Размовы

«Хачу, каб быў Вялікі Палескі калайдар»

Святлана Волчак расказала пра навуку, палітыку і жыццё на вёсцы.

«Хачу, каб быў Вялікі Палескі калайдар»

Сацыяльны гік Святлана Волчак больш за дзесяць гадоў удзельнічала ў «Фаланстэры» — грамадскай арганізацыі, якая працавала на мяжы гуманітарнай і тэхнічнай веды. Развіццё Вікіпедыі яны спалучалі з моўным клубам, а лекцыі пра пабудову лакальных супольнасцяў — з працай над праграмным забеспячэннем для камп’ютараў з адкрытай ліцэнзіяй. Пачынаючы з лета 2020 года жыццё гераіні змянілася: яна абмяркоўвала стачку ў БДУ праз тэлеграм, праз што перажыла два вобшукі і два арышты працягласцю ў суме амаль месяц. Выйсці з падаўленага стану ёй дапамагла навука — фізіка, — хоць Святлана ніколі не лічыла сябе навукоўцам. Цяпер яна жыве ў вёсцы Застружжа на Палессі і прысвячае свае дні чытанню кніг, маляванню карцін і вязанню. Яна адчувае сябе шчаслівай, збіраецца жыць у Беларусі і ўпэўненая, што на вёсцы людзі больш смелыя і незалежныя, чым у горадзе.

Пратэст і пераезд на вёску

У Менску я займалася грамадскай дзейнасцю ў грамадскай арганізацыі «Фаланстэр» — мы рабілі праекты на мяжы сацыяльных і лічбавых тэхналогій, такіх у Беларусі болей не было. Таксама з 2014 года выкладала фізіку на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ, які некалі скончыла.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў я была не згодная з палітыкай універсітэта і ўдзельнічала ў стачцы. З-за гэтага ў мяне дома прайшло два вобшукі, нас з мужам два разы забіралі на содні ў турму, у суме гэта 29 дзён. І мяне звольнілі з працы ў ВНУ ўвосені 2020-га. Мяркую, гэта звычайная для Беларусі гісторыя.

Перад тым як мяне першы раз затрымалі, я была вельмі напружаная, гутарыла з сотнямі людзей, каб нешта змяніць. А тут — хоп! — і спынілася. Мяркую, гэта было мне патрэбна, у турме я пераключылася.

У 2020 годзе жыццё моцна змянілася, грамадская дзейнасць у горадзе перастала мець сэнс, і я пераехала на вёску. Раней ніколі там не жыла, і ў мяне было снобскае меркаванне, што на вёсцы няма з кім стасавацца. А насамрэч не — тут такія ж людзі.

Людзі на вёсцы жывуць небагата, але калі прапануеш дадатковы заробак, то яны адказваюць, што ў іх усё нармальна, ёсць што есці. Яны кормяць сябе самі — апрацоўваюць зямлю і трымаюць жывёлу: у кагосьці парасё, у кагосьці каза. Пакуль яны маюць сваю зямлю і сваю тэрыторыю, то не настолькі залежаць ад дзяржавы, як тыя, хто ў горадзе і штодня на працы. Хаця яны відавочна маюць меншыя заробкі.

Гэта людзі з уласным меркаваннем, яны ў асноўным не замбаваныя. Нават калі чалавеку 80, ён можа зрабіць высновы пра палітычную сітуацыю. У мяне з бацькамі вялікі канфлікт на падставе палітыкі, а тут з людзьмі канфлікту няма, мы з імі на адным баку.

Яны незалежныя, і гэта неверагодна! У той жа час самі яны гэта не кажуць, гэта маё ўражанне збоку. У вёсцы людзі маюць усе магчымасці, каб змяняць Беларусь да лепшага. Проста некаторым здаецца, што яны нічога не могуць, бо што можа змяніць у свеце такі маленькі чалавек?

«Хачу, каб быў Вялікі Палескі калайдар»

Міліцыя працягвае прыходзіць

У міліцыі распачалі крымінальную справу, таму што ў нейкім тэлеграм-канале выклалі персанальныя дадзеныя міліцыянтаў з суседняга мястэчка. І ў красавіку да нас з мужам чарговы раз прыходзіў следчы, ён праводзіў допыт з кожным з нас у якасці сведкаў. Я так разумею, яны абыходзяць выбарачна тых, хто засвяціўся ў падзеях 2020 года — тут яшчэ некалькіх такіх чалавек.

Але тут усе ўсіх ведаюць, і ў людзей няма страху, нават калі ім нешта пагражае. «І чаго ты да мяне прыйшоў, я што, нешта плахое зрабіла? Ты мяне абараняць павінны», — кажа жанчына з вёскі. Я б так ніколі не змагла, тым больш на Акрэсціна.

Узнікае шмат розных эмоцый, калі я пішу ў сацсетках пра следчага, і нехта мне раіць тэрмінова з’язджаць. Усё крута, але ў мяне няма нават за што з’ехаць некуды і ўладкавацца. Я зарабляю рэпетытарствам па фізіцы, продажам сваіх карцін і вязаных рэчаў. Гэта хутчэй рэжым выжывання.

Чалавек кажа, што хвалюецца за мяне. Я пішу, што калі хвалюешся, то можаш, напрыклад, заказаць вязаныя шкарпэткі ці карціну — але чалавек толькі лайкае маё паведамленне і маўчыць. І тут ты ўсведамляеш, што людзі насамрэч не дапамагаюць.
Гэта парадокс, які я спрабую зразумець.

 

Навошта дапамагаць адно аднаму

Магчыма, нашае грамадства не гатовае да ўзаемападтрымкі. Людзі хвалююцца і дапамагаюць, але толькі калі ты ў турме і табе зусім канец. Калі ты жывая і нешта робіш, то не будуць, хіба толькі ім нешта ад цябе патрэбна. Можа, у людзей няма магчымасці — але я падазраю, што справа ў нечым іншым. Зрэшты, гаворка пра людзей з горада.

У вёсцы ўсё іначай, часам я адчуваю тут большую узаемадапамогу, чым між маімі старымі сябрамі. Тут ёсць падтрымка ад суседзяў і сваякоў. Так, яны не могуць табе даць грошай — грошай у іх няма. Але могуць прынесці мех бульбы, дапамагчы рукамі — пасячы дровы, напрыклад.

Толькі дапамога можа быць падставай для стварэння чагосьці, і толькі так могуць працаваць супольнасці.

Я сёння прачытала матэрыял пра дзяўчыну, якая вучыцца ў Англіі. Яна кажа, што ва ўніверсітэце трэба выбіраць тэму навуковай працы, якая прынясе карысць людзям, і таму яна пачала пра гэта думаць. Але чаму трэба паехаць у Англію, каб падумаць пра гэта? Людзі імкнуцца дасягнуць высокага ўзроўню, каб паехаць кудысьці, дзе ім скажуць банальную ісціну: ты мусіш прыносіць у сваім жыцці карысць і дзяліцца ведамі.

Магчыма, чалавеку прасцей зразумець гэта ў дарагім і прэстыжным месцы. Бо тут бачыш гэтую ісціну кожны дзень сярод людзей, у якіх нічога няма. Яны дзеляцца тым, чым могуць, але гэта не ўспрымаецца ўсур’ёз.

«Хачу, каб быў Вялікі Палескі калайдар»

З дапамогай навукі знайшла сэнс жыцця

Я адчуваю сябе вельмі добра, пераехала і радуюся жыццю, прырода і вясковая энэргія натхняюць. Знаёмыя ў Мінску ходзяць да псіхатэрапеўта, але мне здаецца, людям проста не хапае прыроды.

Яшчэ, натуральна, ім не хапае фізікі і навукі агулам. Навукова-папулярныя кнігі дапамаглі мне выйсці з дэпрэсіўнага стану, бо навука надае сэнс жыццю, і гэты сэнс — растлумачыць будову свету. Я нават набіла татуіроўку з формулаў Максвэла пра электрамагнітную прыроду святла.

Хочацца, каб было больш людзей, якія разумеюць навуку. Напрыклад, людзі не ўяўляюць, як працуе мабільны тэлефон, хаця ён ёсць у кожнага. Аднойчы ў мяне спыталі, адкуль бярэцца інтэрнэт. Я пачала распавядаць пра серверы, сайты, а мне чалавек кажа: не, маўляў, я не пра гэта, а вось у мяне тэлефон, як прыходзіць туды інтэрнэт, дроту ж няма? Я кажу: гэта радыёхвалі.

«Хачу, каб быў Вялікі Палескі калайдар»

Ніколі не думала, што ў мяне ёсць нейкія здольнасці да навукі, але заўважыла прорву між тым, што мне падаецца агульнавядомым, і што напраўду ведаюць людзі каля мяне. Калі ім нецікавая навука, то яны пачынаюць верыць у нейкую метафізіку, астралогію ці нумералогію. «А ты ведаеш, што насамрэч сонца не свеціць? Святло ідзе з цэнтра нашай галактыкі», — аднойчы сказала мне жанчына-астролаг. Я адказала, што гэта антынавукова, але ў той жа час разумею: чалавек шчыра верыць.

У навуцы няма нічога містычнага, але калі людзі далёкія нават ад школьнага курсу, то ў іх моцна скажаецца карціна свету. І таму я бачу сваю мэту — займацца навукай і асветай на беларускай мове.

 

Логіка і яе законы

Навука складаецца з тэорыі і практыкі, якія можна аб’яднаць пры дапамозе лагічнага мыслення. Логіка патрэбная для доказу тэарэм, логіка — паслядоўнасць меркаванняў, між якіх немагчыма дадаць нешта супярэчлівае, іначай паслядоўнасць страціць сэнс.

Каб лепш ёй валодаць, я хачу пачытаць Арыстоцеля. Але пакуль пачала з кнігі Паўла Баркоўскага — ён выкладаў у Лятучым універсітэце, а таксама працаваў у БДУ. Калі я спрабавала зрабіць стачку і мяне звольнілі, то ён таксама звольніўся — і гэта было ўау. Я ніколі-ніколі з ім нават не гутарыла, толькі бачыла на лекцыях. Але чалавек зрабіў маральны выбар — сышоў і растлумачыў у відэапаведамленні, што прычынай было маё звальненне.

Логіка — гэта дакладныя законы: напрыклад, нешта не можа з’яўляцца супрацьлегласцю самому сабе. Ці закон пра тое, што калі з А вынікае B, а з B — C, то з А вынікае С. Ці пра тое, што праз дзве кропкі можна правесці толькі адну лінію.

Усе гэтыя законы зараз часта парушаюцца, асабліва калі абмяркоўваецца палітыка: спрабуючы нешта растлумачыць, людзі часта блытаюць прычыну і наступства.

«Хачу, каб быў Вялікі Палескі калайдар»

Ці можна ў Беларусі займацца навукай?

Мой бацька фізік, і мяне заўсёды запэўнівалі, што я мушу займацца навукай. Але дзе ў тую навуку запісацца? Такое прапаноўвалі хіба супрацоўнікі ўніверсітэта з вельмі важным, снабісцкім выглядам.

Праўда ў тым, што навукай займаецца любы чалавек, які праводзіць эксперыменты, запісвае іх вынікі і робіць высновы. Праблема ў тым, што ў Беларусі няма магчымасці займацца сур’ёзнымі эксперыментамі, хіба што ва ўніверсітэтах з іх старым абсталяваннем.
Калі рабіць нешта ў Беларусі, то трэба пачынаць з нуля: узяць і стварыць незалежную лабараторыю, знайсці фінансаванне. А навукоўцы не будуць гэтым займацца, бо тут патрэбныя не іх здольнасці, а мэнэджарскія.

Таму навуковыя супрацоўнікі, якіх у нас рыхтуюць, з’язджаюць за мяжу. Кажуць, што гэта захад забірае найлепшых, але не ў ім праблема — навукоўцы проста шукаюць месца працы, бо тут яго няма. Дык ці можна ў Беларусі займацца навукай? Гэта, выходзіць, хутчэй трэніровачная пляцоўка, пасля якой некаторыя паедуць далей.

Асабіста я не еду, бо хачу ўкладацца ў сваё. Калі чалавек займаецца навукай у краіне, дзе ёсць усе магчымасці, — гэта не подзвіг. А тут подзвіг усё што ні рабі, нават пост пра кнігу па фізіцы — гэта ўжо важна.

Чаго б я хацела? Хацела б, каб у Беларусі быў Вялікі Палескі калайдар. Я хачу стварыць супольнасць маладых апантаных фізікаў і зараз рыхтую першы нумар беларускамоўнага навуковага часопіса, у нашай камандзе ўжо тры чалавекі.

Хачу адкрыць фізічную лабараторыю ў Застружжы, магчыма — абсерваторыю з тэлескопам. Але гэта вельмі доўгатэрміновыя планы, у найбліжэйшы час у мяне была ідэя проста зрабіць сабе кабінет. У малой прасторы могуць пачацца вялікія адкрыцці: я чытала, што Марыя і П’ер Кюры варылі радый у сябе ў паветцы.

У той жа час вельмі цяжка гэтым зарабіць.

 

У Беларусі засталіся не толькі ябацькі

Шмат актыўных людзей з’ехала з Беларусі, і гэта людзі з адмысловымі каштоўнасцямі. Засталіся людзі з іншымі, але іх каштоўнасці не горшыя, і гэта не азначае, што засталіся адны ябацькі.

Калі чалавек жыве недзе на вёсцы, то для яго важнай каштоўнасцю ёсць зямля. І гэта ж сапраўды каштоўнасць, бо менавіта з зямлі складаецца тэрыторыя, і яе нехта павінен утрымліваць. Ты можаш быць якім заўгодна крутым, але ты беларус толькі пакуль нехта ўтрымлівае тваю зямлю…

Сапраўды, шмат людзей з’ехала, але не большасць. І таму, мне здаецца, зараз час фармаваць новыя супольнасці. Можна займацца актывізмам на вёсках — тут адчуваецца вялікі патэнцыял: наладжваць камунікацыю між людзьмі, распавядаць пра тэхналогіі.

Нават пра дрэвы — дзіўна, што тут у людзей кепска з біялогіяй. На Палессі — мегапалі і амаль няма дрэваў. На тых палях разганяюцца вятры і ідуць пылавыя буры. Людзі гавораць: «А гэта ж мы нічога не зробім, гэта прырода, гэта так ёсць». Кажу, можна саджаць дрэвы, але людзям здаецца, што гэта мусіць нехта з «раёну» зрабіць. Кажу, гэта мы павінны з табой пайсці і пасадзіць іх, пакуль ніхто іншы не пасадзіў.

Трэба займацца актывізмам, каб жыццё было больш раўнамерным, каб здабыткі прагрэсу былі не толькі ў горадзе, і з іншага боку, каб усведамлялі, што горад — не асноўнае.

У той жа час я разумею: у горадзе я займалася грамадскай дзейнасцю з моладдзю, і гэта было крута. Але паспрабуй зараз паставіць Linux умоўнаму дзядзю Колю — вось што змяняе свядомасць! Дзядзя Коля — гэта сваяк, ён класны. Не п’е і не паліць, халасцяк гадоў каля 60-ці. Такі мужчына на выданне і, можа, яшчэ знойдзе свой лёс. Гэты чалавек — мясцовы інтэлектуал. Дарэчы, Linux мы яму ўжо паставілі. Гэта я да чаго? Адна справа — нешта расказаць у горадзе, іншая — бабе Мані, напрыклад, каторая верыць у Бога і ў якой усё прадвызначана.

Калі казаць пра супольнасці на вёсцы, то тут ёсць пратэстанты, і гэта адна з самых перспектыўных супольнасцяў, дзе з людзьмі можна нешта рабіць разам (не абавязкова маліцца). Бо шмат іншых людзей проста п’е.

 

Я тут шчаслівая

Ад’язджаць ці не — гэта выбар чалавека. Я бачыла тых, хто з’ехаў пасля пачатку вайны і вярнуўся. Упэўнена, што калі сітуацыя зменіцца — вернецца яшчэ шмат хто, і гэтыя людзі прынясуць свой новы досвед.

Але я тут шчаслівая, і я застаюся. Мне дае сілы зямля, я літаральна ў дзэне дзякуючы прыродзе і ўнутранай гармоніі. Мне нястрашна, але гэта не тое ж самае, што чалавек разганяецца да 200 кіламетраў на гадзіну і кажа, што не баіцца.

Калі ты прапануеш мне даць інтэрв’ю, я думаю: выдатна, бо публічным чалавекам быць выгадней, чым непублічным. Тады пра цябе хаця б будуць ведаць, калі нешта здарыцца.

У мяне няма страху таксама размаўляць з людзьмі, і ёсць адчуванне, што я ўсё раблю правільна. Чалавек сам, адным сваім існаваннем змяняе свет, скажаючы матэрыю і прастору вакол — проста таму што ён ёсць на нейкім пэўным месцы.

Я разумею, што страх адчуваю толькі на фізічным узроўні, у целе. Але яго няма ў галаве. У галаве я думаю, што тут шмат рэчаў і людзей, а калі паеду — у мяне нічога не будзе. Здабыць рэчы на доўгі час я таксама не змагу. З’ехаўшы, мне давядзецца вырашаць іншы кшталт праблемаў — тыя, якіх я не хачу.

Шчыра кажучы, я хачу займацца фізікай і ўкладацца ў сваю краіну — нават калі чужая лепшая.

Калі я чытаю кніжку па фізіцы, то ахопліваю ўвесь Сусвет. Калі чалавек сядзіць у турме — ён будзе гэтак жа сама ахопліваць увесь Сусвет. Таму, дарэчы, людзі ў турме часам больш шчаслівыя — яны ўжо зрабілі ўсё што маглі. Мне здаецца, яны кажуць сабе: «Я зрабіў усё што мог. Я не адчуваю напружання і цяпер магу адпачыць».