Размовы

(Не)іерархічная вайна?

Вольга Шпарага — філосафка і выкладчыца, аўтарка кнігі «У рэвалюцыі жаночы твар» пра характар і асаблівасці беларускага пратэсту, адмыслова для Сойкі разважае пра характар і асаблівасці вайны ва Украіне, у якую так ці інакш уцягнутыя ўсе мы.

 (Не)іерархічная вайна?

Любая вайна азначае з’яўленне новых сацыяльных іерархій і ўладных асіметрый, якія любяць крытыкаваць гендарныя і фемінісцкія даследчыцы.

ЯК ВАЙНА СПРАШЧАЕ СВЕТ

Так, у перыяд вайны перамяшчэнні па горадзе ці любой адкрытай прасторы, як і магчымасці камунікацыі, абмяжоўваюцца. Сірэны павінны разумецца адназначна — як сігнал спусціцца ў сховішча. Усе міжчалавечыя стасункі, як і праца грамадскіх інстытутаў — школ, лякарняў, міліцыі, — падпарадкоўваюцца, у канчатковым выніку, адной мэце — перамагчы на полі бою і спрыяць гэтай перамозе ў тыле. Усе людзі падзяляюцца на сяброў і ворагаў. Грамадскія інстытуты выстройваюцца ў іерархію, на вяршыні якой аказваецца армія.

Тое ж самае адбываецца з эмоцыямі. Галоўнымі сярод іх падчас вайны становяцца нянавісць і гонар: нянавісць дазваляе не бачыць у ворагах людзей, забойства якіх не дазволена ў сучасных дэмакратычных грамадствах, а гонар дазваляе збірацца з сіламі, натхняючыся перамогамі на фронце і подзвігамі ў тыле. Такія разнастайныя эмоцыі, як спачуванне, радасць, сумнеў, нясмеласць і тым больш крытычнае стаўленне да іх, адыходзяць на другі план, дапамагаючы тым самым быць часткай аднаго згуртаванага калектыву, падпарадкоўваць свае розныя ідэнтычнасці адной — грамадзянкі/грамадзяніна сваёй краіны, на якую вераломна напала іншая краіна.

 

ЖАНЧЫНЫ І МУЖЧЫНЫ НА ВАЙНЕ

Іерархіям аказваюцца падпарадкаваныя і розныя сацыяльныя ролі. На поле бою змагаюцца мужчыны, а дапамогай і працай у тыле занятыя жанчыны (і дзеці). Найважнейшай роляй жанчын становіцца таксама эвакуацыя, выратаванне не толькі сябе, але і (сваіх) дзяцей.

Пры гэтым тыя, хто змагаецца, па вызначэнні, інтэрпрэтуюцца як моцныя, а тыя, хто арганізуе аказанне дапамогі, вучыць, музіцыруе, гатуе ежу ў тыле, а таксама займаецца эвакуацыяй сябе і іншых — слабымі. Мужчыны, як і дзясяткі гадоў таму, закліканы абараняць, а жанчыны (і дзеці) — бегчы, дзякуючы чаму першыя становяцца героямі, а другія — ахвярамі.

Аднак, на шчасце, войны і іншыя экстрэмальныя крызісныя сітуацыі сёння не толькі падтрымліваюць гэтыя апазіцыі ваеннага часу, але і ставяць іх пад пытанне. Так, на пачатак 2021 года, паводле дадзеных Мінабароны Украіны, жанчыны складалі 22,8% ад агульнай колькасці вайскоўцаў (для параўнання, у Нямеччыне гэта 12%). Жанчын-камандзіраў, у тым ліку толькі сярод старэйшых афіцэраў, налічваецца 1054. З пачаткам вайсковага ўварвання Расеі ва Украіну колькасць жанчын ва ўзброеных сілах толькі павялічылася, бо жанчыны разам з мужчынамі ўступілі ў падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны (пра канкрэтныя лічбы гаварыць тут, аднак, сёння складана).

У тыле жанчыны таксама не з’яўляюцца толькі падначаленымі — і тым больш ахвярамі. Яны ўваходзяць у палітычнае асяроддзе Уладзіміра Зяленскага — як Ірына Верашчук, міністарка ў пытаннях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый у Кіеве; узначальваюць аддзяленні Нацыянальнай паліцыі — як Дар’я Поліч у Днепрапятроўскай вобласці; кіруюць працай валанцёрак і валанцёраў — як беларуска Карына Пацёмкіна ў Бучы. Жанчыны выкладаюць — як мая ўкраінская каляжанка, гендарная даследчыца Ірына Жарабкіна ў Харкаве, якая нядаўна суарганізавала анлайн фемінісцкую дыскусію аб салідарнасці з Украінай, у якой удзельнічала такая вядомая тэарэтык фемінізму, як Джудзіт Батлер, — і яшчэ 300 чалавек. Жанчыны ва Украіне вядуць рэпартажы для ўкраінскіх і замежных СМІ з украінскіх гарадоў — як Яўгенія Беларусец і Аляўціна Кахідзэ, а таксама выступаюць у ролі менеджарак прастор для аказання дапамогі. Фота Насці, маладой жанчыны з Ірпеня, якая эвакуявала сабак-інвалідаў з гэтага горада, стала вірусным і абляцела сусветныя СМІ. Адначасова мы можам бачыць і адваротнае — мужчын, якія, як беларус Максім Кавалёў, гатуюць для ЗСУ, або выступаюць у тыле і на фронце з канцэртамі, як Святаслаў Вакарчук.

Войны другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя адрозніваюцца ад войнаў папярэдніх эпох таксама тым, што дзеянні, якія ажыццяўляюцца ў іх ходзе, ацэньваюцца скрозь прызму ўніверсальных правоў чалавека. Менавіта дзякуючы гэтай канцэпцыі, якая была юрыдычна замацаваная пасля Другой сусветнай вайны і паслужыла рэакцыяй на яе жахі, сёння магчыма гаварыць пра злачынствы супраць чалавечнасці, а таксама патрабаваць гуманных правілаў вядзення баявых дзеянняў. Да захавання гэтых нормаў заклікаюць сёння не толькі міжнародныя інстытуцыі, але і ўкраінскі бок, чаго нельга сказаць пра расейскі.

 

ПА ТОЙ БОК АПАЗІЦЫІ «МОЦНЫ — СЛАБЫ»

Тым не менш, нестэрэатыпнаму стану расейска-ўкраінскай вайны надаецца недастаткова ўвагі ў СМІ. У тым ліку таму, што іерархіі паміж рознымі гендарнымі ролямі прывязаныя да іерархіі паміж прыватнай і публічнай сферамі, якая вызначае наша жыццё і ў мірны час.

‍Заняткі палітыкай, кіраўніцтва банкамі, прадпрыемствамі і ўніверсітэтамі з’яўляюцца ганаровымі і добра аплочвальнымі, у адрозненне ад працы настаўнікаў, медсясцёр, не кажучы ўжо пра паўсядзённую працу, якая звязана з клопатам пра дзяцей і дом і ляжыць галоўным чынам на плячах маці, застаюцца ў цені прызнання і належнага ўзнагароджання (калі яно наогул ёсць). Сітуацыя вайны сёння не толькі завастрае гэтую несправядлівасць, але і дазваляе зрабіць яе бачнай. Клопат адно пра аднаго, а таксама пра яшчэ больш далікатных у сховішчах ад бамбёжак, аказанне медыцынскай і іншай дапамогі — не менш важны ўнёсак у перамогу, чым бітва на полі бою. І гэта наўрад ці доля слабых.

‍Менавіта таму феміністкі адмовіліся ад апазіцыі «слабы — моцны» на карысць прызнання ранімасці і далікатнасці кожнай і кожнага з нас — як тых, хто час ад часу (або часта) хварэе, пакутуе ад перагрузак, дэпрэсій і інваліднасці, як занадта бездапаможных у сілу ранняга або, наадварот, старэчага ўзросту. Але яны таксама звязалі гэтую ранімасць са здольнасцю ператвараць яе ў індывідуальныя і сумесныя дзеянні, для якіх, аднак, заўсёды патрэбныя ўмовы — дастатковая колькасць часу для клопату ў бацькоў, даступныя і якасныя медыцына і адукацыя, грамадская салідарнасць, а таксама пераабіраныя палітыкі для ўсіх грамадзян.

 

ГАРЫЗАНТАЛЬНАЕ ВЫМЯРЭННЕ ВАЙНЫ І МІРУ

Далікатныя і ранімыя становяцца гераінямі і героямі тады, калі знаходзяць сілы і рэсурсы супраціўляцца агрэсіі і гвалту з боку іншых людзей і структур. Вайна з’яўляецца апафеозам такога гвалту, аднак і ўнутры яе, і тым больш пасля яе заканчэння, магчымы іншы свет, ключавымі адносінамі у якім становяцца не вертыкальныя і іерархічныя, а гарызантальныя і раўнапраўныя. Менавіта яны стаяць на варце чалавечага ў сітуацыі вайны — патрабуючы не катаваць палонных і ў цэлым прызнаваць правы чалавека; і на варце дэмакратыі ў сітуацыі міру, з’яўляючыся асновай для таго, каб галасы ўсіх без выключэння грамадзян былі чутныя і ўлічаныя ў грамадскім жыцці.

‍Таму так важна ўжо сёння прылічаць да герояў не толькі мужчын, а далікатнымі і ранімымі лічыць не толькі жанчын. Перамагчы ў вайне, урэшце, азначае не толькі справіцца з агрэсарам тут і цяпер, але і прадухіліць узнаўленне практык агрэсіі і адсутнасці эмпатыі (што мы назіраем з боку многіх іншых еўрапейцаў) у будучыні. Увага да гарызантальнага вымярэння ваеннага часу і прызнанне суўдзельнікамі барацьбы і супраціву кожнага і кожнай — найважнейшая ўмова для гэтага.

Меркаванне аўтара не заўжды тоеснае меркаванню рэдакцыі.