Аляксандр Кныровіч — прадпрымальнік, ментар, інвестар і былы вязень. Кіраваў групай кампаній «Сармат», у 2017 быў затрыманы. Суд абвінаваціў Кныровіча ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і асудзіў на шэсць гадоў зняволення, з якіх бізнесовец правёў за кратамі 4,5. Зараз Кныровіч за мяжою, думае, як прыспешыць змены і чаго не хапае для нашай перамогі. Свае роздумы прадпрымальнік занатаваў адмыслова для Сойкі.
Мяне завуць Аляксандр Кныровіч. І я не прадстаўляю тут нікога, акрамя самога сябе.
Я не прадстаўляю ніякую палітычную сілу, грамадскую арганізацыю, сістэму эканамічных поглядаў. Я нават не прадстаўляю ні прадпрымальнікаў, ні зняволеных, чаго можна было б чакаць. Толькі самога сябе. Грамадзяніна.
І для пачатку я хачу сказаць некалькі непрыемных рэчаў.
НЕПРЫЕМНЫЯ РЭЧЫ
- Гісторыя 2020 года — завершаная. Падзеі спелі дзесяцігоддзі. Многае сышлося ў адну кропку. І падрослыя несавецкія пакаленні беларусаў, і неразуменне ўладай рэальнай сілы інтэрнэт-супольнасці, і адкрыта наплявальніцкае стаўленне з боку яе ж, улады, да пандэміі, і выбарчая кампанія, і, вядома, асобы, хоць вось асобы ў гэтым спісе — гэта апошняе, што адыграла ролю.
- Грамадзяне Рэспублікі Беларусь сваё меркаванне пра жаданую будучыню выказалі. Яны зрабілі значна больш, чым ад іх можна было чакаць, але — прайгралі.
- Далей мы бачым толькі наступствы. Краіна — пад плінтусам, самы актыўны, творчы пласт людзей — у эміграцыі, людзі… рэальныя людзі, якія жадаюць жыць у нармальнай краіне, адэкватнай свету 21 стагоддзя, — у глыбокай псіхалагічнай траўме, параўнальнай з групавым згвалтаваннем.
ЦІ МАГЧЫМАЯ ПАЛІТЫКА Ў БЕЛАРУСІ?
Адзіная прычына існавання палітыка — наяўнасць людзей, інтарэсы якіх ён выражае, запыту якіх ён адпавядае. У гэтым ён падобны да прадпрымальніка: трапляе прадукт у запыты пакупніка — ёсць бізнэс, не трапляе — зачыняй краму. І ў гэтым яго, палітыка, адрозненне ад філосафа, пісьменніка, мастака, які можа сабе дазволіць ствараць без аглядкі на штодзённую побытавую мярзоту.
Немагчыма заплюшчыць вочы на страту даверу беларусаў да палітычнага жыцця ў цэлым. На страту адчування сувязі паміж любымі ўласнымі дзеяннямі і сітуацыяй у краіне. Лукашэнка і Пуцін будуюць свой фантастычны, ілюзорны свет, вяртаюць да жыцця труп савецка-імперскай ідэалогіі. Рэальны голас чалавека гэтаму толькі перашкаджае.
Палітыкі, якія з’ехалі, — Ціханоўская, Цапкала або Латушка, або любыя іншыя — робяць тое, што сёння ў іх сілах. Але час ідзе. Палітвязняў усё больш, законы ўсё больш жорсткія, эканамічная сітуацыя ўсё горшая. Людзі не вераць. І калі я кажу «людзі», я, безумоўна, маю на ўвазе як тых, хто застаўся ў Беларусі, так і тых, хто з’ехаў. І калі ў першым выпадку ўсё больш-менш зразумела, то ў другім — у мяне шмат пытанняў.
Паўтаруся: у магчымасць пераменаў у сваім жыцці да лепшага ў агляднай перспектыве не вераць 99% беларусаў. І я таксама не веру.
І яшчэ я ні на секунду не веру ў магчымасць вяртання ў сітуацыю вясны 2020 года. Не будзе больш ніякіх палітычных кампаній нават на міліметр падобных да таго, што было ў 2010, 2015, 2020 гадах. Гэтага не будзе. Любая спроба вярнуцца ў мінулае, паверыць у ілюзію, што Драздам або Крамлю чамусьці спатрэбіцца «дэмакратычная абгортка» працэдуры волевыяўлення грамадзян, у той, мінулай яе версіі — ілюзія.
І пасля пачатку вайны гэта ілюзія ўдвая.
Ці азначае гэта, што палітыкі павінны сядзець склаўшы рукі і чакаць? Не, не, і не. Гэта азначае толькі, што шлях іх будзе цяжкі, на ім застануцца самыя стойкія, і больш, чым розум, ім патрэбная вера.
Ці азначае гэта, што ўсё было дарма? 33 разы — не! Прачнулася нацыя, прыгожая, інтэлігентная, пазітыўная і нацэленая ў будучыню — нацыя. Яно таго каштавала.
Але адбылася падзея, падобная да 1905 года ў Расеі, 1968-га ў Чэхаславакіі, 1989-га ў Кітаі. І каб адбыўся 1917-ы ў Расеі, 1989-ы ў Чэхаславакіі, патрэбна іншае спалучэнне фактараў. Залішне нагадваць, што ў Кітаі за 30 гадоў такія фактары так і не склаліся.
Цяпер рэальнае палітычнае жыццё ў Беларусі магчымае толькі ў рэжыме сапраўднага, паўнавартаснага падполля. Звонку? Тут сітуацыя крыху іншая. Без камунікацыі з беларусамі ўнутры краіны, без рэальных адказаў на пытанні, якія стаяць перад імі, шлях любога палітыка — гэта рух да статусу рады БНР або паважанага Зянона Пазняка. Структура ёсць, людзі выдатныя. Ступень уплыву на актуальныя падзеі — мінімальная..
Сцвярджэнне «рэжым адрэзаў беларусаў ад інфармацыі» — хлусня. Асноўная крыніца інфармацыі для беларуса 21 стагоддзя — сацсеткі. І беларусаў там больш за 4 млн чалавек. І тое, што максімальная (не лічачы адзінкавых пікаў) аўдыторыя палітычных каналаў — 300 тысяч чалавек, гаворыць пра адсутнасць таго самага прадукту, цікавага беларусам.
Абмяркоўваючы мэты, часцей за ўсё мы гаворым пра захаванне незалежнасці Беларусі, вызваленне палітвязняў, змену палітычнага ладу. У залежнасці ад успрымання ўласных мэтаў, на першы план высоўваецца нейкая з трох, ад гэтага будуецца стратэгія і ўзнікаюць бурныя спрэчкі, узаемныя абвінавачванні ў здрадзе, праклёны.
Палітвязні — закладнікі. Перамовы магчымыя. Але перамовы магчымыя паміж рэальнымі сіламі. Такімі сёння з’яўляецца дзеючая ўлада — як бы мы яе ні называлі — і ўлады краін, якія накладаюць санкцыі. Беларускія палітыкі за мяжой (а толькі тут яны і засталіся) могуць прасіць, могуць раіць… і — усё. Перамоўным бокам яны не з’яўляюцца. Добрая навіна ў тым, што любы турэмны тэрмін мае як пачатак, так і канец. І праз два гады, пасля амністыі, традыцыйна прысвечанай n-годдзю вызвалення Менска, у калоніях застанецца наш ТОП-20. Астатнія — выйдуць. З псіхалагічнай траўмай, разбураным сацыяльным жыццём, але выйдуць.
Незалежнасці Беларусі ж сёння нічога не пагражае. Лукашэнка — першы яе ахоўнік. Сцэнар, пры якім ён, перадаўшы краіну Крамлю юрыдычна, дажывае свой век у Растоўскай вобласці, немагчымы проста па яго асобасных, псіхалагічных абставінах. Можна колькі заўгодна гуляць словамі пра «акупацыю», але рэальнасць ад гэтага не мяняецца.
А вось са зменай палітычнага ладу складаней. Палітычныя працэсы сёння рухаюць Беларусь наўпрост за «жалезную заслону». Пытанне толькі яе «глухаты», шчыльнасці. Гэта — асноўны сцэнар. Ці ёсць іншыя? Ёсць, і яны выглядаюць «чорнымі лебедзямі». Але мы ўжо два гады жывем у свеце «чорных лебедзяў». Хто мог уявіць «вушастых кажаноў» з Уханя? Вайну ў Еўропе? Захоп самалёта? Калі разважаць пра патэнцыял «чорных лебедзяў», то адносна прадказальнымі з’яўляюцца тры: «хлебныя бунты», «батальён Каліноўскага», «смерць Сталіна».
Калі б я быў палітыкам, я б планаваў свае дзеянні зыходзячы з гэтых трох сцэнароў, раз ужо разлічваць на пазітыўныя змены ў найбольш прадказальных сцэнарах не прыходзіцца.
ШТО Я ЛІЧУ ВАЖНЫМ?
Палітычнай сістэмы ўнутры краіны не існуе. Ёсць імітацыя палітычных інстытутаў. Ці існуе беларуская палітычная сістэма за межамі краіны? Пакуль толькі асобныя элементы. Ёсць абраны лідар, які мае нефармальную легітымнасць. Ёсць асобныя структуры НДА, ёсць відавочныя крытыкі, апаненты, ёсць ініцыятывы. Структуры, аналагічнай парламенту, якая прадстаўляе інтарэсы людзей, камунікуе, стварае запыты да лідараў, а ўжо тым больш працэдуры — няма.
І тое, што сёння ў гэтай зале (віртуальна або рэальна) прысутнічае толькі нейкая частка такога кшталту ініцыятыў, — гэта выразны паказчык узроўню даверу. Давер не створаны, у шырокім сэнсе — нават не пачынаўся. І адзінства 2020 года, на якім мы ўсё яшчэ спрабуем ехаць, — толькі сітуацыйнае, павярхоўнае, не заснаванае на каштоўнасцях.
Актуальныя палітычныя ігрышчы — гэта вельмі важна. Хто і што сказаў, якія грошы і ад каго атрымаў, куды іх выдаткаваў, і наогул — «хто яму даў права?». Гэта нагадвае праграму «Няхай гавораць» — гледачу проста не адарвацца. Я часам сабе на ноч уключаю ўзаемную сварку беларускіх, даруй божа, блогераў… Але гэта так, сумныя жарты.
ШТО Я ЛІЧУ НЕАБХОДНЫМ?
Я бачу галоўнай мэтай аб’яднанне беларусаў на аснове сучаснай нацыянальнай ідэнтычнасці. І гэтую каштоўнасную, культурную ідэнтычнасць яшчэ трэба будзе ўсвядоміць, апісаць і прасунуць як унутр беларускай супольнасці, так і вонкі, усяму астатняму свету. Гэта вялікая праца, але няма іншага шляху, калі мы хочам стварыць нешта, што перажыве ўсе палітычныя сістэмы, палітыкаў, у тым ліку і нас з вамі.
Нам патрэбна ўсвядомленая ідэнтычнасць і нам патрэбныя пазітыўныя прыклады самарэалізацыі беларусаў у гэтым, сучасным, свеце. Нам патрэбны вобраз паспяховага беларуса, які жыве па-за чырвона-зялёнай, савецкай парадыгмай. Гэтыя вобразы ёсць, з імі трэба працаваць. І аснова тут, вядома, усе тыя, хто быў вымушаны з’ехаць за апошнія два гады.
Мы — маркер. І дзяржпрапаганда мае рацыю, гэта велізарны выклік — што будзе з намі. Растворымся мы, кожны ў сваіх побытавых гісторыях, нязручнасцях, альбо пададзім прыклад іншым. Гэта выклік.
Калі мы зможам, значыць, магчыма вельмі і вельмі многае, у тым ліку віртуальная дзяржава, аб’яднаная «дыджытал Беларусь». Я ў гэта веру. Больш за тое, я перакананы, што і цяпер мы можам вельмі і вельмі многае. Няма ніякай патрэбы чакаць змены ўлады ў Беларусі, каб рэалізоўваць культурныя, адукацыйныя, інтэлектуальныя, грамадскія праекты, як і праекты ў галіне самакіравання. Так, аўдыторыя будзе не 9,5 млн, а 300 тысяч чалавек, але што ад гэтага мяняецца? Эфектыўнае ў малым будзе эфектыўным і ў большым. Мёртвае — памрэ, колькі труп ні размалёўвай.
Такім чынам, нам патрэбныя:
- Ідэнтычнасць.
- Аб’яднанне на падставе гэтай ідэнтычнасці.
- Пазітыўныя прыклады самарэалізацыі беларусаў у свеце на падставе ідэнтычнасці.
Ідэнтычнасць — гэта падмурак, на якім можна будаваць. Будзе ідэнтычнасць, пачуццё агульнасці нацыі — і людзі пацягнуцца да яе і з-за «жалезнай заслоны», і мы перажывем стагоддзі гэтай чырвона-зялёнай гадасці, калі спатрэбіцца, не разгубіўшы сябе. Не будзе — любая перамога, як бы і калі б яна ні прыйшла, праз тры месяцы, альбо праз 30 гадоў, будзе ілюзіяй, пустышкай.
ШТО ТРЭБА ЗРАБІЦЬ?
Мы павінны адказаць сабе на тры пытанні.
1. Адкуль мы? Нам патрэбны агульны погляд на нашу гісторыю, культуру, на наша мінулае. Гэтаму мінуламу больш за тысячу гадоў. У ім былі і часы незалежнасці нашых продкаў, і часы існавання ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, і перыяд русіфікацыі і жыцця ў Паўночна-Заходнім краі Расійскай імперыі, і БССР, і 2020-ы. Усё гэта — наша гісторыя, нашае мінулае, нашы героі. І аповед пра гэта ў той форме, якая была б сучасная і цікавая ў 21 стагоддзі, якая магла б захапіць нашых дзяцей — гэта адна з галоўных задач.
2. Хто мы? Нашы нацыянальныя рысы, нашы святы, традыцыі і звычаі, уклад штодзённага жыцця і, безумоўна, наша мова таксама патрабуюць апісання, захавання і культывавання. Гэта каштоўнасць, гэта багацце. Я перакананы, напрыклад, што беларускае Купалле ў сучаснай яго версіі можа прэтэндаваць на статус культурнага маркера, сімвала, брэнда беларускай нацыі, не менш, чым Дзень Святога Патрыка для ірландцаў.
3. Куды мы ідзем? Агульнае ўяўленне пра шчаслівую будучыню павінна быць сфармулявана, апісана, прадстаўлена. Якое грамадства мы хочам пабудаваць? Што менавіта бачыцца нам мэтай? Я перакананы, што, падрабязна адказаўшы сабе на гэтае пытанне, мы ўбачым, што тое, да чаго мы хочам прыйсці, дасягальнае і сёння.
На гэтыя пытанні трэба адказаць і расказаць пра беларусаў у першую чаргу самім сабе, у другую — усяму астатняму свету. Расказаць і рушыць далей. Ад ідэнтычнасці, мары — да адзінай супольнасці беларусаў, напэўна, у самай сучаснай і адзіна магчымай форме — да лічбавай дзяржавы. А магчыма, і далей, праз асобныя беларускія паселішчы, да паўнавартаснай нацыянальнай дзяржавы. Пажывем — убачым.
Свет 21 стагоддзя — свет супольнасцяў, свет без межаў.
Беларус беларусу беларус. Дзякуй.
Меркаванне аўтара не заўжды тоеснае меркаванню рэдакцыі.