Размовы

Рэдактар на вайне

Іван Сіяк

Рэдактар на вайне

Іван Сіяк больш за 20 гадоў працаваў журналістам, рэдактарам і капірайтарам і займаўся ў асноўным тэкстамі. У 41 год пайшоў ваяваць — спачатку ў тэрабарону, а потым у ЗСУ. Сойка спытала ў Івана, як людзі розных прафесій становяцца вайскоўцамі, чаму ўкраінская армія па-сапраўднаму народная і як настроеныя людзі, якія абараняюць Украіну сёння. Адказы на нашы пытанні Іван запісаў у сярэдзіне траўня.

— Ці думалі вы раней, што аднойчы давядзецца ваяваць? Наколькі вялікай нечаканасцю для вас стала тое, што Расея напала на Украіну, наколькі моцна вайна кантрастуе з вашым кіеўскім мірным жыццём?

Як і ўсе, я, вядома, спрабаваў адагнаць думкі аб рэальнасці вайны, калі ў заходніх медыях пайшлі паведамленні амерыканскай выведкі пра магчымы напад Расеі на Украіну. Мы шукалі аргументы, чаму гэтага не здарыцца, але ў канцы студзеня, калі расейская прапагандысцкая машына ўключылася ў апраўданне будучай вайны, стала ўжо зразумела, што яна, хутчэй за ўсё, непазбежная. І тады так, я стаў казаць сябрам, што трэба рыхтавацца да вайны, і сам прыняў для сябе рашэнне, што буду ў ёй удзельнічаць. Натуральна, на баку Украіны.

‍У мяне ёсць сябар, нямецкі журналіст, і ён, думаючы, што я не прачытаю яго артыкул на нямецкай, у тэксце аб пачатку вайны напісаў пра мяне. Ён не назваў імені, але я пазнаў сябе — ён назваў мяне сапраўдным кіеўскім хіпстарам. Я, вядома, ніякі не хіпстар на самой справе, але і далёка не баец: ніколі наогул не трымаў агнястрэльнай зброі ў руках, ніколі не страляў з яе да свайго 41 года, калі трапіў ва Узброеныя сілы Украіны. І, вядома, маё жыццё рэдактара, капірайтара, спічрайтара вельмі моцна адрознівалася ад той абстаноўкі, у якой я цяпер апынуўся.

— Як вы трапілі спачатку ў тэрабарону, потым у шэрагі Узброеных сіл, наогул, у мужчыны ва Украіне сёння ёсць выбар?

Вядома, я тут паводле свайго ўласнага выбару. Было шмат момантаў, калі я мог адмовіцца і ў выніку не трапіць у войска. Але ўсё здарылася такім чынам, што ў першы дзень вайны я разам з сябрамі давёз сваю сям’ю да ўкраінскай мяжы, вярнуўся ў Львоў, і там мяне падабраў па дарозе ў Кіеў мой шапачны знаёмы, мы разам паехалі ў Кіеў, ён анкахірург з досведам работы ў АТО, і разам з ім я трапіў спачатку ў тэрабарону, а потым мы з тэрабароны практычна цэлым падраздзяленнем перавяліся ва Узброеныя сілы, у войска, у механізаваную брыгаду.

‍Гэтага сябра-хірурга завуць Валера, і без яго, хутчэй за ўсё, я б не аказаўся тут. У мяне няма ваеннага білета, няма ваеннага досведу, я не служыў тэрміновую, у мяне няма карыснай ваеннай спецыяльнасці, і можна сказаць, што я ў прынцыпе ішоў да іх з ім «у камплекце». Так, цяпер у вельмі многіх мужчын ёсць выбар, у тым сэнсе, што ты нават калі захочаш, цябе ў ваенкамаце могуць адправіць дадому. Патрэбныя людзі з пэўнымі якасцямі і пэўных спецыяльнасцяў, якія маюць досвед, паўтару. І большасць можа заставацца дома да канца вайны, калі яна не моцна зацягнецца.

— Якія перамены ў грамадстве і ў самім сабе вы заўважылі з пачатку агрэсіі, пасля Бучы, Ірпеня, Марыюпаля?

З пачатку вайны я фактычна знаходжуся ў адной групе, вялікай групе людзей, спачатку ў тэрабароне, потым у войску, і не скажу, што я ведаю войска ці ведаю ўкраінскае грамадства, Ці магу сказаць, як яно памянялася. У мяне быў адгул у Львове, і гэта было ўражліва менавіта ў тым сэнсе, што горад выглядаў зусім мірным, усе ўстановы адкрытыя, набітыя прыбранымі людзьмі, атмасфера досыць святочная, я б нават сказаў. Таму магчыма, што змены, звязаныя з вайной, ва ўкраінскім грамадстве не такія вялікія, не такія радыкальныя, як можа здацца. Дакладней, мне ў Львове здалося, што змянілася вельмі нямногае.

— Чаму, як лічыце, расійскую армію не спыняе ні праўда (бо на месцы ж зразумела, што ніякіх нацыстаў, русафобаў ва Украіне няма), ні сумеснае мінулае, ні легенда пра славянскіх братоў, ні элементарная гуманнасць?

Чаму расейскае войска не адмаўляецца выконваць загад напасці на Украіну? Ну, таму што армія — гэта арганізацыя, заточаная, задрочаная на выкананне загадаў, і ў любой арміі свету смеласць адмовіцца ад выканання загаду знойдуць у сабе вельмі нямногія салдаты і афіцэры. Дадайце ў Расеі шматгадовую ідэалагічную напампоўку, вельмі моцны рэпрэсіўны апарат, і ў выніку мяне наогул не здзіўляе, што яны гатовыя ваяваць супраць нас, гатовыя нас забіваць. Дакладна гэтак жа сама яны б ваявалі супраць Манголіі, Латвіі, Коста Рыкі — любой краіны свету. Гэта механізм, і ты ў ім шасцярэнька, і яны шасцярэнькі, значна больш дробныя, чым салдаты ўкраінскай арміі, якая ўсё ж такі больш дэмакратычная, напэўна.

— З якімі складанасцямі вам даводзіцца сутыкацца ў арміі, чаму вы навучыліся, што засвоілі за гэты час?

Ну, я чалавек свабоднай прафесіі, у апошнія гады прывык да свабоднага графіку, таму зразумела, што ў арміі мне нязручна, некамфортна, часам цяжка. Тут шмат рытуалаў, якія здаюцца бессэнсоўнымі мірнаму чалавеку (можа быць, нават і з’яўляюцца бессэнсоўнымі). Тут шмат хварэюць, з-за цеснаты. Кашляюць абсалютна ўсе, вельмі шмат, я так мяркую, кавіду, шмат пнеўманіі, ангін. Шмат нуды, тугі па доме…

Дзякуючы свайму сябру Валерыю, хірургу, я трапіў у групу, якая займаецца навучаннем тактычнай медыцыне. Спачатку мы навучалі служачых кіеўскай тэрабароны, цяпер навучаем салдат і афіцэраў механізаванай брыгады ЗСУ. Мая спецыялізацыя, якую я атрымаў, займаючыся з заходнімі інструктарамі, чытаючы дапаможнікі, гледзячы відэа, усё, што змог знайсці ў гугле, — гэта эвакуацыя параненых. Я вяду заняткі па тактыцы эвакуацыі параненых: як выцягнуць параненага з поля бою ў сховішча, як несці яго са схову ў медпункт на асноўнай пазіцыі або ў эвакуацыйны транспарт. Цяпер вось гэтым займаюся і думаю, што буду нейкі час працягваць гэтым займацца, таму што гэта даволі экзатычныя веды тут, карысныя для многіх.

Рэдактар на вайне

— Які настрой у салдат?

Мне вельмі складана казаць пра настрой салдат наогул, таму што я бачу вакол сябе толькі вельмі невялікую частку нашай брыгады. Але тут няма эйфарыі, як мне здаецца, няма нейкага шапказакідальніцтва, няма нават усплёску патрыятызму, «будзем рваць маскалёў», вось гэтага ўсяго. Сярэдні ўкраінскі салдат — гэта дзядзька 45-50 гадоў, з вёскі ці невялікага гарадка. Усе хочуць дадому, усе гатовыя выканаць свой абавязак, сваю ваенную працу. Але ўсе трошкі стомленыя, або моцна стомленыя, трошкі або моцна хворыя. Усе хочуць дадому, скончыць гэтую я*аную вайну, перамагчы, вядома — вядома перамагчы, не здацца, а перамагчы — і вярнуцца дадому. Вось такі настрой.

— Як выглядае ваш тыповы дзень сёння?

Мой звычайны дзень пачынаецца з пастраення а 8 раніцы, дзе мы выслухоўваем нашага камандзіра медыцынскай брыгады — нашага непасрэднага камандзіра, яго каштоўныя ўказанні на дзень. Потым у нас гадзін пяць заняткаў, мы выязджаем на палігон да нейкага падраздзялення, або падраздзяленне прыязджае да нас на базу, дзе мы займаемся з імі тактычнай медыцынай. Потым праз наша асаблівае інструктарскае становішча мы можам адпачываць. А 9 гадзіне зноў пастраенне, і я стараюся хутчэй пасля гэтага легчы спаць. Люблю спаць і назапашваю энергію, пакуль мы на палігоне, каб потым расходаваць яе, калі мы апынемся на перадавой.

Рэдактар на вайне

— Раскажыце пра ўкраінскую армію. Вы пісалі, што яна па-сапраўднаму народная. Чаму?

З таго, што я ведаю пра расейскую армію, большасць радавых пазіцый займаюць вельмі маладыя прызыўнікі або кантрактнікі, салдаты тэрміновай службы, якім навязалі кантракты. Гэта людзі 19-22 гадоў, а тут, паўтаруся, у нас украінская армія вельмі ўзроставая, «тэрміновых» у нас няма ў баявых частках. Людзі да 26 гадоў, тыя, хто не прайшлі тэрміновую службу, таксама не служаць. Галоўны крытэрый адбору ў ваенкамаце — гэта наяўнасць ваеннага білета. Ваенны білет у асноўным маюць дарослыя людзі, часта — тыя, якія служылі яшчэ ў савецкай арміі. Таму сярэдні ўзрост у тых падраздзяленнях, якія я бачыў, вельмі высокі — гэта 45, у некаторых можа быць нават 50 гадоў. Прадстаўленыя ўсе рэгіёны.

Я думаю, што сіла ўкраінскай арміі ў яе разнастайнасці. Тут людзі вельмі многіх прафесій, рознага досведу. Народнасць у тым, што сабраныя ўсе класы, усе сацыяльныя страты, хто заўгодна, і гэта робіць нас разумнейшымі, багацейшымі па досведзе. Што магу ўспомніць? Анкахірурга, памочніка намесніка міністра, уладальніка грузавой авіякампаніі, уладальніка мільённага youtube-канала пра цюнінг машын, лекара, які дзевяць гадоў працаваў у Чэхіі, будаўніка-гастарбайтара, які таксама прыехаў з Чэхіі. І вось я, рэдактар.

Гэта, напэўна, адно з галоўных уражанняў ад службы — моцна рассоўваюцца рамкі зносін. Людзі, з якімі я б ніколі не сутыкнуўся ў звычайным жыцці ці нават адмовіўся б ад зносін з некаторымі, таму што я крыху сноб, ну, не ведаю, па вопратцы, па гаворцы. Тут выяўляецца, што добрыя людзі часта заключаныя ў тую абалонку, якую ты раней адпрэчваў. Не ведаю, як гэта яшчэ сказаць. Шмат добрых, цікавых, разумных, карысных для войска людзей. Тут можна палюбіць людзей, палюбіць украінцаў, украінскі народ зноўку. Вельмі шмат цікавых, моцных, прыгожых унутры персанажаў. У гэтым сэнсе ўкраінская армія народная, і народ у нас акей.

Рэдактар на вайне

— Што ва Украіне, у вас, у стасунках паміж людзьмі і краінамі пасля вайны ўжо ніколі не будзе ранейшым?

У войску ўсе ўпэўненыя, што вайна далёкая ад свайго завяршэння, што яна будзе доўжыцца як мінімум яшчэ многія месяцы, да зімы дакладна. Баюся нават загадваць. Таму мне вельмі складана сказаць, якім я буду пасля вайны. І я нават баюся загадваць, таму што такая штука, як вайна, наўрад ці робіць чалавека лепшым. Напэўна, я буду больш жорсткім, больш катэгарычным. Ці стану я мацнейшым? Спадзяюся, не ўпэўнены. Вельмі баюся вярнуцца паламаным псіхалагічна. Далей відаць будзе, не гатовы адказваць на гэтае пытанне. Вы мне скажаце, якім я вярнуся. Сам я магу і не адсачыць зменаў.

— Што рабіць людзям, якія хочуць дапамагаць ЗСУ, Украіне і набліжаць мір?

Ды вы і так робіце шмат, я цалкам забяспечаны фактычна за кошт і з дапамогай сваіх сяброў. У арміі табе, вядома ж, выдадуць асноўны рыштунак: форму, бронік, каску, аўтамат. Але ўсё, што робіць тваю службу камфортнейшай, а твой рыштунак зручнейшым, — гэта ўсё атрымана мной ад маіх сяброў і прыяцеляў, знаёмых, якім я бязмерна ўдзячны. І вы можаце працягваць займацца гэтай жа валанцёрскай працай у дачыненні да людзей, якіх вы асабіста ведаеце. Працягвайце пісаць «як ты?» ў мэсэнджарах. Працягвайце лайкаць нашы пасты, працягвайце падтрымліваць. Не пакідайце нас тут адных. Вы нам патрэбныя.