Байка ці кімано з выявай бусла, бусел на спіне, бусел на рукаве? Калі вы пра беларускае дызайнерскае адзенне, то амаль 100%, што гэта Kardash. Вядомы брэнд разам са сваёй стваральніцай і кіраўніцай Вольгай Кардаш, а таксама ўсімі бусламі рознага памеру і фактуры, ужо два гады ў выгнанні. Ці ў выраі. Выбарчым летам Вольга нечакана для сябе далучылася да пратэснай актыўнасці, была назіральніцай на выбарах, выпусціла дабрачынную серыю цішотак з лагатыпамі дзяржпрадпрыемстваў, на якіх пачаліся забастоўкі. Потым, атрымаўшы сігналы пра тое, што заставацца ў Беларусі можа быць небяспечна, паспяховая беларуская дызайнерка выехала ў Варшаву, закрыла свой бізнэс і перавезла вытворчасць. Але Беларусь працягвае жыць у ейных працах і надзеях на тое, што гэтае развітанне з Радзімай — не назаўсёды. Сойка пагаварыла з дызайнеркай пра птушак і іх гнёзды.
Малюнкі Ave
— Буслы ў вас на адзенні з 2015 года, як ім удаецца гэтак доўга трымацца?
— Але гэта не тыя ж самыя буслы, яны ўвесь час відазмяняюцца. Хутчэй важныя буслы як ідэя, якая некалі з’явілася, яшчэ напачатку маёй кар’еры. Я пачала рабіць калекцыю, і мне патрэбны быў пэўны сімвал. Буслы, дарэчы, не першая мая вышыўка. Да іх у мяне была калекцыя на аснове беларускіх калядак, там была козачка, авечка ў шкуры ваўка і зубр. Тая ідэя пасавала збольшага для зімовага сезона, але, нягледзячы на тое, што яна падабалася людзям і таксама была моцна пра Беларусь, праз год мне неяк не захацелася яе працягваць развіваць, рабіць нешта новае на гэтую тэму. А новым у мяне атрымаліся буслы. Як увасабленне свабоды, тут бусел пасуе ідэальна. На сёння ўжо шэсць калекцыяў адзення з бусламі. Першыя тры чарады буслоў (я іх гэтак і называю — не калекцыямі, а чародамі) ўжо нельга замовіць. Мы ж не робім мерч, мы выпускаем калекцыі. Хаця чацвёртая чарада з намі даўно, але я яе пакрысе змяняю. Захоўваю дэталі, але відазмяняю сілуэты. Час змяняецца, змяняецца жыццё, і мадэлі таксама мусяць змяняцца. Мадэлі чарады 4.0 атрымаліся такімі, з якімі мне зусім не хочацца развітвацца. Там ніткі вышыўкі таго ж колеру, што й тканіна. Іх бачна толькі за кошт розніцы фактураў: ніткі бліскучыя, а тканіна матавая. І гэта выходзіць вельмі далікатна, ты можаш такое надзець у розныя месцы.
Ёсць людзі, якія наогул не вельмі любяць дэкор, ім складана гэта насіць, яны не ведаюць, як дапасаваць такія рэчы да свайго гардэробу. І мадэлі з чацвёртай калекцыі найбольш нейтральныя. Ёсць такое паняцце «базавы гардэроб», які насамрэч можа быць для кожнага свой і вельмі розны. Для мяне базавым гардэробам будзе вечаровая сукенка, для вас класічны касцюм, а для кагосьці спалучэнне байка + камфортныя нагавіцы. Дык вось нашу чацвёртую калекцыю я лічу нашай базавай. Там мадэлі, якія вельмі шмат хто можа надзець вельмі шмат куды. Далікатныя, але своеасаблівыя. Ты нешта хочаш сказаць свету, калі надзяеш нашых буслоў.
— І што яны хочуць сказаць?
— Паводле маіх адчуванняў, маіх асацыяцыяў — гэта часцінка нечага роднага. У мяне сваё меркаванне наконт беларускага культурнага коду. Вышыванкі — гэта вельмі прыгожа, але яны не адпавядаюць маім ідэям. Я інакш трактую беларускі стыль адзення, беларускую моду, я гэта так бачу. Культурны код краіны ў мяне завязаны на сімвале бусла, якога я ў сваім стылі інтэрпрэтую з калекцыі ў калекцыю.

— Раней ваша аўдыторыя была ў асноўным беларускай. Цяпер гэта змянілася?
— У нас ёсць кліенты, пакупнікі не з Беларусі. Гэтых людзей 1%.
— А вы спрабуеце выходзіць на польскі рынак? Наколькі тут для вас ёсць месца?
— Я вельмі разлічваю на тое, што ёсць. Польшча дастаткова вялікая. Мы ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах тут, кантактавалі з палякамі. Калі яны падыходзяць, разглядаюць нашы світшоты, кімано, кажуць: «О, польскі боцян!» Першай парой я намагалася тлумачыць на сваёй ламанай польскай мове, што ідэя тут зусім іншая, але потым зразумела, што не магу навязваць людзям свае ідэі. Мастак укладае нешта адно ў карціну, якую стварае, а вы, гледзячы на яе, бачыце ўжо нешта сваё. І з адзеннем гэтаксама. Я ўкладаю сваю канцэпцыю, а вы, калі разглядаеце гэтае адзенне, набываеце, маеце ўласнае адчуванне. І я не супраць. Няхай для кагосьці гэта будзе «польскі боцян».
У нас ёсць адзіная пляцоўка, дзе мы сёння прадаемся — варшаўскі TFH Concept Store, там ёсць ужо свая аўдыторыя, маркі з розных краінаў — з Украіны, Літвы, іншых еўрапейскіх дзяржаваў. Уладальнік Томас мае літоўска-польскія карані, ягоны дзядуля быў расейцам. Ён сучасны чалавек, не дзеліць людзей паводле нацыянальнасцяў, адкрыты да супрацоўніцтва з усімі. Перад знаёмствам з ім мне тут было страшна самой загаворваць, прапаноўваць некаму наша адзенне. Я добра па-польску не размаўляю, калі вывучала буцікі і канцэпт-сторы ў Варшаве, заўважыла, што тут большасць крамаў — гэта або толькі польскія маркі, або французскія, італійскія. Не ведала, як нас успрымуць.
Але я разумею, што нашыя кліенты, якія нават тут прыходзяць у канцэпт-стор і набываюць наша адзенне, — гэта беларусы. Бываюць і людзі з іншых краінаў, але часцей свае.
— Вы раней казалі, што беларусы ў сваёй масе не вельмі цікавяцца тым, што на іх надзета, што ім усё адно. Тут, у Польшчы, з гэтым як?
— Па маіх адчуваннях, тут тое ж самае. Сярэдні паляк выглядае гэтак жа, як сярэдні беларус. Але тут ёсць іншая праслойка моладзі, людзей, якія сябе ўпэўнена адчуваюць. У нас гэтак сябе адчуваюць толькі людзі, якія працуюць у IT-сферы. Ва ўсіх іншых сферах ты можаш проста настолькі мала зарабляць, што давядзецца збіраць грошы, каб нешта набыць. І ты думаеш, ці набыць новую класную торбу, ці адкласці грошы на адпачынак. І кожны чалавек расстаўляе прыярытэты. Тут, як мне здаецца, сярэдні заробак вышэйшы і людзей, якія могуць сабе нешта дазволіць, больш. Але ўсё роўна людзі, якія цікавяцца тым, што раблю я, гэта збольшага асобы 30-40 гадоў, актыўныя і маладыя, якія пры гэтым ужо самі зарабляюць грошы. У Менску ж гэтыя людзі яшчэ і працуюць усе ў адной сферы.
Калі ў Менску прыйдзеш у прыстойнае месца, палова гасцей будзе са сферы IT, тут усё ж больш разнастайна.

— Наколькі вас памяняў 2020 год? Ці збіраецеся надалей рабіць рэчы з патрыятычнай і рэвалюцыйнай тэматыкай?
— Тыя байкі, якія я выпусціла тады, былі маёй рэфлексіяй на тэму падзеяў, якія мяне закранаюць. Я ўсё ж чалавек, які працуе ў мастацкай сферы. Зараз я не бачу сэнсу рабіць такія калекцыі. Я, дарэчы, не лічу, што брэнд Кардаш — гэта толькі буслы. У нас ёсць яшчэ касцюмы, зараз запускаем дроп паліто. І мне не хочацца з сябе рабіць мерч рэвалюцыі.
Зараз ёсць адчуванне, што ў Беларусі няма будучыні, і няма словаў, каб рэагаваць на тое, што адбываецца. Але я стараюся думаць пазітыўна, спадзяюся, што калі-небудзь змагу паехаць у Беларусь. Адначасова я разумею, што не ўсе могуць сабе дазволіць з’ехаць, пачаць жыццё спачатку, для гэтага трэба шмат грошай і падставы мець. Я спачуваю ўсім, хто хацеў бы з’ехаць, але не можа, і я ўдзячная лёсу, што ў мяне такая магчымасць была.
Калі я з’язджала, мне трэба было разарваць адносіны з людзьмі з маёй каманды, дзеля іх бяспекі, я зачыніла бізнес. Мінулага жыцця больш не будзе. Але будзе новае.
Я лічу, што як бы балюча ні было за тое жыццё, як бы ні хацелася рэфлексаваць, трэба жыць сённяшнім. Я магу сёння жыць гэты дзень, рабіць яго лепшым, значыць, я мушу яго цаніць. Мы ўсе бачым, што адбываецца ва Украіне, дзе ў людзей быў дзень, і вось не стала.

— Хто вашыя любімыя беларускія дызайнеры, каго можаце параіць?
— Брэнд Kardash, зразумела ж! (смяецца) Мне складана размаўляць пра адзенне, я апошнія некалькі год назіраю за калегамі толькі ў інтэрнэце. Заходжу паглядзець, пахваліць іншых дызайнераў, пакінуць каментар, што мне падабаецца. Асабліва ўважліва сачу за тымі, хто з году ў год капіюе маё адзенне.
— Ёсць такія плагіятары нават?
— Так! Адна дзяўчына зрабіла год таму бусла, толькі што не вышыўку, а прынт. Ну можна ж яго па-іншаму, па-свойму было зрабіць! Я не маю аўтарскіх правоў на выяву бусла, не магу забараніць яе ўжываць. Але зрабі па-свойму, у мяне шэсць калекцыяў, там усе розныя буслы. Калі я змагла — чаму ты не можаш?
Яшчэ ёсць брэнд, які робіць трыкатаж, зручныя касцюмы. Тыя скапіявалі маю мадэль праз паўтара года пасля таго, як я выпусціла яе. Адрозніваецца амаль нічым. Потым іншую мадэль, наступную. Потым мае дэталі з’яўляюцца ў іхных калекцыях. Заходжу перыядычна паглядзець, цікава. Іншы брэнд проста любіць натхняцца маімі працамі. Гэта насамрэч не адзін і не два выпадкі, не помню, як дакладна казала Коко Шанэль, але сутнасць такая: калі цябе капіююць, значыць, прыйшла папулярнасць.
