Размовы

«О, ЖІВЕ БІЕЛАРУСЬ!»

Сяргей Доўгушаў

«О, ЖІВЕ БІЕЛАРУСЬ!»

Сяргей Доўгушаў калісьці прыдумаў «Спеўныя сходы», каб паказаць беларусам, што народныя песні лёгка можа спяваць кожны з нас. А зараз ён пераехаў у ЗША і ў вольны час паказвае беларускую культуру ўжо амерыканцам. Sojka пагаварыла з Сяргеем пра эміграцыю, тугу па Беларусі, вайну ва Украіне ды пра рэцэпты выжывання для творчых людзей.

— Як у вас жыццё зараз?

— Зараз я жыву ў ЗША — шукаю тут працу, ладжу канцэрты, актыўна камунікую з мясцовымі суполкамі беларусаў. На Новы год у мяне быў калядны тур — аб’ездзіў дзевяць штатаў, знаёміў дыяспару з беларускім калядным абрадам. Але канцэртная дзейнасць — гэта па святах ці па выходных, а ў астатні час трэба зарабляць грошы і чамусьці вучыцца.

 

— Раскажыце пра свой шлях эмігранта.

— Яшчэ у 2018 годзе я выйграў польскую cтыпендыю Gaude Polonia і паехаў у Варшаву на шэсць месяцаў. А пасля вярнуўся ў Беларусь і распачаў актыўную дзейнасць: ужо існавалі і «Спеўны сход», і гурт «Вурай», а мне вельмі захацелася рабіць фестывалі. І тады мы з камандай арганізавалі фальклорны фестываль «Раёк», «Вяселле-фэст», Litvak Klezmer Fest.

Ну а потым, пасля падзей 2020 года, мяне зноў закінула ў Варшаву. Гэта была вясна 2021 года: я выехаў з Беларусі, бо ўжо закіпала галава, а апошні месяц я наогул з дома не выходзіў — далей так жыць было немагчыма.

У Польшчы я прабыў з сакавіка да снежня, і за гэты час быў створаны «Варшаўскі вольны аркестр», з сябрамі-музыкамі заснавалі праект Isna Trio — мы актыўна рэпетавалі і гастралявалі. Выходзіць, што калі мне не перашкаджаюць, калі я адчуваю сваю патрэбу, то я сапраўды раблю шмат.

Таксама ў Варшаве пачаўся важны для мяне праект — Арт-рэзідэнцыя «Дом творцаў». Ён дае магчымасць творчым людзям рэабілітавацца ад стрэсу і далей займацца творчасцю. Бо раней у Беларусі яны мелі ўзнагароды, выстаўляліся ў галерэях, выступалі на сцэне, а пасля за сваю пазіцыю апынуліся выкінутымі на вуліцу. І нават пры эміграцыі яны сутыкаюцца з вялікімі праблемамі — няведанне мовы, адсутнасць кантактаў. І нашая рэзідэнцыя дае магчымасць заняцца тым, што мастакі ды музыкі ўмеюць лепш за ўсё, — творчасцю.

‍Са снежня я знаходжуся ў ЗША. Мая жонка мае грын-карту, і мы шмат гадоў афармлялі дакументы — вось цяпер прыйшоў той час, калі трэба было ехаць. Вырашыў: чаму б не скарыстацца магчымасцю атрымаць новы жыццёвы досвед?

 

— Туга па Беларусі ёсць?

— Увесь час сумую, бо у мяне там маці, сястра, брат. Я б ніколі не хацеў з’язджаць з Беларусі.

‍І, канечне, мне не хапае тых момантаў, калі можна паехаць у вёску, пабачыцца з роднымі, паесці хатняй ежы. Але з іншага боку, для мяне Беларусь, якую я ведаў, скончылася ў 2020 годзе. І навошта вяртацца ў іншую краіну, дзе катуюць, забіваюць і гвалцяць людзей? Не хачу расчароўвацца. І зараз я часткова разумею Шагала, у якога была магчымасць прыехаць у Віцебск за савецкім часам, але ён вырашыў гэтага не рабіць.

Вядома, я і зараз падтрымліваю сувязь з Беларуссю, увесь час кантактую з роднымі і блізкімі, ёсць нават праекты, якія я не афішую.

 

— Якія ў цэлым уражанні ад ЗША? Чаго не хапае з таго, што ёсць у Беларусі?

— Пакуль я ўспрымаю ўсё як гульню і нейкае кіно. Бо трапіў у тое, што мы з дзяцінства бачылі ў амерыканскіх фільмах — пабы, куды можна зайсці выпіць тэкілы, паездкі на машыне па хайвэі…

З іншага боку, тут нельга ўвечары патэлефанаць сябру і запрасіць схадзіць на піва — бо ўсе вельмі раскіданыя тэрытарыяльна нават у межах аднаго штата. Напрыклад, я жыву ў прыгарадзе Чыкага, і калі хачу з некім сустрэцца, то дарога на машыне можа займаць гадзіну-паўтары. Ну і яшчэ тут усе пастаянна працуюць: для адпачынку ёсць толькі выходныя.

‍Ну, і ЗША — гэта краіна матэрыяльнага. Ідзеш на працу, каб зарабіць грошы і аплаціць кватэру ды крэдыты, потым закупаешся ў краме, потым едзеш дадому. Тут культ ежы і рэчаў: хочаш новы тэлефон і кашулю — ідзеш і купляеш, усё вельмі таннае. Гэта крута, але ў будзёнасці ўсё творчае пачынае здавацца не такім важным. Адчуваю, што мне не хапае нейкай душэўнасці, глыбіні — творчае, крэатыўнае і арыгінальнае ў мяне нараджалася акурат у Беларусі.

‍А яшчэ я заўважыў, што мы прывозім з сабой комплексы. Напрыклад, у мяне быў вельмі вялікі стрэс праз ангельскую мову: нам жа пастаянна расказвалі, што пакуль не навучышся нармальна размаўляць па ўсіх правілах, то цябе не зразумеюць. Але ў рэальнасці ніхто не крытыкуе, што ты няправільна размаўляеш.

‍Ці вось я ў Беларусі ўвесь час ухіляўся ад таго, каб здаць на правы. Бо ў аўташколе, куды я пайшоў вучыцца, выкладчыкі толькі і рабілі, што крычалі, якія мы ўсе дэбілы. Я нават да ДАІ не дайшоў: маё навучанне скончылася тым, што інструктар чарговы раз стаў крычаць і абражаць мяне падчас кіравання на дарозе — я проста спыніў машыну і выйшаў. У Амерыцы без аўто немагчыма, і я пайшоў здаваць тэст — а ў мяне калоцяцца рукі, бо я прывёз свой стрэс з Беларусі. Але тут інструктар не крычыць — усе прыязна да цябе ставяцца, у іх няма патрэбы цябе прынізіць.

Тое ж самае з арганізацыяй канцэртаў: у Беларусі трэба столькі выпрабаванняў прайсці, каб гэта зрабіць — атрымаць паперкі ад ідэолагаў, знайсці пляцоўку, якая не баіцца беларускай мовы…

І з усім гэтымі комплексамі мы прыязджаем у іншыя краіны, і потым не адзін год працуем над тым, каб іх пазбавіцца і ўжо быць свабоднымі.

«О, ЖІВЕ БІЕЛАРУСЬ!»

— Вы пісалі ў сваім фэйсбуку, што ў ЗША даводзіцца зарабляць на жыццё фізічнай працай…

— Канцэрты і гастролі даюць недастатковы прыбытак, каб пражыць у Амерыцы. Таму я сапраўды працаваў грузчыкам некалькі разоў. Тут гэта нармальная сітуацыя: калі табе трэба заплаціць за кватэру, то ты ідзеш і зарабляеш. Але мне не вельмі падабаецца працаваць толькі фізічна, хочацца знайсці яшчэ занятак, дзе трэба думаць. Магчыма, трэба прайсці нейкае дадатковае навучанне, каб засвоіць нейкую прафесію. Зараз я пакуль у пошуках той дзейнасці, якая мне будзе прыносіць грошы.

‍Але я па-ранейшаму адчуваю сябе культурным дзеячам, музыкантам, арганізатарам. Мне падабаецца працэс кіравання праектамі, і гэта больш карысна, чым перацягваць мяхі ці скрынкі з аднаго месца ў другое. У перспектыве трэба тут адкрываць свой бізнэс, але спачатку трошкі адаптавацца.

 

— Як праходзяць канцэрты і імпрэзы ў ЗША? Хто на іх прыходзіць?

— Людзі розных нацыянальнасцяў — беларусы, украінцы, палякі, амерыканцы.

Часам у мяне з’яўляецца ўражанне, што я прыляцеў на іншую планету, бо тут нічога не ведаюць пра беларускую культуру, пра нашы інструменты. І сапраўды, паслухаць круцецкі блюз ці джаз у ЗША няма праблем, гэтага многа. А вось знайсці канцэрт з беларускімі песнямі і музыкай — цяжка. Таму амерыканцам вельмі цікавая нашая культура, яны пад уражаннем ад беларускай музыкі.

‍Што тычыцца беларускай дыяспары, то гэта такія ж беларусы — магчыма, трошкі больш свабодныя і болей фінансава здольныя аплаціць канцэрты і заданаціць.

— Што змянілася ў вашым жыцці з пачаткам вайны ва Украіне?

— Першы месяц наогул не выпускаў тэлефон з рук. Як усё пачалося, то моцна штарміла ўнутры — ад бездапаможнасці да агрэсіі, ад крыку да сабранасці, каб знайсці сілы і дапамагаць. Вядома, далучыўся тут да валанцёрства — акцыі, маршы, зборы, дабрачынныя канцэрты.

 

— Якія настроі зараз пануюць у дыяспары беларусаў у ЗША?

— Пасля таго як у Беларусі ўсіх актыўных замачылі і зачысцілі, то ў дыяспары настрой сапсаваўся — мітынгаў амаль не было, градус яднання стаў падаць. Але пасля пачатку вайны ва Украіне беларусы зноў мабілізаваліся і ўключыліся ў дапамогу: валанцёрства, збор сродкаў і г.д. Беларусы далучаюцца да ўсіх мітынгаў, маршаў, канцэртаў салідарнасці ў падтрымку Украіны. Усе разумеюць, што лёс Беларусі таксама вырашаецца ва Украіне.

 

— А што думаюць амерыканцы пра вайну ва Украіне?

— Калі я валанцёрыў на зборы гуманітарнай дапамогі, то і прыязджалі і амерыканцы — таксама прывозілі лекі і патрэбныя рэчы. Тыя, хто ў тэме, ведаюць і кажуць: «Слава Украіне! Героям слава!» Па гарадах вывешана шмат украінскіх сцягоў — і гэта робяць не толькі ўкраінцы, але і амерыканцы. На вуліцах — плакаты з надпісамі па-ангельску «Стоп вайна», «Стоп Пуцін». Амерыканскія спевакі ахвотна далучаюцца да канцэртаў у падтрымку Украіны.

 

— Пра Беларусь і падзеі 2020 года ў ЗША ведаюць што-небудзь?

— Калі пра краіну пішуць у газетах і паказваюць па тэлебачанні, то амерыканцы ўсё ведаюць. А сышла тэма з парадку дня — і ўжо ніхто не ў курсе. Зараз тут пра Беларусь ужо нічога не паказваюць. Але бывае, што хтосьці з мясцовых на мітынгах бачыць наш сцяг і кажа: «О, жіве Біеларусь!»

 

— Як творцам займацца творчасцю ў такія цяжкія часы?

— Мой рэцэпт просты: запрашаем у нашую рэзідэнцыю «Дом творцаў» у Варшаве. Гэта добрая магчымасць не пайсці працаваць фізічна, а заняцца творчасцю і нешта выбітнае зрабіць.

Агулам, я б параіў хоць на нейкі час выйсці з інфармацыйнага поля і кудысьці выехаць з краіны ці хаця б за горад. Дазволіць сабе пабыць сабой. Бо калі ты заўсёды ў стане напружання, стрэсе і дэпрэсіі, то нешта стварыць проста нерэальна.

Але творчасцю трэба працягваць займацца, нягледзячы на ўсе цяжкія падзеі. Я добра разумею, што ў нейкі момант з’яўляюцца думкі накшталт «а каму гэта патрэбна», рукі апускаюцца, але якраз праз творчасць мы можам казаць пра свае пачуці, пра свой боль і пратэст. Намаляваць карціну, напісаць песню — гэта ў сотні разоў больш вартае, чым нешта даказваць у каментарах у фэйсбуку.

Да таго ж, творы застануцца і іншым пакаленням: тым людзям, што будуць пасля нас, таксама трэба пакінуць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі і пра тое, што адбываецца з намі цяпер.