Чацвёрты сезон стракатага серыялу, які не саромеецца тузаць за ўсе дурнаватыя клішэ адначасова, выклікаў новую лавіну гневу. «Эмілі ў Парыжы» крытыкуюць і як тэлепрадукт, і як асобна створаную гераіню. Украінцы крыўдзяцца за злодзейку-Петру ў другім сезоне, палякі — за паблажлівую ўзгадку пра Кракаў у чацвёртым. Жыхары Парыжу абураюцца на чарговае жаванне стэрэатыпаў пра іх — быццам бы яны забыліся пра мовы ды ветлівасць, пагарджаюць гігіенай і манагамнасцю. Эмілі раздражняе гледачоў кліпавым поспехам на працы, неглыбокім перажываннем падзеяў і экстравагантнымі касцюмамі ад усяго дызайнерскага сусвету — адкуль у простай інфлюенсеркі Louis Vuitton, пытае інтэрнэт, ды калі ж вы перастанеце карміць нас гэтай хлуснёй?
Ніколі — адказваюць стваральнікі «Эмілі», — мы яшчэ на «Sex in the city» спраўдзілі: чым непраўдападобней і яскравей адзець гераіню, тым вы лепей глядзіце серыял. А тут яшчэ Парыж і ягоныя асноўныя складнікі: boulangerie, pâtisserie, берэт, багет і Oh la la!
Але Сойка тут ляціць супраць паветранай плыні. Апроч таго, што «Эмілі» бесіць, яна яшчэ і шалёна падабаецца, пра што сведчыць папулярнасць серыялу. Верагодна, у яе нават знойдуцца ціпсы для кожнай з нас.
Рызыкну сцвердзіць, што «Эмілі ў Парыжы» — мікстура з някепскім супрацьяддзем ад фіксацыі на каханні, сузалежных адносін, а ў перспектыве і іншых, страшнейшых рэчаў. Чаму ж вучыць нас расфуфыраная да непрыстойнасці дзіва з дызайнерскай паштоўкі?
Паміж працай і стасункамі абірай працу
Шакаладная фабрыка Нэтфлікса зрабіла няпростыя цукеркі: у каляровым фанціку не такая ўжо й салодкая карамелька — гэта тэзіс, а цяпер доказ. «Эмілі ў Парыжы» выглядае як казачная гісторыя пра чарговую прыгажуню ў сонным лесе пад Эйфелевай вежай. Візуальна здаецца, што ўсе каноны выкананыя: Эмілі штодня трывожыць вуліцы пярэстымі ўборамі, прывабліваючы зграі прынцаў. На справе ж, калі на прынаду трапляе кашэміравы каралевіч Марчэла і Эмілі паўстае перад незайздросным выбарам «кахаць ці выкарыстаць для працы», наша гераіня сумняецца ўсяго хвіліну, а потым абірае кар’еру. І ўсё слушна робіць, падміргваюць нам аўтары серыялу, выводзячы закаханага ў кар’ерыстку хлопца на сцэну для фінальнага ў сезоне пацалунку.
Кашэміравыя прынцы таксама не любяць неамбітных дзяўчат.
Пераначуеш — больш пачуеш
Карыстайся бабулінай мудрасцю, яна, пры добрым раскладзе нябесных зор, можа і да Парыжу давесці. Не важна, што там было ўвечары, якія крыўдзіцелі ставілі табе «сядай, двойку», якія мужчыны мараў забіралі сарваныя з неба зоры назад — заўтра надыдзе раніца. А як вядома, раніца — зорны час для птушкі Фенікс. Уставай, умывайся, чысці зубы, падабайся сабе ў люстэрку, ідзі вырашаць справы.
Эмілі — чэмпіёнка ў гэтым відзе спорту. Мы не сустрэнем яе на канапе, у вазграх, з вядром чыпсаў і выходным на ўласнае жаданне. У 4-м сезоне ейны навязлівы раней пазітыўчык ужо выключаецца на карысць цалкам чалавечых эмоцый (так, мы ўсе заўважылі перакрыўлены ад болю твар, калі Алфі паведамляе, што мае новую дзяўчыну), але дзе мы знаходзім Эмілі нараніцу пасля балючага сутыкнення? На працы. Што на ёй надзета, давайце зірнем — ці піжама там хаця б? Ці падзёртыя джынсы «кепскага дня»? Ці брудны макіяж цяжкой ночы драматычна разлёгся?
Ды не, дзяўчаты, новы дзень, новы ўбор і кансілер знішчылі сляды цяжкіх дум.
Быць самотнай — гэта дар
Дылема кожнай яскравай жанчыны — гэта выбар. І тут акурат стваральнікі Эмілі не хлусяць. Надзела на сябе подыумны торт усіх колераў вясёлкі? Узброілася абяззбройвальнай усмешкай? Лаві мільён поглядаў, заляцанняў і сур’ёзных прапановаў рукі ды сумеснага апартаменту. Як выбраць з двух асілкаў, асабліва калі яны абцяжараныя цяжарнымі экс-дзяўчатамі, уласнымі гармонамі, крыўдамі і моўным бар’ерам?
Эмілі вяртаецца з прабежкі, перабірае ўсе пералічаныя вышэй аспекты ў сваім эмацыйным маналогу і нечакана разумее: лес бясконцы, Парыж (а таксама Кракаў, Менск і Баранавічы — Заўв. Сойкі) не складаецца з двух мужыкоў. Надакучылі двое — азірніся па баках. Там столькі плюсаў сінгл-жыцця!
Мяняй дэкарацыі
Не бойся зрывацца з месца. Падумай, каму прасцей памяняць горад: табе ці Эмілі, якой Парыж прапісалі нават у назве серыяла? Тым часам наша амерыканка, выслухаўшы франкамоўны наезд Гэбрыэля (без аўдыяперакладчыка), дазваляе сабе ўсумніцца ў тым, што шчасце магчымае толькі на Манмартры, з шалікам і доўгім батонам пад пахай.
Трымай новую паштоўку з-пад Калізея — раней так рабіла толькі Одры Хэпбэрн, і Эмілі з цікавасцю прымярае ейную спаднічку і месца на рымскім мапедзе. А можа быць, сяброўка, хопіць глядзець на паштоўкі: трымай спаднічку, сядай на Вэспу, едзь насустрач сабе!
Твая, Сойка Pavlova
Меркаванне адной Сойкі можа не супадаць з меркаваннем іншай