Малюнак Ксеніі Лагавой
Распавяду гісторыю, на шчасце, цяпер ужо з мінулага. Мне 20 гадоў, майму хлопцу (цяпер ужо былому) больш за 40. Ён дасведчаны, разумны, таленавіты, прынамсі, такім для мяне быў, калі мы пазнаёміліся. У яго цікавая прафесія, класныя сябры, ёсць кватэра і грошы. Нейкі час мы з ім жылі разам у ягонай кватэры, за ежу, дастаўкі, камуналку, таксі плаціў заўсёды ён. Купляў мне падарункі, часам аплочваў манікюр ці спа. Аднак праз пэўны час я вырашыла, што больш не хачу такіх стасункаў, я яшчэ не гатовая да «сямейнага» жыцця, хачу вучыцца, закохвацца.
Калі я яму сказала, што сыходжу, пачалося сапраўднае пекла. Хлопец запатрабаваў вярнуць яму ўсё, што ён патраціў падчас нашых стасункаў (на падарункі, ежу, камуналку і г.д.) і налічыў круглую суму. Потым пачаўся поўны крынж. Ён зачыніў мяне ў кватэры і сказаў, што ў мяне два выйсці — або вярнуць грошы, або ў вакно… Сказаў, што ў кватэры ёсць відэакамеры, і ён будзе сачыць за тым, што я раблю. Мяне ўратавала тое, што я мела тэлефон і паклікала на дапамогу. Аднак я памятаю жах і адчуванне поўнай безабароннасці, ды нават суіцыдальныя думкі ў моманце.
Іна, 20 год
Дарагая Іна, мы радыя, што ты ў бяспецы. Відавочна, нехта тут скарыстаўся з тваёй маладосці і недасведчанасці. Таму што закон дакладна не на ягоным баку.
Пункт 1. Грошы
Ці маюць права і абавязак былыя партнёры вяртаць адно адному грошы, пакупкі і падарункі? Заканадаўства на гэтую тэму маўчыць. А значыць, калі адносіны былі неафіцыйнымі, ніхто не будзе рэгуляваць траты, якія вы рабілі, пакуль былі разам. Абедзве асобы паўналетнія, дзейнічалі без прымусу? Што было між вамі, застаецца між вамі. Вядома, ты можаш вярнуць хлопцу грошы і падарункі! Калі хочаш. Але не мусіш. Патрабаванне разлічыцца за супольны час, ваду з крана і салат у рэстаране — гэта самая звычайная маніпуляцыя. Нават калі хлопец купіў табе нешта ў растэрміноўку, гэта ягоная пакупка, якую ён мусіць сплаціць самастойна.
Калі ж у парыве фрустрацыі экс-каханак патрабуе вярнуць падарунак, яму можна працытаваць заканадаўства, паводле якога дары можна вярнуць толькі ў выключных выпадках: калі той, хто іх атрымаў, пасягаў на жыццё ці здароўе дарыцеля (ці яго родных), або калі дарэнне адбывалася з адпаведнай пісьмовай дамовай, дзе прапісаныя варыянты магчымага вяртання прэзента. Ва ўсіх іншых выпадках падарункі застаюцца з табой.
Ты падпісвала нейкія паперы, дамовы, абавязальніцтвы вярнуць грошы? Наяўнасць такіх дакументаў магла б ускладніць вашае расстанне і твой спакойны сыход. Але нават калі твой подпіс стаіць на нейкіх дамовах, гэта — дадатковы матэрыял для судовага разбіральніцтва (калі б да яго дайшло), але не пацверджанне таго, што ты ўжо сёння нешта мусіш сплаціць.
Зусім іншая справа, калі б вы былі ў шлюбе. Тады вашыя адносіны рэгуляваліся б ці Шлюбнай дамовай, ці Пагадненнем пра раздзел маёмасці, або, калі кансэнсусу немагчыма дасягнуць, у судовым парадку. І нават тады, калі б у вас быў шлюб і непрымірэнчыя пазіцыі па фінансах і маёмасці, ніхто не быў бы ў праве шантажаваць цябе і трымаць у кватэры, пакуль не аддасі ўсяго, чаго ад цябе чакаюць.
Гэтак мы падабраліся да пункту 2.
Пункт 2. Абмежаванне свабоды
А вось тут дарослы каханак зарабіў на сур’ёзнае пакаранне. Натуральна, калі б дайшло да праваахоўнікаў і суду. Справа ў тым, што ніхто не мае права трымаць іншага чалавека і казаць яму, дзе ён мусіць знаходзіцца. Такое дзеянне наўпрост апісанае ў Артыкуле 183 Крымінальнага кодэксу. Незаконнае змяшчэнне і ўтрымліванне чалавека недзе без ягонай згоды і жадання караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў і штрафам. Калі ж пры гэтым чалавека мучаюць, шкодзяць ягонаму здароўю, мучыцель можа сесці нават на 8 гадоў.
Тут нават не заўжды істотна, якая сітуацыя з правам і парадкам у краіне, ці працуюць законы і ці заўжды іх выкананне не пакідае лішніх пытанняў. Веданне закону — гэта дадатковая зброя, якая можа прымусіць дасведчанага маніпулятара ўсумніцца ў сваёй уладзе. А табе надасць дадатковай упэўненасці ў сабе.