Размовы

Малдова: ад грамадзянскага канфлікту да праеўрапейскай прэзідэнткі

Філосаф з Малдовы Аляксандр Касмеску разважае пра будучыню рэгіёна і Беларусі

Малдова: ад грамадзянскага канфлікту да праеўрапейскай прэзідэнткі

Ад грамадзянскага канфлікту да першай праеўрапейскай жанчыны-прэзідэнта — шлях сучаснай Малдовы пераклікаецца з тым, што сёння перажывае беларускае грамадства. Як жыве краіна, якая адмовілася ад «сваёй» мовы, але здолела супрацьстаяць з’яўленню ўласнага дыктатара? Sojka паразмаўляла пра Малдову, яе падабенства і адрозненне з Беларуссю, з філосафам з Кішынёва Аляксандрам Касмеску.

Гістарычная даведка

Гістарычна сучасная Рэспубліка Малдова была часткай Малдаўскага княства — этнічна румынскага фармавання, як і Валахія. Доўгі час абодва княствы знаходзіліся пад пратэктаратам Асманскай імперыі, але падчас руска-турэцкай вайны 1806-1812 гадоў Расійская імперыя заняла гэтыя тэрыторыі.

  • 1812

    Расія заняла прыкладна палову Малдаўскага княства з выхадам да Чорнага мора. Гэтую частку назвалі Бесарабія.

  • 1859

    астатняя частка Малдаўскага княства аб’ядналася з Валахіяй, утварыўшы Румынскае княства. Бесарабія ж заставалася часткай Расійскай імперыі да канца Першай сусветнай вайны, пакуль не абвясціла незалежнасць.

  • 1917

    пасля кастрычніцкага перавароту на тэрыторыі былой Бесарабскай губерні паўстала Малдаўская дэмакратычная рэспубліка. Праз некалькі месяцаў Бесарабія далучылася да Румыніі. Гэтыя падзеі ўспрымаліся — і працягваюць успрымацца — дваяка, у залежнасці ад ідэалагічнай пазіцыі. Тыя, хто прытрымліваюцца праеўрапейскіх поглядаў, лічаць, што насельніцтва і палітычныя эліты Бесарабіі ўсвядомілі сваю румынскую ідэнтычнасць і вырашылі далучыцца да Румыніі. А савецкая гістарыяграфія і яе сучасныя пераемнікі называюць гэтую падзею акупацыяй.

  • 1924

    на тэрыторыі сучаснага Прыднястроўя была створана Малдаўская Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Гістарычна гэтая тэрыторыя ніколі не была часткай Малдаўскага княства. Пры гэтым менавіта тут бальшавікі паспрабавалі сканструяваць першасную малдаўскую савецкую грамадзянскасць і ідэнтычнасць, да якой у далейшым планавалі далучыць Бесарабію.

  • 1940

    Малдова стала часткай Савецкага Саюза.

  • 1941

    Бесарабія зноў увайшла ў склад Румыніі, калі Румынія ўступіла ў Другую сусветную вайну.

  • 1944

    Бесарабія зноў увайшла ў склад Савецкага Саюза як Малдаўская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, уключаючы сучаснае Прыднястроўе. Поўнач і поўдзень Бесарабіі аддалі Украіне.

Два абліччы

— Калі сутыкаешся з развагамі аб Малдове, то часта сустракаеш такія спалучэнні, як «супярэчлівая самасвядомасць». Малдаване, са слоў аднаго ангельскага даследчыка, — «самая штучная з савецкіх нацый». Але многія краіны аформілі сваю незалежнасць менавіта пры бальшавіках. Пра што ідзе гаворка?

Калі ў 1991 годзе Малдова абвясціла незалежнасць, яна засталася ў тых межах, якія былі вызначаныя ў Савецкім Саюзе. Рух за незалежнасць і аддзяленне ад СССР быў вельмі рамантычным. Самы папулярны лозунг у канцы 80-х — «Мова і алфавіт!». Справа ў тым, што афіцыйны статус румынскай мовы не прызнаваўся пры Савецкім Саюзе, для пісьма выкарыстоўвалі кірыліцу. Пратэсны рух патрабаваў вярнуць мову да лацінскага напісання і надаць румынскай мове афіцыйны статус. У пачатку 90-х у школы вярнулі румынскую мову і іншую, несавецкую інтэрпрэтацыю гісторыі. Гэта стала святам для адных і вялікім ударам для рускамоўнай часткі насельніцтва, якая раптам усвядоміла, што іх мова больш не з’яўляецца афіцыйнай і ўрад падтрымлівае зусім не тую версію гісторыі, якая прасоўвалася ў часы Савецкага Саюза.

Другі выток «супярэчлівасці самасвядомасці» — канфлікты паміж рускамоўнымі і румынскамоўнымі.

Гэта стала святам для адных і вялікім ударам для рускамоўнай часткі насельніцтва

Сёння прыкладна 30% насельніцтва лічыць, што мы — румыны, наша мова — румынская, і мы павінны быць у адной прасторы з Румыніяй, у ідэале — як адна дзяржава. А яшчэ частка — 20—30% — лічыць, што мова сапраўды румынская, але час знаходжання ў складзе Расійскай імперыі і Савецкага Саюза прывёў да зменаў у структуры свядомасці і ў дзяржаўных традыцыях, таму Малдова павінна ствараць уласную «грамадзянскую нацыю». І ёсць частка людзей, якія вагаюцца ў бок савецкага мінулага: яны лічаць — часткова з-за настальгіі, часткова як вынік расійскай прапаганды — што мы павінны вярнуцца ў арбіту Расіі, уступіць у Мытны саюз, і ніякая Еўропа нам не патрэбная.

Акрамя таго, калі абвяшчалі незалежнасць, Прыднястроўе аўтаматычна стала часткай новай малдаўскай дзяржавы. На гэтай тэрыторыі знаходзілася вялікая колькасць прамысловых прадпрыемстваў, і яго насельніцтва было вельмі прасавецкім, выступала за захаванне савецкіх традыцый, рускай мовы. Страх, што частка тэрыторыі паміж Прутам і Днястром далучыцца да Румыніі, паслужыў пачаткам вайны ў 1992 годзе*. Расія падтрымлівала Прыднястроўе, гэтак жа, як цяпер адбываецца на Данбасе, і ў выніку яно змагло здабыць фармальную незалежнасць. Канфлікт у Прыднястроўі выкарыстоўваўся як рычаг ціску, з-за якога Малдова не зблізілася з Румыніяй.

*Вайна ў Прыднястроўі — найбольш «гарачая» фаза Прыднястроўскага канфлікту: ваенныя дзеянні на аскепках Савецкага Саюза, які распаўся ў снежні 1991 года, з 2 сакавіка па 1 жніўня 1992 года.

Малдова: ад грамадзянскага канфлікту да праеўрапейскай прэзідэнткі

Мова нанова?

— З беларускага пункту гледжання зразумелы нацыянальны рух 90-х, але ў нас, на жаль, вынік аказаўся процілеглым. Працэс і вынік русіфікацыі ў Малдове быў такім жа, як у іншых савецкіх рэспубліках?

Вельмі моцны працэс русіфікацыі ішоў і ў эпоху Расійскай імперыі, і ў перыяд Савецкага Саюза. Спрабавалі ствараць малдаўскую ідэнтычнасць і малдаўскую мову — па сутнасці, штучную мову, узяўшы за аснову гаворкі Прыднястроўя. У румынскай мове ёсць чатыры дыялекты (адзін паўночнадунайскі і тры паўднёвадунайскія), і гаворкі Малдовы і Прыднястроўя — частка паўначнадунайскага дыялекту румынскай мовы. Чалавек з Прыднястроўя зможа без цяжкасці размаўляць з чалавекам, напрыклад, з Трансільваніі, моўнага бар’ера не будзе, бо гэта нават не розныя дыялекты, а розныя гаворкі адной мовы. Савецкія лінгвісты з Малдовы спрабавалі ствараць новыя словы або на глебе румынскай мовы, выкарыстоўваючы штучныя формы як, напрыклад, румынскі аналаг спалучэння «гарлазавязка» замест слова «гальштук», «рукапраціральнік» замест слова «ручнік», або прапаноўваючы русізмы («халадзільнік», «паравоз») для абазначэння новых з’яў і прадметаў. Гэта была спроба савецкай улады стварыць малдаўскую ідэнтычнасць праз мову, але яна пацярпела крах. У 50-х гадах гэтую штучную мову ўжо ніхто не ўспрымаў, таму ўлады здалі назад. Маўляў, малдаўская мова ёсць, вельмі падобная да румынскай, але ўсё-ткі неяк адрозніваецца.

Ёсць пэўны пласт насельніцтва, як правіла, гэта этнічныя рускія, якія і сёння лічаць, што малдаўская мова адрозніваецца ад румынскай, але самі на ёй не гавораць. Тая людзі, якія арыентуюцца на Маскву, гавораць пра малдаўскую мову як пра частку малдаўскай ідэнтычнасці, але тая мова, на якой яны рэальна размаўляюць, — гэта тая ж мова, на якой гавораць у Бухарэсце. Быў, напрыклад, адзін вядомы палітык якому належыць вядомая фраза: «З філалагічнага пункту гледжання, мова румынская, а з палітычнага — малдаўская».

З філалагічнага пункту гледжання, мова румынская, а з палітычнага — малдаўская

— Чаму правалілася русіфікацыя ў Малдове, а ў Беларусі ўсё завяршылася паспяхова для бальшавікоў?

Падчас Расійскай імперыі большасць малдаван былі сельскім насельніцтвам, і яны не паддаваліся русіфікацыі шмат у чым з-за сваёй інэртнасці і традыцыйнага ладу жыцця. Пасля гэтага, з 1918 да 1940-х гадоў, калі Бесарабія была часткай Румыніі, былі спробы стварыць агульную прастору. Людзі часта пераязджалі з адной часткі Румыніі ў іншую. Многія бесарабцы з’ехалі жыць, працаваць або вучыцца ў іншыя часткі краіны, з іншых рэгіёнаў Румыніі ў Бесарабію прыязджалі дзяржаўныя службоўцы. З-за гэтай міграцыі грамадства змешвалася, станавілася больш згуртаваным. Гэта не вельмі дапамагала русіфікацыі. А пазнейшая, савецкая, русіфікацыя была больш прагматычнай: руская мова патрэбная была для таго, каб падняцца па сацыяльнай лесвіцы.

Малдова: ад грамадзянскага канфлікту да праеўрапейскай прэзідэнткі

— Многія даследчыкі праводзяць прамую паралель з русіфікаванасцю сённяшняга беларускага грамадства і сталінскімі рэпрэсіямі. У ноч з 29 на 30 кастрычніка ў прадмесці Мінска сталінскія ўлады расстралялі больш за 100 выдатных дзеячаў культуры і мастацтва, нацыянальнага адраджэння. І гэта толькі адзін з многіх трагічных эпізодаў «нармалізацыі» Беларусі…

Падобнае было ў Прыднястроўі ў тыя ж гады, што і ў Беларусі. Нават сама палітыка была падобнай: спачатку так званая каранізацыя*, а пасля дзеячаў культуры расстрэльвалі. Прыднястроўе зараз русіфікаванае не менш, чым Беларусь. Малдова ўключылася ў савецкі працэс крыху пазней, пасля Другой сусветнай, таму ўсё адбывалася інакш. Партыйная вярхушка была рускамоўная, не з карэннага насельніцтва. Былі масавыя расстрэлы ў 1940-м, была дэпартацыя дзеячаў культуры і па-антысавецку настроеных грамадзян, але крыху менш крывава, чым у часы сталінскіх рэпрэсій. Нам у нейкім сэнсе пашанцавала: гады вялікага тэрору прайшліся па Прыднястроўі, а не па ўсёй тэрыторыі Малдовы. Калі б нас закранула ў той жа ступені, што і Беларусь, думаю, моўная сітуацыя была б аналагічнай.

* Каранізацыя — палітычная і культурная кампанія савецкай улады ў нацыянальным пытанні ў 1920-я і ў пачатку 1930-х гадоў, закліканая згладзіць супярэчнасці паміж цэнтральнай уладай і карэнным насельніцтвам нацыянальных рэспублік СССР. Для гэтай мэты ўлады прасоўвалі на кіруючыя пасады прадстаўнікоў мясцовых нацыянальнасцяў, стваралі нацыянальна-тэрытарыяльныя аўтаноміі, укаранялі мовы нацыянальных меншасцяў у справаводства і адукацыю, заахвочвалі выданне СМІ на мясцовых мовах. У Беларусі больш вядомая пад назвай палітыкі беларусізацыі.

Нам у нейкім сэнсе пашанцавала: гады вялікага тэрору прайшліся па Прыднястроўі, а не па ўсёй тэрыторыі Малдовы

— У Беларусі ёсць свой спецыфічны канфлікт: невялікая частка насельніцтва выступае за інтэграцыю з Расіяй. Усерасійскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі (УЦДГМ) у кастрычніку агучыў лічбу ў 25 %. Але Расія сама імкнецца канчаткова зацягнуць Беларусь у сваю геапалітычную арбіту. Таксама яна не супраць умацаваць свой уплыў і ў Малдове: сёння ў парламенце Малдовы 32 мандаты са 101 узяў выбарчы блок камуністаў і сацыялістаў, якія традыцыйна выступаюць за збліжэнне з Расіяй. А ці ёсць падобныя тэндэнцыі ў Румыніі? Яна таксама глядзіць на Малдову як на сваю страчаную частку?

Стаўленне Румыніі да Малдовы ў прынцыпе можна параўнаць з тым, як сёння Польшча і Літва ставяцца да Беларусі. Але ў той жа час, ёсць больш глыбокае разуменне нашай агульнасці. Пры гэтым палітыкі, якія гавораць аб далучэнні Малдовы да Румыніі, — у асноўным папулісты. Яны выкарыстоўваюць настальгію і пэўную адчувальнасць да Румыніі часткі малдаўскага электарату і адчувальнасць да Малдовы часткі румынскага электарату. З пачатку 90-х Румынія дала вельмі шмат магчымасцяў для жыхароў Малдовы, і працягвае гэта рабіць і цяпер, з’яўляючыся «адвакатам» Малдовы пры ЕС. Гэта і магчымасць навучання, і эканамічная падтрымка, і падвойнае грамадзянства. Каля 700 тысяч жыхароў Малдовы маюць румынскае грамадзянства. Вельмі шмат маіх сяброў ужо эмігравала ў Румынію. Таму калі і казаць пра інтэграцыю, то яна выяўляецца хутчэй у падтрымцы, чым у жаданні паглынуць краіну як такую. Мне здаецца, Румынія ўсведамляе тыя праблемы, якія непазбежна ўзніклі б, калі Малдова стала б яе часткай — пакуль жа мы з’яўляемся буфернай зонай паміж Еўропай і славянскім светам, і гэта, здаецца, зручна амаль усім.

 

Расчараванне ад вялікай палітыкі

— План бальшавікоў у Малдове, відавочна, ішоў не так гладка, як ім хацелася б. Як жа выйшла, што да нядаўняга часу камуністы і сацыялісты мелі сур’ёзную вагу ў палітыцы суверэннай Малдовы?

Гэта ўплыў тых людзей, якія цягнуцца ў бок Расіі і савецкага мінулага. Можна сказаць, што і ў камуністаў, і ў сацыялістаў вельмі дысцыплінаваны электарат. Грамадзяне, якія сімпатызуюць гэтым сілам, у большасці сваёй удзельнічаюць у выбарах. І добра, калі палова людзей з іншымі прэферэнцыямі ходзяць галасаваць. Таму ў пачатку 2000-х гэтыя палітычныя сілы былі ва ўладзе.

Малдова: ад грамадзянскага канфлікту да праеўрапейскай прэзідэнткі

— У Беларусі людзі проста не вераць у сумленныя выбары, толькі ў 2020 годзе з’явілася надзея на тое, што ўладу можна змяніць электаральна. А чаму выбары не цікавяць жыхароў вашай краіны?

Выбары ў Малдове праходзяць дэмакратычна з пачатку 90-х, не было выяўлена істотных фальсіфікацый. Хутчэй, гаворка ідзе пра палітычную апатыю з-за карупцыі палітыкаў і нявыкананых абяцанняў, адчуванне таго, што палітыкі хлусяць. Адзін за адным, палітычныя лідары станавіліся вельмі вялікім расчараваннем. Зараз Мая Санду стала прэзідэнтам. Цяпер, мне здаецца, яна будзе наступным палітыкам, у якім Малдова будзе расчароўвацца. Таму што гэта патэрн: ёсць нейкая фігура, якой выдаецца крэдыт даверу, а калі яна пачынае дзейнічаць якім-небудзь чынам, які не задавальняе частку электарату, адразу ж чуюцца воклічы: «Яна нам здрадзіла!» Апраўдаць гэты давер у прынцыпе немагчыма.

Адзін за адным, палітычныя лідары станавіліся вельмі вялікім расчараваннем

Тое, як грамадства выдае крэдыт даверу, тое, што яно ўспрымае кожную новую палітычную постаць, партыю як свайго роду збаўцу, б’е вельмі моцным расчараваннем ужо праз месяц ці два пасля выбараў. Я ўжо сустракаў людзей, якія клянуцца, што не прагаласуюць больш за Санду з-за яе пазіцыі ў «газавай вайне» з Расіяй*. Расчараванне гэтай часткі электарату ўзнікае з ідэалізацыі таго, што можа рабіць палітык. Людзі зыходзяць або з савецкага мінулага, або з уласных жаданняў, а таму думаюць, што палітык можа заўтра ж вырашыць усе праблемы краіны. І калі гэтага не адбываецца, ён успрымаецца як здраднік. Крэдыт чаканняў вельмі высокі і вельмі нерэалістычны.

* У кастрычніку 2021 года паміж Малдовай і Расіяй разгарэўся канфлікт вакол расійскіх паставак газу. Расійскі дзяржаўны канцэрн “Газпрам” не стаў працягваць кантракт на пастаўку паліва, настойваючы на прыняцці новых умоў. Аналітыкі звязваюць гэтае жаданне са зменай улады ў Малдове — у 2021 годзе на выбарах перамагла праеўрапейская палітык Мая Санду. Яна змяніла на пасадзе прэзідэнта Ігара Дадона, які стараўся трымаць Малдову ў зоне расійскага ўплыву.

 

Прыднестравізацыя Беларусі

— Беларускія аналітыкі кажуць пра тое, што перад краінай ёсць рэальная пагроза прыднестравізацыі — краіна можа стаць фармальнай часткай Расіі, шэрай зонай для дзеяння карупцыйных схем. Як вы ацэньваеце падобныя рызыкі?

Я магу ацаніць сітуацыю ў Беларусі толькі зыходзячы са слоў маіх знаёмых і з навін, але мне здаецца, гэта не так ужо і неверагодна. Я адзіны раз быў у Беларусі, напэўна, у 2014 годзе. Тое, якім я ўбачыў Мінск, якія меў там адчуванні, прымусіла правесці паралелі з Прыднястроўем. Культ чысціні, настальгія па савецкім мінулым, нават тады ўжо татальны кантроль — гэта паказчык таго, што ўсё ідзе па адным шляху з Прыднястроўем.

 

— У Расіі і Украіне Аляксандр Лукашэнка доўгі час быў самым папулярным замежным палітыкам. У Малдове ёсць частка грамадства, якая сімпатызуе Лукашэнку?

Тыя, хто падтрымліваюць былога прэзідэнта Ігара Дадона і сімпатызуюць Пуціну, лічаць і Лукашэнку вартым палітыкам. Яны ўсе ўспрымаюцца як частка адной агульнай прасторы. Як падобныя асобы.

Малдова: ад грамадзянскага канфлікту да праеўрапейскай прэзідэнткі

— Калі ўжо мы загаварылі пра падобных асоб, то чаму ў Малдове не здарылася свайго дыктатара?

Пасля распаду Савецкага Саюза першым прэзідэнтам Рэспублікі Малдова стаў Мірча Снегур. Ён прыйшоў да ўлады на хвалі рамантычных пратэстаў. Ён не карыстаўся даверам вялікай часткі камуністычнага парламента. Другі кіраўнік Малдовы Пётр Лучынскі — якраз выхадзец з камсамольска-партыйнага асяроддзя. І вось пасля яго ў нас быў свой уласны дыктатар — Уладзімір Варонін. Ён мог бы стаць фігурай, падобнай да Лукашэнкі. І тое, як ён сышоў з улады ў 2009 годзе, таксама нагадвае Беларусь. Гэта было пасля пратэстаў. У нас пратэсты доўжыліся тры дні, і пасля таго як сілавікі пачалі біць, арыштоўваць, прымяняць гвалт да людзей, грамадзянскія выступы проста зніклі з вуліц. Але ў апазіцыйных палітыкаў быў вельмі добры пасыл — яны прасілі людзей быць асцярожнымі, сыходзіць дадому і пазбягаць любых дзеянняў, якія падвергнулі б іх небяспецы. «Мы ў адказе за ўсё, мы ўсё зможам», — гаварылі яны. І яны змаглі. Зрынулі Вароніна. Яны былі карумпаваныя, так, у іх былі свае ўласныя праблемы, але яны змаглі ў парламенце стварыць апазіцыю, каб у камуністаў не было шанцу пераабрацца. У нас у той час прэзідэнт абіраўся парламентам, і не хапіла аднаго голасу для новага тэрміну.

Мы ў адказе за ўсё, мы ўсё зможам», — гаварылі яны

— Вы сачылі за тым, што адбывалася ў Беларусі ў жніўні 2020 года?

Праеўрапейская частка грамадства з велізарным энтузіязмам сачыла за падзеямі ў Беларусі. Гэта была шчырая падтрымка. А ў афіцыйных медыях гэта праходзіла пункцірам. Тады ва ўладзе быў прэзідэнт Дадон, сябар Лукашэнкі.

Думаю, калі не будзе вайны, то праз 10-20 гадоў і ў нас, і ў вас будзе вельмі развіты, цалкам еўрапейскі рэгіён. Калі будзе вайна, можа здарыцца другая жалезная заслона. Нельга адмаўляць, што можа ўспыхнуць такая ж вайна, як на ўсходзе Украіны — і тады, на жаль, сітуацыя працягнецца яшчэ гадоў на 50.

Снежань 2021