Прывітанне, Сойка! Паслухай гэтую казку.

Малюнак Ave

Адна Сойка доўга збіралася за мора і стала народным мемам. У меме не распавялі пра працоўныя задачы перад адпачынкам, планаванне ежы, лекаў, дзіцячых забаваў і чыстай бялізны для ўсёй сям’і.

Адна Сойка вучылася лепш за ўсіх у школе, скончыла аспірантуру і атрымала навуковую ступень. Але на юбілеі бабулі ўсе шкадавалі яе і пыталі, калі ўжо будзе гняздо.

Іншая Сойка звіла ўтульнае гняздо і выседзела адно яйко, але на юбілеі бабулі пыталі, чаму толькі адно і калі па другое.

Трэцяя Сойка выседзела шмат яек, і ў гняздзе зрабілася цесна, а сойчын партнёр адляцеў, бо «самцы па прыродзе палігамныя». На юбілеі бабулі казалі, што трэба было быць мякчэйшай.

Адна Сойка прайшла два этапы працоўнага інтэрв’ю, а на трэцім ёй прапанавалі сэкс.

Яшчэ адна Сойка вельмі крутая экспертка, але на працы ёй сказалі, што яна ўпрыгожванне калектыву, а заробак павысілі ейнаму калегу.

Іншая Сойка працуе ў IT, нядаўна яна прачытала, што жанчыны біялагічна не створаныя для дакладных навук.

У адной Сойкі вельмі крыклівы начальнік. Пра яго кажуць, што ён строгі. Калі ж Сойка павысіла голас у адказ, яе назвалі істэрычнай.

Кожная з нас – адна беларуская Сойка. Ты трымаеш у руках часопіс пра сябе, пра кожную з нас. Пра яйкі, гнёзды, кар’еры, падарожжы, белыя крылы, пад якімі ляжыць наша зямля.

Сойка – гэта жанчына. Як і Беларусь.

Ляцім, сяброўкі, трымаем крыло!