Размовы

Як (не) размаўляць з беларусамі

[ гісторыі непаразуменняў ]

Як (не) размаўляць з беларусамі

Новыя часы прынеслі ў жыццё беларусаў новыя размовы, да якіх мы ўсе не былі гатовыя. Палітвязні, уцекачы, вымушаныя імігранты — як і пра што гаварыць з гэтымі людзьмі? Як далікатна кранаць тэмы, якія ім баляць? Sojka паразмаўляла з беларусамі, якія сутыкнуліся з негатывам, хейтам або неразуменнем праз беларускі пашпарт, адседку ў турме або бежанства.

Як (не) размаўляць з беларусамі

«ЗДЗІЎЛЯЮЦЬ ЛЮДЗІ, ЯКІЯ БЫЦЦАМ НЕ БАЧАЦЬ, ШТО АДБЫВАЕЦЦА ВАКОЛ»

Гісторыя Алены

Часцей за ўсё мне задаюць адно і тое ж пытанне: «Як там справы ў мужа?» Але я не ведаю, што адказваць: ён піша, што трымаецца, але як яно на самой справе… Я нават не ведаю, як выглядае яго камера.

У прынцыпе, мяне ніякія роспыты на крыўдзяць. Але ёсць рэчы, якія непрыемныя. Напрыклад, знаёмая заявіла: «Я паслухала твае аповеды і зразумела, што ўсім зняволеным у СІЗА вельмі добра жывецца». З якога боку яна мяне слухала — не ведаю. Зараз з ёй наогул не развіваю гэтую тэму.

Яшчэ здзіўляюць людзі, якія ў нашых рэаліях яшчэ спадзяюцца на органы ўлады і быццам не бачаць, што адбываецца навокал.

Бацькі мужа шчыра казалі пасля арышту: «За што? Ён жа нічога такога не зрабіў». Як быццам усе астатнія, якіх да гэтага арыштоўвалі за лайкі і каментары, рабілі нешта дрэннае і забароненае

І бацькі чамусьці лічаць, што паўгода пройдзе, нічога не знойдуць і адпусцяць. Як можна быць такімі наіўнымі і ў гэта верыць?..‍

Ну, і я заўважыла, што сама стала вельмі шмат гаварыць. Напэўна, не хапае зносін з кімсьці дарослым па вечарах. Я нават нядаўна ішла на манікюр і думала нічога не распавядаць, каб не напружваць чалавека. Але ў выніку прагаварыла нон-стоп: майстар мне задала адно пытанне — і мяне панесла…

«Я ПАДУМАЎ: НУ ЎСЁ, ЗАРАЗ МНЕ ПРЫЛЯЦІЦЬ»

Гісторыя Ігара

Мы з сям’ёй жылі ў Ірпені і трапілі ў самы эпіцэнтр вайны. Спачатку думалі заставацца — закупілі прадуктаў, думалі перабрацца да жончынай сястры на першы паверх. Адразу была сумятня, ніхто не разумеў, што рабіць і куды ісці дапамагаць. Я пагугліў, дзе знаходзіцца ваенкамат, і пайшоў туды. Ваенкам паглядзеў на мой вайсковы білет (год у войску, два месяцы вайсковых збораў, тры вайсковыя спецыяльнасці) і сказаў, што я не першы беларус, які сюды прыходзіць, але замежнікаў пакуль не бяруць. Негатыву ніякага не было.

У тэрытарыяльную абарону ў гэты дзень я ўжо не паспяваў праз каменданцкую гадзіну, а ўначы так хярачылі снарады, што жонка сказала: давайце ўсё ж такі паедзем. І мы выехалі ў невялікае сяло ў Жытомірскай вобласці. Там я пайшоў запісвацца ў тэрытарыяльную абарону, але яны выклікалі нейкіх вайскоўцаў. Прыехалі мужыкі з аўтаматамі, пасадзілі мяне ў машыну і павезлі ў паліцыю разбірацца.

І маючы досвед, як мяне 8 жніўня 2020 года паўдня збівалі ў міліцыі за фота аўтазака, я падумаў: ну ўсё, зараз мне прыляціць. Я ж разумеў, што мяне лічаць дыверсантам: ну ўявіце сітуацыю, калі Германія нападае на Савецкі Саюз, і раптам выбягае немец і кажа: «Я дасведчаны ваяка, запішыце мяне ў войска»

Але хлопцы паводзілі сябе вельмі карэктна. Вядома, спачатку зласліва казалі: «У войска захацеў? Зараз мы цябе даставім у войска». Але потым пагутарылі, паглядзелі мой тэлефон, праверылі дакументы, патэлефанавалі жонцы-ўкраінцы — і ўсё. Стаўленне наогул іншае — як да чалавека. Я не ведаю, што б у беларускай міліцыі зрабілі з тым, каго палічылі б дыверсантам.‍

Потым з мужыкамі мы хадзілі патруляваць у вёсцы — яны таксама нармальна да мяне ставіліся. На працы спыталі, ці буду я заставацца ў іх працаваць, і сказалі, што я «добры беларус».‍

Зараз вывез сям’ю ў Польшчу і дапамагаю ў Чырвоным Крыжы. Але планую вярнуцца валанцёрыць ва Украіну.

«СЯБРЫ “НЕ ВЫВОЗІЛІ” РАСПОВЕДАЎ ПРА АКРЭСЦІНА»

Гісторыя Вольгі

Чалавек выходзіць з турмы — і гэта самая вялікая падзея ў яго жыцці. І калі яго пра гэта запытаць, то можна не разлічыць свае сілы і рэсурсы, каб усё выслухаць, і такім чынам атрымаць «траўму сведкі».‍

У мяне былі такія выпадкі, калі людзі шчыра цікавіліся: «Ну, як там?», але потым «не вывозілі» расповеду: іх рэсурс слухання заканчваўся раней, чым мая гісторыя — яны пачыналі заліпаць у тэлефон, адключаць увагу, а я яшчэ не ўсё расказвала. Упэўнена, што людзі не хацелі зла, проста яны не цягнулі падобныя гісторыі. Магчыма, была і мая віна, што я не магла сцісла расказаць. Але потым я падрыхтавала экспрэс-гісторыі: як адключылі ваду, падсялілі бамжыху і як я гуляла супраць міліцыянераў у складанне словаў з надпісу «следственный кабинет».

Былі выпадкі, якія выбівалі з каляіны. Калі я выйшла, мне патэліў бацька і запытаў: «Ну што, і ці яно было таго варта?» Я афігела ад такога пытання, было вельмі крыўдна

Бабка-суседка, якой вельмі не падабалася актыўнасць нашага двара, сустрэла мяне пытаннем: «Ну што, управілі табе там мазгі?» Але гэта было не так крыўдна, як пытанне ад бацькі.‍

Яшчэ мне патэліла знаёмая, каб даведацца, як я. Але па факце ў размове наракала на тое, што людзі развялі гэтыя непатрэбныя пратэсты і што ад іх будзе толькі горш. Я не спрачалася — бо што я, задзёрганая, судзімая і знясіленая, магла запярэчыць дарослай жанчыне, якая хвалілася, што яе муж-вайсковец будуе кар’еру, якое ў іх жытло і як мала яму засталося да пенсіі? Што я магла сказаць жанчыне, якая тэліла мне, каб я яе пашкадавала, бо ў яе беднага мужа былі дадатковыя дзяжурствы? Гэта ці то бястактнасць, ці яшчэ што іншае — не ведаю.‍

Але мушу сказаць, што гісторый падтрымкі ў мяне было ў мільярд разоў болей.

«У ЕЎРОПЕ ЦІ ТО НЕ ВЕДАЮЦЬ, ШТО АДБЫВАЛАСЯ І АДБЫВАЕЦЦА Ў БЕЛАРУСІ, ЦІ ТО ПРОСТА ЗДЗЕКУЮЦЦА»

Гісторыя Анастасіі

Я эвакуявалася з Кіева ў Львоў. Потым запісалася ў беларускі аўтобус, каб выехаць у Польшчу, але выпадкова пераблытала і села ў той, дзе былі толькі ўкраінцы. На мяжы ўсім паставілі штамп аб выездзе проста ў аўтобусе, а мой пашпарт забралі. Памежніца вельмі агрэсіўна на мяне адрэагавала і паднаехала: «Чаму вы не вяртаецеся ў Беларусь? Вы ж нас бамбіце». Увогуле, на 25 хвілін затрымалі ўвесь аўтобус праз мой пашпарт.‍

Украінка, якая побач са мной ехала ў аўтобусе, прыфігела ад такога стаўлення і дзівілася, чаму памежніца на мяне так наехала: «Ну і што, што ты беларуска?» Увогуле, была нават пад большым уражаннем, чым я.‍

Цяпер я ў Літве, але статус бежанца атрымаць не магу — нягледзячы на тое, што жыла ва Украіне і ў мяне ёсць украінскі ВНЖ. Я была ў Дэпартаменце па міграцыі, і мне сказалі, што падаць дакументы на міжнародную абарону я, вядома, магу, але яны будуць разглядацца пасля ўсіх-усіх заяў украінцаў. А іх у Літве каля 19 тысяч, гэта значыць мая заява будзе разглядацца… прыкладна ніколі.‍

З аднаго боку, я разумею, што ўкраінцам цяпер важней дапамагчы, але дапамога беларусам адсутнічае ў прынцыпе — нам дапамагаюць толькі іншыя беларусы і грамадскія арганізацыі, якія гэта рабілі пасля 2020 года.

А каб атрымаць нейкую дапамогу ў ЕС на дзяржаўным узроўні, трэба даказаць, чаму ты не можаш вярнуцца ў Беларусь. Такое адчуванне, што ў Еўропе ці то не ведаюць, што адбывалася і адбываецца ў Беларусі, ці то проста здзекуюцца. Мне хочацца верыць, што гэта неразуменне і няведанне

Ну і пра банкаўскія карткі: я цяпер у сітуацыі, калі ў мяне не працуюць ні беларускія, ні ўкраінскія карткі, і пакуль мне не ўдалося адкрыць літоўскую картку. І гэта надзённая праблема — многія сэрвісы можна аплаціць толькі картай.

«АДНАКЛАСНІКІ ПАЧАЛІ АБЗЫВАЦЬ МАЁ ДЗІЦЯ “ПУЦІН” І “РАСЕЙСКІ ШПІЁН”»

Гісторыя Марыі

Мой сын ходзіць у першы клас польскай школы. Ён жыве ў Польшчы з двух гадоў, польскую ведае лепш за рускую і гаворыць без акцэнту, мае польскае і беларускае грамадзянства. І ніколі раней за гэтыя гады мы не сутыкаліся з дыскрымінацыяй па паходжанні.

Але ў апошнія тыдні аднакласнікі-палякі пачалі абзываць дзіця «пуцін», «расейскі шпіён», гаварыць, што ён «дапамагае забіваць украінцаў», што ён «размясціў на палове сваёй краіны гарматы і абстрэльвае Украіну», і палохаюць, што будуць «ваяваць супраць яго»

У класе няма іншых «замежнікаў»: ні расейцаў, ні ўкраінцаў, ні беларусаў. Таму цяпер дастаецца аднаму нашаму дзіцяці.‍

Раней з гэтымі хлопцамі здараліся канфлікты, але не на нацыянальнай глебе — хутчэй, былі проста разборкі хлапчукоў.‍

Мы, вядома, адразу паведамілі класнаму кіраўніку, выхавальніку прадлёнкі і школьнаму псіхолагу. Папрасілі правесці гутарку, пагаварыць з бацькамі і звярнуць увагу на гэтую сітуацыю. З дзіцем таксама пагаварылі.‍

Сёння ўжо не было ніякіх абразаў ад дзяцей, але сітуацыя відавочна патрабуе большай увагі, чым проста размовы. Бо такія выказванні — гэта не толькі цкаванне ў дачыненні да нашага дзіцяці, але і шкоднае мысленне для іх дзяцей: яно сфармуе нецярпімых і азлобленых людзей.‍

Адкуль у дзяцей узяліся такія выказванні і паводзіны, не магу сказаць дакладна, бо не знаёмая з іх сем’ямі блізка. І магчымасці пагутарыць з імі пакуль не было — праз каранавірусныя абмежаванні нельга ні ў школу зайсці, ні з класным кіраўніком сустрэцца, усё адбываецца праз перапіску або тэлефонны званок. З асабістымі дадзенымі вельмі строга: ніхто не дасць мне тэлефон бацькоў гэтых дзяцей, каб высветліць іх пазіцыю і пагаварыць. Усё вырашаецца праз школу, і на дадзены момант мяне гэта задавальняе, бо я давяраю нашай школе.‍

Цяпер уся Польшча гудзе аб дапамозе Украіне і аб тым, што Расея і Беларусь — гэта агрэсары. А паколькі з Расеяй тут ніколі не было прыязных стасункаў, то тэма абмяркоўваецца вельмі рэзка. Ну а дзеці як губкі — усё ўбіраюць, што кажуць бацькі або па тэлевізары.‍

Вядома, перад Польшчай цяпер стаіць вялікі выклік — і дапамагчы бежанцам, і сваіх не пакрыўдзіць, і такія сітуацыі нівеляваць. І хочацца спадзявацца, што ў краіны гэта атрымаецца. Але я ўсё больш сярод сваіх знаёмых рускамоўных чую размовы аб магчымым пераездзе ў іншыя краіны.

«Я СПАЛОХАЛАСЯ І ЗАЛЯПІЛА СЦЯГ НА НУМАРАХ МАШЫНЫ»

Гісторыя Паліны

Я была на паркоўцы вялікай крамы, даставала сына з аўтакрэсла, а да мяне падышлі двое мужчын і сталі крычаць нешта накшталт «вы, беларусы, таксама вінаватыя ў гэтай вайне».

Цяпер я аналізую сітуацыю і разумею, што не маю права вінаваціць гэтых людзей — у іх, магчыма, у гэтыя дні хтосьці загінуў ва Украіне. Узровень стрэсу і чалавечага кіпення падняліся настолькі, што людзі выплёсквалі агрэсію як маглі

Спачатку я, вядома, спалохалася, бо ў той час пачалі з’яўляцца паведамленні, што сталі біць машыны на беларускіх нумарах у Польшчы. Але потым зразумела, што многія раздзяляюць дзейную ўладу і людзей, не ставяць паміж імі знак роўнасці, і таму перастала хвалявацца.

Ведаю некалькіх беларусаў, якія заляпілі на нумары чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы. Іх спыняла паліцыя, але ніякіх пытанняў да нумароў не ўзнікала. Я і сама заляпіла белым сцяг на нумарах. Але цяпер разумею, што гэтага можна было і не рабіць — больш я не сустракала прыкмет агрэсіі ў свой бок, гэта быў адзінкавы выпадак.