Размовы

«Казахі глядзелі на Беларусь з вялікай надзеяй»

Апазіцыйная журналістка з Казахстана Наталля Садыкава пра жыццё і працу ў выгнанні

«Казахі глядзелі на Беларусь з вялікай надзеяй»

Наталля Садыкава з мужам і трыма дзецьмі ўжо восьмы год жыве ў Кіеве. Іх малодшая дачка нарадзілася ўжо ва Украіне. Журналістка і апазіцыйны палітык, былы палітвязень Айдос Садыкаў з’ехалі, каб пазбегнуць арышту Наталлі. Былы дэпутат парламенту абвінаваціў яе ў паклёпе, з крыніц у абласным акімаце (так у Казахстане называецца раённая дзяржадміністрацыя) сям’я Садыкавых даведалася пра падрыхтоўку крымінальнай справы і затрымання. У інтэрв’ю «Сойцы» Наталля распавяла, як пакідала родную краіну, ці спадзяецца вярнуцца, а таксама – пра сваю працу. У выгнанні Садыкавы ствараюць YouTube канал «Басе». У профілі гэтага медыя рэдакцыя просіць у падпісчыкаў дасылаць навіны, фота і відэа, а яшчэ – кампрамат на чыноўнікаў і гісторыі аб судовым і прававым бязмежжы.

Усё з нуля

Мы з’язджалі 9 сакавіка 2014 года, гэта быў выходны дзень. Афіцыйна тады на нас не было распачата крымінальных спраў, не было абмежаванняў па свабодзе, таму мы легальна пакінулі краіну. Нам было вядома пра магчымую крымінальную справу, але рашэнне суда аб маім арышце з’явілася пазней.

У нас з мужам Айдосам было двое маленькіх дзяцей на руках, паўтара і трох гадоў, і дзве валізкі. З Актобе мы выехалі ў суседні Арэнбург, каб перасячы мяжу. Памятаю, пакуль ехалі, я ўсё ўглядалася ў бясконцы стэп за вакном і думала, калі яшчэ змагу ўбачыць родны край.

З Арэнбурга самалётам праз Маскву прыляцелі ў Кіеў. Тады такія самалёты яшчэ лёталі.

Пакінуць у Актобе давялося ўсё наша жыццё, насамрэч гэта вельмі складана – пачынаць усё з нуля
«Казахі глядзелі на Беларусь з вялікай надзеяй» Photo by Charlotte Venema / Unsplash

Не было часу на рэфлексію

Мы цвёрда ведалі, што сваю дзейнасць спыняць не будзем. На той момант мой муж, Айдос, быў шмат гадоў у апазіцыі да дзейнай улады, адседзеў два гады, быў прызнаны міжнароднымі арганізацыямі палітычным зняволеным.

Я была журналістам найбуйнейшага апазіцыйнага выдання «Рэспубліка». У іншай краіне было складана, але нам дапамагалі розныя фонды, падтрымлівалі сябры і актывісты з розных краін свету.

З нагоды стадый «адмаўленне – гнеў – прыняцце», то такога не было. Мы знаходзіліся ў бяспечнай краіне, амаль адразу звярнуліся па атрыманне статусу бежанцаў. Трэба было працягваць барацьбу з дыктатарскім рэжымам і гадаваць дзяцей. Не было ні часу, ні энергіі на рэфлексію.

Пра людзей і адрозненні між імі

Людзі ва ўсім свеце застаюцца людзьмі. У Казахстана і Украіны агульнае мінулае, мы таксама перажылі галадамор, пры Савецкім саюзе ў нашых краінах усё нацыянальнае адсоўвалася на задні план. Таму кардынальных адрозненняў няма.

Украінцы – талерантная нацыя, таму і чужымі сябе тут мы не адчуваем
«Казахі глядзелі на Беларусь з вялікай надзеяй»

Старэйшыя дзеці вучацца на ўкраінскай мове, дзесяцігадовая дачка нядаўна сказала, што для яе ўкраінская стала яшчэ адной роднай мовай.

Надзея вярнуцца дадому

Мы спадзяемся вярнуцца ў Казахстан і цяпер. Рана ці позна любой дыктатуры прыходзіць канец.

Што тычыцца хандры, то спачатку яна была мацнейшай, пасля чалавек прывыкае да краіны, дзе жыве. Але радзіма ёсць радзіма, яна адна.

Ад настальгіі добра дапамагае той факт, што па вяртанні ў Казахстан нас адразу адправяць на нары. Я люблю сваю краіну, але ненавіджу гэты рэжым.

«Басе» падымае рабочых і змагаецца з алігархамі

«Басе» сапраўды ні ад каго не залежыць. Ні ад алігархаў, ні ад грантаў, ні ад улады. Каб заставацца ў інфармацыйнай прасторы, мы заўсёды адкрытыя для сувязі, прычым кругласутачна.

Нумар кіраўніка «Басе» Айдоса Садыкава ёсць у адкрытым доступе, любы чалавек можа даслаць інфармацыю.

Часцяком усё, што з’яўляецца на нашым канале, – эксклюзіўныя матэрыялы. Напрыклад, мы публікавалі аповеды прадпрымальнікаў аб тым, як блізкія сваякі Назарбаева адціскаюць бізнес. Нахабна, з дапамогай сілы і ўлады.

Мы адзіныя, хто дэталёва асвятляе забастоўкі ад пачатку да канца, прычым мы не проста асвятляем, мы кансультуем рабочых, што ім рабіць, як змагацца за свае працоўныя правы. І абсалютная большасць гэтых страйкаў заканчваюцца перамогай.

Над «Басе» мы працуем удваіх. Айдос кіруе каналам, знаходзіцца на сувязі з людзьмі ў Казахстане, адбірае матэрыялы для публікацыі, рыхтуе сцэнары.

«Басе» – гэта не СМІ ў традыцыйным выглядзе, мы не проста асвятляем падзеі, мы дапамагаем людзям стварыць іх.

Я рэдагую матэрыялы і з’яўляюся голасам канала. Пра астатніх людзях, якія з намі супрацоўнічаюць, нам не хацелася б гаварыць, каб не падстаўляць.

Кожны дзень у рэдакцыі – гэта падрыхтоўка і публікацыя відэа. Звычайна мы мантуем адно відэа ў дзень, але калі здараюцца масавыя мітынгі ці нейкія іншыя тэрміновыя падзеі, то мы можам працаваць у любы час. Мы цалкам аўтаномныя.

Як улады рэагуюць на «Басе»

Водгукі на нашу дзейнасць ёсць, пасля нашых выкрыццяў сваіх пастоў пазбаўляліся буйныя чыноўнікі ды генералы. Год таму нас абмяркоўвалі на пасяджэнні мажыліса – гэта ніжняя палата парламента Казахстана.

 

Спікер Нурлан Нігматулін тады вельмі абураўся, што нас не могуць экстрадаваць на радзіму і пасадзіць у турму

Некалькі гадоў таму да нас дадому прыходзілі двое здаровых мужыкоў, прадстаўляліся супрацоўнікамі паліцыі і пагражалі. Відэа візіту ёсць на канале, на жаль, іх так і не знайшлі.

Мы дакладна ведаем, што кожны выпуск «Басе» глядзяць і Назарбаеў, і Такаеў. Рэакцыі не можа не быць. Простыя людзі галасуюць праглядамі.

На сённяшні дзень канал «Басе» з’яўляецца найбуйнейшым апазіцыйным каналам Казахстана. Па колькасці праглядаў і падпісчыкаў мы нашмат апярэджваем іншыя незалежныя каналы, хоць за шматлікімі з іх стаяць велізарныя грошы. І мы ўдзячныя ўсім нашым падпісчыкам.

Пра чаканне перамен

Мы верым у перамены. Рана ці позна і ў Казахстане, і Беларусі будуць перамены. У гісторыі чалавецтва яшчэ ні адзін дыктатар не змог кіраваць вечна. Вада точыць камень.

«Казахі глядзелі на Беларусь з вялікай надзеяй» Айдос Садыкаў з малодшай дачкой Айханым. Фота з асабістага архіву
Вядома, нам вельмі хацелася б не проста пабываць на радзіме, але і вярнуцца туды ўсёй сям’ёй

Як заставацца казахам па-за Казахстанам

Мы застанеся казахамі ў любой краіне свету. У нас дома пастаянна гучыць казахская музыка, мы шануем звычаі і традыцыі. Малодшую дачку назвалі казахскім імем Айханым, якое з цяжкасцю вымаўляюць ва Украіне. Дзеці ведаюць сваю нацыю, мы часта гаворым пра гэта і адказваем на іх пытанні пра Казахстан.

Пажаданне беларусам

Працягваць змагацца за вольную Беларусь. Летась казахі назіралі за падзеямі ў Беларусі з велізарнай надзеяй. Рэжымы Лукашэнкі і Назарбаева вельмі падобныя, яны нездарма сябруюць і ўваходзяць у разнастайныя саюзы. Падчас пратэстаў беларусы паказалі сябе свабоднай, культурнай і прыгожай нацыяй. Цяпер вельмі страшна і сумна назіраць за тым, як Лукашэнка закручвае гайкі.

Не спыняйцеся. Змагайцеся. Памятайце, цямней за ўсё перад світаннем

Верасень 2021