Размовы

«Пакуль ёсць людзі, нічога не скончана»

Таня Гацура-Яворская не выехала з Беларусі, калі ў офіс ейнага грамадскага аб’яднання «Звяно» прыйшлі з ператрусам, яна засталася ў Менску свядома і пасля таго, як ейнага мужа прымусілі выехаць за мяжу разам з малодшым сынам. У гэтым інтэрв’ю Тацяна распавядае пра свой выбар.

«Пакуль ёсць людзі, нічога не скончана»

Тацяна Гацура-Яворская – праваабаронца, сузаснавальніца грамадскага аб’яднання «Звяно», арганізатарка кінафестывалю пра правы чалавека Watch Docs і розных культурных мерапрыемстваў, шматдзетная мама. «Звяно» – грамадская арганізацыя, якая існуе з 2013 года і дапамагае людзям з залежнасцю ад алкаголю, асуджаным і зняволеным адаптавацца і вярнуцца да жыцця. У 2020 годзе «Звяно» далучылася да змагання з Covid-19 у Беларусі. 5 кастрычніка 2021 года Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне аб ліквідацыі арганізацыі. Рашэнне яшчэ не ўступіла ў сілу, і Тацяна мае намер абскардзіць яго ў Вярхоўным судзе.

Маўчанне нікога не выратавала

1 красавіка ўлады раптоўна спынілі працу выставы «Машына дыхае, а я – не», прысвечанай высілкам ды гераізму беларускіх медыкаў падчас пандэміі, а праз чатыры дні ператрус адбыўся ў офісе «Звяна».

Тацяну Гацуру-Яворскую затрымалі (як выявілася, на 10 дзён). Пакуль яна сядзела, ейнага мужа і малодшага сына вымусілі з’ехаць з Беларусі. Сёння Тацяна на волі, але застаецца падазраванай па крымінальным артыкуле.

Адна з падстаў – арганізацыя нібыта займаецца экстрэмісцкай дзейнасцю, – тлумачыць Тацяна. – Прадстаўніца Міністэрства юстыцыі перадала суду ліст для службовага карыстання ад МУС (здаецца, ад ГУБАЗ), з якім нам не далі азнаёміцца. Таму не ведаем, ці былі там пералічаны якія-небудзь факты, ці гэта проста сцвярджэнне.

Ці падоўжылася б жыццё «Звяна», калі б мы не ўздымалі праблемы, з якімі сутыкнуліся медыкі падчас каранавіруса? Адназначна не. Мы бачым, як ліквідуюць арганізацыі, якія імкнуліся пазбягаць вострых для ўлады пытанняў, і гэта нікога не выратавала.

У прынцыпе, грамадская дзейнасць амаль заўсёды звязаная з праблемамі: людзі гуртуюцца, каб нешта палепшыць, змяніць ці дапамагчы

У нас не было такога, што мы сядалі і разважалі: вось гэта наша тэма, а вось гэта не. Паводле статуту «Звяна», мы можам займацца грамадскай дзейнасцю максімальна шырока, і мы ішлі ад пажаданняў людзей, якія прыходзілі ў арганізацыю і былі актыўныя, сутыкаліся з праблемамі і мелі матывацыю іх вырашаць. Так, найперш, мы пачалі займацца праблемай алкагалізму ў краіне.

 

Дапамога залежным

Спачатку мы супрацоўнічалі з арганізацыяй, якая стваралася менавіта для дапамогі залежным людзям. Дапамагалі мужчынам і жанчынам заставацца цвярозымі, вырашалі сацыяльныя пытанні.

У нас быў вельмі важны кейс: шматдзетная маці «завязала», сышла ад мужа-алкаголіка і спрабавала пачаць новае жыццё

Складанасць была ў тым, што жанчына была на ўліку. Праз гэта служба апекі ставілася да яе насцярожана, а муж піў цішком, нідзе не быў засвечаны, таму яму дзяцей пакінулі б з большай ахвотай. Мы дапамагалі ёй праз суд дамагчыся таго, каб дзеці засталіся з ёю. Дарэчы, муж хутка трапіўся на п’янцы і паехаў у ЛТП.

Пасля ў нашай падапечнай вымалявалася іншая праблема. Каб заставацца цвярозымі, такім людзям вельмі важна рэгулярна наведваць групы ўзаемадапамогі, але яна не магла гэта рабіць, бо па вечарах не было каму глядзець дзяцей. Так узнікла ідэя службы бэбісітарства – няняў, якія прыглядалі б за дзецьмі, пакуль бацькі ходзяць на групы ўзаемападтрымкі.

Агулам мы хацелі дапамагаць не толькі асобным людзям, мы імкнуліся памяняць сістэму. Гэта тычылася і продажу алкаголю, і лячэння, і рэабілітацыі, і стаўлення грамадства да праблемы.

Каб прасоўваць голас грамадства, мы правялі ў партнёрстве з Onliner 24-гадзінны анлайн-марафон «НЕ-залежнасці

За гэты час мы далі голас дзясяткам арганізацыяў – ад лекараў у дзяржаўнай сістэме да прыватных рэабілітацыйных цэнтраў. Нават адбылося ток-шоу з прадстаўніком МУС.

Мы распрацавалі прапановы, на падставе менавіта тых ідэяў, што агучыла грамадскасць.

Частка гэтых ідэяў была рэалізаваная, але нічога істотнага, на жаль, не змянілася. Як прыклад, забарона на продаж алкаголю пасля 22 гадзін вечара.

Праз пару дзён пасля ўвядзення гэтай меры Лукашэнка асабістым распараджэннем усё адмяніў. На жаль, рэальныя змены ў любой сферы жыцця Беларусі ўсё ж трэба пачынаць з галоўнага.

 

Дзяржава не дапусціць гуманізацыі сістэмы

Я ўпэўненая, з дзяржавай ніякай супрацы не атрымаецца, калі гаворка заходзіць далей за тое, каб без лішніх пытанняў перадаць гуманітарную дапамогу, як гэта робіць Беларускае таварыства Чырвонага крыжа.

Дзяржава не пусціць нікуды нікога з тых, хто зацікаўлены ў гуманізацыі, напрыклад, пенітэнцыярнай сістэмы

Службовыя асобы ў Дэпартаменце выканання пакаранняў (ДВП) не бачаць у зняволеных людзей – яны бачаць у іх проста працоўную сілу. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова адкрыць іх сайт, які падобны да інтэрнэт-крамы.

Калі адкрыць сайт ДВП Украіны, то там вы знойдзеце інфармацыю пра ўстановы, пра тое, як адправіць пасылку, якая працэдура пераводу чалавека з адной турмы ў іншую і гэтак далей. На беларускім сайце інфармацыя выключна пра тое, што вы можаце набыць на прадпрыемствах, дзе працуюць «зэкі».

Так што дапамагчы гэтым людзям можна толькі па-за дзяржаўная сістэмай. Зараз, зразумела, грамадству не да дапамогі вязням, усе жывуць адным днём.

Але тое, што сёння гэтак шмат палітвязняў, у будучыні станоўча паўплывае на праблему сацыялізацыі звычайных зняволеных. Я так мяркую, бо і сем’і палітвязняў, і самі палітвязні – шмат разумных і гуманных людзей – сутыкнуліся з гэтай сістэмай і ўбачылі ўсе ейныя хібы.

Нехта абавязкова захоча змяніць яе ці актыўна падтрымаць прапанаваныя змены. Як мінімум, людзі будуць больш разумець тых, хто туды трапіў, будуць больш адкрытымі да таго, каб даць чалавеку другі шанц.

 

Кепска, але не катастрофа

Самая складаная тэма на сёння – спробы ацаніць тую шкоду, якую дзяржава нанесла грамадзянскай супольнасці яе разбурэннем. Гэта ўсё кепска, але не катастрофа. Людзі ўсё роўна будуць гуртавацца, каб нешта рабіць, будуць дапамагаць тым, каму гэта неабходна. Публічнасці стане менш, але ўсё не заглухне і не знікне. Пакуль будуць людзі. Гэта кепска і зараз, і ў перспектыве, бо не веру, што нават палова вернецца.

Для мяне большая катастрофа – масавы ад’езд людзей

Гэта кепска і зараз, і ў перспектыве, бо не веру, што нават палова вернецца.

 

Што мяне трымае

5 снежня было восем месяцаў, як мы не бачыліся з малодшым сынам, хутка будзе дзевяць. Мне цяжка, але цяжэй за ўсё майму сыну. Мне вельмі шкада Даніка, якога пазбавілі базавага – лета ў бабулі, камунікацыі з сёстрамі, братамі, уласнага пакою, асяроддзя, футбола, сабакі і, канечне, стасункаў з маці. Сэрца сціскаецца кожны раз, калі я размаўляю з ім і разумею, што ён у разгубленасці, не ведае куды сябе падзець, з кім пагаварыць, чым заняцца. І мужу майму няпроста пачынаць аднаму з дзіцём новае жыццё.

Так што, напэўна, першае, што мяне трымае, – гэта разуменне, што маім родным таксама цяжка, і я не магу раскісаць, ім патрэбная мая падтрымка

А калі пачынаеш думаць пра сотні іншых сямей, якія падзеленыя не мяжой, а турмой, то ўвогуле ўласная драма падаецца не такой і драмай, хаця, канечне, і турма ў маім выпадку верагодная.

Па-другое, мяне падтрымліваюць людзі добрым словам, добрай справай – гэта вельмі вялікая крыніца натхнення. Я стараюся не патрабаваць ад мужа звышувагі да сябе; калі накрывае, то звяртаюся да людзей навокал, і заўсёды мне дапамагаюць перажыць крызіс. І апошняя важная рэч: я веру ў тое, што раблю, і што гэта мусіць нехта рабіць, і калі я бачу, што мне ўдалося кагосьці падтрымаць, дапамагчы, то гэта і мяне трымае.

 

Ці ўсё было дарэмна

Мяне некалі моцна ўзрушыла адна гісторыя пра беларуску-цырульніцу, якая жыве ў Херсоне. Мая добрая прыяцелька-ўкраінка адтуль і ходзіць да яе стрыгчыся.

І вось гэта беларуска аднойчы распавяла, як яе сын вяртаўся са школы і ўбачыў, як сабакі напалі на кацяня.

Ён яго адбіваў, сабакі парвалі яму куртку, пакусалі, ён усё ж забраў кацяня за пазуху і прынёс дадому, і там у яго на руках яно памерла.

«Як шкада! Усё дарэмна!» – сказала мая прыяцелька.

А цырульніца схілілася над ёй і ў вочы сказала: «Вы што? Не дарэмна! Гэтае кацяня, паміраючы, ведала, што яго нехта любіць і яно некаму патрэбнае!»

Так што да «дарэмна« можа ставіцца па-рознаму. Бо пад «недарэмна» звычайна маецца на ўвазе перамога, чаканы вынік, а калі не – то як бы ўсе ахвяры, высілкі былі дарма.

Я гляжу на сітуацыю з іншага боку. Мы ж гаворым праўду ці робім нейкія ўчынкі ў жыцці не таму што атрымаем нейкі профіт, а таму што ў нас ёсць каштоўнасці і сумленне. Калі чальцы камісіі праўдзіва палічылі галасы, лекары публічна расказалі пра збітых, журналісты зафіксавалі прымяненне спецсродкаў і даказалі хлусню, праваабаронцы дапамаглі зафіксаваць катаванні і абаранілі чалавека, людзі публічна і мірна выказвалі сваё меркаванне – гэта ўсё мы рабілі і робім таму, што так нам казала наша сумленне і разуменне справядлівасці.

Так, да перамогі дэмакратыі гэта пакуль не прывяло, але ці дарэмна, што мы застаемся годнымі людзьмі? Канечне, не.

Ну і ўрэшце, я веру ў перамогу

Усё, што адбываецца, прыкра і балюча, нас рэпрэсуюць і катуюць, але няма адчування паразы, ёсць адчуванне працэсу разбурэння старой сістэмы. Упэўненасць у гэтым даюць зноў жа людзі – непахісныя, моцныя, самаахвярныя беларусы, якія не пагаджаюцца і працягваюць супраціў у турме ці на свабодзе. Пакуль яны ёсць, нічога не скончана.

 

Як дапамагчы «Звяну»

  • Што тычыцца нашай працы, то «Звяно» зараз падтрымаць цяжка. Фінансава гэта немагчыма, бо рахунак арыштаваны і суд пастанавіў ліквідаваць арганізацыю.
  • Можна дапамагаць валанцёрствам, але мы не можам гарантаваць бяспеку, бо самі праходзім падазраванымі па крымінальным артыкуле. Ну і не забываем, што, паводле меркавання МУС, «Звяно» займаецца экстрэмізмам.

У нас ёсць некалькі падапечных за кратамі, з якімі трэба ліставацца, высвятляць іх патрэбы. Калі нехта гатовы – гэта ладны кавалак працы.

Таксама ў планах, напрыклад, выдаць дзённік Ганны Франк у перакладзе на беларускую – будзем вельмі рады, калі неабыякавыя людзі будуць варушыць нас, каб мы хутчэй гэта рабілі, і пасля дапамогуць з распаўсюдам.

Апошняе, што хачу сказаць: не складайце рук. Нам трэба працаваць і за сябе, і за тых, хто за кратамі. І мы на добрым баку

Верасень 2021