Размовы

Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы

Глеб Кавалёў

Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы

У абарончых вежачках варшаўскага мосту Панятоўскага ўжо даўно абараняюцца хіба ад нуды — тут заўсёды шмат моладзі, піва і балбатні. Нядаўна ў мосце адчынілася беларускае месца — хоць яго стваральнікі не хочуць засяроджвацца толькі на беларусах і чакаюць, што сюды будуць сцякацца мігранты адусюль (і адчуваць сябе як дома). Аднак назіральнага не падманеш: «Карма-бар» нарадзіўся ў Менску (там яго зачынілі ў сакавіку), потым, разам з сотнямі беларусаў, другі «Карма-бар» апынуўся ў Кіеве (працягвае працаваць і ў ваенны час), а цяпер вось — новыя кропкі: Варшава і Гданьск. Sojka злавіла за хвост арт-дырэктара «Кармы» Глеба Кавалёва і распытала пра тое, што асаблівага ў брэндзе і стылі працы «Кармы». Увага: у тэксце ёсць гатовая бізнес-ідэя для тых, каму блізкі стыль бара.

— Вы планавалі адчыняцца ў Польшчы, ці гэта вымушаны крок пасля пачатку вайны?

— Тое, што мы адчыніліся ў Варшаве, не звязана з вайной, але вайна ў значнай ступені паспрыяла таму, што гэта так хутка адбылося. Мы ўжо даўно размаўлялі пра тое, што варта ехаць у Варшаву, адчыняць новы Карма-бар, магчыма, ужо больш як клуб — за рэферэнс браць нешта такое як менскі «Хуліган», нешта значна больш адкрытае да людзей. Я прыязджаў у Варшаву, знайшоў кіроўных партнёраў, але нічога не пачыналася, бо мая дзяўчына заставалася ў Кіеве. Але вайна, якая выбухнула ў лютым, усё прыспешыла. Мы ўжо ведалі, што яна будзе, што нам давядзецца з’язджаць у Варшаву, і перадалі ключы ад «Карма-бара» нашым братам і сёстрам, якія маглі б абараняць краіну. Я сам фізічна не гатовы ваяваць, я нават ніколі ні з кім не біўся.

Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы

— Што значыць — перадалі ключы?

— Там быў гуманітарны хаб. Цяпер там застаўся толькі адзін з маіх кіроўных партнёраў, з пачаткам вайны ён усяго некалькі дзён правёў у Львове і вярнуўся ў Кіеў. Зараз ён працягвае рабіць бар адзін у Кіеве, але гэта цяжка. Мы ж заўсёды былі ўпяцярох. Усё абмяркоўвалі, рыхтавалі. Я — арт-дырэктар, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю, а ён — тэхнічны дырэктар, той, хто будаваў бар і кантралюе фізічныя працэсы.
Нам таксама патрэбна там бываць, але мы пакуль не разумеем, як ездзіць і вяртацца. У мяне ёсць посвідка ўкраінская, але яна ўжо сканчаецца, а я не такая вядомая асоба, каб мне проста так яе працягнулі.

Пакуль у Кіеве ад нас ніхто не патрабуе плаціць арэнду, мы плоцім толькі камуналку. Для нас не такая праблема падтрымліваць гэты бар штучна, бо гэта наш сімвал свабоды, гэта наш спосаб паказваць, што мы супраць таталітарызму, гэта бар моманту, які мы апісваем адным словам — прыватнасць.

Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы
Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы
Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы

— А тут?

— А тут у нас бар пра культуру, сучаснае мастацтва, месца спаткання. Ядзэне веганске, культура мігранцка. Зараз нашы наведнікі — на 95% беларусы. Ну але ў Беларусі калі мы сустрэліся, мы ж не сустракаліся з-за таго, што мы беларусы. Гэта быў проста бар, для студэнтаў і маргіналаў, як я казаў. Тут, у Варшаве, гэта ўжо часта айці-тусоўка, дарослыя людзі, якія хочуць ежу памадней і гэтак далей. Але ў нас усё адно дастаткова дэмакратычна. Гэты бар у Варшаве — гэта як бы мы зрабілі бар у Менску, калі б у нас быў досвед адразу. Напрыклад, суседзяў проста не павінна быць. Бо заўжды будзе якая-небудзь бабуля, якая проста жоўцю пырскае, гледзячы на вас. З мяне ў Беларусі ўсе смяяліся, калі я іншых уціхамірваў, прасіў, каб былі цішэй. А між тым у Беларусі наогул інакш нельга, бо паўсюль абсалютны паліцэйскі кантроль, такая чысціня штучная.

— Але ж спачатку вы адкрылі бар у Менску. Былі спадзевы на змену сітуацыі?

— Мы проста нешта рабілі. У нас не было нейкага глыбокага аналізу сітуацыі. Проста прыйшлі людзі, сказалі: «Вось вам грошы, адкрывайце бар», мы і адкрылі. Але дзякуючы таму, што наш брэнд тады фізічна нарадзіўся ў Беларусі, жыццё змянілася назаўсёды, мы сталі першым сапраўдным культурным міжнародным брэндам, які нарадзіўся ў Беларусі, але паспяхова інтэграваны ў суседніх краінах. Праўда, мы не пазіцыянуем яго як беларускі бар, гэта мігранцкі бар і дабрачынная імпрэза. Але далей мне не хочацца рабіць толькі бар, мы працягнем рабіць сапраўдны бізнес.

У нас будзе ювелірка, мы будзем шыць адзенне, рабіць шаўкаграфію, прынты, стыкеры. Гэта будуць розныя брэнды, не Карма. У нас тут такая сістэма інвеставання — у кожнага бара ад 8 да 12 інвестараў, суўладальнікаў, сяброў. Мы працуем толькі з сябрамі і ніхто не інвестуе шмат грошай адначасова. Так, я брэнд-owner, у мяне 50% брэнду, як і ў майго сябра Аляксандра Качана, які зараз адчыніў бар у Гданьску. Але няма такога, што я прыйшоў, крэпкі хазяйственнік, сказаў — і ўсе выконваюць.

— Узгадаем крэпкіх хазяйственнікаў. Як на вас паўплываў 2020 год?

— Пасля выбараў я адразу ведаў, што рабіць. Я з’ехаў у Польшчу, потым ва Украіну. Я ўсім казаў, што пара ратавацца, але мяне тады ніхто амаль не падтрымаў, мабыць, я апярэдзіў час. Як толькі я зваліў, для мяне ўсё стала відавочна: як дзейнічаць унутры эмігранцкай тусоўкі, як адчыняць бары, як шукаць грошы. Але мае сябры, якія заставаліся ў Беларусі, яшчэ сумняваліся ў маім ментальным стане.

Зараз у нашай працы самая вялікая праблема — як навучыцца жыць без крэпкага хазяйственніка, гэта тое, чаму я тут усіх навучаю. І памалу атрымліваецца. Тут, у варшаўскім бары, я ўжо нічагусенькі не зрабіў уласнымі рукамі.

Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы

— А інвестары ўсе хлопцы?

— У варшаўскім бары ўжо з’явіліся інвестаркі.

— Але ўсе — беларусы?

— Ну так. Хаця ў Кіеве ёсць сярод інвестараў адзін пакістанец, я пазнаёміўся з ім на свой пяты дзень у Кіеве. Ён вырашыў укласціся ў наш бар, хаця сам ніколі ў ім не быў.

— А стаць інвестарам можа кожны?

— Так, але грошы тут на другім месцы, для пачатку неабходна быць сябрамі. Патрэбнае адчуванне, што мы можам выпіць разам піва, кавы, пагаварыць. У нас няма проста бізнесу, ёсць супольнасць. Няма паноў, ёсць супраца. Гэтаму я навучыўся ў Беларусі яшчэ да выбараў, пад час кавіду. Беларусь часоў кавіду — мая Беларусь, якой я ганаруся. Калі гэты даў***б нешта там кажа, але ніхто яго не слухае, усе думаюць: куды данаціць грошы, каб не здохнуць. Мы ўсё самі зробім, толькі не перашкаджай. Гэта — мая Беларусь, якую я прывёз сюды, у Еўропу. Я таксама бачыў тут нейкія бізнес-мітынгі беларусаў, гэта не цікава, там пытанне асноўнае — хто мы і чаго тут сабраліся, а не што і каму мы хочам прадаваць. Я ж заўсёды мушу ведаць, што і каму. Толькі не «што» ў сэнсе — крафтавае піва, а «што» ў сэнсе — які экспірыенс.

Нацыянальная ідэя, безумоўна, важная. Але гэтаму мяне навучыла не Беларусь, а Украіна. Яшчэ там я навучыўся, што трэба ў пэўным сэнсе быць нахабным. Бо без амбіцыяў ты нічога не зробіш.

— У Польшчы проста адчыніць бар?

— 100 дзён.

— Гэта шмат?

— Гэта амаль нічога! Гэта надзвычай хутка. Праўда, кожны раз я паказваў сваю ўкраінскую посвідку. Дарэчы, ніякай дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце я тут ні разу не дасведчыў.

Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы

— А адкуль вы ведалі, што будзе вайна?

— Я быў перакананы, што яны будуць анэксаваць Марыупаль, што там будуць захопваць тэрыторыі, аднак пра Ірпень, Бучу я не здагадваўся.

Напярэдадні вайны мне пазваніў мой сябар і сказаў, што зараз пачнецца вайна, а мой бар — добрае бамбасховішча. І ўсё. Я так і дасядзеў да выбухаў, гуляў у комп, пачуў выбухі і пачаў усіх абзвоньваць, праз дзве гадзіны мы ўжо стаялі на выезд з Кіева.

— Вайна вас прымусіла перагледзець нешта ў жыцці?

— Маю русафобію. Больш у мяне няма сяброў у Расеі. Кожнаму з іх я напісаў у асабістыя паведамленні, што дапамог бы ім інтэгравацца ў новае асяроддзе, калі б яны з’ехалі адтуль, але яны адказвалі, што не, яны супраць вайны, за свабоду, за любоў, таму будуць працягваць граць свае дыджэй-сэты. Яны адмовіліся прымаць калектыўную адказнасць, таму мы іх кэнсэлім, іх больш не існуе. Маці двух дзяцей, якая працуе на заводзе, я кэнсэліць не буду, але хіпстарскую дзеўку, якая мае магчымасць з’ехаць, дыджэя, якія працягвае граць на імпрэзах, так. Зразумела, што, урэшце, яны ўсе зваляць, але мы іх закэнселім. Бо гэта пасіўная легітымізацыя дыктатуры шляхам прыняцця. «Мы проста граем вечарынкі». Для мяне і для маёй супольнасці гэта калабаранты.

І я быў часткай легітымізацыі рэжыму! Калі мае сябры знікалі ў турме за касяк, я казаў: усё добра, робім імпрэзу. Але я больш такім не буду.

— Распавядзіце пра ўсе іншыя «Кармы», некіеўскія.

— У Варшаве мы ўжо працуем, на адкрыццё да нас прыйшло вельмі шмат людзей, мабыць, чалавек 500. Яны выпілі ўсё піва два разы: раз выпілі, мы дазамовілі — яны выпілі ізноў. У Гданьску будзе зусім іншае месца, без вечарынак, такое веганскае бістро з уласным шэф-кухарам і галерэя з нашай уласнай куратаркай. Калі ж здарыцца так, што мы адчынімся ў Берліне, то там нашай канцэпцыяй будзе антыімпрэза. Бо Берлін сам па сабе — гэта суцэльная вечарынка, а ў нас будзе нешта іншае, спакойнае месца з лекторыем, вельмі добрая веганская ежа. Каб там заўсёды быў супчык; ты прыходзіш — мы пра цябе клапоцімся, кормім цябе. Таму наша ідэя — гэта адаптыўнасць.

Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы
Нацыянальная ідэя — роўна на другім месцы

— Ваша мара як выглядае?

— Я б хацеў пабудаваць раён па прыкладзе антыгета. Калі нейкі непаспяховы квартал група людзей, з дапамогай грошай і інтэлекту перабудоўвае ў бяспечнае кам’юніці, у свой новы дом. Дзе бяспека будзе сапраўднай, а не ілюзорнай, якую мы мелі ў Беларусі. Пачуццё бяспекі нам усім яшчэ трэба аднаўляць. Я б хацеў пабудаваць такі дом, дзе нацыянальная ідэя будзе роўна на другім месцы.

— А на першым?

— А на першым — што і для каго яны робяць. Але я вельмі паступова іду да гэтай мары. Мне заўсёды патрэбныя тыя, хто будзе рабіць нешта рукамі, хто будзе гуляць са мной у мае гульні. Раней, калі я намагаўся данесці свае крэйзі-ідэі да сур’ёзных, «дарослых» людзей, да палітыкаў, яны ўспрымалі мяне як нейкага фрыка і не пагаджаліся гуляць са мной у мае гульні. А дзеці будуць са мной гуляць. Але ў каго дзеці — у таго будучыня.