Размовы

Беларуская мова робіць мяне мной

Інтэрв'ю з актывісткай Алінай Нагорнай

Беларуская мова робіць мяне мной

Праваабаронца і сузаснавальніца ініцыятывы «Умовы для мовы» Аліна Нагорная не можа вярнуцца ў свой дом і таму падарожнічае па Беларусі. Разам з мужам Ігарам Случаком яна працягвае дамагацца, каб беларуская мова з’яўлялася ў інтэрнэце, на квітках у транспарце, у афіцыйных заявах і, вядома, у штодзённых стасунках. Sojka распытала ў Аліны пра жыццё на валізах і прычыны, каб гаварыць па-беларуску.

Я быццам абудзілася ад сну

Я размаўляла па-расейску ўсё жыццё. Я не ўяўляла, што па-беларуску можна проста гаварыць, для мяне гэта была мова мастацтва. І сям’я, і сябры ў садку, у школе, размаўлялі выключна па-расейску. Але я вельмі люблю чытаць, і я чытала кнігі на беларускай мове, а яшчэ мой дзядуля пісаў па-беларуску вершы.

Пазней я пачала нешта арганізоўваць, ладзіла літаратурны клуб, сустрэчы, кінапрагляды. На гэтыя тусоўкі прыходзілі розныя людзі. Трапляліся сярод іх і тыя, хто размаўляў па-беларуску. Я была ўражаная, што так можна. І мне вельмі хацелася паспрабаваць самой.

Калі я пачала размаўляць, я быццам абудзілася ад сну. Пачала чытаць іншыя кнігі, кантактаваць з іншымі людзьмі, у мяне ўзнікла іншая рэчаіснасць, прычым такая правільная, беларуская

Потым я далучылася да назіральнікаў на выбарах, там таксама пазнаёмілася з беларускамоўнымі людзьмі, і ўрэшце рашылася. Калі я пачала размаўляць, я быццам абудзілася ад сну. Пачала чытаць іншыя кнігі, кантактаваць з іншымі людзьмі, у мяне ўзнікла іншая рэчаіснасць, прычым такая правільная, беларуская. Я ўсвядоміла, што ўсё жыццё жыла ў расейскай медыяпрасторы, і што расейская мова ў Беларусі — вынік шматгадовага гвалту над нашай культурай. Цяпер я па-іншаму не магу. Агулам я гадоў 8 размаўляю толькі па-беларуску.

Беларуская мова патрэбная як чалавеку, гэтак і грамадству. Чалавеку свая мова патрэбная, каб адчуваць сябе больш годна, каб адчуваць глебу пад нагамі, ганарыцца месцам, адкуль паходзіш. Гэта тое, чаго немагчыма пазбавіць. Нават калі ў мяне забраць дом, здароўе, сродкі для існавання, у мяне застаецца тое, што робіць мяне мной — адчуванне сябе беларускай.

Разам з мовай ідзе і ўся культура. Як толькі адкрываеш для сябе мову, даведваешся і пра сваю культуру, і пра сваю гісторыю. Але не толькі дзеля культуры патрэбная мова, яна неабходная і ў палітычным сэнсе. Беларуская мова неабходная, каб Беларусь была незалежнай краінай.

У сябе дома мы жыць не можам

Ужо каля васьмі месяцаў мы жывем у Беларусі, але не ў сваёй вёсцы Перасецы. У сябе дома мы жыць не можам. Пачалося з таго, што да нас увесь час прыходзілі розныя людзі, у тым ліку па начах. Потым нам сказалі, што пакуль нас не было дома, яны хадзілі нават па падворку. Пасля яны зламалі нам плот. Я не вытрывала гэтага, і мы з’ехалі. Але мы па-ранейшаму ў Беларусі, толькі жывем у розных месцах.

Большасць маіх сяброў з’ехалі з краіны. А тыя, што засталіся, пры сустрэчы кажуць: «Давайце, уцякайце!» Мяне гэта напружвае, бо заставацца ў Беларусі — наш выбар. Пакуль тут ёсць людзі, якім важна тое, што мы робім, я адсюль з’язджаць не хачу. Гэта мая краіна, тут я прынясу больш карысці

Звароты дагэтуль працуюць

Бяспечны актывізм у Беларусі магчымы. Вядома, фраза пра тое, што трэба дзейнічаць у прававым полі, зараз выкліча ў вас усмешку, але гэта насамрэч так. Мы нядаўна правялі кампанію «е-мова». Беларусы пісалі звароты, каб беларуская мова з’яўлялася на розных сайтах. У тым ліку былі сайты дзяржаўных установаў, школаў, дзяржаўных вытворцаў. У выніку мова з’яўлялася на гэтых сайтах. Пісаць звароты — цалкам законна, і зусім магчыма. І гэта тычыцца не толькі мовы. Можна патрабаваць, каб парамантавалі дарогу побач з домам, пафарбавалі ляжачы паліцэйскі, высадзілі дрэвы, зрабілі пешаходны пераход. Звароты дагэтуль працуюць, як бы дзіўна гэта ні гучала. А адмоўныя адказы можна абскарджваць, што таксама пераважна спрацоўвае.

Беларуская мова робіць мяне мной З фэйсбука кампаніі «Умовы для мовы»

Калі мы выдалі кнігу «Абаронім вёску», мы паведамілі, што вышлем яе бясплатна ўсім ахвотным. Вельмі шмат людзей дасылалі нам свае адрасы, і мы адпраўлялі ім асобнікі. Я ведаю, што ў кнігі ўжо ёсць поспех. У адной вёсцы з’явіўся пешаходны пераход, у іншай адрамантавалі калодзежы. Здаецца, гэта такія дробязі. Але насамрэч настолькі класна, што людзі вучацца ўплываць на ўсё, што адбываецца навокал, не спадзявацца на тое, што дзяржава ўбачыць, што ў вас у горадзе, у вёсцы, на падворку нешта не так. Мы грамадзяне, мы плоцім падаткі і самі можам вырашаць, куды гэтыя падаткі пойдуць.

Раней, калі я загаворвала з незнаёмым чалавекам па-беларуску, ён здзіўляўся, крывіўся або прасіў паўтарыць па-расейску, цяпер большасць кажа: «О, якая класная ў вас мова!» Хаця дыскрымінацыя і першае, і другое. Калі па-расейску я скажу што-небудзь, ніхто ж не пракаментуе, што мая расейская класная. Але стаўленне людзей да мовы ўсё ж стала больш станоўчым. Праўда, проста камунікаваць мала, гэта ніяк не ўплывае на ступень дыскрымінацыі. Па-беларуску па-ранейшаму нельга аформіць картку ў банку, замовіць тавары анлайн, аддаць дзіцё ў дзіцячы садок, атрымаць многія прафесіі. Мы дасылаем шмат зваротаў, каб беларуская мова з’яўлялася на квітках, на дакументах, каб па-беларуску можна было аформіць дамову, каб беларуская з’яўлялася ў рэкламе спорту.

 

Беларуская для дзяцей — практычная

Мой сын Стэфан зараз беларускамоўны чалавек. Мы размаўляем з ім па-беларуску, чытаем яму казкі па-беларуску. Для дзіцяці беларуская мова вельмі практычная. Не будзе ж Беларусь доўга знаходзіцца ў такім стане, калі-небудзь мы прыйдзем да цывілізацыі, і беларускай мовы будзе нашмат больш, калі Стэфан падрасце, і тое, што ён ведае родную мову, будзе вельмі актуальным і дапаможа яму ў жыцці.

Беларуская мова робіць мяне мной Стэфан. Здымак з фэйсбуку Аліны Нагорнай

Як пачаць размаўляць па-беларуску

Стратэгія ад Аліны Нагорнай

 

  • ПРОСТА БЯРЫЦЕ І РАЗМАЎЛЯЙЦЕ

Жывая гутарка — самы хуткі шлях авалодаць любой мовай. Цудоўна, калі ёсць з кім размаўляць. Калі няма — то і гэтае пытанне вырашальнае, вы ж у любым выпадку карыстаецеся нейкімі паслугамі: ходзіце да цырульнікаў, замаўляеце падарункі і г. д. Гугліце па-беларуску патрэбныя вам паслугі, яны ёсць. Так вы і паслугу атрымаеце, і ў размове папрактыкуецеся, а яшчэ падтрымаеце беларускамоўны бізнес.

Калі складана адразу пераключыцца на паўнавартаснае маўленне, пачніце з простых словаў: «Добры дзень», «калі ласка», «дзякуй», «да пабачэння». Вашыя першыя словы — таксама сігнал для іншых, што да вас можна звяртацца па-беларуску.

 

  • РАЗМАЎЛЯЙЦЕ ПА-БЕЛАРУСКУ З НЕЗНАЁМЦАМІ

Здараецца, што людзям складана адразу памяняць мову камунікацыі з тымі, хто прывык да вас як да рускамоўных людзей. Калі гэта ваш выпадак, пачынайце не з сяброў і сваякоў, а з выпадковых кантактаў і незнаёмых людзей. Тут можна практыкавацца пазмаўляць па-беларуску на розныя тэмы.

 

  • ПІШЫЦЕ ПА-БЕЛАРУСКУ

Паведамленні, лісты, допісы ў сацсетках. Так вы зможаце падцягнуць мову, а вашыя знаёмыя ўжо пачнуць прымаць вас новага. А калі сумняецеся, што ўсё правільна напісалі, правапіс можна праверыць з дапамогай сэрвісу «Добрапіс». Таксама можна таксама ўсталяваць праверку правапісу ў тэкставыя рэдактары, а таксама ў браўзэры Mozilla і Thunderbird. Спампаваць можна тут. А вось гэты сэрвiс дапаможа вам перакласці цэлы тэкст (як, дарэчы і Google translate або Yandex translate). Праверыць асобнае слова можна на партале Slounik.org.

ВАЖНА: вельмі дапамагае просты прыём — выбраць у наладках усіх гаджэтаў і праграм беларускую мову.

 

  • ЧЫТАЙЦЕ ПА-БЕЛАРУСКУ

«Нашу Ніву», «Радыё Свабода», «Новы час». Чытайце беларускую Вікіпедыю. Нават калі ў вас няма канкрэтнага пытання, можна проста штодня выбіраць актуальную дату і чытаць пра падзеі, якія адбыліся ў гэты дзень.

 

  • ЧЫТАЙЦЕ ПА-БЕЛАРУСКУ

«Нашу Ніву», «Радыё Свабода», «Новы час». Чытайце беларускую Вікіпедыю. Нават калі ў вас няма канкрэтнага пытання, можна проста штодня выбіраць актуальную дату і чытаць пра падзеі, якія адбыліся ў гэты дзень.

 

  • НЕ БОЙЦЕСЯ, ШТО ДЗІЦЯ НЕ ЗАСВОІЦЬ ІНШЫХ МОВАЎ

Як паказвае досвед двух- (і больш) моўных сем’яў, дзеці, якія растуць у моўнай разнастайнасці, успрымаюць яе як натуральнасць, і ў будучыні свабодна валодаюць некалькімі мовамі, лёгка пераключаючыся між імі. Вы не можаце «перагрузіць» вашае дзіця мовамі і «пакараць» ведамі. Але вы можаце ствараць зручнае асяроддзе для навучання, змагацца за адукацыю па-беларуску (тут дапаможа настойлівасць і заканадаўства – артыкул 3 Закона «Аб мовах», артыкул 50 Канстытуцыі і артыкул 90 кодэкса «Аб адукацыі»), урэшце — чытаць, глядзець, слухаць беларускамоўнае дома і вучыцца праз гульню.