Заснавальніца моўнага анлайн-клуба «Беларуская Гутарня 2.0» і аўтарка інстаграм-блога «Беларусы на Хакайда» Тацяна Цагельнік падзялілася досведам жыцця ў Японіі і расказала, што ведаюць у гэтай краіне пра Беларусь. Sojka распытала ў Тацяны пра гадаванне дзіця ў беларуска-японскай сям’і і пра курсы беларускай мовы для Японіі і Паўднёвай Карэі, а таксама пра тое, як мясцовых беларусаў змяніў 2020 год.
«У Японіі было псіхалагічна вальней практыкаваць беларускую»
У Японіі я ўжо пятнаццаты год. Я вучылася ў БДУ на факультэце міжнародных адносінаў, там вывучала японскую мову, але на трэцім курсе атрымала стыпендыю японскага міністэрства адукацыі і паехала вучыцца сюды, дзе атрымала ступень бакалаўра, а цяпер працягваю навучанне ў аспірантуры.
Я перайшла на беларускую амаль адразу пасля пераезду ў Японію. Вядома, на радзіме я цікавілася нашаю моваю, слухала на ёй музыку, чытала літаратуру, але баялася спрабаваць размаўляць, рабіць памылкі, бо была няўпэўненая ў сваіх ведах. Як ні дзіўна, у Японіі, дзе ў той час было вельмі складана знайсці беларусаў, якія б размаўлялі на роднай мове, было псіхалагічна вальней практыкаваць беларускую. Вядома, гаварыла на ёй я спачатку са сваімі роднымі, сябрамі, карысталася ёю ў сацсетках. А потым, калі прыязджала на вакацыі дадому, то спрабавала гаварыць паўсюль і з незнаёмымі людзьмі. Цяпер маё жыццё цалкам адбываецца на беларускай. Расейскую мову, вядома, я добра ведаю, але яна для мяне стала замежнай.
«Некаторыя ведалі, што Беларусь пацярпела ад Чарнобыля»
Да 2020 года мне сустракаліся японцы, якія нават не ўяўлялі, дзе Беларусь знаходзіцца на мапе свету. Некаторыя ведалі, што Беларусь пацярпела ад Чарнобыльскай аварыі — валанцёры прывозілі сюды беларускіх дзяцей на аздараўленне. Асабліва пасля пераезду з Токія на Хакайда, дзе я цяпер жыву, я сустракаю японцаў, якія ці самі прымалі ў сябе беларускіх дзетак, ці ведаюць такія сем’і. Пасля 2020 года інфармацыя пра нашу краіну ў Японіі пашырылася. Прынамсі мне ўжо не трэба тлумачыць, што такое Беларусь.
Дарэчы, апошнім штуршком для майго пераходу на беларускую мову стала тое, што ў Японіі я сутыкнулася з тым, што тут амаль ніхто не ведаў нічога пра Беларусь, пыталіся, дзе гэта і ці гэта не частка Расеі. Такія пытанні мяне, шчыра кажучы, і абуралі, і засмучалі. Штораз я спрабавала растлумачыць нашую гісторыю ледзь не з часоў Полацкага княства. Мне хацелася быць яшчэ большай беларускай, так бы мовіць, больш сапраўднай, каб мяне не блыталі з расейцамі. Беларуская мова стала для мяне тым штандарам, які заўсёды са мной, які лунае нада мной і вызначае, адкуль я родам.
«Большасць японцаў вельмі засяроджаныя на ўласным жыцці»
Пасля чатырнаццаці гадоў жыцця ў Японіі цяжка сказаць, што было нязвыклым. Калі запытацца ў мяне сённяшняй, то я б адказала — кантраст паміж мадэлямі паводзінаў японцаў. Згодна з маімі ўражаннямі, большасць японцаў вельмі засяроджаныя на ўласным жыцці, на працы; бракуе спантаннай камунікацыі паміж людзьмі; часам хочацца ад людзей больш непрыхаваных эмоцыяў. З іншага боку, ёсць вельмі адкрытыя і актыўныя японцы, з сваёй выразнай грамадзянскай пазіцыяй, якія на агульным фоне моцна вылучаюцца і гэтым у добрым сэнсе здзіўляюць. Напрыклад, у горадзе Сапара, дзе я жыву, японцы штонядзелю ладзяць мітынгі-пратэсты супраць расейскай агрэсіі ва Украіне, і гэта ў асноўным маладыя людзі, якія маюць сваю актыўную пазыцыю і перакананні.
І яшчэ мяне дагэтуль не перастае здзіўляць, наколькі ў японскім грамадстве культывуецца павага, уважлівасць, цярпенне да іншых.
«Кожны з бацькоў размаўляе з дзіцём толькі на сваёй мове»
Для таго каб у сям’і «не загубіць» беларускую мову, я абрала метад OPOL (one parent one language), калі кожны з бацькоў размаўляе з дзіцём толькі на сваёй мове, на гэтым і пабудаваная моўная палітыка нашай сям’і. Я размаўляю з дачкою выключна па-беларуску і ніколі не пераходжу на японскую мову, калі звяртаюся да яе, нават калі муж ці нашыя родныя, сябры навокал не разумеюць, пра што мы гаворым. Хаця я магу ў прысутнасці дачкі тут жа сказаць мужу нешта па-японску.
Калі дачка была меншая, я магла зрабіць выгляд, што не разумею японскай, каб яна намагалася гаварыць па-беларуску. Цяпер, вядома, такія хітрыкі не працуюць (дачцэ ўжо 6 гадоў), але звычка звяртацца да мамы толькі па-беларуску ўкаранілася, і дзіця імгненна пераключаецца з адной мовы на другую.
Таксама ў нашай сям’і прысутнічае трэцяя мова — айнская. Гэта спадчынная мова майго мужа. Айнская мова, як і беларуская, знаходзіцца пад пагрозаю знікнення. Муж пачаў вывучаць сваю родную мову ў дарослым веку, і цяпер мы вывучаем айнскую ўсёй сям’ёй і часткова ўсе разам карыстаемся ёю як агульнай сямейнай мовай.
«У 2013-м беларусы не праяўлялі зацікаўленасці ў вывучэнні нашай мовы, але на курсы прыйшлі японцы і ўкраінцы»
Ідэя распачаць курсы беларускай мовы з’явілася яшчэ ў 2013 годзе, амаль адразу пасля таго, як у Маскве адкрылі курсы «Мова ці кава» (на якіх я паўгода выкладала). Мне заўсёды хацелася мець беларускамоўнае асяроддзе, якое было амаль немагчыма знайсці ў Японіі. Гэтак я распачала весці курсы «Беларуская Гутарня» ў Токія, дзе я ў той час жыла. Курсы задумваліся для беларусаў, але тады беларусы да нас не завіталі. Магчыма, кепска спрацаваў піяр, ды і Токія — вельмі вялікі горад, напэўна, не ўсім пасаваў час і месца. Хаця і ў цэлым у 2013-м беларусы не праяўлялі зацікаўленасці ні ў вывучэнні нашай мовы, ні ў культурных падзеях. Але на курсы прыйшлі японцы і ўкраінцы! Гэта была вельмі ўтульная кампанія з прыкладна васьмі чалавек, дзе я адчувала сябе як дома, хаця і камунікавала з іншаземцамі.
«Нас, беларусаў у краінах Усходняй Азіі, аб’яднала беларуская мова, і гэтая сувязь даволі моцная і трывалая»
Улетку 2020-га неабыякавыя беларусы Японіі нарэшце знайшлі адно аднога. Да мяне пачалі звяртацца з просьбамі аднавіць заняткі. І з сакавіка 2021-га я распачала «Беларускую Гутарню 2.0», але ўжо для беларусаў, як я марыла яшчэ з 2013 года.
«Беларуская Гутарня 2.0» — гэта размоўны анлайн-клуб. Мы сустракаемся раз на тыдзень, часам абіраем пэўную тэму, часам запрашаем гасцей-спікераў, часам проста абмяркоўваем падзеі, беларускія фільмы, у студзені нават ладзілі анлайн-калядаванне.
Напачатку былі сустрэчы, якія праходзілі ў фармаце менавіта заняткаў. Я рыхтавала матэрыялы па граматыцы, лексіцы, практычныя заданні і падобнае. Потым мы перайшлі на фармат гутарак з невялічкімі граматычнымі хвілінкамі, калі я бачыла, што сустракаюцца тыповыя памылкі.
Спачатку ў клубе былі толькі беларусы Японіі (і адна нашая японская сяброўка), але з часам да нас далучыліся і беларусы Паўднёвай Карэі.
Мне падаецца, «Гутарня» стала для нас усіх прасторай, дзе заўсёды ўтульна й цікава, дзе кожны адно аднога падтрымлівае на шляху да беларушчыны, дзе заўсёды пануе здаровая атмасфера, нават калі сутыкаюцца супрацьлеглыя погляды, бо нягледзячы на адлегласць, нас, нешматлікіх беларусаў у краінах Усходняй Азіі, аб’яднала беларуская мова, і гэтая сувязь даволі моцная і трывалая.
«Пасля 2020 года беларусы пачалі актыўна шукаць адно аднаго»
Відавочна, што 2020 год падштурхнуў багата каго задумацца, што для іх ёсць быць беларусамі, багата хто зразумеў для сябе важнасць карыстання беларускай мовай, якую ў нас літаральна скрадалі не адно стагоддзе.
У Японіі прыкладна тры з паловай сотні беларусаў. Сярэдні век — прыкладна 35 гадоў і траціна — гэта жанчыны. Да 2020 года я не назірала асаблівай цікавасці сярод беларусаў Японіі да ўсяго беларускага. Беларусы ў асноўным стасаваліся ў расейскамоўных суполках сярод выхадцаў з постсавецкай прасторы. Дыяспары фактычна не існавала, бо беларусы існавалі паасобку. Пасля 2020 года ўсё вельмі зьмянілася: беларусы пачалі актыўна шукаць адно аднога. З’явілася Згуртаванне беларусаў Японіі, сябры якога сваімі сіламі стараюцца данесці голас беларусаў да японскага грамадства. Не памылюся, калі скажу, што Згуртаванне ёсць ці не першай беларускай грамадскай ініцыятывай у Японіі, створанай самімі беларусамі.