Малюнак Ксеніі Лагавой
«Яшчэ ва ўніверсітэце ў нас склалася добрая кампанія сябровак. Бывала рознае: і сварыліся, і спрачаліся, але ўсё роўна мы падтрымліваем сваё сяброўства і клапоцімся адна пра адну. Мы ўжо дарослыя, усе па парах і часцяком сустракаемся ўсе разам з мужамі ці бойфрэндамі. І толькі адна з нас ніяк не магла завесці нармальныя стасункі, нарэшце з год таму ў яе з’явіўся хлопец. Усё з ім нармальна, падаецца, кампанейскі, настроены на сям’ю, да сяброўкі нашай добра ставіцца, але ва ўсёй нашай кампаніі з ім ёсць адна праблема — ён абражае нас сваімі жартамі. Заўжды б’е па балючым. У каго з вагой праблемы, у каго з грашыма, дык ён абавязкова пажартуе пра гэта. Прычым не так, як бывае, калі чалавек падымае настрой у пахмурай сіуацыі. Не, ён рэальна робіць балюча. Напрыклад, сяброўцы, у якой бываюць праблемы са скурай, ён можа сказаць, што яна “шурпатая, як наждак” і таму ў яе хлопца “лысіна блішчыць”. Намёкі мы рабілі, з сяброўкай і ім самім размаўлялі. На ўсё адзін адказ: “У вас проста пачуцця гумару няма”».
Таня, 26 гадоў
Вельмі крыўдна, калі нехта паліруе свае навыкі стэндапу аб нашыя эмоцыі. І гэта цалкам нармальна — не жадаць трываць такое абыходжанне. Прычым намеры суразмоўцы не тое каб граюць вялікую ролю. Чалавек сапраўды можа мець скажонае пачуццё гумару ці спецыфічныя камунікатыўныя навыкі. Але калі ён трапляе ў пэўнае кам’юніці, то мусіць гуляць па ягоных правілах.
Ці сапраўды вы данеслі тое, што вас не задавальняюць ягоныя паводзіны? Бывае, што людзі не разумеюць намёкаў ці іншасказанняў. Ці не адчуваюць, наколькі іншых могуць раніць іхныя словы. Людзі, безумоўна, не коцікі, але часам варта літаральна вучыцца «на котках». Хатніх гадаванцаў мае сэнс выхоўваць у моманце, або адразу пасля праяўлення непажаданых паводзінаў. З людзямі працуе той самы прынцып: лепш не засмучацца, выгадоўваючы крыўду ўнутры, а, пачуўшы непрымальны жарт, сказаць, што гэта непрыемна, вам балюча і сумна і вы не хочаце болей такога чуць.
Іншая справа, калі нехта ў вашай кампаніі талеруе злыя жарты. Умоўна: крыўдна толькі калі смяюцца з цябе, а калі ахвяра не ты, то можна і пасмяяцца. Тады пытанне робіцца больш складаным, але па-ранейшаму можна артыкуляваць, што вам не падабаюцца такія жарты, яны вас крыўдзяць і псуюць настрой.
Што рабіць, калі ў адказ «жартаўнік» пачне ціснуць? Маўляў, не нудзі, не будзь мямляй ці чароўнае «ну че ты как баба». Памятайце, што не трэба саромецца сваіх пачуццяў, саромецца варта паводзінаў, якія крыўдзяць іншых.
Варыянт для смелых, які адназначна не ўхваляць псіхолагі, — жартаваць у адказ. Таксама абразіць смехатуна, зачапіўшы за жывое. І растлумачыць, чаму і навошта вы так зрабілі. Але такія паводзіны могуць справакаваць канфлікт, патрабуюць вялікіх маральных высілкаў і псуюць стасункі. Між тым, гэтую неканвенцыянальную зброю таксама выкарыстоўваюць час ад часу. (Тут, дарэчы, не зашкодзіць упэўніцца, ці насамрэч жартаўнік гэтак не «помсціць» на вашыя ўласныя няўдалыя жарты-зачэпкі).
У горшым выпадку, калі агульную глебу знайсці не выходзіць, то варта мінімізаваць зносіны з непрыемным чалавекам. Абмяркуйце з сяброўкамі, можа, варыянтам будзе арганізоўваць выключна дзявочыя пасядзелкі. Гэта не вырашыць канфліту, але дазволіць вам захаваць сяброўскія стасункі.
