Малюнкі Дашы Бурвель
Якім чынам выйшла так, што летнія Алімпійскія гульні-2024 са свята роўнасці, годнасці і ўзаемапавагі месцамі ператварылася ў фарс? Падобна, у жыхароў Зямлі назбіралася так шмат узаемных прэтэнзій, што адной толькі ідэі «за ўсё добрае супраць усяго дрэннага» не хапае для аб’яднання нават на кароткі час. Летнія алімпійскія гульні ў Парыжы 2024 года прымусілі адчуць увесь спектр эмоцый пад загалоўкам «гробаны цырк».
Падумалі адразу пра шоў цырымоніі адкрыцця? Вось і дарэмна: там прынамсі ідэя і змест супадалі — бляск і мішура. З астатнім горай. Пагрозы тэрактаў, страйкі, ліквідацыя лагераў ўцекачоў, спробы зрабіць стылёвае «зялёнае мерапрыемства» (у выніку — масавае атручэнне спартоўцаў). Такое кароткае рэзюмэ па тых праблемах, якія суправаджалі Алімпіяду, нават не закранаючы тэмы спорту.
Сама па сабе ідэя Алімпійскіх гульняў вельмі ідэалагізаваная: спыненне войнаў і прымірэнне ворагаў, любоў, мір і жуйка. Гучыць прыгожа, але, на жаль, не рэалістычна. Перш за ўсё таму, што сінхронным бывае плаванне, а вось людзі адчуваюць і думаюць па-рознаму. І тое, што для адных — адназначнае дабро, для іншых — складаная маральная дылема.
Адзін з самых гучных скадалаў звязаны з падазрэннем у трансгендарнасці некалькіх удзельніц жаночага боксу. Спартовак Іман Халіф з Алжыра і Лінь Юйцін з Кітая абвінавачваюць у тым, што яны «не жанчыны» і выпускаць іх на жаночыя спаборніцтвы — ганьбіць высілкі іншых удзельніц. Дзіды ламаюцца з такім шалам, што робіцца ясна: неадназначная сітуацыя закранула вельмі вострую праблему. Адны кажуць пра роўнасць, іншыя папікаюць барацьбой за правы жанчынаў, трэція гатовыя даставаць ліноўкі, каб мераць чарапы. За дужкамі застаюцца доўгія гады трэніровак, перамогі і паразы, рэпутацыя і лёсы не дзвюх удзельніц, а цэлага спартовага кірунку.
Са складанымі ідэалагічнымі паняццямі заўжды ёсць цікавая праблема: чым прасцей яно выглядае, тым насамрэч больш кампанентаў яно ўтрымлівае. Заявіць пра роўнасць для ўсіх падчас гульняў адно, а рэалізаваць гэта на практыцы — дзве вялікія розніцы. Фігавы лісточак роўнасці не прыкрывае праблемаў грамадства. Калі французскі спартовец Антані Аміраці праваліў скачок з шастом, зачапіўшыся геніталіямі за планку, ягоная кар’ера вокамгненна зрабіла крутое сальта. Ну і што, што прайграў, затое стаў героем дня. Адзін з вядомых порна-каналаў нават прапанаваў спартоўцу прадэманстраваць, так бы мовіць, прадмет спрэчак. Ганарар, які прапануюць, у пяць разоў перавышае ганарар за алімпійскае золата.
У выпадку з жанчынамі сэксуальная аб’ектывацыя спартовак — такая звыклая рэч, што нават не цягне на падзею. Штогод пасля буйных спаборніцтваў у сеціва выліваюцца сотні фотаздымкаў гімнастак, фігурыстак і іншых спартовак у нешляхетных позах, калі камеры сочаць не за тэхнікай выканання элемента, а за тым, што можна разгледзець за спадніцай/купальнікам. У 2021 годзе гімнастка з Нямеччыны Сара Вос вырашыла змяніць традыцыйны купальнік у спаборніцтвах на трыко, каб пазбегнуць залішняй сэксуалізацыі. Вы не паверыце, але гэтае рашэнне крытыкавалі — маўляў, ці не хітры гэта спосаб чытэрства. Думаеце, сітуацыя моцна змянілася да Алімпіяды ў Парыжы?
Гэтыя Гульні агулам паказалі, што, як гэта бывае, ёсць роўныя і ёсць раўнейшыя. І жанчын гэта тычацца ў першую чаргу. Чаго толькі вартая гісторыя са зніклай з інфапрасторы спартоўкай з Турцыі. Стралок Юсуф Дыкеч у разняволенай позе стаў мемам і ўладальнікам алімпійскага срэбра. Пра гэта напісалі амаль усе сусветныя медыя. І зусім не ўсе ўзгадалі, што спадар Дыкеч не проста малайчына, а заваяваў медаль у пары з Ілайдай Тархан. Унёсак агульны, але слава — толькі для аднаго. Яшчэ адзін факт: інтэрнэт абсмяяўся з мемасікаў, дзе Юсуфа Дыкеча параўноўваюць з паўднёвакарэйскай спартоўкай Кім Ё Джы. Маўляў, гляньце, як смешна — дзевачка з оптыкай, а сапраўдны мужык і без гэтага малойца. Многіх іншых спартоўцаў, якія карыстаюцца оптыкай, не чапаюць, а жанчына тут жа трапляе пад прыцэл.
Агулам сёлетняя Алімпіяда нагадала спробу сабраць за адным святочным сталом вялікую сям’ю, дзе на 10 чалавек будзе 30 меркаванняў, а погляды і праблемы настолькі розныя, што проста наіўна спадзявацца, што ўдасца пасміхацца і махаць.
Менская Сойка