Размовы

«Некаму гэта ўратуе жыццё»

Гісторыі беларусаў ва Украіне

«Некаму гэта ўратуе жыццё»

Не ўсе беларусы пакінулі межы Украіны, калі тут пачалася вайна. Многія засталіся на месцы і нароўні з украінскімі валанцёрамі сталі дапамагаць уцекачам, шпіталям, тэрытарыяльнай абароне і ўзброеным сілам. Sojka пагаварыла з чатырма беларусамі пра будні валанцёраў, матывацыю дапамагаць і крыніцы натхнення ў стрэсавай сітуацыі.

Юля Гарачая

Я ў Кіеве ўжо шэсць гадоў, працую… працавала ў event-бізнэсе. Навыкі івэнтара і крэатыўнага дырэктара спатрэбіліся зараз «на полі бою» ў тыле. Я, як і многія мае калегі, падключылася да дапамогі там, дзе яна магчымая і дзе ў ёй маюць патрэбу. А патрэбна яна зараз паўсюль — без справы сядзець не прыходзіцца.

Мы з сям’ёй і коткай з’ехалі з Кіева 25 лютага, калі па нашым жылым раёне сталі блукаць танкі. Нас прынялі знаёмыя ў цудоўным заходнім мястэчку Стрый за 70 км ад Львова. Вельмі рвемся ў Львоў, але ў цяперашняй сітуацыі гэта нерэальна — плынь уцекачоў настолькі высокая, што знайсці кватэру практычна немагчыма праз завоблачныя кошты. Пасяліцца недзе ў офісным памяшканні ў спальніках няма магчымасці, бо сям’я вялікая і ёсць жывёлы. Таму пакуль застаемся ў Стрыі і дапамагаем чым можам дыстанцыйна.

Спачатку гэта было валанцёрства на месцы: мы ладзілі «забегі» на аптэкі, закуплялі ўсё, у чым маюць патрэбу байцы тэрытарыяльнай абароны, і адносілі гэта ў пункт збору гуманітарнай дапамогі. Дзякуй сябрам з Еўропы, якія пераводзілі грошы на гэтыя патрэбы. А па вечарах я хадзіла плесці маскіровачныя сеткі — гэта крыху разгружае мозг і здымае ўнутраную істэрыю.

Дзён дзесяць таму на мяне выйшлі сябры з Львова, якія адкрылі лагістычны цэнтр па дастаўцы і размеркаванні гуманітарнага грузу з Еўропы ў гарачыя кропкі Украіны. Цяпер мая функцыя заключаецца ў тым, каб каардынаваць дастаўку грузаў з Італіі, Германіі, Нідэрландаў, Фінляндыі і іншых еўрапейскіх краін на партнёрскія склады ў Польшчы. Я адказваю за правільнае афармленне грузу, маркіроўку, узаемадзеянне з перавозчыкамі і кіроўцамі. У Польшчы фуры перагружаюцца, і гуманітарныя грузы едуць ужо на наш вялікі склад у Львове, а адсюль усё размяркоўваецца і адпраўляецца ў тыя кропкі, дзе вядуцца баявыя дзеянні — Кіеў, Харкаў, Днепр. Наколькі я валодаю інфармацыяй, з нашага склада з’ехала каля 50 фур.

Цяпер вельмі шмат грошай ідзе на паліва для кіроўцаў, перыядычна закрываем гэта сваімі рэсурсамі, але будзем удзячныя за данаты. А калі нехта з еўрапейцаў не ведае, праз каго і як адправіць гуманітарку, каб яна трапіла па прызначэнні, то можна пісаць і тэлефанаваць нам.

Няважна, дзе ты знаходзішся, але кожнае тваё дзеянне набліжае да ўсеагульнай перамогі

Чаму я вырашыла стаць валанцёрам? Гэта неяк нават не абмяркоўвалася. Як з беларусамі ў свой час: няважна, дзе ты знаходзішся, але кожнае тваё дзеянне набліжае да ўсеагульнай перамогі. Так і тут — гуманітарная дапамога, якую мы дастаўляем для тэрытарыяльнай абароны, для бальніц, для сетак рэстаранаў, якія гатуюць ежу для байцоў на фронце, дае магчымасць усім трымацца і абараняць нашу любімую Украіну, набліжаць перамогу з кожным днём.

У нас, як і ў многіх украінцаў і беларусаў ва Украіне, спачатку былі ідэі, што варта з’ехаць кудысьці далей у Еўропу і адтуль весці дзейнасць. Але я сваёй сям’і заявіла: я з Украінай да канца. Нават «да канца» — гэта няправільны выраз, я да перамогі! Усе свае рэсурсы, веды і ўменні кінутыя на дапамогу нашай арміі і нашай краіне. А я лічу Украіну сваёй краінай, другой Радзімай, і ўсё, што я ўмею, зараз цалкам аддаю ёй.

Што матывуе? Украінцы выдатныя, яны ўсе аб’ядналіся — няважна, хто чым займаўся да вайны. Я не ведаю ні аднаго чалавека ў сваім асяроддзі, які б сядзеў і чакаў, калі ўсё скончыцца. На маім цяперашнім месцы працы — у сетцы рэстаранаў — кожны дзень у Кіеве выдаюць па 7 тысяч порцый для байцоў тэрытарыяльнай абароны, бальніц, адміністрацыі і паліцыі. Мае блізкія сябры з івэнт-агенцтваў валанцёраць на вакзале ў Львове — дапамагаюць бежанцам інфармацыйна, маральна, псіхалагічна, каардынуюць, адпраўляюць у кропкі рэгістрацыі, рассяляюць па кватэрах. Усе робяць нешта важнае і карыснае, і гэта матывуе. Мы вельмі моцна верым ва Украіну, ва ўзброеныя сілы і дакладна ведаем, што все буде Україна.

Алесь з Львова

Мой досвед валанцёрства можна апісаць даволі коратка: у вольны ад працы час займаемся пляценнем сетак. Знайшлі кропку, дзе заўжды патрэбныя рукі і якая найбліжэй ад месца, дзе мы жывем, — так не губляецца час на лішнія перасоўванні і пошукі. Плюс стабільна ведаеш, што робіш карысную справу — некаму гэта ўратуе жыццё. Да таго ж, дробная маторыка здымае стрэс з цела, і ты проста вымушаны адключацца ад Telegram-чацікаў з навінамі, якія ідуць сцяной.

Што тычыцца матывацыі да валанцёрства, то не выпадае скардзіцца да таго часу, пакуль трымаеш у галаве стан людзей, якім значна горай. Любая фізічная праца, якая ў радасць, нясе асаблівы стан — пэўную фізічную стому, але таксама і маральную задаволенасць. Як засеяць грады ці дровы накалоць.

Зараз зараджаюць размовы з людзьмі. Але цалкам змяніўся этыкет: ідзе блок гуманітарных пытанняў — маеш грошы, маеш ежу, ё дзе жыць? Добра зараджае кубак капучына ў горадзе: тут болей рытуальны сэнс — пацешыць сябе, спыніцца на пяць хвілінаў. Гэта зусім іншы смак капучына.

Беларусам не раю лезці на аб’екты, блізкія да стратэгічных ці, напрыклад, склады з кактэйлямі. У краіне працуюць дыверсанты і ёсць зразумелы ўзровень падазронасці да беларусаў. Працы па разгрузіць-загрузіць, плесці, гатаваць ежу хапае на ўсіх, то не варта губляць свой час і час СБУ/ТРА/паліцыі на тлумачэнні, што ты адэкватны.

«Некаму гэта ўратуе жыццё»

Аляксей Францкевіч

Мы ў Беларускім крызісным цэнтры ў Львове пачалі валанцёрыць яшчэ напрыканцы 2020 года, дапамагаючы беларусам. А калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне, мы сталі займацца эвакуацыяй беларусаў, якія вырашылі з’ехаць з Украіны. Многія былі без пашпартоў і польскіх віз.

Потым пераключыліся, і ўжо працуем разам з іншымі ўкраінскімі валанцёрамі: займаемся лагістыкай, шукаем гуманітарную дапамогу, развозім яе бежанцам, дапамагаем на вакзале, пляцем сеткі і г.д. Карацей, уключыліся ў агульны працэс, бо тут нас тут усе ведаюць, з усімі ініцыятывамі мы супрацоўнічалі паўтара гады.

З самага пачатку я зрабіў унутраны чат, каб падлічыць, колькі беларусаў тут засталося, і колькі людзей яны могуць у сябе прыняць. Гэтую базу мы перадалі ў «Арэна Львоў», дзе размяркоўваюць бежанцаў, і цяпер беларусы штодзень прымаюць ад 50 до 200 украінцаў у сябе.

Усе абмяркоўваюць легалізацыю беларусаў у Еўропе, а ў краіне, дзе ідзе вайна, пра беларусаў нават ніхто не ўзгадвае

Але мы ў Беларускім крызісным цэнтры як займаліся беларусамі, так і будзем займацца далей: дапамагаць, эвакуяваць, аказваць гуманітарную, прававую дапамогу і псіхалагічную дапамогу. На жаль, ніхто не ведае, колькі зараз беларусаў знаходзіцца ў Марыупалі, Харкаве… Колькі загінула? Колькі параненых? Гэта ніхто не маніторыць і не робіць гучных заяў. Усе абмяркоўваюць легалізацыю беларусаў у Еўропе, як там да іх ставяцца, а ў краіне, дзе ідзе вайна, пра беларусаў нават ніхто не ўзгадвае. Нам таксама трэба фармавацца як нацыя, нам трэба ганарыцца, што мы беларусы, праяўляць салідарнасць. І браць прыклад з Украіны: тое, што тут адбываецца, сапраўды захапляе — уявіце, з Еўропы вярнулася больш за 200 тысяч украінцаў, каб біцца за сваю краіну. Гэта гонар і павага.

Зараз я агітую беларусаў заставацца ва Украіне валанцёрамі. Гэта іміджавая рэч: у той час, калі Беларусь лічаць краінай-агрэсарам, вельмі важна быць тут валанцёрам. Гэта камунікацыя з бежанцамі, журналістамі, грамадскімі дзеячамі, простымі валанцёрамі. Беларусы ж маглі таксама з’ехаць у тую самую Польшчу, але яны засталіся — нават з заблакаванымі банкаўскімі рахункамі і картамі. Беларусы тут, і ўкраінцы пра гэта добра ведаюць: мы засяляем іх дзяцей і жонак, пакуль яны на перадавой б’юць ворага.

І звяртаюся да беларусаў з дыяспар: нашыя валанцёры таксама патрабуюць падтрымкі — хаця б маральнай. Не менш за хлопцаў на перадавой і не менш за бежанцаў. Яны не просяць грошай, ім не патрэбныя медалі і знакі павагі. Адзінае, што трэба, — каб пра іх казалі і ведалі, што яны ёсць.

Аліна Караткевіч

У мяне няма канкрэтнага кірунку валанцёрства — займаюся ўсім адначасова. З-за гэтага больш за ўсё выгараеш, бо няма нейкіх дакладных задач, а проста кожны дзень ты вырашаеш нейкія пытанні. Мне пастаянна тэлефануюць і пішуць у мэсэнджары з нагоды эвакуацыі — рэгіструю людзей на аўтобусы і дапамагаю з адпраўкай з Львова ў Польшчу і Літву. Гляджу, аўтобус ад якога перавозчыка лепш падыдзе, ці патрэбна чалавеку дадатковая дапамога (бываюць людзі хворыя, ляжачыя, глуханямыя і г.д.), або проста трэба яго давезці да мяжы.

З першых дзён да мяне сталі звяртацца знаёмыя, каб знайсці месца для начлегу — і я не спала, а бегала паміж кватэрамі, ключы ад якіх пакінулі знаёмыя, і засяляла людзей, што прыехалі. А мае добрыя беларусы прыязджалі не адны, а прывозілі з сабой яшчэ бежанцаў, з якімі пазнаёміліся ў дарозе і якія не маглі знайсці сабе жыллё — так у маёй кватэры збіралася да 8 чалавек. Бывала, што людзі начавалі ў мяне, а потым я ж іх рэгістравала і адпраўляла на аўтобусе: я гэта называю поўным пакетам — пражыванне і адпраўка.

Цяпер у маёй кватэры стабільна пражывае 4-5 чалавек, і, хоць я ніколі не гатова была жыць у інтэрнаце, але цяпер да гэтага стану дастаткова лёгка прыстасоўваешся. Плюс ва ўсім гэтым страшна заставацца адной: у першыя дні я нават старалася не быць сама — хацелася быць сярод людзей.

Яшчэ перыядычна я дапамагаю журналістам, супрацоўнічаю з хлопцамі з кібервойскаў, дапамагаю з перакідваем грошай тым, хто застаўся без прадуктаў і картак, бываюць асобныя запыты на дастаўку грузаў. Карацей, цяжка вылучыць нейкі напрамак у валанцёрстве — намагаешся быць патрэбным як заўгодна. Я проста маленькі шрубік, які працуе кропкава, але тым не менш увесь час мэсэнджар разрываецца ад паведамленняў, тэлефон распаляецца ад званкоў — я столькі, як цяпер, не размаўляла па тэлефоне шмат гадоў. І людзі думаюць, што валанцёрства — гэта твой адзіны занятак, але насамрэч я яшчэ спрабую і неяк працаваць. Вельмі зараджаюць дзве коткі, якія пасяліліся ў кватэры і аказаліся антыдэпрэсантамі, а таксама мемасікі, якія у вялікай колькасці робяць украінскія крэатыўныя сілы.

Я люблю Львоў, прывыкла да яго, і калі з яго з’еду, то толькі дадому ў Беларусь пасля перамогі

Не магу сказаць, што ў мяне было ўсвядомленае жаданне займацца валанцёрствам. Проста хацела застацца ў Львове, дзе я правяла апошнія 14 месяцаў і дзе ўжо арыентуюся, маю кола зносін. Мне хацелася захаваць гэтых людзей і паказаць, што ты тут, побач, праходзіш праз тое самае, што і яны. Я люблю Львоў, прывыкла да яго, і калі з яго з’еду, то толькі дадому ў Беларусь пасля перамогі.

Пакуль што я тут ні разу не сутыкнулася з асуджэннем ці булінгам — можа таму, што я тут ужо добра адаптавалася і ў многіх месцах мяне ведаюць як беларуску.

Наогул, зараз абсалютна іншае жыццё — я ўжо амаль не памятаю, што было да вайны. Першыя дні было вельмі страшна, калі было не зразумела, што з Кіевам. Потым вярнуўся сон, здольнасць есці, мы перасталі спаць у адзенні — і стала лягчэй. Цяпер мы дазваляем сабе нават замовіць дастаўку ежы і куды-небудзь схадзіць. Калі свеціць сонца, Львоў цалкам выглядае як мірны горад, за выключэннем асобных прыкмет — абароненых статуй і помнікаў архітэктуры, мяшкоў з пяском, вялікай колькасці патрулёў на вуліцы.

Учора я ўпершыню за тры тыдні трапіла ў сваю любімую кавярню, з’ела сняданак — і гэта быў такі флэшбэк у звычайнае жыццё. З аднаго боку, гэта такая раскоша, а з другога — калі не зараз, то калі я яшчэ змагу гэта дазволіць?

«Некаму гэта ўратуе жыццё»