Малюнак Андрэя Пакроўскага
«Я сустракаюся з хлопцам ужо пяць месяцаў, і нядаўна ён мне на дзень народзінаў падарыў айфон. Раней ён заўжды мне тэлефанаваў і пытаўся, дзе я, з кім, калі вярнуся дадому. А цяпер яго нібыта перастала гэта цікавіць. Спачатку я ўздыхнула з палёгкай, а цяпер думаю, што нешта тут не так.
Сяброўка сказала, што ейны муж адсочвае яе геалакацыю па гуглмэпс, і яе гэта задавальняе. Яна нават сама часам тэлефануе мужу ці мне, калі вяртаецца дадому з электрычкі, каб у змроку было не так страшна. І тут я падумала: а што, калі ён паставіў мне на тэлефон нейкія налады і цяпер таксама сочыць за мной? Як гэта праверыць?»
Ганна, 22 гады
Дзякуй, Ганна! Насамрэч, адсочваць геалакацыю можна* ў наступных сітуацыях:
- Бацькі і дзеці: Бацькі могуць адсочваць геалакацыю сваіх непаўналетніх дзяцей дзеля іх бяспекі.
- Блізкія людзі: Партнёры могуць адсочваць месцазнаходжанне адно аднаго, але толькі ў выпадку ўзаемнай згоды.
- Працадаўцы і супрацоўнікі: Працадаўцы могуць адсочваць службовыя тэлефоны супрацоўнікаў, калі гэта прапісана ў працоўнай дамове і супрацоўнікі ведаюць пра гэта.
- Улады: Улады могуць адсочваць геалакацыю фігурантаў справы ў межах расследавання, толькі калі ў іх ёсць адпаведны судовы дазвол.
А вось выпадкі нелегальнага адсочвання геалакацыі:
- Без згоды і ведання партнёра_кі
- З выкарыстаннем шпіёнскіх праграмаў
- З мэтай пераследу і дамагання
* Пералік створаны на падставе агульнай сусветнай практыкі і здаровага сэнсу
Адсочванне геалакацыі з мэтай пераследу, кантролю або дамагання можа пацягнуць за сабой крымінальную адказнасць. Калі вы падазраяце, што партнёр або шэф адсочвае вашы перамяшчэнні без вашай згоды, у вас ёсць выбар:
- спытаць яго/яе пра гэта наўпрост (калі адчуваеце, што гэта бяспечна і можа прывесці да шчырай размовы),
- праверыць налады свайго тэлефона.
Як праверыць, ці не адсочвае нехта мой тэлефон?
Калі ёсць падазрэнне, што партнёр_ка паставіў_ла нейкую шпіёнскую праграму на ваш смартфон, зрабіце наступнае:
- Зайдзіце ў «Налады» — «Канфідэнцыйнасць і бяспека» — «Месцазнаходжанне» і праверце, якім праграмам дазволена адсочваць вашу геалакацыю. Адключыце доступ для тых, якімі вы не карыстаецеся. Для іншых пастаўце абмежаванне «Толькі падчас выкарыстання».
- Праверце, якія прылады падключаныя да вашага акаўнта. Калі знойдзеце невядомыя, адключыце іх.
- Памяняйце паролі ва ўсіх уліковых запісах, у тым ліку ад пошты, сацыяльных сетак і мэсэнджараў.
- Пераканайцеся, што на ўсіх прыладах (тэлефоне, ноўтбуку, планшэце) усталяваная двухфактарная аўтэнтыфікацыя.
- Скарыстайцеся антывіруснымі праграмамі, каб выявіць падазроныя праграмы ў сябе на тэлефоне.
- Калі дазваляюць сродкі, змяніце тэлефон або набудзьце дадатковы тэлефон, пра які не будзе ведаць партнёр_ка.
- Не бойцеся звярнуцца па тэхнічную, юрыдычную ці псіхалагічную дапамогу, калі ёсць падазрэнні або доказы непажаданага кантролю.
Рэч у тым, што аб’юзер можа пераконваць партнёра_ку, што адсочвае месцазнаходжанне выключна таму, што клапоціцца пра яе/яго, не хоча надта турбаваць, шторазу тэлефануючы і пытаючыся «Ты дзе?». Але за клопатам часта стаіць жаданне кантраляваць, падпарадкаваць сабе партнёра_ку.
Як разабрацца, калі гэта дзеля бяспекі, а калі ўжо небяспечна?
- калі адзін партнёр_ка адсочвае другога, а сябе адсочваць не дазваляе
- калі адзін з партнёраў_ак адчувае, што гэта парушае яго/яе межы
- калі партнёр_ка не дае згоды, а адсочванне ўсё адно працягваецца
- калі партнёр_ка не ведае пра адсочванне