Размовы

Мой сябар — гіперапякун

Мой сябар — гіперапякун

Малюнкі Андрэя Пакроўскага

Мой сябар год таму ажаніўся і стаў сябе дзіўна паводзіць. Нядаўна ён паехаў на канферэнцыю і зноў папрасіў патэлефанаваць ягонай жонцы, запрасіць яе да нас у госці, каб яна не сумавала без яго. Першы раз мы так і зрабілі, хаця не было падобна, што ягоная жонка збіралася сумаваць. А на другі і трэці раз мяне гэта стала раздражняць. Калі ў яе быў дзень народзінаў, ён папрасіў усіх нас запісаць для яе відэавіншаванне. Я часам і ўласных сяброў забываюся павіншаваць, таму мне падалося, што гэта ўжо перабор. Але надоечы яму зусім сарвало дах — ён пайшоў на працу да жонкі і папрасіў яе кіраўніка зменшыць ёй нагрузку, бо яна нібыта дужа стамляецца. Наколькі ведаю, яна пра такое не прасіла, і наогул была ў шоку. Мы спрабавалі яму і намякаць, і проста тлумачыць, што ягоная жонка — дарослы чалавек, сама разбярэцца, але гэта не дапамагае. І вось што рабіць? Мне падаецца ўсё гэта проста ненармальным.

Жэня, 27 гадоў

Дарагая Жэня,

тое, што нармальна для адных людзей, можа быць цалкам непрымальна для іншых. У той жа час, псіхолагі сапраўды маюць набор чырвоных сцяжкоў, каб адрозніць клопат і апеку ад навязлівасці і гіперапекі, вось яны:

  • Дапамога, ад якой нельга адмовіцца
  • Звычайна мы прапаноўваем свой клопат і ўдзел іншым дарослым асобам. Дарослыя самі здольныя ацаніць свае сілы і патрэбу ў тым, каб нехта вырашыў іхныя праблемы. Гіперапека пачынаецца тады, калі клопат няпрошаны, часты, нечаканы.
  • Партнёр/ка разглядаецца як слабы/ая і безабаронны/ая
  • Дарослая асоба расцэньваецца як непаўнавартасная («куды ж яна без мяне – яна і шалік забудзе надзець, і на працу праспіць!»), не здольная парупіцца пра сябе самастойна, схільная да таго, каб трапіць у бяду.
  • Кантроль і адсочванне ўсіх дзеянняў
  • Празмерная і непрапарцыйная ўвага
  • Абмежаванне асабістай свабоды і знішчэнне аўтаномнасці іншага
Мой сябар — гіперапякун

Залішне казаць, што нічога з пералічанага не ёсць моцным стрыжнем для здаровых адносінаў і можа знішчыць давер, каханне і блізасць. Аднак можаш захаваць гэтыя карткі для сябе, а чужыя адносіны на тое і чужыя, што ў іх іншыя дзейныя героі. Таму самая галоўная парада ад Сойкі — не ўмешвайся і не спрабуй перавыхаваць іншых людзей і паўплываць на іх стасункі. Калі ж просьба сябра рабіць тое, чаго табе не хочацца, гучыць на твой адрас, ты можаш паспрабаваць:

1. Тактоўна выказаць сваё меркаванне

Калі ў цябе блізкія стасункі з сябрам, паспрабуй пагаварыць з ім яшчэ раз. Важна зрабіць гэта без асуджэння, не абвінавачваючы яго ў тым, што ён «няправільны» ці «ненармальны», а выказваючы свае назіранні і пачуцці.

2. Падтрымаць ягоную жонку

Калі табе здаецца, што яна адчувае сябе некамфортна, ненавязліва пацікаўся ў яе, як яна сама пачуваецца ў гэтых сітуацыях. Можа аказацца, што апека мужа ёй цалкам да душы, яна чакае відэавіншаванні цэлы год і любіць, калі ён арганізуе нешта ў ейным жыцці.

3. Навучыцца ўрэшце казаць «не»

Калі сябар просіць цябе запрасіць яго жонку ў госці ці павіншаваць, ты можаш проста адмовіцца. Скажы, што адчуваеш сябе няёмка, калі цябе просяць зрабіць нешта, што звычайна робіцца з унутранага жадання.

Мой сябар — гіперапякун

Некалькі парадаў ад псіхалагіні Аляксандры

Што рабіць сябрам?

Я б рэкамендавала сябрам прызнаць права за іншымі рабіць свае памылкі і жыць сваё ўласнае жыццё, нават калі яно здаецца няправільным дзівацтвам.

Што рабіць жонцы?

Калі яна сама адчуе, што ёй у гэтых стасунках не ок, то перадусім пагаварыць з мужам. Калі нічога не зменіцца, то можна разглядаць варыянты (сямейная тэрапія, напрыклад).

Што рабіць сябру?

Шчыра спытаць у сябе: чаго б табе хацелася ад свайго сябра? Верагодна, вашы стасункі моцна змяніліся пасля жаніцьбы. І як раней ніколі не будзе. Можна шчыра падзяліцца з сябрам, чаго вам зараз не хапае ад яго і як бы хацелася вам сябраваць, улічваючы новыя абставіны. Гэта цяжка зрабіць, але варта пастарацца не крытыкаваць і не ўключацца ў чужыя адносіны, а звярнуць увагу на стасункі менавіта паміж вамі. Навучыцца выбудоўваць межы: не рабіць таго, чаго не хочацца. Адкрыта гаварыць, што не адгукаецца запісваць відэа, не адгукаецца званіць яго жонцы і г.д. І старацца абмяркоўваць гэта з сябрам з пазіцыі «чаму для вас гэта не ок», а не з «таму што ў цябе знесла дах». Калі гэтыя стасункі для вас сапраўды каштоўныя, то разам шукаць спосабы, як іх можна падтрымліваць. Неабавязкова глядзець на свет аднолькава, каб быць разам. Можна сказаць, напрыклад: я тут цябе не разумею, але ўсё роўна ты мой сябра і я нікуды не падзенуся. У любым выпадку, не траціць свае сілы і энергію, каб змяніць сябра ці нешта ў чужых стасунках.

Мой сябар — гіперапякун