Малюнак Ave
Прывітанне, гэта Сойка!
Прыказка кажа, што гэтая птушка так доўга збіралася за мора, ажно засталася зімаваць. Выжываць і дапамагаць выжываць іншым. Вырашаць праблемы разам, насіць арэхі, жалуды, навіны, перасцярогі і іншыя карысныя рэчы па родным лесе.
Год таму паўстаў наш невялікі стракаты рэсурс, які мы прыдумалі не для таго каб называць праблемы, а для таго каб іх развязваць. Мы не пішам навіны — мы робім гайды.
Цэлы год мы набіралі вышыню. За гэты час пачалася вайна, нашыя сябры, блізкія і любыя падаліся ў эвакуацыю, эміграцыю, нехта не дажыў да канца складанага 2022-га. Нам самім давялося пералятаць з галіны на галіну, каб не ўпасці.
А цяпер, у якасці навагодняга выключэння, будзе не гайд. Будзе навіна. Навукоўцы выявілі чалавечую рысу ў еўразійскіх соек. Гэтая рыса — самакантроль. Здольнасць не паддавацца мімалётнай спакусе на карысць большага, але адкладзенага ў часе задавальнення. Здольнасць не з’ядаць адразу меншы пачастунак, ведаючы, што наперадзе чакае больш смачны і пажыўны. Апроч таго, навукоўцы заўважылі, што сойкі, чые хованкі з харчамі гэтак прывабліваюць іншых птушак, навучыліся хаваць ежу так, што ніхто іх не бачыць і не чуе.
Таму, напярэдадні новага года хочам пажадаць усім нашым чытачам, усім беларусам: будзьма як сойкі. Ціхімі, асцярожнымі, запаслівымі. Давайце ашчаджаць свае псіхічныя і фізічныя рэсурсы, дапамагаць іншым, абараняць і выхоўваць тых, хто ад нас залежыць, давайце гуртавацца і не губляць сваіх сувязяў.
Большае, адкладзенае ў часе, задавальненне — у нас наперадзе.
Нясіце ў дзюбе!
Рэдакцыя Сойкі