Размовы

Права на боль. Мужчынам і жанчынам баліць па-рознаму

Права на боль. Мужчынам і жанчынам баліць па-рознаму

Малюнак Ксеніі Лагавой

Сярод прывілееў, якія жанчыны здабылі сабе за апошнія стагоддзі, ёсць нямала тых, якія вас здзівяць. Напрыклад, права на боль.

Жанчына з заможнай еўрапейскай сям’і, якая скардзілася на боль XIX стагоддзі, лічылася гістэрычкай і амаль распусніцай. Бо якая прыстойная жанчына дасць сябе агледзець чужому мужчыну, няхай ён і лекар? Жанчыны з простых сем’яў не мелі і такога прывілею — хварэць маглі толькі багатыя. Бедным дазвалялася адно паміраць…

У 2018 годзе жыхарка Францыі патэлефанавала ў хуткую са скаргай на моцны боль. 22-гадовая дзяўчына літаральна заяўляла, што яе жывот баліць настолькі моцна, што яна можа памерці. Аператар не палічыў гісторыю дастаткова сур’ёзнай, таму калі праз пяць гадзінаў маладую жанчыну прывезлі на хуткай у шпіталь, дапамагчы ёй ужо не змаглі. Пацыентка памерла ад інсульту.

Навукоўцы Берлінскага ўніверсітэту падкрэсліваюць, што сімптомы вострых станаў кшталту інфарктаў і інсультаў у мужчын і жанчын часцяком адрозніваюцца. Часцей за ўсё востры боль у жываце жанчын звязваюць з гінекалагічнымі ці псіхалагічнымі праблемамі. У сваім даследаванні «Мужчына і жанчына» эксперты-медыкі канстатуюць: уся нямецкая медыцына наладжаная толькі пад прадстаўнікоў аднаго полу. Справа не ў заламыснасці медыкаў ці сусветнай змове, а ў банальнай адсутнасці досведу і ўмоваў.

Толькі ў 2015 годзе ўлады ЗША запатрабавалі абавязковага ўключэння жанчынаў у даследаванні метадаў лекавання і медыкаментаў. Трохі пазней аналагічныя правілы ўвяла Вялікабрытанія, а ў пэўных еўрапейскіх і AWканадскіх даследаваннях такое правіла існуе з пачатку 1990-х. Вынікі гэтых зменаў будуць заўважныя толькі праз дзесяцігоддзі, а пакуль сучасная медыцына працягвае грунтавацца на фактычна няпоўных дадзеных. І, на жаль, на стэрэатыпах таксама.

Даследчыкі з канадскага ўніверсітэту Макгіла выявілі, што на якасць і хуткасць лекавання ўплываюць не толькі «мужчынскія пратаколы». Часцяком лекары проста адсоўваюць на другі план жаночыя скаргі. Што наймацней здзівіла канадцаў — нават мужчыны з больш «жаночымі» рысамі характару (не аблічча!) атрымліваюць горшае медыцынскае абслугоўванне.

Недахопы існуюць і ў працы фармацэўтаў. Фактычна дазіроўкі лекаў для мужчынаў і жанчынаў прызначаюцца аднолькава, без уліку асаблівасцяў жаночага арганізму. Тыя ж даследчыкі з Берлінскага ўніверсітэту адзначаюць, што тысячы жанчын у Нямеччыне паміраюць штогод праз некарэктную дазіроўку лекаў.

Сітуацыя трагічная і абсурдная адначасова, бо часцяком нават тыя прэпараты, якія ствараюцца выключна для жанчынаў, праходзяць клінічныя выпрабаванні на мужчынах. Бо так прасцей і хутчэй — гарманальныя ваганні ў жанчын ускладняюць даследаванні. Акрамя таго, асаблівасці не толькі ў колькасці гармону эстрагену ў арганізме, а ў тым, што жаночы страўнік лепш перапрацоўвае бялкі, а працэнт тлушчу ў арганізме вышэйшы. А значыць, лекі ўдзейнічаюць па-іншаму.

Шлях, які ляжыць паміж пакутамі і пігулкай болеспатольнага на тваёй далоні, параўнальны з падарожжам у іншую галактыку, дзе чалавецтва зноў падзялілася напалам — мужчыны ўжо падняліся ў неба, а жанчынам усё яшчэ даводзіцца даказваць сваё права на палёт. І на жыццё без болю. Але веды даюць абарону, таму ўсё больш жанчын не жадаюць быць проста зручнымі для навакольных, а голасна заяўляць пра сваё права на боль.