Размовы

Бабуля не сядзіць з унукамі! Хаця сама іх хацела

Бабуля не сядзіць з унукамі! Хаця сама іх хацела

«Я са сваім мужам знаёмая са школы, разам мы з 17 гадоў, пажаніліся пасля ўнівера. І ўвесь гэты час маці мяне дзяўбла: “Калі ўжо замуж?”

Як толькі мы пажаніліся, яны са свекрывёй змянілі пласцінку: “Калі ўжо ўнукаў?” Неўзабаве ў нас нарадзілася дачка, а потым і сын. З пагодкамі дужа цяжка, я заўжды радая любой дапамозе, але калі я прашу часам пасядзець з дзецьмі, пакуль схаджу ў паліклініку — бабулі стогнуць, наракаюць ці то на здароўе, ці то на свае справы. Я ўжо не кажу, што з мужам сам-насам без дзяцей мы не былі з дня нараджэння старэйшай!

І вось часам такая крыўда бярэ, што спачатку ім дзеля чагосьці так трэба тыя ўнукі — ды пахутчэй, а потым — нібы і не патрэбныя ўжо!»

Ліза

Прывітанне, Ліза! «Калі замуж? Калі ўнукаў?» — для нашага грамадства гэта ўжо пытанні з несвядомага, яны ў завадскіх наладках. Іх чулі і твая мама, бабуля, і свякроўка, верагодна, на такім жа несвядомым узроўні яны «прадоўжылі традыцыю» з табой. Але гэта не азначае ні таго, што нехта можа цябе кантраляваць, ні таго, што нехта ўзяў на сябе адказнасць за тваё жыццё і паабяцаў вырашаць твае праблемы. Давай разбярэмся.

Ці бабуля абавязаная сядзець з унукамі?

Рашэнне нарадзіць дзіця, як правіла, прымаюць бацькі дзіцяці — і несці адказнасць за яго найперш мусяць яны. Як бы ні прасілі бабулі ўнукаў, займацца імі — гэта іх права, а не абавязак. Магчыма, у бабулі ёсць мноства сваіх нерэалізаваных планаў і жаданняў — таму важна з павагай ставіцца да ейных патрэбаў схадзіць у філармонію, паплаваць у басейне, заехаць на Камароўку, прайсці 10000 крокаў са скандынаўскімі палкамі, правесці час з сябрамі ці каханымі. А калі бабуля яшчэ працуе, то знаходзіць вольныя слоты для ўнукаў ёй яшчэ цяжэй.

Ці хапае ў бабуль здароўя на ўнукаў?

Насіць дзіця на руках, поўзаць за ім, збіраючы кубікі лега, і даганяць, калі яно нясецца на самакаце пад машыну — гэта вялікая фізічная нагрузка. Калі дадаюцца болі ў сушчэпах, артрыты і астэахандрозы, прасцей проста адмовіць дачцэ пасядзець з унукамі, чым прызнаць сваю нямогласць або моўчкі пакутаваць, раздражняючыся на ўнукаў. Калі справа ў здароўі, то варта праявіць клопат, забяспечыць магчымасць лячэння, адпачынку ці даследавання прычын слабасці, а ўжо пасля прасіць пра дапамогу.

Як усталяваць правілы?

Магчыма, бабуля з дзедам не хочуць браць да сябе ўнукаў, бо не згодныя з прынцыпамі выхавання дзіцяці і хочуць пазбегнуць канфліктаў. Тут важна патлумачыць, чаму для цябе важна, каб дзіця не сядзела ў тэлефоне, не ела зашмат салодкага ці не было захінута ў пяць слаёў адзення. Спрабуй даносіць свае каштоўнасці спакойна, узважана і не зрывацца, калі метады выхавання бабулі цябе не задавальняюць. Можна пайсці двума шляхамі: альбо дамовіцца пра адзіныя правілы, альбо на тэрыторыі бабулі і дзядулі могуць функцыянаваць іншыя правілы. Галоўнае, каб яны былі прагавораныя і зразумелыя дзіцяці.

Ці сядзі з унукамі, ні наогул іх не пабачыш!

Часам дзеці даводзяць сітуацыю да скрайнасці і пераходзяць на шантаж: або сядзі з унукамі, калі мне трэба, або ніколі іх не пабачыш. І тут нават калі ў бабулі і дзядулі было жаданне пасядзець з унукамі, яно можа знікнуць. Важна не дапускаць, каб бабулям і дзядулям здавалася, што імі карыстаюцца, што іх дапамогу не цэняць, што іх межы парушаюцца. Не злоўжывай дапамогай бабуль: дамаўляйся загадзя, забірай дзіця сваечасова. І заўжды цікаўся, ці не парушае падкінутае дзіця планаў мамы ці свекрыві.

Ці плаціць бабулям?

Некаторыя сем’і плацяць бабулям за тое, што тыя сядзяць з дзецьмі. Для іншых жа гэта абраза. Тут адназначнага варыянту для ўсіх быць не можа. Калі бабуля сышла ў адпачынак па доглядзе за дзіцём замест мамы, то яна атрымлівае дапамогу ад дзяржавы. А вось калі дзіцяці ўжо тры гады, а бабуля так і не выйшла на працу, не атрымлівае пенсіі, а ўсё яшчэ дапамагае з малымі? Тут можна забяспечваць прадуктамі, кніжкамі, цацкамі, аплачваць камуналку ці неяк яшчэ аддзячыць бабулі за дапамогу.

Навошта скідваць унукаў бабулям?

Каб адпачыць. Ці развязаць нейкія справы. Ці зладзіць нейкі рамантык з партнёрам. Дык як пераканаць бабулю, што яе дапамога неабходная? Ніхто не ведае тваю маму лепш за цябе — карыстайся гэтым! Калі яна не любіць танцы, то не адпрошвайся ў яе на дыскатэку — яна не зразумее. Калі ж ёй важна, каб у вас былі добрыя стасункі з партнёрам, то матывуй просьбу пасядзець з дзецьмі тым, што вы хочаце пабыць сам-насам або схадзіць некуды разам. Калі бабулі цяжка выкраіць час на ўнукаў, то ёй прасцей гэта будзе зрабіць дзеля таго, што яна лічыць сапраўды важным.

Але калі нічога не дзейнічае, магчыма, самы час пашукаць няню? Нават кароткая і спарадычная дапамога можа захаваць табе нервы і застацца ў добрых стасунках з мамай/свякроўкай.