Размовы

«Гумовая жанчына» — не мая гераіня

«Гумовая жанчына» — не мая гераіня

У касматым 1985 годзе карыкатурыстка Элісан Бэкдэл пасля размовы са сваёй сяброўкай Ліз Уолес намалявала комікс, які з размаху выцяў кінаіндустрыю па, кхм, балючым месцы…

У коміксе дзве сяброўкі абмяркоўваюць, што пойдуць у кіно толькі калі ў фільме ёсць мінімум дзве гераіні, яны павінны размаўляць паміж сабой і каб гэта размова была не пра мужчын. У выніку высвятляецца, што апошнім такім фільмам быў «Чужы» 1979 года. Сатыра атрымалася вострай і злабадзённай, а крытэрыі такімі па-ідыёцку простымі, што «тэст Бэкдэл-Уолес» сталі выкарыстоўваць, каб правяраць кіно ў тым ліку на гендарны дысбаланс. І нешта заварушылася, пайшло-паехала. На экранах ужо не толькі Рыплі і прынцэса Лея будуюць ролевую мадэль для дзяўчат па ўсім свеце. Сцэнарысты пачалі гарэзіць па-поўнай!

Fight like a girl

Вось новы вобраз маці Збаўцы — Сара Конар. Разрыў канона па ўсіх франтах! Ёй верыш, бо яна не прабягае ўвесь фільм у спаднічцы і з ідэальным макіяжам. Яна пактуе, церпіць, фактычна вар’яцее, сцэна з ейным кашмарам пра ядзерны выбух стала адной з самых яскравых за ўсю гісторыю кіно. Але яна ідзе наперад і паказвае, што значыць fight like a girl.

Вось ужо трашчыць па швах стэрэатып: гэта Фокс Малдэр прымае рашэнні сэрцам, а рацыянальная галава ў культавым серыяле «X-files» — доктарка і спецагент Дана Скалі. Сімпатычная дзяўчынка-падлетак Бафі з «Baffy the vampire slayer» сем сезонаў не толькі моцным кікам раскідвала пякельных ворагаў, а цярпела, тупіла, прайгравала і, халера, двойчы памірала, каб уваскрэснуць — прытым без пацалункаў Прыўкраснага Прынца. Божачкі, ды гэта быў першы падлеткавы серыял, дзе паказалі лесбійскае каханне!

Ад калыскі да сівых валасоў жанчыны ўглядаліся ў блакітныя экраны і нарэшце знаходзілі там сваё адлюстраванні. Цытадэль «традыцыйных жонак» Дыснэй спарадзіў новае жыццё легенды пра Мулан, дзяўчыну, што знішчыла чужое войска і прымусіла сумнявацца ў гетэрасэксуальнасці байцоў свайго. Нават на посцсавецкай прасторы з’явілася свая Каменская, якой мужчыны патрэбныя выключна для падтанцоўкі і пахабных жартаў.

Прыгожыя і разумныя, як Эль Вудс з «Бладынкі ў законе», іранічная і апантанавая, як Эвелін з «Муміі», моцная, як Чарлі Старлінг з «Маўчання ягнят» і яшчэ дзясяткі персанажаў, якія паказалі, што жанчыны могуць «натхняць на ўчынкі» не толькі мужчын, а найперш іншых дзяўчат — на тое, каб жыць поўнае і вартае жыццё.

Прыплылі

І вось у 2024 годзе ты заходзіш на ўмоўны Netflix, каб правесці спакойны і прыемны вечар. Гартаеш прапановы, і, як той казаў, «20:31. Прыбыў Годжа Сатору» — з экрана на цябе глядзяць шэрагі аднолькавых гераіняў. Стройныя, але не перакачаныя, з раўнюткімі беленькімі зубкамі, «нядбайнымі» хвосцікамі вечна чыстых галоваў. А драпінкі на твары і па-мастацку накладзеныя дым і попел як бы намякаюць, што зараз, сяброўка, ты пабачыш, як у экшн-рэжыме гераіня будзе ў бронібялізне знішчаць ворагаў, бегаць на абцасах па джунглях ад дыназаўраў і ўсмоктваць у гарачым пацалунку ўнутраныя органы мілавіднага мужчыны на другіх ролях ды так, што пазайздросціць твой пыласос.

А можа, ты хацела паглядзець драму? Пакуль пакутная Брыджыт Джонс круціць педалі, драматычныя характары пераадольваюць стандартны набор праблемаў, дзе ёсць а) гаўнёвы былы кавалер, б) нізкааплатная праца, в) звадная баба, якую трэба паставіць на месца, г) поспех. Колькасць не проста не перайшла ў якасць. Легіён аднолькавых цёценек з аднолькавымі гісторыямі затапталі амаль любую адрознасць. Іранічна ў часы diversity.

Ох, Маці Цмокаў Дайнэрыс Таргарыен, дзе тваё ўсёзнішчальнае полымя?! За аднолькавымі кардоннымі постацямі не разгледзець жывой жанчыны… Крызіс жанру ці страйк сцэнарыстаў сталі прычынай таго, што ў кіно засталіся толькі войскі гумовых жанок, аднолькавых і плоскіх? Ці мы самі хочам бачыць штампаваныя гісторыі, са штампаванымі тварамі і штампаванымі праблемамі? Падаецца, усё можна — мы нават бачылі ўвасоблены на экране ЛГБТ+ Хогвартс у «Сэксуальнай адукацыі». Дык чаму з нармальнымі жаночымі персанажамі так складана? Чаму на адну Місіс Мэйзэл прыходзіцца трыста кілаграмаў адборных гумовых лялек без галавы і сэрца? (Спадарыня Барбі — тут якраз станоўчы прыклад. Нават цацачная, яна больш жывая.) Мы хочам бачыць сябе такімі? Нас хочуць бачыць такімі? У меру бойкімі, сэксапільнымі, але, калі трэба, пакладзістымі і зручнымі. А, і каб праблемы свае вырашала сама.

Блакітнавокі Самурай, Ціхіра, прысніцеся сцэнарыстам і прадзюсарам, запытайцеся ў іх, што, бляха, адбываецца з жаночымі персанажамі. Няўжо нам патрэбны новы тэст, каб мы задавальняліся не толькі дзвюма жанчынамі ў кадры, якія зрэдчас абмяркоўваюць не мужчынаў, а зноў маглі сустракаць у кіно тых, гледзячы на каго хочацца сказаць: «Халера, сяброўка, ты мяне натхняеш!»