У гадавіну вайны беларуская парамедык батальёна Кастуся Каліноўскага Анастасія «Север» распавядае пра тое, калі надыходзіць час даць адпор ворагам. Пра ўспаміны, смерць, злосць, стому і перамогу, што непазбежна наступіць. Вось ейны маналог.
Пра пачатак вайны
24 лютага 2022 года я была пад Кіевам, так што вайну сустрэла як усе ўкраінцы — прачнулася раніцою ад абстрэлу. Першыя тры дні была ўведзена каменданцкая гадзіна, я сядзела з сябрамі на лецішчы. Гэтага часу якраз хапіла, каб зразумець, што рабіць і куды бегчы. Прыняўшы рашэнне, адразу пайшла ў найбліжэйшы ваенкамат.
Было ўражанне, што мой вораг знайшоў мяне і тут, але цяпер я магу даць адпор. Не так асцярожна, як гэта было ў Беларусі, а па-сапраўднаму. Ва ўсю моц.
Першапачаткова была ў тэрабароне, потым у роце аховы «Бравары». Так што першы мой «баявы» адбыўся яшчэ ў сакавіку, да таго, як я далучылася да іншых беларусаў. Праз пэўныя асаблівасці ў заканадаўстве Украіне (сёння яно змянілася), мяне не маглі аформіць у роту аховы і ўзяць на кантракт. Толькі ў спецыяльныя падраздзяленні. На той момант ужо існаваў батальён імя Кастуся Каліноўскага. Так што ўжо недзе напрыканцы сакавіка я далучылася да іх.
Пра медыцыну і эвакуацыю
23 сакавіка разам з Іванам «Брэстам» (камандзір батальёна «Волат», загінуў пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 года — рэд.) ездзілі падпісаць кантракт. Так я пачала працаваць у беларускім батальёне як тылавы медык. Адказвала за небаявыя траўмы — прастуды, расцяжэнні і іншыя падобныя праблемы. Людзі гэтаксама хварэюць на вайне, як і ў мірны час. Шмат траўмаў за кошт інтэнсіўных трэніровак, працы з рознай зброяй. Могуць спіну пацягнуць з-за таго, што нешта цяжкае падымаюць. А так усё тое самае: і прастуды, і пнеўманіі, і страўнік, і усё, што хочаш.
З часам у нас з’явілася яшчэ некалькі медыкаў. Тады вельмі патрэбна была дапамога з параненымі на Мікалаеўскім напрамку, і я паехала туды. Там ужо праз нейкі час выявілася, што ці я сядаю на «эвак» (машына эвакуацыі параненых — рэд.), ці на «эваку» нікога не будзе. Так я стала медыкам эвакуацыі і з тых часоў займаюся толькі гэтым. Зараз у нас ужо вялікая каманда. У кожнага батальёна ёсць свая медычная эвакуацыя, мы шмат узаемадзейнічаем. Часам абменьваемся і досведам, і машынамі, і экіпажамі. Працуем у звязцы.
Машыны для нас, на жаль, гэта расходнік. Машыны гінуць, не вытрымліваюць тых дарог, па якіх мы ездзім. Дый агулам яны выконваюць функцыю, якую нармальная гарадская машына ці нават пікап выканаць не можа ды й не павінна. У нас ёсць машынка, на якой некалькі разоў нам давялося ганяць з хуткасцю большай за 200 кіламетраў на гадзіну. Гэта было поле, па якім ездзілі танкі, а потым гэтае поле замерзла. Якая машына гэта вытрымае?
Першы 200…
Першага свайго параненага не памятаю. Спачатку быў такі перыяд, калі было шмат хлопцаў з кантузіямі, аскепкавымі — не сур’ёзныя. Памятаю, якія гэта былі людзі, але ў якой паслядоўнасці яны з’яўляліся, сёння ўжо не ўзгадаю. Затое памятаю першага цяжкага, ён і першы 200. Гэта быў Павел «Волат» (камандзір роты батальёна імя Кастуся Каліноўскага, які атрымаў смяротнае раненне падчас вызвалення ўкраінскага сяла ў ноч з 15 на 16 сакавіка 2022 года — рэд.). І вось гэтага я ўжо не забуду ніколі.
Пра лукашыстаў
Лукашэнка баіцца свайго народу. Самая смешная рэч на свеце — ён баіцца ўласны народ. Таму насамрэч у яго звязаныя рукі. Не шмат хто разумее гэту схаваную сілу. Няхай няма яўных пратэстаў, нейкіх адкрытых супрацьстаянняў, але Лукашэнка разумее, што ён прайграў. Што яго не жадаюць і не чакаюць у Беларусі і, як толькі будзе магчымасць, людзі падымуцца супраць яго ў іншым фармаце, не так, як было раней.
Адносна тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, я сваю пазіцыю пазначыла яшчэ да вайны: гэта людзі ці сквапныя, ці дурныя. Хутчэй за ўсё, другое. Бо відавочна — далей будзе толькі горш, і тыя, хто падтрымліваюць рэжым, ад яго ж і захлынуцца. То бок наперад і з песняй! А я буду глядзець, як урэшце яны захлынуцца ўласным лайном.
Пра Беларусь і вайну
У пэўным сэнсе, беларускія добраахвотнікі нават спадзяюцца, што рэжым Лукашэнкі ўцягне беларускае войска у вайну. Для нашых сілаў гэта будзе нагодай легітымна зайсці на тэрыторыю Беларусі і пачаць яе вызваленне.
Вакол дзейнасці беларускіх добраахвотнікаў шмат палітыкі сёння. Гэта цалкам вытлумачальна. Урэшце, Украіне не патрэбны сусед, які знаходзіцца пад акупацыяй Путлера, Украіна зацікаўленая ў палітычным баку працэса, у вызваленні Беларусі. Факт існавання беларускіх батальёнаў — важкі аргумент для пачатку разнастайных палітычных перамоваў. Так што гэта лагічна і чакана.
Скажу нават болей: амаль упэўненая, што беларускія войскі не перайшлі мяжу з Украінай шмат у чым таму, што ёсць вялікая імавернасць — разам са зброяй беларускія вайскоўцы пяройдуць на наш бок. Толькі таму што мы беларускія добраахвотныя падраздзяленні, імавернасць, што да нас могуць далучыцца рэгулярныя войскі, значна падвышаецца.
Пра побыт на вайне
Ёсць месца і для жартаў, і для сяброўства, і нават пары ствараюцца сямейныя. Некалькі нашых хлопцаў абвянчаліся з украінскімі дзяўчатамі. Бясконцы дзвіж і жыццё працягваюцца нават у акопе. Проста гэта трошкі іншае жыццё.
Некалі ў Севераданецку мы сядзелі ў падвале, грэлі сухпайкі, і Ваня «Брэст» казаў: «Вы будзеце памятаць не баі, а вось гэтыя пасядзелкі». І ён меў рацыю. Памятаеш куды больш яскрава нейкія моманты, звязаныя з нейкімі зносінамі, з жартамі. Напрыклад, вельмі добра памятаю, як адзін з маіх пабрацімаў выразаў маё імя на кубку, бо я заўжды лаялася, што маркер сціраецца, і не адрозніш, дзе твой кубак, а дзе чужы, бо ўсе аднолькавыя атрымалі на складзе.
Пра настрой
Цяпер, безумоўна, вайна — гэта руціна. Мала думаеш аб нейкіх матывах, эмоцыях, трошкі не да таго — у цябе мэты, задачы, планы. І ты ўся ў гэтым.
Зараз вельмі шмат злосці ва Украіне з-за вайны і вельмі шмат стомы. Ёсць упэўненасць, што мы пераможам, а парыў ужо не той. Людзі вывозяць на сіле волі. Але ўпэўненасці ў перамозе менш не стала, проста ёсць асэнсаванне, што давядзецца шмат і ўпарта ўё*ваць. Прабачце за мат, але без яго адказ будзе няшчырым.
Пра тое, што будзе, калі скончыцца вайна
Калі скончыцца вайна, я першым чынам нап’юся, а потым паеду дадому. Думаць, як адбудоўваць новую Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Free Belarus Center.