Дарэчы, часта сустраканае вымаўленне «эмоджы» — гэта адаптацыя праз ангельскую мову; як і сушы насамрэч не «сушы», а хутчэй «сусі»).
Мова эмодзі, як можна здагадацца, таксама з’явілася ў Японіі, яшчэ ў 1990-я гады, і ўжо адтуль паступова разляцелася ва ўсе бакі свету.
Чаму гэта мова? Бо ў самым агульным сэнсе, мова — гэта сістэма знакаў, дзе кожны сімвал надзелены значэннем. Па сутнасці, эмодзі — гэта піктаграфічнае пісьмо (найбліжэйшая да яго «мова» — сістэма дарожных знакаў).
Калі гэта мова, то дзе яе слоўнік? Тлумачэнне кожнага эмодзі і сітуацыі яго магчыма выкарыстання прыводзяцца ў Эмодзіпедыі. Не, гэта не жарт. А яшчэ, па аналогіі з Днём роднай мовы, ёсць Дзень эмодзі — ён адзначаецца 17 ліпеня.
Бацькі эмодзі
Генеалагічна эмодзі паходзяць ад эматыконаў, якія простым смяротным больш вядомыя пад назвай «смайлы». Першыя эматыконы выглядаюць нам даволі олдскульна:
: – ) і : – (
Пазней іх сталі часцей ужываць у «бязносным» варыянце:
: ) і : (
А ў нашых, кірылічных, шыротах — нават у «бязвочным»:
) і (
І звыклую для нас опцыю паказаць, што нешта здаецца нам вельмі смешным, ужыўшы мільён такіх дужак, замежнік трохі на захад ад Беларусі і далей ужо не расчытае, а вырашыць, што па вашай клавіятуры прайшоўся кот, бо ў англамоўнай культуры «)))))))))))))» не мае ніякага значэння. Нездарма кажуць, вочы — люстэрка душы 🤓🤡.
Дарэчы, у з’яўленні эматыконаў вінаватныя зусім не гэтыя іхнія інтэрнэты: у 1648 годзе ангельскі паэт Роберт Хэрык напісаў такі радок:
«Tumble me down, and I will sit Upon my ruins, (smiling yet:)».
Таму, калі нам патрэбны бацька эмодзі, то можым лічыць ім спадара Герыка.
А ў 1881 годзе ў польскай газеце «Кур’ер Варшаўскі» тлумачыліся ўжыванні друкарскіх знакаў, якія выкарыстоўваліся, каб паказаць, калі чалавек вясёлы, знуджаны, абыякавы, здзіўлены, сумны і абыякавы.
Як змянялася (і будзе змяняцца) мова эмодзі
Пачаўшыся ад базавых «смайлаў» (сумнага і вясёлага), гэтая мова паступова нараджала ўсё больш складаныя эмоцыі, а пасля і іншыя важныя і карысныя піктаграмы, каб з іх можна было будаваць найпрасцейшую камунікацыю:
—🍻?
—👍 ⌚?
— 🕗 🤔
—👌
— 🤝
Першыя антрапаморфныя эмодзі (а таксама тыя, дзе фігуруюць проста часткі цела чалавека) былі жоўтага колеру, а калі прадугледжваліся валасы — то таксама жоўтыя (відаць, сімвал блонду). Таму не дзіва, што з цягам часу з’явіліся опцыі выбіраць колер скуры і валасоў (а яшчэ — персанажаў з кучаравымі валасамі) для свайго эмодзі, хоць па-ранейшаму па-змоўчанні стаіць блонд-версія. 🤷♀️ 🤷🏼♀️ 🤷🏽♀️ 🤷🏿♀️ Таксама пазней з’явіліся і выявы жанчыны з хусткай 🧕, і людзей у цюрбане 👳. А ў раздзеле «Сям’я і партнёрства» цяпер ёсць усе магчымыя камбінацыі пар (з дзецьмі і без). Таксама мова эмодзі робіцца ўсё больш інклюзіўнай: ад нядаўна там ёсць выявы людзей, якія перасоўваюцца на вазках 🧑🦽, і людзей, якія праз праблемы зроку ходзяць з тактыльным кійком 🧑🦯.
Топ-10 эмодзі ў 2023 годзе
Паводле Эмодзіпедыі, у папярэдняе дзесяцігоддзе эмодзі, які весела смяецца, ажно качаецца, было ўпэўненым лідарам па ўжыванні. У 2023 годзе на першае месца выйша эмодзі з плачам. Гэта ўсё, што вам трэба ведаць пра 2023 год.
Дзяліцеся з Сойкай: якія эмодзі вы ўжываеце найчасцей?