Размовы

Наста Кудасава: чым больш болю, тым больш вершаў

Паэтка пра жыццё ля мора і тугу па лясах.

Наста Кудасава: чым больш болю, тым больш вершаў

Наста Кудасава — пачуеш, калі запытаеш, ці ёсць у Беларусі жывая, сапраўдная паэзія, пазачасавая і разам з тым рэактыўная. Да нядаўняга часу Наста атаясамлівала сабой яшчэ й моцны, глыбокі беларускі голас, які даносіцца аднекуль з парослых соснамі берагоў Дняпра, часам гучыць у Менску на выступах і фестывалях, але потым ізноў вяртаецца ў Рагачоў, не жадаючы надоўга пакідаць родныя мясціны. Цяпер голас Кудасавай раздаецца з марскога ўзбярэжжа — нядаўна вядомая паэтка разам з дзецьмі пераехала ў польскую Гдыню. Сойка пагаварыла з Настай пра развітанне з Радзімай і пошукі новых даляглядаў.

— Мы ў рэдакцыі Сойкі шукалі гераіню для «жаночага» тыдня, каб расказаць пра актыўных беларускіх кабетаў і адной даць слова. Аднагалосна вырашылі, што слова будзе ў цябе — няскоранай, таленавітай, цёплай і сяброўскай. Якой ты бачыш і адчуваеш сваю ролю ва ўсім тым, што адбываецца і адбудзецца ў Беларусі?

— Дзякуй за гэта ганаровае азначэнне, канечне. Шчыра кажучы, мне сорамна перад такімі ўзвышанымі словамі, бо сама я пачуваюся разбітай, слабай і бездапаможнай цяпер. Але мяне акрыляе пачуццё запатрабаванасці. Я часта чую словы падзякі за тое, што пішу, што даю людзям магчымасць лекавацца вершамі. Для мяне ж і самой гэта цуд, бо я гэтак жа, як і чытач, не ўяўляю, адкуль нараджаецца паэзія, адкуль раптам з’яўляюцца патрэбныя радкі. Гэта заўжды нейкае трымценне невытлумачальнае, але калі яно да цябе прыходзіць, адчуваеш такую моц, што горы перавярнуць бы мог, здаецца. Таму спадзяюся, маё існаванне ўсё ж мае сэнс для Беларусі. Мне з дзяцінства хацелася быць актыўнай грамадзянкай, нешта рабіць для краіны. Калі б змяніліся сённяшнія варункі, магчыма, мне і ў палітыцы было б чым заняцца.

— Ты з’ехала з Беларусі. Казала, што само рашэнне саспела ўжо 25 лютага.

— Апошнім штуршком стала вайна і варожыя войскі на маёй зямлі. Было адчуванне татальнай акупацыі, такой бяскроўнай, лёгкай і, галоўнае, ненапружвальнай для бальшыні навокал, як мне падалося. Я памятаю той дзень у лютым, калі я ўпершыню ўбачыла іх на дарозе. Яны рушылі ў бок украінскай мяжы, а я тады ехала з дзецьмі на машыне, акурат ім насустрач, і вымушаная была з’ехаць на ўзбочыну, саступіць, пакуль яны не праедуць. І вось там, стоячы на ўзбочыне, разглядаючы ланцужок гэтых страшных машын, я адчула такую бездапаможнасць, прыкрасць, роспач… Я зразумела, што хутка пачнецца нешта страшнае, а я настолькі маленькая перад гэтым страшным, што магу толькі стаяць ціхенька на ўзбочыне і маўчаць. А потым, калі яно ўжо афіцыйна пачалося 24 лютага, неба гуло і ўдзень, і ўначы. Тады я зразумела, што мушу ўжо вырашаць не як паэтка, а як маці. І я абавязаная вывезці адсюль маіх дзяцей, бо яны не павінныя ў гэтым удзельнічаць. Пагатоў сын увесь час пытаў, як так атрымалася, украінцы ж самы блізкі народ нам, а мы ім нібыта здрадзілі. Гэта суб’ектыўна, канечне, але паводле маіх назіранняў, пераважная большасць людзей у маім рэгіёне ставяцца прыхільна да Расіі і ўхваляюць яе дзеянні. Мне было вельмі цяжка гэта перажываць, упершыню ў жыцці мяне перастала трымаць мая родная зямля, усё нібы апаганілі, хацелася заплюшчыць вочы і бегчы, не памятаючы сябе.

— Ці абжылася ты ў Гдыні? Што гэта за горад, як цяпер выглядае тваё жыццё, чым займаешся?

— Мне падабаецца Гдыня, яна не настолькі вялікая, каб зрабіць мяне няшчаснай, у больш буйным горадзе я пакутавала б болей. Мне падабаецца, што тут шмат жывёлаў прыходзяць з лесу проста ў горад: дзікі, казулі, вожыкі. Яны пачуваюцца тут як дома, акуратна пераходзяць дарогу ў патрэбных месцах, нікога не чапаюць. І нават сабакі на іх не брэшуць, поўная гармонія, мяне гэта моцна ўсцешвае. Яшчэ мне даспадобы людзі, пакуль што сустракаліся толькі спагадлівыя і ветлівыя, нам усюды было проста ўладкавацца, мы нідзе не сустракалі перашкодаў. Падабаецца стаўленне да беларускае мовы. У школе сын казаў, што настаўніца адмыслова для яго шукае беларускамоўныя субтытры, калі ўключае нейкі фільм, ведаючы што ў класе ёсць адзін хлопчык з Беларусі. І ў іншых сітуацыях таксама некалькі разоў было, калі людзі, даведаўшыся што я з Беларусі, раптам рабілі адмыслова для мяне пераклад дакументаў ці ліставання на беларускую мову, каб мне было камфортней. Выглядае фантастычна, канечне, бо для большасці беларусаў звыклай мовай стасункаў з’яўляецца руская. Не ведаю, ці ў курсе палякі. Напэўна, ім гэта цяжка ўявіць, што краіна, маючы нацыянальную мову, нідзе ёй не карыстаецца ў афіцыйным ужытку, аддаючы перавагу суседскай, таму яны — sancta simplicitas — шчыра, ад душы ўсё нам на беларускую перакладаюць, а я і радуюся сабе ціха, бо дзе б я яшчэ такое пабачыла, яўна ж не ў сённяшняй Беларусі.
Складана пакуль сказаць, чым я тут займаюся, я яшчэ ў стадыі адаптацыі, вучым польскую з дзецьмі, уладкоўваемся. Праца таксама нейкая ёсць. Але я планую прысвяціць сябе літаратуры, наколькі хопіць сілаў.

— Ці ў Беларусі ты адчувала сябе ва ўнутранай эміграцыі, ці пасля 2020-га стаўленне да грамадства ў цябе памянялася?

— І так, і не. Усё залежала ад таго, у якую кампанію цябе закіне. У Рагачове часам даводзілася пачувацца іншапланетніцай, бо там было вобмаль аднадумцаў. Таму я там пераважна жыла, залёгшы на дно самоты. У Мінску, сустракаючыся з сябрамі, часам можна было адчуць, што ёсць і іншае грамадства. Увогуле ж 2020 год спачатку падарыў вялізную надзею і ўзрушэнне, мне падалося тады, што я нарэшце належу да большасці. Але вайна паказала, што нават многія з тых, хто ў 2020-м былі мне аднадумцамі, у 2022-м ужо апынуліся на іншым баку барыкадаў. Гэта дэмаралізуе, вядома, капітальна. Але я стараюся трымацца аптымістычна дзеля тых, хто сядзіць за нас у турмах цяпер.

— Па чым ты найбольш сумуеш?

— Я сумую па нашых лясах, па жалудах, імхах і верасах беларускіх. Лясы ёсць і тут, безумоўна, вельмі маляўнічыя, багатыя і дагледжаныя. Але хочацца дадому. Яшчэ па рыбалцы сумую, па вёсцы, прадчуваю, што буду маяцца ад гарадскога жыцця тут, але што зробіш… І вядома, сумую па тых сябрах, што там засталіся. Мы апошнія гады рэдка бачыліся, але ўсё ж веданне, што мы ў адной краіне, побач, неяк трымала. Цяпер я адчуваю большую адлегласць паміж намі, часам мне страшна, што я яшчэ доўга не змагу наведаць іх там.

— Чаго ніколі не зможаш прабачыць тым, хто сёння ва ўладзе ў нашай краіне?

— Усяго. Паламаных чалавечых лёсаў найперш. Мне баліць штодня за нашых вязняў. Нянавісць да беларушчыны не магу дараваць. Але я не хачу памнажаць жоўць, лепей устрымаюся ад пераліку ўсяго, што ўва мне кіпіць цяпер.

— Ці шмат беларусаў вакол цябе сёння? Як лічыш, ці можна захаваць нацыянальную еднасць у замежжы, ці не распусцімся мы ў большасці, не асімілюемся?

— Думаю, усё залежыць ад асобы, ад таго, на што ты сам робіш стаўку. Цяпер вакол мяне шмат беларусаў, усе яны розныя. Ёсць людзі, якія шчыра прагнуць беларускай культуры, літаратуры, усяго нацыянальнага. У многіх абуджаецца пачуццё нацыянальнай годнасці менавіта ў замежжы. Некаторым жа, здаецца, усё роўна. Дапусцім, на Марафэсце, дзе спрэс былі адны беларусы, я краем вуха лавіла размовы вакол, і было даволі прыкра, што 90 адсоткаў людзей гаварылі па-руску, амаль ніводнага слова па-беларуску я не пачула, калі не лічыць выступоўцаў. Не ведаю, як да гэтага ставіцца, але я ў такія моманты пачуваюся прайграўшы.

— Наколькі можна заўважыць з тваёй актыўнасці ў сацсетках, пісаць ты не спынілася, напэўна, вершы — твая зброя і сіла. Калі для творчасці Насце Кудасавай трэба не спакой і Радзіма, то што?

— Трэба не пераставаць суперажываць чалавеку. А яно і не выходзіць іначай. Вершы пішуцца ўсюды, бо нешта ўвесь час баліць. Чым больш болю, тым больш вершаў, гэта банальная такая арыфметыка. Але таму і пішацца апошнія гады шмат, на жаль ці на радасць. Жудасна, што для таго, каб пачувацца жывым, трэба пакутаваць, але гэта так.

— Як лічыш, ці ўдасца пабудаваць літаратурнае жыццё — імпрэзы, распаўсюд кніг, фестывалі — у тых умовах, у якіх мы апынуліся?

— Перашкодаў я пакуль не бачу. Але ж пачуццё нейкай роспачы, горычы часта апаноўвае. І ўсе беларускія імпрэзы тут з прысмакам паразы, як мне падаецца. Бо як бы ні было цёпла і ўтульна на іх, хочацца толькі аднаго — каб гэта ўсё нейкім чароўным дываном-самалётам перанеслася на радзіму, бо гэта ўсё насамрэч дзеля яе адной. А тут мы ўцекачы бяздомныя, небаракі, як бы хораша нас ні прымала польская дзяржава. Тым не менш, трэба запхнуць гэтае ныццё далей, я лічу, і карыстацца тэхнічнымі магчымасцямі, што нам тут выпалі. А яны ёсць, тут сапраўды цяпер можна і кнігі выдаваць, і ладзіць нейкія прэзентацыі, выставы — тут можна рабіць усё магчымае, каб Беларусь заставалася бачнай для свету і для нас саміх.

— Вяртаючыся да ролі жанчын. Наколькі, як ты лічыш, усё змянілася б, калі між сусветных палітыкаў было больш жанчын, калі б наша апазіцыя, грамадзянская супольнасць была рэпрэзентаваная кабетамі?

— Раней я адказала б адназначна, што так, безумоўна, калі б жанчыны, маці, кіравалі ў свеце, мы не зазнавалі б войнаў. Жыццядайны пачатак у жанчыне, мне здавалася, пераможа мілітарызм. Але калі цяпер я чую гісторыі пра тое, як жанчыны ў Расіі сваіх сыноў дабравольна пасылаюць на вайну, хаця для іх тая вайна не мае ніякага сэнсу, бо на іх зямлю ніхто не нападаў, то я, шчыра кажучы, ужо сумняюся. На жаль, замбаванасці паддаюцца людзі незалежна ад гендарнай прыналежнасці. Тым не менш хочацца верыць, што свет будзе ўратаваны акурат прыгажосцю, каханнем і матулінай любоўю.