Размовы

Мая мама — хатні робат!

(і мяне гэта бесіць)

Мая мама — хатні робат!

Малюнкі Андрэя Пакроўскага

«Прывітанне, Сойка! Я вельмі люблю сваю маму, але мяне злуе ейны падыход да жыцця, і я б хацела, каб яна змянілася. Мяне раздражняе, што мама робіць усё па доме: прыбірае, купляе і гатуе ежу, мые і прасуе адзенне і бялізну, памятае, калі ў каго ў сям’і дні народзінаў, вяселлі і юбілеі, калі каму сплачваць камуналку, штрафы, абаненцкія платы, заўсёды мае адкладзеныя грошы для нас з братам, хоць мы ўжо дарослыя і г.д. Мама г. зв. «традыцыйная жанчына», якая пры гэтым яшчэ працуе.

Мой тата нядаўна выйшаў на пенсію, ён не робіць ні-чо-га. Яшчэ раней ён прыкрываўся тым, што заняты на працы, але цяпер ён цэлымі днямі глядзіць тэлевізар. Калі мы з братам прыходзім, то брат адразу пачынае размаўляць з татам пра «важныя тэмы», а ад мяне чакаюць, што я буду дапамагаць на кухні, рабіць тое ж, што мама. Мяне гэта бесіць, я б хацела, каб тата таксама выкарыстоўваў свой час дзеля іншых і, чаго ўжо хаваць, на абслугоўванне сябе самога. Мне не падабаецца, што ён сядзіць і чакае, калі яму ўсё пададуць, як дзіцяці. Я злуюся на маму, бо гэта яна арганізавала жыццё такім чынам, гэта праз яе тата нічога не ўмее!»

С., 28 год

Мая мама — хатні робат!

Ламаць сямейныя стэрэатыпы вельмі складана, а часам перш за ўсё варта задаць сабе пытанне — ці трэба. Ці гатовыя твае блізкія радыкальна змяняць сваё жыццё, ці будуць яны больш шчаслівымі? Злавацца на бацькоў, якія не жадаюць мяняць звыклыя ролі і прызвычайвацца да таго, што ты мяняеш сваю, цалкам нармальна. Але ёсць нюанс.

Мая мама — хатні робат!

Аб’ектам твайго раздражнення стала маці, а бацька проста выглядае піражочкам, якога прывучылі. Між тым, твае бацькі — абодва дарослыя людзі. Чаму ж адказная за інфантыльнасць мужчыны жанчына? Давай уявім, што тое, што для цябе выглядае, як прычына і наступства, мяняецца месцамі. Не маці інфантылізуе бацьку, які стаў канапавай цвіллю, а, магчыма, жыццё з чалавекам, які культывуе сваю побытавую непаўнавартасць, прымусіла тваю маці ўзваліць усё на сябе? Замест раздражнення на маці паспрабуй далучаць бацьку да прыгатаванняў. Папрасі накроіць хлеб, працерці шклянкі, разам абраць гародніну. Пакажы іншы спосаб праводзіць час разам.

Мая мама — хатні робат!

Навуцы вядомыя выпадкі, калі старэйшыя мужчыны змянялі свой стэрэатыпны погляд на рэчы («Кухня – немужчынская справа!»), убачыўшы маладзейшых, якія вынаходліва жанглююць патэльнямі, дзеляцца 10 спосабамі прыгатавання кабачка і ўмеюць памыць посуд, пры гэтым застаючыся цалкам падобнымі да мужчын. Дазволь чалавеку збоку (сябру, партнёру) пабыць такім чалавекам на сямейнай сустрэчы.

Важны момант: ты не можаш і не мусіш спрабаваць вырашаць, што правільна і няправільна ў стасунках бацькоў. І няхай адносіны выглядаюць не вельмі здаровымі, але, падобна, абодвух удзельнікаў яны задавальняюць ці прынамсі знаходзяцца на ўзроўні ўзаемнага прыняцця.

Мая мама — хатні робат!

Калі падняць тату з канапы і пасадзіць туды маму — задача невыканальная, ты ўсё яшчэ можаш паўплываць на тое, як у сям’і ставяцца да цябе. І тут можна паспрабаваць дамовіцца. Верагодна, часовая змена дэкарацыяў можа дапамагчы, калі не змяніць звыклыя патэрны паводзінаў, то дадаць да іх новыя. Запрасі бацькоў у кавярню. Туды, дзе не трэба ўключацца ў побыт. Безумоўна, трэба будзе ўзяць на сябе арганізацыю, пабыць дарослай, але хіба гэта не адзін са складнікаў таго, чаго табе хочацца?

Мая мама — хатні робат!