Размовы

Я, пэўна, ніколі не змагу глядзець фільмы пра вайну

Расповед жыхаркі Ірпеня з беларускім пашпартам

Я, пэўна, ніколі не змагу глядзець фільмы пра вайну

Украінская мастачка з беларускім пашпартам Насця Дачко была разам з мамай у Ірпені пад Кіевам, калі пачаліся абстрэлы. Ракеты і знішчальнікі ляцелі з беларускага боку. Пасля 10 дзён у санвузле мама і дачка вырушылі ў нялёгкі шлях – прыхапіўшы асноўныя рэчы і сямікілаграмовага ката Мішу. Sojka публікуе аповед Насці.

Я, пэўна, ніколі не змагу глядзець фільмы пра вайну

Мы ніяк не рыхтаваліся і не чакалі вайны. Я наогул жартавала з гэтай нагоды, калі размаўляла з кім-небудзь, напрыклад, з Беларусі, заўжды падкрэслівала, што гэта нейкія гульні геапалітычныя, гэта не можа быць праўдай. Бо для Расеі няма ніякага профіту і сэнсу ў тым, каб развязваць вайну. Я і цяпер не разумею, як гэта ўсё растлумачыць.

Мая мама запісалася на стрыжку якраз на 24 лютага, на 10-ю раніцы. І яна нават выправілася ў салон, у надзеі, хаця навіна пра тое, што пачаліся абстрэлы, ужо прайшла. Мы даведаліся пра гэта з самай раніцы, нам пачалі тэлефанаваць усе, я ляжала ў ложку і слухала аддаленыя выбухі. Мне было трывожна, але звыкнуць да думкі, што гэта рэальна адбываецца з намі, было немагчыма. Потым я пачула, калі пачалі бамбардаваць аэрапорт у Гастомелі – ад нашага дома да яго кіламетраў 15. Таксама я пачула свіст самалётаў, якія ляцелі ў падтрымку Гастомеля, і яшчэ не ведаючы, чые гэта самалёты, я ўпала на падлогу і фізічна адчула, што пачалася вайна.

Якраз у гэты момант мама ішла ў цырульню. Яна ўбачыла поўны транспартны калапс, усе намагаліся выехаць з Кіева праз Ірпень. У крамах людзі зграбалі ўсё што можна. Мама паспела таксама набыць нейкія прадукты, закупіцца для ката. З гэтым яна вярнулася дадому, я нават змагла выклікаць для яе таксі, яна ехала вельмі доўга, узяла нейкіх людзей да сябе па дарозе. І вось, пасля таго як яна дабралася, мы нікуды ўжо не выходзілі і правялі 10 дзён у прыватным сектары, у нашым доме, у таўнхаусе. Мы апынуліся ў такой кішэні. З аднаго боку пачаліся баі ў Гастомелі, з іншага – падарвалі ўсе масты.

У самы першы дзень мы вырашылі, што самае бяспечнае месца ў нашым доме – гэта санвузел. Мы зрабілі там укрыццё, паставілі крэслы, паклалі рэчы, некаторыя прадукты, на выпадак, калі сядзець там давядзецца доўга. Яшчэ мы сабралі свае трывожныя валізкі і таксама паставілі там, нешта з адзення паклалі. Калі былі самыя гучныя выбухі, адбываліся наймацнейшыя баі, мы сядзелі ў санвузле.

Гэта не страх – гэта экзістэнцыйны жах. Гэта нейкае жывёльнае пачуццё

У першыя дні мы былі проста разгубленыя. Я не чакала, што ўсё будзе настолькі хутка прасоўвацца ў наш бок, я чамусьці думала, што актыўныя дзеянні будуць на мяжы. Мы думалі, што ў нас ёсць час – схлыне першая хваля людзей, і мы зможам выехаць спакойна. Але гарызонт планавання зусім змяншаецца. Ён абмяжоўваецца нават не днямі – гадзінамі, нават хвілінамі. Усё змяняецца кожны момант.

Напэўна, калі б я была сама або проста разам з катом, я б ужо неяк выйшла, прабіралася лясамі, але з мамай, якой 60 гадоў, мы спачатку перачэквалі.

У апошнія дні мы разумелі, што, калі зараз не выедзем, у нас ужо можа не быць такога шанцу

Я ўжо была блізка да нервовага зрыву, а мама нейкі час звыкалася з думкай, што мы выходзім. Ёй было вельмі цяжка пакінуць свае вазоны, свой побыт, яна ў апошні дзень яшчэ паспела зварыць варэнне, ёй было шкада пакідаць трускаўкі ў лядоўні. Мы з ёй паводзілі сябе зусім па-рознаму. Я складала план у галаве, думала, што самае важнае забраць – кампутар, каб працаваць, ката, ну і нешта з адзення неабходнае. Мама ж перабірала ўсё, парадкавала вазоны, варыла варэнне.

У свой таўнхаўс у Ірпені мы заехалі нядаўна – толькі ў верасні, там яшчэ не да канца завершаны рамонт. У нас было вельмі шмат планаў, як мы зробім дом камфортным, як адкрыем сезон барбекю, як сустрэнем гасцей. Мы не думалі пра вайну.

Я вырасла і вучылася ў Беларусі, была чальцом Прэзідыума Аб’яднання ўкраінцаў Беларусі, ва Украіну я прыехала жыць ужо нейкі час таму. Бацькі так актыўна ў жыцці дыяспары не ўдзельнічалі, але ідэя калісьці пераехаць ва Украіну заўжды вісела ў паветры. Падзеі апошніх гадоў у Беларусі паскорылі гэты працэс, бацькі не захацелі заставацца ў таксічнай атмасферы, пераехалі ў Ірпень, пачалі жыццё ў новым месцы.

Мы ўсе застаемся грамадзянамі Беларусі. Калі я сядзела ў Ірпені падчас абстрэлаў, я думала пра тое, што сяджу тут, а на мяне ціснуць танкі, ідзе тэхніка з Беларусі. Калі б тэрыторыю краіны, да якой я належу як грамадзянка не маглі б выкарыстаць як плацдарм, гэтага наступу папросту не было б, прынамсі, не з гэтага кірунку. Гэта прыкра, гэта вельмі балюча.

Я, зразумела ж, падзяляю, умоўна кажучы, Беларусь імя Лукашэнкі і Беларусь імя Ціханоўскай. Я бачу вельмі шмат падтрымкі з боку беларусаў, ведаю, як ім балюча і цяжка.

Мы даведаліся пра тое, што на вакзал у Ірпені пададуць цягнік да Кіева, і вырашылі выходзіць. Узялі рэчы, пераноску з катом (а кот у нас вялікі – 7 кілаграмаў). Перад гэтым я вызірнула ў акно і ўбачыла знішчальнік, які ляцеў на мяне, вельмі нізка над прыватным сектарам. Гэты свіст самалёта, відаць, самы страшны гук, які я чула ў жыцці. Я, пэўна, ніколі не змагу глядзець фільмы пра вайну. Бо гэта пранізвае да касцей. Мы выйшлі, а самалёт працягваў кружляць над намі. Мы прайшлі больш за кіламетр да блокпаста, адтуль нашыя хлопцы накіравалі нас далей.

На другім пункце вайскоўцы нам параілі ў горад не ісці – там былі выбухі, стрэлы. І мы пайшлі ў кірунку моста, які знішчылі яшчэ на другі дзень вайны

Ішлі мы па адкрытай мясцовасці, у наш бок увесь час нешта ляцела – мне цяжка гэта назваць, відаць, снарады – мы падалі ў траву, у канаву каля дарогі, трохі перачэквалі, зноў падымаліся, зноў ішлі. Гэтак мы дабраліся да моста, частка яго абвалілася, але па рэштках можна было перайсці раку. Там былі і іншыя людзі, якія адольвалі гэты шлях. Разгаварыліся з жанчынай, якая ішла з 12-гадовым хлопчыкам. Урэшце яны далучыліся да нас, мы разам ехалі, пасялілі іх у сваім часовым жытле ў Львове.

Перайшоўшы мост, мы селі на аўтобус, які давёз нас да блокпаста ў Кіеў. На вакзал нас завёз мужчына, валанцёр. Ён крычаў на нас за тое, што мы намагаліся заплаціць за дапамогу, хаця б за паліва. Лагістыка ўся пабудаваная на розных узроўнях так, каб ратаваць людзей. Эвакуацыя працягваецца, гэтаму спрыяе і мясцовы мэр, і дэпутаты. Для мяне вялікае адкрыццё, што мясцовыя ўлады гэтак змагаюцца за сваіх людзей, за свае гарады, фактычна ахвяруючы жыццём, як сельскі галава Гастомеля.

Першыя дні былі для мяне проста шокам, я ляжала ў ложку, скроліла навіны, ніводнага разу не плакала. Потым хутка наступіла прыняцце сітуацыі, і я дзейнічала рацыянальна, спакойна. У мяне не было панічных атак ці неўрозаў, але я баюся, што можа накрыць.

Усе гэтыя дні мы мала елі, спалі, страцілі вагу.

Я зараз разумею, што да гэтага моманту ў мяне не было ў жыцці праблем

Адначасова я не вышла з гэтага з нейкім цёмным, чорным пачуццём. Мы з мамай выйшлі з гэтага са светлым адчуваннем, з верай у людзей. З боку ўкраінцаў гэта ўсё было пра любоў, падтрымку, дабрыню. У Хмяльніцкім быў момант, калі наш цягнік спыніўся і людзі прыйшлі на станцыю, пачалі піхаць у вагоны пакеты з ежай – печывам, яблыкамі. Яны ведалі, што мы едзем з Кіева. Хтосьці крычыць: “Слава Украіне”, а ўвесь вагон адказвае: “Героям слава!” Проста адчуваеш моц.