Размовы

9 правілаў бяспекі ад бармэна

Як збірацца на вечарынку і вярнуцца цэлай ды здаровай

9 правілаў бяспекі ад бармэна

Малюнак Ксеніі Лагавой

Мы ходзім у бары, кавярні і на вечарынкі, каб добра прабавіць час, сустрэцца з сябрамі, выпіць, паесці, завесці новыя знаёмствы. На жаль, часам месцы агульнага свята для некоторых ператвараюцца ў пляцоўку для палявання. І так, сяброўка, мы ўсе згодныя, што ў аб’юзе і гвалце заўжды вінныя аб’юзер і гвалтаўнік. Але дрэнныя людзі існуюць. Яны не носяць шпіёнскіх капялюшоў і не выдаюць сябе злодзейскім смехам. Вось, што падказвае бармэнскі досвед.

  1. Мы жывем у свецкай дзяржаве, дзе ўсе могуць выбіраць адзежу на ўласны густ. Кароткая ці доўгая, джынсы ці спадніца — мы маем права насіць усё. Той, хто мае намер зрабіць шкоду іншаму чалавеку, не зважае на адзенне. А вось абутак лепш абіраць зручны, без высокіх абцасаў і складаных засцёжак. Калі ты стомішся, захочаш патанчыць ці раптоўна будзеш няцвёрда трымацца на нагах — такое здараецца з людзьмі, — зручны абутак дапаможа. А яшчэ ты куды хутчэй перасоўваешся ў зручным абутку. Павер, перад вачыма бармэнаў пралятала столькі абсалютна цвярозых дзяўчат, якія не ўтрымаліся на высокіх абцасах і ў найлепшым выпадку разам з раўнавагай руйнавалі вобраз, а ў горшым — ехалі ў проста шпіталь.
  2. Цябе пужалі ў дзяцінстве паходам «за гаражы»? Некаторыя публічныя ўстановы, на жаль, маюць не найлепшую рэпутацыю, і іх сапраўды лепей пазбягаць. Калі цябе клічуць у няўцямнае месца ў стрэмным раёне, за горад ці ў іншае цяжкадаступнае месца, відаць, трэба добра ўзважыць за і супраць. Здарыцца ў жыцці можа што заўгодна, таму лепей заўжды звяртаць увагу на тое, ці ёсць мабільная сувязь, наколькі лёгка дабрацца да транспарту і колькі людзей навокал. Не палянуйся, пагуглі загадзя, куды ідзеш.
  3. Калі сабралася ехаць, то паведам каму-небудзь, куды ты ды з кім. Найлепш — блізкім людзям. Нават узгадка ў сацсетках не будзе лішняй ці празмернай.
  4. І вось ты, прыгожая і вясёлая, дабралася туды, куды прагнула, сустрэлася з сяброўкамі, і вы радасна бавіце час. Добра, калі вы будзеце разам увесь вечар і сыходзіць таксама будзеце адначасова. Асабліва, калі нехта перабраў з алкаголем.
  5. Дарэчы, не забывай пра свой напой. Не важна, п’еш ты газіроўку, каву, віно ці гарэлку. Не пакідай яго без увагі, бо нават самы сімпатычны і мілы вонкава чалавек можа падсыпаць нешта. Гэта куды больш пашыраная практыка, чым падаецца на першы погляд. Таму і «падарункавыя» дрынкі лепш не прымаць, калі толькі іх наўпрост табе ў рукі не перадае бармэн. Дарэчы, кажуць, што некаторыя транквілізатары (менавіта іх часцей за ўсё выкарыстоўваюць для таго, каб атруціць некага) маюць характэрны прысмак. Не пі залпам, спяшацца няма куды.
  6. Настойлівыя знаёмствы — непрыемная сітуацыя. І адкрытая агрэсія, і празмерная сціплаць могуць быць не найлепшымі стратэгіямі. Лепш цвёрда сказаць: «Не». Часам працуюць словы пра хлопца ці мужа. Можна звярнуцца да ахоўніка, бармэна, афіціянтаў па дапамогу. Часцей за ўсё гэтага хопіць, каб адвадзіць непажаданага лавеласа. Але будзь уважлівая, асабліва на вуліцы.
  7. Не саромся падымаць шум, калі адчуваеш небяспеку. Лепей выглядаць дзіўнай, чым пацярпець.
  8. Калі свята скончылася і вы збіраецеся раз’язджацца, не варта сыходзіць з новымі знаёмымі. Тым больш адной. Перанясіце сустрэчу на іншы дзень. І як дамаўляліся вышэй — калі разам прыйшлі, то разам і сыходзьце. Упэўніцеся, што ніхто не зстаўся «за бортам», асабліва ў нецвярозым стане.
  9. Дамоўцеся напісаць ці пазваніць адна адной ці блізкім, калі сядаеце ў начную таксоўку. І, безумоўна, не бяры папутку, гэта заўжды вельмі небяспечна.

Добрых людзей больш, чым дрэнных, але берагчы сябе — нармальна, адказна і сучасна.