Размовы

Мы ўжо былі «фашыстамі», цяпер чарга ўкраінцаў

Праваабаронца з Малдовы Іон Маноле пра прадчуванне вайны

Мы ўжо былі «фашыстамі», цяпер чарга ўкраінцаў

З 1992 года Малдова не кантралюе частку сваёй тэрыторыі — у Прыднястроўе прыйшоў «рускі мір», і маладая дзяржава нічога не змагла супрацьпаставіць яму. Пра тое, як Малдова ўжо 30 гадоў жыве з прадчуваннем магчымай вайны, але ўсё ж спадзяецца на мір, Сойцы распавёў выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Promo-Lex Іон Маноле.

Прадчуванне вайны

— Увосень у інтэрв’ю Сойцы філосаф з Малдовы Аляксандр Касмеску даволі песімістычна будаваў прагнозы — ён лічыў, што вялікая вайна амаль непазбежная. Наколькі такія настроі былі пашыраныя ў малдаўскім грамадстве?

— Мы чакалі пачатку гэтай вайны. Для нас не было шокам або навіной тое, што вайна пачнецца. Шок быў ад таго, што ўсё здарылася, як у 1941 годзе — напалі ноччу ў 4 або 5 раніцы. Шокам было тое, што здарылася такая поўнамаштабная вайна, калі за некалькі гадзін ужо бамбілі Кіеў. Усе зразумелі, што ў гэты момант свет змяніўся, што ён ніколі не будзе ранейшым. Мы спадзяваліся, што Украіна вытрымае, але ўпэўненасці ў гэтым было мала. Самы вялікі шок здарыўся, калі мы ўбачылі бамбёжку мірнай інфраструктуры, асабліва дамоў, шматпавярховак. А калі мы ўбачылі дзяцей, якіх, як у Сірыі, лекары спрабуюць выратаваць, то сапраўды ўсвядомілі, што вярнуліся ў 40-я гады мінулага стагоддзя. Выявілася, што ў некаторых выпадках — нават горш.

Мы, на жаль, прайшлі праз вайну ў 1992 годзе. Малдова тады рабіла першыя крокі як незалежная дзяржава. Сёння мы можам сказаць, што ўсе тыя інструменты, якія за апошнія восем гадоў ўжываліся ва Украіне, тады былі адпрацаваны на Рэспубліцы Малдова. Прывяду толькі адзін прыклад: калі ў 1992 годзе фашыстамі былі мы, то цяпер чарга ўкраінцаў. Гэта галоўны наратыў, які выкарыстоўвае расейская прапаганда. І які даволі паспяховы, калі можна так выказацца. Ён паспяхова ўплывае на людзей, і гэта дае падтрымку Крамлю ў тых злачынствах, якія мы бачым цяпер ва Украіне. Але мы, паўтаруся, прайшлі праз гэта ў 1992 годзе. Тады Малдова была адна — нас ніхто не ведаў, у нас не было досведу. Праз тое, што ў нас не было ніякіх рэсурсаў, нават інфармацыйную вайну тады мы прайгралі. Усе амбасады засталіся ў падпарадкаванні Расеі, і праз дыпламатаў свет уводзілі ў зман, скажалі ўсю праўду на міжнародным узроўні. Палітыкам, журналістам падавалася тая інфармацыя, якая была выгадная Расеі. І ў гэтым вялікая розніца паміж Малдовай мінулага і сённяшняй Украінай.

Восем гадоў была спроба паўтарыць сітуацыю ў нейкай ступені — прыднестравізаваць Данбас. З Крымам сітуацыя зусім іншая. Там была анэксія, і ўся тэрыторыя апынулася пад юрысдыкцыяй Расеі. Што тычыцца Данбаса, то гэта сапраўды спроба стварыць новае Прыднястроўе. Дарэчы, і Украіна, і Расея з’яўляюцца краінамі-гарантамі ў канфлікце ў Прыднястроўі. Ведаючы наш досвед, тое, як уплывае на сітуацыю ў краіне сітуацыя ў Прыднястроўі, Украіна рабіла ўсё, каб не наступіць на тыя ж граблі.

 

Фантомныя імперскія болі

— Сёння заходнія выведкі адкрыта заяўляюць пра жаданне Расеі працягнуць канфлікт, маштабаваць яго на максімальную колькасць постсавецкіх краін. І Малдова называецца ледзь не наступнай мэтай. Як гэта ацэньваюць унутры краіны?

— Вельмі шмат разоў Крэмль агучваў жаданне аднавіць Савецкі Саюз. Таму немагчыма выключаць агрэсію ў бок Малдовы. Калі расейскія войскі выйдуць на мяжу нашай краіны, то сутыкненне непазбежнае. У нас ужо ёсць тэрыторыя, на якой сканцэнтраваныя ваенныя Рэспублікі Малдова, ваенныя Расейскай Федэрацыі і ваенныя так званай Прыднястроўскай арміі. Фактычна гэта тры асобныя арміі плюс яшчэ міратворчы фармат — войскі Расіі і Малдовы, якія гарантуюць дээскалацыю канфлікту на мяжы з Прыднястроўем. То бок, гэта досыць мілітарызаваны ўчастак, вельмі важны для бяспекі ўсяго рэгіёну. Тым больш, што ў нас ёсць вялікі склад узбраення яшчэ з савецкіх часоў — каля 20 тысяч тон узбраення знаходзяцца ў Рыбніцы, на поўначы прыднястроўскага рэгіёну. Там ніхто на працягу гэтых трыццаці гадоў не здзяйсняў поўнага аўдыту або інвентарызацыі. Ніхто не ведае, што там за ўзбраенне на самой справе. Мы ведаем, што ў 1999 годзе Расея пагадзілася на вывад зброі, але ў 2003 годзе працэс быў згорнуты. Частка ўзбраення была знішчаная, але калі з’явіліся іншыя планы на гэты конт, папярэднія дамоўленасці сталі ігнаравацца Расеяй.

— Папраўце мяне, калі я памыляюся, але сітуацыя з Прыднястроўем ужо даволі доўга знаходзіцца ў статусе кво і складаецца ўражанне, што з абодвух бакоў няма ніякага жадання яго парушаць? Наколькі вялікая імавернасць разгайдаць сітуацыю?

— Канфлікт у 1992 годзе быў штучны. Ён вельмі хутка скончыўся, калі Расея зразумела, што ёй дастаткова кантраляваць частку тэрыторыі Малдовы, што ёй не патрэбна ўся тэрыторыя нашай краіны. На працягу 20 гадоў так званыя палітычныя і бізнэс-эліты зразумелі, што побач з імі ёсць залатая жыла, ідэальная сітуацыя для розных схемаў — Прыднястроўе. Вельмі добрая магчымасць для карупцыі і кантрабанды. Так, на нашай тэрыторыі, якая непадкантрольная канстытуцыйным уладам, сталі рабіць брудныя грошы. Не толькі прыднястроўскія і расейскія эліты, але і ўкраінскія, малдаўскія, еўрапейскія. Існаванне шэрай зоны стала выгадным усім або даволі шматлікім колам. Пытанне перастала быць надзённым, каб яго вырашылі.

Таму ў разгойдванні сітуацыі сёння ніхто не зацікаўлены. Вядома, існуюць асобныя групы, зацікаўленыя ў перахопе кантролю — падчас рэвалюцый і дэстабілізацыі заўсёды знаходзяцца тыя, што хутка адаптуюцца і перахопліваюць бізнэс і ўладу. Але большасць прадстаўнікоў так званых элітаў не зацікаўленыя ў абвастрэнні сітуацыі. Яны разумеюць, што страцяць усё.

 

Праблема расейскіх элітаў

— Не сакрэт, што ў краіне даволі вялікая колькасць прарасейскіх сіл, у тым ліку і ў палітычным полі. Ці існуе нейкі кансэнсус адносна Расеі і яе ролі ў вайне?

— На працягу ўсіх гадоў незалежнасці Малдовы газавае пытанне, газавая вайна, калі хочаце, заўсёды была вельмі эфектыўнай для Расеі. Малдова амаль цалкам залежала ад энергарэсурсаў з Расіі. Гэта быў вельмі эфектыўны інструмент шантажу. Плюс да яго — другі надзвычай эфектыўны інструмент — медыі. Практычна ўсе расейскія каналы рэтранслююць у Малдове. Вельмі многія жыхары, асабліва рускамоўныя, інфармуюцца выключна або ў большай ступені адтуль. Натуральна, іх погляды фармуюцца зыходзячы з гэтай інфармацыі. І трэці элемент — царква. Практычна 90% вернікаў належаць да рускай праваслаўнай царквы. Яе ўплыў вельмі вялікі, і служыцелі царквы ніколі не хавалі сваёй прыхільнасці да расейскіх палітычных інтарэсаў. Царква заўсёды адкрыта падтрымлівала прарасейскія сілы, агітавала, маніпулявала і гэтак далей. Вось гэтыя тры элементы зрабілі сваю справу. Думаю, калі б не вайна, рэйтынг сённяшняй партыі, якая мае большасць у парламенце і прэзідэнта фактычна са сваіх шэрагаў, быў бы нашмат ніжэйшы. Калі б мы засталіся адзін на адзін з гэтымі трыма элементамі. Але вайна ва Украіне расплюшчыла вочы і прымусіла нават многіх рускамоўных людзей у Кішынёве зразумець, якую небяспеку для іх саміх нясе пашырэнне гэтага кровапраліцця. Да таго ж, у нас вельмі шмат бежанцаў з Украіны. Калі яны прыехалі, расказалі пра тое, што з імі было, плакалі… Гэта пераканае любога чалавека ці хаця б прымусіць задумацца.

У самым пачатку вайны простыя людзі мабілізаваліся для дапамогі ўкраінцам першымі. Многія дапамагалі як маглі: збіралі грошы, куплялі прадукты, прывозілі людзей ад мяжы, пускалі пажыць дадому. Пасля падключыліся дзяржаўныя структуры. Думаю, мы спраўляемся даволі добра. Спачатку былі асцярогі, што лакальныя інцыдэнты, сітуацыі непрыемныя могуць перарасці ў вялікі канфлікт, але, на шчасце, усё добра. Што цікава, большасць людзей, якія прыехалі да нас, — гэта жыхары Адэскай, Мікалаеўскай вобласці, Данбасу. Гэта ўсе рускамоўныя людзі. Цяпер нават самы заўзяты праціўнік Украіны, самы адданы глядач расейскага тэлебачання застаецца без любімых аргументаў. Ніхто нікога не дыскрымінуе ні ў нас, ні ў Румыніі, ні ў іншых краінах за рускую мову. Ніхто не заклікае «рускі свет». Усім становіцца ясна, што праблема не паміж людзьмі, а праблема ў эліце Расейскай Федэрацыі, якая хоча адрадзіць Савецкі Саюз, імперыю.

Ёсць надзея, што сітуацыя памяняе — калі не зусім, то ў вялікай ступені — палітычныя погляды жыхароў Малдовы. Каб колькасць тых, хто ўсё яшчэ верыць расейскім медыям і падтрымлівае расейскую агрэсію, стала яшчэ меншай.

 

Месца Беларусі

— У Еўропе стаўленне да Расеі адназначнае, затое ёсць некаторае замяшанне ў дачыненні да Беларусі: краіна, захопленая дыктатарам, прызнаная суўдзельнікам агрэсіі. Якое стаўленне да Беларусі ў Малдове? Ці ёсць разуменне, што Лукашэнка і народ — розныя гісторыі?

— Сімпатыі малдаван да беларусаў не схаваць. Мы ўсе, асабліва праваабаронцы, перажывалі за тое, што адбывалася ў вас у 2020 годзе. У нас ёсць сябры, калегі, якія цяпер у турме, несправядліва асуджаныя, часам нават паўторна, як Алесь Бяляцкі. Для нас гэта боль. Спадзяемся, што ўсе, хто пацярпеў, будуць рэабілітаваныя не толькі па законе, але і псіхалагічна. Чаму я пра гэта кажу: як праваабарончая арганізацыя мы вялі справы былых дэпартаваных у 40-х гадах мінулага стагоддзя ахвяр камуністычнага рэжыму. Мы ведаем, як гэта моцна ўплывае на цэлыя пакаленні. На 2-3 пакаленні дакладна.

Тыя журналісты, праваабаронцы, якія асвятлялі падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе, ніколі не далучацца да дыскрымінацыі беларусаў. Мы ведаем выразную мяжу паміж дзеяннямі Лукашэнкі і народа Беларусі. Што тычыцца простых людзей, то можа быць розная рэакцыя, але людзі параўноўваюць і ўсё разумеюць. Цяпер і многія расейцы, якія сядзелі ў турмах за мірныя пратэсты, за межамі Расеі, сутыкаюцца з перадузятым стаўленнем. На ўсё трэба час, трэба, каб вайна скончылася. А потым усё стане на свае месцы.

 

Калі скончыцца вайна?

Мы б хацелі, каб вайна не пачыналася. Ні цяпер, ні восем гадоў таму. Вельмі хочацца, каб яна скончылася проста сёння, цяпер. Але рэальна: не думаю, што цяпер ёсць перадумовы для завяршэння баявых дзеянняў. Сыход расійскай арміі ад Кіева і Харкава, канцэнтрацыя войскаў на поўдні і ўсходзе Украіны прымушае думаць пра тое, што вайна будзе яшчэ доўгай.