Размовы

Дапамажыце – я страчваю сяброўку!

Дапамажыце – я страчваю сяброўку!

Малюнак Андрэя Пакроўскага

Мне 17 гадоў, два гады таму ў наш клас прыйшла Віка, мы адразу пасябравалі. Мы жылі з ёй душа ў душу, падтрымлівалі адна адну, разам весяліліся і бавілі шмат часу, дзяліліся ўсімі сакрэтамі. Я думала, што мы самыя блізкія людзі на зямлі. Але паўгода таму ў Вікі з’явіўся хлопец, і яна знікла. Спачатку я думала, што мая сяброўка хоча праводзіць увесь час з каханым і забылася на мяне.

Я спрабавала высветліць, званіла, пісала, але Віка мне проста не адказвала. Урэшце яна патэлефанавала з іншага нумара і прызналася, што хлопец забараняе ёй са мной бачыцца і ўвогуле супраць ейных сустрэч з сябрамі, бо яны ўсе на яе «кепска ўплываюць». Падкажыце, як вярнуць сяброўку і ці можа хлопец абіраць, з кім сябраваць ягонай дзяўчыне.

Іра

Прывітанне, Іра! Вядома, ні хлопец тваёй сяброўкі, ні любы іншы старонні чалавек не мае ніякага права вырашаць, з кім ёй сябраваць і чым займацца – гэта проста абмежаванне свабоды. Такая прага кантролю можа дыктавацца рознымі прычынамі – нізкай самаацэнкай самога хлопца, рэўнасцю, адсутнасцю даверу да партнёркі. Вядома, найлепш было б, каб твая сяброўка сама спрабавала пагаварыць са сваім хлопцам, высветліць, з чым звязаныя яго страхі перад ейным атачэннем, і дакладна акрэсліць свае ўласныя правы і межы. Найлепш было б, каб людзі ў пары дзяліліся сваімі праблемамі і няпэўнасцямі і ці самі іх вырашалі, ці звярталіся да псіхолага.

Здаровыя стасункі даюць пачуццё бяспекі, псіхічнага камфорту, падтрымкі, яны не забіраюць свабоду і не ўнушаюць страх. Апошняе ніяк не звязана з каханнем і ўзнёслымі пачуццямі. Гэта спроба маніпуляцыі, эмацыйнага шантажу, якая можа не скончыцца шчаслівым сямейным жыццём. Хто гарантуе, што партнёр, які выбірае за сваю дзяўчыну, з кім ёй стасавацца, не пасягне на іншыя жыццёва важныя выбары – выбар навучання, працы, кар’еры, месца жыхарства, зацікаўленняў?

Ізаляваная жанчына, якая страціла кантакт з атачэннем, не мае адукацыі, фінансавай стабільнасці, у будучыні рызыкуе стаць ахвярай хатняга гвалту.

Для чаго, навошта мне гэтыя стасункі? Чаго прагну я сама, без партнёра? Як і дзе бачу сябе праз 5, 10 гадоў? Добра было б, каб твая сяброўка задала сабе гэтыя пытанні ўжо сёння. І не баялася рабіць правільныя крокі – толькі для сябе самой.

Дапамажыце – я страчваю сяброўку!