Размовы

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку»

Украінская паэтка Ія Ківа пра вымушаны ад’езд з Данецка, страх перад вайной і ўзаемную цікавасць да Беларусі

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку»

Ія Ківа — украінская паэтка, журналістка і перакладчыца з Данецка. Вымушаная перасяленка. З 2014 жыве ў Кіеве, аўтарка двух паэтычных зборнікаў. У 2021 выдала кнігу «Ми прокинемось іншими: розмови з сучасними білоруськими письменниками про минуле, теперішнє і майбутнє Білорусі».

— Цяпер шмат інфармацыі пра новыя войскі, вайну, пра новую расейскую агрэсію. Вы баіцеся, у вас ёсць трывожная валізка?

На пытанне пра страх адказваць даволі складана. Расейска-ўкраінская вайна ідзе з 2014 года, і пагроза поўнамаштабнай вайны або чарговай гарачай фазы на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей вісіць над Украінай пастаянна. Адзінае, што мяне турбуе на фоне таго, што адбываецца: чаму мы за восем гадоў усёй краінай не прайшлі курсы па стральбе і аказанні першай медыцынскай дапамогі. Мне здаецца, гэтыя навыкі не былі б лішнімі нават у якасці седатыўнага сродку. Але я не эксперт у гэтым пытанні і не вазьмуся ацэньваць, наколькі такая задача здзяйсняльная і эфектыўная.

Чаму мы за восем гадоў усёй краінай не прайшлі курсы па стральбе і аказанні першай медыцынскай дапамогі

Я, безумоўна, сачу за навінамі, чытаю аналітыку, гляджу, чым дзеляцца людзі ў сацсетках, і спрабую ўбачыць у тым, што адбываецца логіку, зразумець, каму могуць быць выгадныя тыя ці іншыя сцэнары, уключыць фантазію і ўявіць патруляванне ўкраінскіх гарадоў расейскімі акупацыйнымі войскамі і гэтак далей. І ўсё кажа пра тое, што пераход да адкрытага наступу зробіць немагчымым «іх там няма» і байкі пра братэрскую любоў, што ў вялікай вайне для Расеі няма ні эканамічнай выгады, ні нейкай кампенсаторнай функцыі, як было гэта з нацысцкай Германіяй, якая прайграла ў Першай сусветнай вайне. Але, з іншага боку, хіба варта шукаць логіку ў дзеяннях гопніка? А Расея паводзіць сябе менавіта як дзяржава-гопнік: дэманструе сілу проста таму, што можа. І адзінае, што застаецца цяпер украінцам, — жыць паводле прынцыпу «хочаш міру — рыхтуйся да вайны», не спяшаючыся супакойвацца, калі імперскі дыназаўр чарговым разам хавае кіпцюры і зубы.

А трывожную валізку я не збіраю. Я і ў 2014-м яе не збірала. Строга кажучы, валізка з’явілася ў мяне толькі летась, калі трэба было паехаць на паўгода ў Польшчу на стыпендыю Gaude Polonia, таму што неабходныя мне рэчы ў заплечнік, з якім я прыехала з Данецка ў Кіеў, туды б не змясціліся. Плюс з досведу магу сказаць, што знесці на сабе можна не вельмі шмат, толькі жыццёва неабходны мінімум.

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку» Чаркаскі кніжны фестываль, 2019; з асабістага архіву

— Як гэта — жыць 8 гадоў у выгнанні з роднага горада?

Я нядаўна сама сабе задала тое ж пытанне і зразумела, што вось ужо восем гадоў жыву ўнутры нейкай неверагоднай стомы, якая, як каменная падушка, ляжыць на твары і не дае нармальна дыхаць. Або ўнутры кашмару з мноствам пакояў, па якіх ты ідзеш, ідзеш, ідзеш і не можаш прачнуцца. Жыццё, безумоўна, працягваецца. Але вайна працягваецца, у тым ліку і ў інфармацыйнай сваёй частцы. І ўкраінскае грамадства жыве ў стане прымусовай інваліднасці, калі планы, надзеі, мары ў любы момант могуць апынуцца чымсьці няважным, другасным, паколькі імперскія комплексы Расейскай Федэрацыі важнейшыя. Гэта як калі б у вас было дзве здаровыя нагі, але вы ўвесь час вымушаныя скакаць на адной, абапіраючыся на мыліцы, таму што нармальна хадзіць вам проста не даюць.

 

— Чаму вайна на Данбасе навучыла ўсіх украінцаў? Ці ёсць паніка ў грамадстве ў сувязі з новай пагрозай?

Спектр эмоцый у людзей вельмі розны: хтосьці панікуе, хтосьці пераводзіць чарговую суму грошай на патрэбы ўкраінскага войска, хтосьці працягвае жыць звычайным жыццём, хтосьці не верыць, што вайна пяройдзе ў поўнамаштабную фазу, хтосьці ратуецца мастацтвам. Ва ўсякім выпадку, грэчку, запалкі і соль у тым раёне Кіева, дзе я зараз жыву, з прылаўкаў не змятаюць (смяецца).

Ва ўсякім выпадку, грэчку, запалкі і соль у тым раёне Кіева, дзе я зараз жыву, з прылаўкаў не змятаюць

Калі параўноўваць з 2014 годам, у нас зараз ёсць армія, у некаторых украінцаў — досвед удзелу ў ваенных дзеяннях, аказання ваеннай медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі, валанцёрства, амаль ва ўсіх украінцаў — вопыт дапамогі арміі, вымушаным перасяленцам або тым, хто працягвае жыць у акупацыі ў Крыме, Данецкай і Луганскай абласцях, грашыма, рэчамі або медыкаментамі. І яшчэ я ведаю дакладна, што ў нас бываюць спрэчкі праз мову, праз розныя гістарычныя і сучасныя бэкграўнды, праз рознае разуменне тых ці іншых рэчаў, але гэта ўсё ўнутраныя ўкраінскія дыскусіі, і асацыяваць з «рускім светам» сябе дакладна ніхто не хоча, таму што «рускі свет» — гэта руская вайна. Як правіла, на тэрыторыях чужых дзяржаваў. Гэта, магчыма, прагучыць дзіўна, але я думаю, што за гэтыя восем гадоў украінцы навучыліся быць украінцамі. Менавіта украінцамі, а не некім яшчэ.

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку» Данецк, 1985 або 1986, каля Данецкага краязнаўчага музею; сямейны архіў

— Як вы пакідалі гэта ўсё? Можаце расказаць пра свой ад’езд?

Калі з горада сышла ўся ўкраінская ўлада (хоць ці ўкраінская яна — пытанне адкрытае), стала зразумела, што вайна — гэта надоўга. Тады казалі — гадоў на пяць-сем. Але гэта інтуітыўнае разуменне чамусьці ніяк не хацела складвацца ў цэлае з тым, што вымушаны ад’езд — таксама гадоў на пяць-сем. Мне здаецца, людзі прыблізна так думаюць пра сваіх мёртвых. Растлумачу на сваім прыкладзе: майго бацьку забілі ў 2010 годзе, і адной часткай сябе я разумею, што яго няма ў жывых, а іншая пастаянна бачыць сны аб яго вяртанні, у якіх я спрабую яго распытаць, дзе ж ён быў увесь гэты час. Так і з вайной: ты адначасова верыш і не верыш у тое, што адбываецца, разумееш, што гэта адбываецца з табой, і адмаўляешся гэта разумець.

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку» Данецк, 2007 ці 2008; сямейны архіў

А з’язджала я вельмі смешна. Цягнула паперкі з назвамі розных гарадоў, запалкі, кідала манетку… Калі цябе ніхто нідзе не чакае, у прынцыпе ўсё роўна, куды ехаць. Кіеў я выбрала ў выніку з дзвюх прычын: мне здавалася, што ў выпадку чаго людзі тут будуць абараняцца (а ў пачатку вайны танкаў з боку Чарнігава асцерагаліся даволі сур’ёзна), а яшчэ я хацела, каб горад быў вялікі, як Данецк. Ну, і некалькі разоў да вайны я ў Кіеве ўжо была — гэта неяк супакойвала трывогу невядомасці.

А з’язджала я вельмі смешна. Цягнула паперкі з назвамі розных гарадоў, запалкі, кідала манетку...

— Цяпер многія беларусы вымушаныя з’язджаць. Што вы ім можаце параіць?

Я хачу вам нагадаць фільм «Восень у Нью-Ёрку». Там бабуля галоўнай гераіні — жанчына, якая страціла багацце, у якой памерла дачка ў маладым узросце, і якая жыве з адчуваннем, што ў любы момант ад невылечнай хваробы можа ў яшчэ больш маладым узросце памерці і яе ўнучка, — кажа: «Паглядзі на мяне, хіба я падобная да чалавека, які можа камусьці нешта раіць?»

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку» З Альгердам Бахарэвічам і Юліяй Цімафеевай. Чарнігаў, міжнародны фестываль «Литавры», 2019; аўтарка фота – Анна Арсеніч-Баран

Не ведаю, ці маю права я камусьці нешта раіць, але магу сказаць пра тое, што дапамагае асабіста мне: ніколі не здавацца, па магчымасці не азірацца назад — нагадаю тут пра гісторыі Арфея і жонкі Лота, супраціўляцца мове нянавісці і памятаць, што каханне — вялікая сіла. Ну, і жыць па прынцыпе carpe diem — нічога не чакаць і цаніць любую магчымасць для радасці.

 

— Зараз у Кіеве вам камфортна? Кіеў — дом?

Сваім Для мяне Кіеў не стаў. Ці я не стала для яго сваёй. Я не адчуваю тут сябе дома або што мне ёсць куды вяртацца. Я апынулася ў гэтым горадзе ў не самы лёгкі для сябе і краіны час, і ў першыя тры гады вайны сутыкнулася з такой колькасцю стэрэатыпаў у дачыненні да людзей з Данецка, ксенафобіі і агрэсіі, што ў мяне проста няма сіл пра гэта забыцца. Пры гэтым я разумею, што так працуе прапаганда і што гэта не ўсе жыхары Кіева. Але ў той перыяд мая ўразлівасць была нашмат большая, чым цяпер, і ўсё гэта кожны раз збівала з ног. Кажу пра гэта з вялікім шкадаваннем. Будзем спадзявацца, што калі наша з Кіевам гісторыя і не стала гісторыяй узаемнай любові, то хоць бы стала працяглым знаёмствам, на працягу якога мы адзін аднаго часам радавалі і, можа быць, нечаму змаглі навучыць, нечым адно з адным падзяліцца.

Сваім Для мяне Кіеў не стаў. Ці я не стала для яго сваёй

— Давайце зноў вернемся да Беларусі. Як вы зблізіліся з беларускімі пісьменнікамі, пачалі перакладаць з беларускай?

Ва ўсім, як заўсёды, вінаватая паэзія. У 2016 годзе я пазнаёмілася на «Форуме выдаўцоў» у Львове з Андрэем Хадановічам і Антонам Рудаком — так у маёй бібліятэцы (праўда, пасля 2014-га я яе не збіраю) апынулася першая кніга на беларускай мове, паэтычны зборнік Антона «Верхні горад». А праз год я пачула на адным з кіеўскіх фестываляў, як беларускія паэты і паэткі чытаюць свае вершы. І даволі моцнае ўражанне на мяне тады зрабіла Юля Цімафеева, не толькі тэкстамі, але і экспрэсіўнай манерай чытання. Так я пачала патроху перакладаць яе тэксты — спачатку для сябе, а потым і публічна. Пазней мы рабілі шэраг сумесных мерапрыемстваў з ёй і Альгердам Бахарэвічам на чарнігаўскім фестывалі «Літаўры». У 2019-м я была ў Мінску на фестывалі «Рукапісны ўвод», дзе пазнаёмілася з Крысцінай Бандурынай, Вольгай Маркітанавай, даследчыцай Ульянай Верынай. І, зразумела, формай знаёмства стаў пераклад беларускай паэзіі і эсэістыкі на ўкраінскую або рускую мовы: гэта ўжо згаданая Юля Цімафеева, Дзмітрый Строцаў, Крысціна Бандурына, Веніямін Блажэнны, Альгерд Бахарэвіч, Артур Камароўскі, Таццяна Сапач, Ганна Отчык, Вольга Злотнікава, Сяргей Прылуцкі, Алена Пятровіч, Ганна Комар і іншыя аўтары, чые тэксты пакуль ляжаць у мяне ў чарнавіках.

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку» Кіеў, Марш жанчын, 2021; аўтар фота – Марына Курапцава

Я ўжо шмат разоў казала, што беларуская літаратура і наогул Беларусь для мяне — гэта дуэндэ. Ёсць людзі, якія адпраўляюцца ў доўгае падарожжа, за мора-акіян, перакладаючы з кітайскай ці японскай, а ёсць тыя, каму падабаецца хадзіць у блізкі лес і збіраць там грыбы — гэта, мабыць, я, паколькі перакладаю я ў асноўным са славянскіх моў. І мне ў гэтым лесе падабаюцца і беларуская мова, і беларускія песні, і беларуская літаратура, і беларускія партызаны. Ад адной толькі беларускай мовы я атрымліваю чыста эстэтычнае задавальненне і ўжо прыдумала для сябе працоўнае параўнанне: беларуская мова — гэта як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку, столькі ў ёй нізкіх густых тонаў і абертонаў.

 

— Вас ведаюць у першую чаргу як паэтку. Як вы вырашыліся на такі нон-фікшн — цэлую кнігу інтэрв’ю з беларускімі пісьменнікамі?

Кніга «Ми прокинемось іншими: розмови з сучасними білоруськими письменниками про минуле, теперішнє і майбутнє Білорусі» узнікла як адзін з праектаў Украінскага ПЭН, сябрам якога я з’яўляюся. Уласна, яна выйшла ў серыі «Бібліятэка Украінскага ПЭН», якая з’явілася як спроба даць пачатак добрай традыцыі асэнсавання і абмеркавання ўкраінскімі інтэлектуаламі розных фокус-тэмаў, якія тычацца важных праблем, тэндэнцый і змяненняў у культуры і грамадскім жыцці Украіны. Вось толькі ў 2021-м такой фокус-тэмай сталі пратэсты ў Беларусі, а кніжная серыя пашырыла свае геаграфічныя межы. І хоць мы з маімі героямі гаворым пераважна не пра іх і не пра літаратуру, а пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, лукашэнкаўскія рэпрэсіі, салідарнасць і смеласць — у кнізе мы чуем не толькі музыку беларускага супраціву, але і голас беларускай літаратуры.

«Беларуская мова — як украінская, да якой дадалі магутную бас-калонку» Кніжны арсенал, Кіеў, 2021, прэзентацыя «Ми прокинемось іншими»; Pen Ukraine

— Што новага вы адкрылі ў беларусах, што вас уразіла?

У мяне ў галаве такі калейдаскоп з фактаў, гісторый, эмоцый і асабістых размоў з многімі беларусамі анлайн і афлайн, што я нават не ведаю, што цяпер назваць. Адно з самых яскравых маіх уражанняў — гісторыя перакладчыцы Вольгі Калацкай, якая дала аплявуху прапагандысту Азаронку і атрымала за гэта два гады «хатняй хіміі». Я забылася, каму належыць фраза, што інтэлігент — гэта зусім не мямля, а той, хто можа даць па твары або спусціць з лесвіцы, але Вольга — менавіта такі інтэлігент, гатовы біцца за свае ўяўленні пра гонар і годнасць. У дадзеным выпадку — не толькі метафарычна. Я разумею, што яе ўчынак быў прадыктаваны эмоцыямі, але эмоцыі гэтыя былі эмоцыямі высакароднасці. Я ўжо не памятаю, калі чытала пра нешта падобнае нават у кніжках.

Студзень 2022