Размовы

Шведская каралева цемры

Шведская каралева цемры

Малюнкі Дашы Бурвель

Тое, што найлепшыя дэтэктывы — родам з Поўначы, скажа багата хто з прыхільнікаў паказытаць сабе нервы напружаным сюжэтам. Холад, страх, мужнасць… Сюрпрыз у іншым: сапраўднай рок-зоркай гэтага жанру сёння з’яўляецца жанчына — шматдзетная маці, якая напачатку кар’еры зусім не збіралася станавіцца пісьменніцай. Гэта гісторыя пра мноства жыццёвых паваротаў, якія прыводзяць да поспеху, калі ўмееш слухаць сябе саму. А яшчэ — пра тое, якія крылы могуць вырасці за спінай дзяўчыны з правінцыі, калі ў яе верыць уласная сям’я.

Шведская каралева цемры

Імя нашай дзяўчыны — Каміла Лэкберг. Яна з’яўляецца на свет у 1974 годзе ў мястэчку Ф’ялбака, за 500 км ад шведскай сталіцы.

У гэты час у Швецыі пачынае зараджацца той від дэтэктыву, які пазней атрымае назву «паўночнага нуару» і паволе якога пачнуць здымаць усе гэтыя жудасна папулярныя серыялы. Магчыма, яго развіццю спрыяе і сама прырода — сцюдзёнае паветра, строгі нораў жыхароў, велічны ландшафт. У паўночным нуары няма лірыкі і прыгожых метафараў. Тут усё сурова і холадна: сціплая мова, маўклівыя персанажы, пунсовыя кроплі крыві на лёдзе…

І вось, Каміла падрастае ў мястэчку Ф’ялбака на заходнім узбярэжжы Швецыі. Калісьці гэта была рыбацкая вёска з абветранымі тварамі жыхароў, але ў дзяцінстве Камілы гэта ўжо турыстычнае і адпачынковае месца. Усе дзяўчаты навокал цікавяцца коньмі і маюць сваіх даўгагрывых улюбёнцаў, але Каміле больш падабаюцца серыйныя забойцы.

«Я не ведаю, чаму, — скажа яна пазней. — У мяне было такое шчаслівае дзяцінства».
Шведская каралева цемры

Каміла піша дэтэктывы, але калі прыходзіць час вызначацца з прафесіяй, адкідае забавы ўбок і едзе ў Гётэборг вывучаць эканоміку і гандлёвае права. Пасля ўніверсітэту Лэкбэрг апынаецца ў Стакгольме, дзе шчасліва працуе як эканамістка, дырэктарка па маркетынгу і прадуктовая мэнэджарка. Паспяховая і бясхмарная будучыня — паводле версіі сына мамінай сяброўкі.

Але не мамы Камілы. На Каляды, калі цуды здараюцца нават у нашых шыротах, а не тое што ў іхнай геаграфічнай набліжанасці да Святога Мікалая, мама Лэкберг разам з ейным першым мужам вырашаюць укалоць эканамістку верацяном творчасці і дораць ёй дарагі пісьменніцкі курс Ordfront. Каміла нясе на ўрокі сырое апавяданне і пачынае ператвараць яго ў будучы бэстсэлер. Ейны літаратурны настаўнік раіць перанесці дзеянне ў дэкарацыі, вядомыя ёй найлепш.

Першы раман Лэкберг, «Ледзяная прынцэса», выходзіць у 2002 годзе, пасля гэтага знакамітымі прачынаюцца адразу дзве істоты жаночага роду — Каміла Лэкберг і ейная Ф’ялбака. Ці можна ўявіць лепшы падарунак малой радзіме? У цэнтры сюжэтаў Лэкберг да традыцыйнага для паўночанага нуару героя-паліцыянта далучаецца пісьменніца Эрыка, якая дапамагае расследаваць хітра заблытанае злачынства, а заадно дадае шчопаць чалавечых перажыванняў і пачуццяў у страшную казку.

Сама Лэкберг любіць гатаваць і, быццам па ўласным рэцэпце, праз нейкі час разыходзіцца з першым мужам і сыходзіцца з афіцэрам паліцыі. Сёння ж 50-гадовая Каміла ўжо ў трэціх афіцыйных стасунках (з малодшым на 13 год мадэлем і спартоўцам) і гадуе чатырох дзяцей.

Камілу часта называюць «шведскай Агатай Крысці», але Сойка не прыхільніца тлумачыць адну жанчыну праз іншую. Паўночны нуар, які творыць Лэкбэрг, адрозніваецца ад іншых гатункаў дэтэктыву нязменным акцэнтаваннем грамадскіх і сацыяльных няроўнасцяў, мультыкультурнасці, праблемаў эмігрантаў, расізму, алкагалізму, а таксама пытанняў сэксуальнасці і фемінізму.

Апроч твораў (якіх ужо два дзясяткі тамоў) і ювелірнага бізнэсу (дзе Лэкберг выступае партнёркай), пісьменніца з’яўляецца сузаснавальніцай фонду «Invest in Her», які дапамагае жанчынам у бізнэсе або падтрымлівае прасоўванне прадуктаў, якія палягчаюць і паляпшаюць жыццё жанчын.

Каміла Лэкберг — ледзяная каралева скандынаўскага нуару — яшчэ й адна з самых вядомых феміністак Швецыі.

«Як маці дзвюх дачок і двух сыноў, я адмаўляюся пагадзіцца з тым, што магчымасці маіх дачок будуць якім-небудзь чынам абмежаваныя толькі таму, што яны нарадзіліся дзяўчынкамі. Я не прымаю адсутнасці поўнай роўнасці і ніколі не пагаджуся з такім станам рэчаў. Гэта абсурд».
Шведская каралева цемры