Малюнак Анастасіі Дачко
Новы год у калектыўным падсвядомым звязаны з цудамі: мы глядзім каляднае кіно, выбіраем падарункі, марым пра новае жыццё, ствараем карту жаданняў… Але не толькі з прыемнымі рэчамі звязанае гэта свята. Здароў, марозны звонкі пераднавагодні неўроз! Разам з псіхалагіняй Надзеяй Гарадніцкай Сойка спрабуе прыдумаць, як перажыць навагоднія святы без вялікай шкоды для псіхікі.
З набліжэннем Новага году, замест святочнага настрою часта назіраецца агульная істэрыя: гандлёвыя цэнтры нагадваюць мурашнікі; усім трэба сустрэцца да 31-га; заторы на дарогах прымушаюць шкадаваць, што ты не лётаеш на мятле, як у Хогвартсе; карпаратыў загадвае знайсці святочны строй ды запісацца на манікюр-педыкюр… Спіс, падаецца, бясконцы. Мы калектыўна ствараем напругу для псіхікі.
А чым больш мы нервуемся (а пагадзіцеся, цяжка зберагчы спакой у такіх абставінах), тым больш купляем, каб заглушыць трывогу і дадаем у спісы новае, і нервуемся яшчэ больш, бо як паспець гэта ўсё набыць і ці хопіць нам грошай? Пакуль пісала гэта, сама пачала нервавацца, ці ўсё я зрабіла…
Цяжка даводзіцца яшчэ і тым, хто святы не любіць, бо ты, як быццам, не адпавядаеш таму, як мусіць сябе адчуваць кожны сумленны чалавек. Але калі ў вас няма эйфарыі ад кожнай рэкламы Санты з кока-колай, а над сталом — засохлая кветка замест карты жаданняў, то гэта не кажа аб тым, што з вамі нешта не так. Гэта хутчэй сведчыць аб тым, што вы ўмееце сябе чуць. (Але засохлую кветку можна і паліць.)
Найлепшы падарунак сабе на свята — гэта адказаць на пытанне: Як менавіта я хачу адчуваць сябе ў гэтыя дні? І што я магу для гэтага зрабіць?
Карты жаданняў, новае жыццё, мэты — гэта добра і важна, бо для нашай псіхікі важныя сімвалічныя пераходы. Але няхай гэта будзе паступова. Ведаеце, што ўсе трэнажорныя залы забітыя ў першыя тыдні студзеня? Аднак гэта вялізны стрэс для арганізму — пачаць жыццё нанова без папярэдняй падрыхтоўкі. Замест святога Мікалая — картызол і адрэналін. Замест свята — гвалт над сабой.
Быць больш беражлівымі да сябе і ёсць найлепшае навагодняе рашэнне.
Асобная тэма — вынікі году. Сама па сабе рэфлексія — з’ява добрая, бо дазваляе суадносіцца з сабой і тым самым уплываць на ўласнае жыццё, але ёсць адно «але». Мы пачынаем параўноўваць свае вынікі з вынікамі іншых. Тыя і там былі і тое зрабілі, а ў цябе мінус адны стасункі ды плюс пяць кг. Грамадства і час, у які мы жывем — нарцысічныя, арыентаваныя на дасягненні, поспехі, канкурэнцыю. І Новы год з ягонымі вынікамі стварае ідэальныя ўмовы для самакатавання.
Параўновайце сябе з сабой, а не з іншымі. Як змяніліся вы за гэты год? Паразважайце пра новае ў вас. Чаму навучыў вас гэты год? Якія ўрокі вы для сябе возьмеце? Як палепшылася вашае стаўленне да сябе за гэты год? Якому стаўленню да сябе вы б хацелі навучыцца ў наступным годзе?
Нават калі вы не здзейснілі ўсе сто пунктаў са свайго спісу, як мінімум вы перажылі яшчэ адзін не самы просты год. Калі вы не змаглі дасягнуць усіх пастаўленых мэтаў, таксама важна ўлічваць, ці не занадта шмат вы ад сябе патрабавалі.
Ці ўлічваеце вы абставіны і сябе ў іх?
Паспрабуйце не дзяліць гэты год на чорнае і белае, а пашукаць чаму/каму вы ўдзячныя ў гэтым годзе. Калі мы выказваем падзяку, вылучаюцца дафамін і сератанін — два найважнейшыя гармоны, якія паляпшаюць эмацыйны стан, прымушаючы нас адчуваць сябе шчаслівымі.
За што вы ўдзячныя сабе?
Падзякуйце сабе і адзначце вашае свята. Як хоча вашае сэрца, цела, і душа, а не так, як прынята ці прыгожа для фота ў інстаграме. І цуд, якога мы ўсе так прагнем, не прымусіць сябе чакаць.