Размовы

Сьвятлана Курс: «Войны – паскудная забаўка мужчын»

Псеўданім Ева Вежнавец

Сьвятлана Курс: «Войны – паскудная забаўка мужчын»

Беларуская пісьменніца, перакладчыца, аўтарка дзвюх кніг – «Шлях дробнай сволачы» (2008) і «Па што ідзеш, воўча?» (2020). За апошнюю Святлана (яна ж Ева) атрымала самую прэстыжную ўзнагароду ў беларускім літаратурным свеце – прэмію Ежы Гедройця. Жыве ў Варшаве, з пачаткам пандэміі пайшла працаваць сацыяльнай работніцай – дапамагаць у побыце і выслухоўваць пажылых людзей. Сёння працуе ў Музеі Польскага войска. Для Сойкі Святлана напісала эсэ – пра сучасную вайну ў дэкарацыях мінулых войнаў.

Сьвятлана Курс: «Войны – паскудная забаўка мужчын» Калаж Ксенія Лагавая

У мяне заўжды было моцнае, хаця і саманадзейнае, і можа, памылковае, адчуваньне, што Бог мною ўправіць, закіне куды трэба, абароніць і накіруе. Таму ў канцы 2021-га я з даверам увайшла ў сьцены Музэя Войска Польскага, думаючы, што гэтая праца – супярэчлівая прыгода для пацыфісткі і фэміністкі. Я лічыла, што войны – паскудная забаўка мужчын, у якой нам, жанчынам, згатаваная роля ахвяры – забітай, згвалчанай, укінутай у самае страшнае сіроцтва – страту дзяцей.

Усё аказалася інакш. Праз год пачалося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, і ад майго пацыфізму застаўся слабы абрыс, мара. Я б і хацела міру ды мілай бяззбройнасьці, але хіба гэта магчыма ў сьвеце, дзе ёсьць настолькі злая, садыстычная воля? Калі б магла, я б узяла са сьцен сва​йго музэя любую зброю ў рукі і пайшла б забіваць.

Я лічыла, што войны – паскудная забаўка мужчын, у якой нам, жанчынам, згатаваная роля ахвяры – забітай, згвалчанай, укінутай у самае страшнае сіроцтва – страту дзяцей

Вораг аказаўся старым, знаёмым і нам. Пра гэта нагадвалі ўсе 13 заляў майго музэю. Сярэднявечча й Рэнэсанс – бітва пад Воршаю. Вось яна, славутая карціна, якая ў наіўных вобразах малюе панараму «навалы з Усходу». Вось і славутая Слонімская харугва 1514 года з Пагоняй, а вось нашыя нясвіскія гарматы і фальканэты Радзівілаў 1600-х гадоў, чые ствалы ўвітыя кветкамі і вінаградам, аздобленыя сырэнамі і галовамі старцаў. Вось паўстаньні Княства і Кароны, жорстка задушаныя ў дзевятнаццатым стагоддзі. Вось панарама Цуду над Віслай, калі навала атрымала па носе ад нешматлікага польскага войска, якое змагалася як ільвы (было там і мноства беларусаў).

Вораг аказаўся старым, знаёмым і нам

Так што гістарычна я адчувала, што, магчыма, 2022 год – гэта апошні бой старога сьвету, у якім Расея панавала і атручвала ўсё навокал сябе. Што народы Княства і Кароны, з падтрымкай Захаду, нарэшце заб’юць гэтага цмока. Толькі што гэтым разам мая краіна была на баку цмока. Хаця і фармальна. Гэта мала зьмяняе ў пачуцьці ганьбы і бяссільля. Сьмерць пайшла ад нас, здрада пайшла ад нас.

Перапрашаю магчымага чытача за патасны і ўзьнёслы тон майго выказваньня, але інакш у гэтыя часы і пра гэтую вайну пісаць не выпадае. Гэтая гісторыя можа апісвацца толькі ў стылістыцы Толкіна. Мы ўбачылі канцэнтраванае зло, грамадства, спаянае і апоенае злом, у эйфарыі зла. Прыносяцца цэлыя гекатомбы. 10 тысяч жыхароў аднаго Марыупаля, вуліцы, засьцеленыя трупамі, згвалчаныя немаўляты, ахвяры страшных катаваньняў з вырваннымі вачніцамі – мы ўсё бачым на свае вочы, ашаломленыя, счарнелыя ад гора.

Так што гістарычна я адчувала, што, магчыма, 2022 год – гэта апошні бой старога сьвету, у якім Расея панавала і атручвала ўсё навокал сябе

Мала таго – нас паламалі і ўпіхнулі на няправільны бок гісторыі, зрабілі суўдзельнікамі, адабралі чэснае імя, якое мы, беларусы, вярнулі сабе ў 2020-м. Так мы апынуліся ў падвойным сонным кашмары – унутры краіны, дзе працуюць правілы канцлягера, дзе тысячы гніюць у турмах, сотні скалечаныя ці забітыя, а дзясяткі тысяч сарваліся ва ўцёкі. І звонку – дзе нас ненавідзяць украінцы, намі пагарджае сьвет, і маюць за што. Украінцам немагчыма цяпер разабрацца ў нас, яны занятыя выжываньнем і змаганьнем і цалкам засяроджаныя на тым, каб забіць Галіяфа, інакш Галіяф іх растопча ў пыл. Нават калі ў гэтага калоса гліняныя ногі, ён можа пахаваць пад сабой не адну цывілізацыю – хаця б з-за свае вагі і выключнай рэптыльнай злобнасьці.

Што нам рабіць, як сябе адчуваць? Несьці сваю ганьбу, боль і бяссільле ў маўклівай годнасьці, прымаць яе як неад’емную частку беларускасьці. Быць дарослай нацыяй – гэта прымаць ня толькі радасьць ды гонар, але і адказнасьць, і ганьбу. Яшчэ даросласьць нацыі і яе асобнага чалавека палягае ў працы на карысьць таго, што лічыш важным. Сёньня гэта наша паняволеная краіна, нашыя ўнутраныя справы, нашыя людзі, еднасьць, узаемадапамога. І Ўкраіна. Што б там ні было, можа, яны да нас ніколі не павернуць аблічча, але гэта нашыя адвечныя суседзі, і суседзі ісьцінна вялікія, адважныя, моцныя, здаровыя, якія ўмеюць марыць, працаваць, самаарганізоўвацца і змагацца. У іх ключ ад будучыні. Таму віна віною, крыўда крыўдаю, а дапамагаць ім трэба, гэта справа ня толькі годнасьці, але й выжываньня.

Мала таго – нас паламалі і ўпіхнулі на няправільны бок гісторыі, зрабілі суўдзельнікамі, адабралі чэснае імя, якое мы, беларусы, вярнулі сабе ў 2020-м

Наш музэй пускае ўкраінскіх уцекачоў па 1 злотым за квіток, сымбалічная аплата. На 90% наведнікі – мамы зь дзецьмі. Іхныя мужчыны змагаюцца. І я радуюся кожнаму жывому ўкраінскаму шпачаняці, што засталося жывое і бясьпечнае дзякуючы Польшчы. Учора маленькая дзяўчынка падаравала маёй каляжанцы дзьве пакамечаныя стакроткі, сарваныя ў нас на дзядзінцы. Тая паставіла іх у кілішку на стале ў нашай сталоўцы. Стакроткі белая і чырвоная.

Меркаванне аўтара не заўжды тоеснае меркаванню рэдакцыі.

Сьвятлана Курс: «Войны – паскудная забаўка мужчын»