Размовы

Red flags: калі ад псіхолага трэба бегчы

Red flags: калі ад псіхолага трэба бегчы

Малюнак Ксеніі Лагавой

Душа баліць… Невядома, ці існуюць тыя шчасліўцы, якія не разумеюць значэння гэтага выразу, а для ўсіх астатніх, на шчасце, існуе тэрапія. Сённяшнія парады Сойкі акурат пра тое, як не памыліцца на шляху да псіхалагічнага здароўя і знайсці свайго тэрапеўта.

Калі вы рашыліся заняцца сваім псіхалагічным станам, то падчас пошуку адмыслоўца варта не забывацца пра самыя відавочныя крытэры:

  • Адукацыя. Пажадана знайсці тэрапеўта з профільнай універсітэцкай адукацыяй ці прыстойным дыпломам паважаных курсаў, якія лёгка гугляцца.
  • Досвед. Калі вы ніколі не наведвалі тэрапію, то лепей знайсці адмыслоўца з досведам.
  • Падыход. Для розных праблемаў існуюць розныя рашэнні. Калі вы не ведаеце, які метад хутчэй дапаможа вам, лепей звярнуцца да спецыяліста, які практыкуе розныя падыходы, ці паразмаўляць анлайн з рознымі псіхатэрапеўтамі.
  • Дакладны запыт. Сфармулюйце, на якую менавіта праблему вы хочаце звярнуць увагу. Гэта дапаможа знайсці эксперта менавіта на ваш запыт, бо розныя псіхолагі спецыялізуюцца на розных тэмах (праблемы з харчовымі паводзінамі, трывожнасць, няўдалыя стасункі і гэтак далей).
  • Водгукі ад жывых людзей. Лепш, калі спецыяліста параяць людзі, якім вы давяраеце. Водгукі на ўласным сайце могуць быць несапраўднымі, а вось асабістыя старонкі ў сацсетках, канал у Ютубе і адкрытыя каментары могуць дапамагчы.

Што НЕ ПАВІНЕН рабіць тэрапеўт
і пасля чаго лепей спыніць камунікацыю з такім адмыслоўцам

  • Блізкія стасункі. Тэрапеўт не павінен быць вашым сябрам ці стасавацца з вашымі блізкімі. Таксама тэрапеўт не мусіць намагацца ўсталяваць больш блізкія адносіны (ніякіх падарункаў, размоваў не па тэме і сустрэч па-за кабінетам без патрэбы).
  • Разгалошанне. Усё, што здараецца на тэрапіі, застаецца на тэрапіі. Выключэнні робяцца толькі выпадках, калі кліент можа нашкодзіць сабе ці іншым, заяўляе пра злачынства ці яго дадзеныя запрошвае суд.
  • Праца без спецыялізацыі. Калі ваш тэрапеўт спецыялізуецца на разладах, не варта чакаць ад яго дапамогі ў барацьбе з траўмамі, і наадварот. Добры адмысловец не возьмецца за «не сваю» задачу.
  • Асабісты водгук. Псіхатэрапеўты павінны разумець, што самараскрыццё («я разумею/адчуваю ваш боль» і гэтак далей) павінна быць рэдкім і заўсёды на карысць кліента.
  • Адчуванне сябе дрэнна пасля сессій. Калі пасля некалькіх сесій запар кліент адчувае сябе горш, чым да іх, псіхалагічны стан пагарашаецца — лепей звярнуцца да іншага спецыяліста.
  • Адчуванне сораму, асуджэння. Падчас сесій псіхатэрапеўт не можа асуджаць ці ўвогуле выказваць уласнае стаўленне да кліента і ягоных дзеянняў. Нават калі няма наўпростых заяваў, аднаго адчування асуджэння досыць, каб перарваць тэрапію з гэтым адмыслоўцам.
  • Просьбы нагадаць. Неэтычна і непрафесійна рэгулярна прасіць кліента нагадаць, што ён казаў раней, прыгадваць неякія ранейшыя сітуацыі ці абставіны.
  • Праблемы з сувяззю. Калі спецыяліст не можа забяспечыць нармальных умоваў для размовы сам-насам ці анлайн, то лепей не губляць з ім свой час.
  • Антыпатыя. Для таго каб змяніць адсмыслоўца, хопіць і простага адчування, што нешта ідзе не так. Вы самі рэгулюеце тое, з кім і як вам стасавацца. У пытаннях псіхатэрапіі ў тым ліку.