Юля Арцёмава – беларуская расейскамоўная пісьменьніца, аўтарка кнігі «Я и есть революция», жыхарка Плошчы Пераменаў. З-за пераследу пасля 2020-га Арцёмава разам з мужам, фатографам Яўгенам Атцецкім, з’ехала ў Кіеў, які, паводле прызнання самой пісьменніцы, зрабіўся ейным новым домам. Але ў новы дом прыйшла вайна, і Юля ўжо ў другі раз, забраўшы котак, з’ехала з дому на захад Украіны.
Sojka распытала пісьменніцу пра тое, чаму яны з мужам застаюцца ў Львове, ці знайшлі сваё новае месца, а таксама пра іншае: страх, паветраную трывогу, стаўленне ўкраінцаў да беларусаў, а самой Арцёмавай – да Расеі, а таксама пра мову і набліжэнне перамогі.
— Як памянялася тваё жыццё за апошні час – пасля таго, як пачалася вайна? Як выглядае яно зараз, чым ты займаешся ў Львове і ці знайшла там сваё месца?
Цяпер, праз паўтара месяца ад пачатку вайны, здаецца, што жыццё змянілася не надта моцна. Я сапраўды гэтаксама прачынаюся па раніцах, прымаю душ, чышчу зубы, апранаюся, кармлю котак, снедаю і сядаю за працу (я працую дыстанцыйна). У той жа самы час, змянілася самае галоўнае: я зараз жыву ў краіне, у якой ідзе вайна. Нягледзячы на тое, што Львоў знаходзіцца ў тыле і яго не бамбяць – ці, як я часта падкрэсліваю, пакуль не бамбяць, – я ўвесь час трымаю ў галаве, што ўсё гэта можа скончыцца раптоўна, у адзін момант, як скончылася маё мірнае жыццё ў Кіеве.
— Якія ў цябе дачыненьні са страхам цяпер? У Беларусі, наколькі можна ўявіць, быў пастаянны страх затрымання, жорсткай і помслівай машыны, цяпер – вайна. Чаго ты яшчэ баішся?
Я даволі трывожны чалавек, але ведаю, што са страхам можна працаваць. Пра страх я зразумела дзіўную рэч: калі ты сутыкаешся нос у нос з небяспекай, то страху ў табе амаль не застаецца. Або ён проста перакіпае і перараджаецца ў нешта зусім іншае, не падобнае да страху у звыклым, штодзённым разуменні гэтага слова. У табе наогул становіцца вельмі мала пачуццяў, рэфлексій, думак, шалупіння, затое абвастраюцца ўсе фізічныя адчуванні. У Беларусі ўвесь час быў гэты страх-чаканне, страх, разліты ў атмасферы, цягучы і глеісты, ты ўвесь час круціш яго ў галаве, ён прыліпае да кожнай тваёй думкі. На вайне ўсё інакш. З’яўляецца простае і яснае разуменне канчатковасці ўласнага існавання. Маю апошнюю ноч у Кіеве я правяла ў сховішчы, недалёка ад Берасцейскай, баі ішлі літаральна побач, за кіламетр ад нас. Стрэлы былі вельмі гучныя. Я заўважыла, што ні ў каго з людзей побач са мной не было панікі, як і не было яе ў мяне. Панікі не было і тады, калі раніцай мы беглі пяць кіламетраў на аўтобус пад гукі выбухаў і стрэлаў. Ты імкнешся не змяншаць хуткасць, трымаеш дыханне, поглядам выбіраеш найкарацейшую дарогу. Побач нехта выгульвае сабаку, нехта шукае бычкі ад цыгарэт, нехта таксама бяжыць ці хаваецца, а нехта, наадварот, ідзе знарок марудна. І ты проста бяжыш і не думаеш увогуле ні пра што.
Пра страх я зразумела дзіўную рэч: калі ты сутыкаешся нос у нос з небяспекай, то страху ў табе амаль не застаецца
Цяпер, знаходзячыся ў больш-менш спакойным месцы, пачынаеш баяцца хутчэй будучыні, пачынаеш разважаць у такім філасофскім ключы: наколькі хутка скончыцца вайна, ці зможам мы знайсці тут сваё месца, якой стане Украіна пасля ўсяго таго, што адбылося, ці змагу я калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь. І, вядома ж, ці вярнуся я зноў да пісьменніцтва. Але гэта страхі даволі шчаслівага ў бытавым плане чалавека, і я гэта добра разумею.
— Ці здараецца яшчэ паветраная трывога ў Львове, ці бяжыце ў бамбасховішча? Ці ёсць у Львове пачуццё небяспекі, неспакою зараз?
Львоў – гэта тылавы горад, горад, які, па сутнасці, амаль не абстрэльвалі. У асноўным ракеты траплялі ў аб’екты за рысай горада. Але паветраную трывогу мы тут чуем па некалькі разоў за дзень, а часам і за ноч. Калі яна застае нас у горадзе, мы звычайна ідзем у найбліжэйшае бамбасховішча, калі дома – то застаемся на месцы. Мы жывем у цэнтры, у нас трохпавярховы дом з дваром-студняй, нашы вокны якраз выходзяць у двор. Па сутнасці, кватэра размешчана так, што выконваецца вядомае ўжо ўсім правіла дзвюх сценаў. Не хачу, каб гэта выглядала бравадай, хутчэй гэта наша легкадумнасць. З іншага боку, шматлікія львавяне, па маіх назіраннях, ставяцца да паветранай трывогі хутчэй як да прыкрай перашкоды, чым як да папярэджання пра небяспеку.
— Шмат беларусаў засталіся на захадзе Украіны, некаторыя і ў Кіеве дагэтуль. Ці можаш растлумачыць, што прымушае заставацца – пачуццё абавязку перад Украінай, салідарнасць? Чаму вы з мужам прынялі такое рашэнне?
Я доўга спрабавала адказаць сабе на пытанне, чаму я застаюся ва Украіне. Я не настолькі наіўная і не думаю, што мая прысутнасць неяк патрэбная Украіне і ўкраінцам, не думаю, што я змагу тут паўплываць на ўспрыманне ўкраінцамі беларусаў, не думаю, што я асабліва карысная тут і цяпер. Кожнага чалавека, на мой погляд, вызначаюць, у першую чаргу, дзве рэчы – ягоныя каштоўнасці і перажыты досвед. Каштоўнасці – гэта тое, што ты выбіраеш сабе сам. Досвед – гэта тое, што ты не заўсёды можаш абраць, але часам ты ў стане на гэта ўплываць. Я не ведаю, навошта менавіта мне патрэбны досвед знаходжання ў краіне, дзе адбываецца вайна. Да 2022 года я заўсёды думала пра сябе як пра чалавека, які будзе ўцякаць ад вайны максімальна далёка. Але рашэнне я прыняла амаль адразу, і яно надало мне спакою. Досвед уцякачкі, досвед ад’езду з дому пры першай жа небяспецы ў мяне ўжо ёсць, гэта горкі досвед і самае галоўнае, ён не дае адчування рацыі, перамогі, годнасці. У 2020 годзе я вельмі шмат бегала ва ўсіх сэнсах, як і ўсе мы, зараз мне здаецца важным навучыцца не бегчы, а ў ідэале – змагацца.
Каштоўнасці – гэта тое, што ты выбіраеш сабе сам. Досвед – гэта тое, што ты не заўсёды можаш абраць, але часам ты ў стане на гэта ўплываць
У сэнсе каштоўнасцяў я адчуваю гэтую вайну як сваю ўласную, як вайну супраць мяне і таго, што мне блізка. Я не ўмею ваяваць, але і дэзертыраваць, з’язджаць адсюль зараз мне здаецца маральнай паразай. У той жа час, я не хачу рабіць нейкую дэманстратыўную пазіцыю з таго, што засталася ва Украіне, у гэтым няма нічога гераічнага, гэта глыбока асабісты, экзістэнцыйны выбар.
Ну і вядома, я вельмі люблю Украіну і лічу яе сваім домам. Не ўцякаць з дому – гэта цалкам лагічны і натуральны выбар. Тут і цяпер, нягледзячы на блізкасць смерці і жаху, які пакідае пасля сябе рускі свет, ты адчуваеш неверагодную вастрыню і прыгажосць жыцця. Уся Украіна б’ецца, зараз гэта самае жывое месца на планеце.
— Ты дастаткова крытычна адгукаешся на спробы нейкіх людзей пашкадаваць цябе, запытацца, як справы, на парады «трымацца». Што не так з праявамі клопату ў дачыненні да людзей, якія знаходзяцца ўнутры небяспекі, крохкай, нестабільнай сітуацыі?
Я страшна не люблю дзве рэчы – калі людзі залішне гераізуюць і драматызуюць. Што тычыцца мяне, то ні для першага, ні для другога няма нагоды. Львоў жыве жыццём тылавога горада, я адчуваю тут сябе ў разы больш спакойна і бяспечна, чым у Менску ў 2021 годзе. Я не бачу прычынаў шкадаваць мяне ці спачуваць мне – я здаровая, спакойная, я знаходжуся там, дзе хачу, а ў хуткім часе планую вярнуцца дадому, у Кіеў. Чалавеку, які страціў дом, вельмі важна пачуццё ўласнай годнасці. Таму і стасавацца з ім трэба так, каб ні ў якім разе на гэтую годнасць не наступіць. Не шкадаваць, не галасіць, не аплакваць «паламанае жыццё».
Вельмі часта блізкія не спраўляюцца са сваёй трывогай і спрабуюць перадаць яе табе. Першыя дні гэта было асабліва заўважна. Нейкія знаёмыя ўвесь час пісалі «інсайды», што хутка нас будуць абстрэльваць, настойліва прасілі хутчэй выбірацца, дасылалі паведамленні пра тое, што яны за нас трывожацца і перажываюць. Кожны раз, чуючы падобныя словы, я адчувала, як узрастала мая ўласная трывога, і я прасіла больш мне такога не пісаць, паклапаціцца пра сябе, а не пра мяне. Чалавеку на вайне патрэбна спакойная халодная галава, у тым ліку і на выпадак таго, калі спраўдзяцца страшныя прагнозы і давядзецца дзейнічаць спантанна.
Ёсць яшчэ дурное слова «трымайцеся», мне здаецца, людзі звычайна пішуць яго, калі хочуць падтрымаць, але не ўмеюць, не ведаюць, як гэта зрабіць. Калі б мяне спыталі, як лепш падтрымаць чалавека, які знаходзіцца ў небяспечнай сітуацыі, я б сказала, што трэба камунікаваць гэтаксама, як і да вайны. Можна банальна спытаць, як жыццё (толькі лепш рабіць гэта без драматычнага надрыву і не раздаючы ацэнак), можна скінуць пару смешных мемаў, запытацца пра жыццё горада. Можна спытаць пра тое, што адчувае ваш суразмоўца – часам проста вельмі хочацца выгаварыцца. Калі вы ведаеце, як сапраўды дапамагчы чалавеку – проста дапамажыце, без лішніх пытанняў. Не пытайцеся: «Што я магу для цябе зрабіць?» – хутчэй за ўсё, вы не можаце зрабіць нічога, а чалавек будзе вымушаны вам дзякаваць за спрыянне, якога не было.
Але я дагэтуль па-сапраўднаму ўдзячная тым людзям – блізкім і ледзьве знаёмым, – якія пісалі мне: калі вы апынецеся ў Парыжы/Вроцлаве/Стакгольме, то можаце пажыць у нас, можаце разлічваць на нашу дапамогу. Гэтак ты разумееш, якое вялікае кола людзей табе суперажывае, як шмат розных варыянтаў ёсць навокал, так табе прасцей рабіць выбар.
— Тое, што ты беларуска, з Беларусі, з беларускім пашпартам, на нешта цяпер ва Украіне ўплывае? Ці даводзілася табе размаўляць з украінцамі з перспектывы «грамадзянкі дзяржавы-агрэсара»?
Як беларуска і ўладальніца беларускага пашпарта я не сустракалася тут з агрэсіяй па нацыянальнай прыкмеце. У мяне ёсць сваё тлумачэнне гэтаму. Часцей за ўсё людзі размаўляюць з чалавекам, а не з пашпартам. Першае ўражанне пра цябе фармуецца літаральна за 10-15 секунд – твая пастава, адзенне, міміка, інтанацыі. У грамадскіх прасторах я карыстаюся трыма мовамі – украінскай, беларускай і рускай. Калі мы размаўляем па-ўкраінску, людзі дастаткова хутка разумеюць, што мы не мясцовыя. Калі пытаюцца, адкуль мы, заўсёды гаворым, што з Беларусі. Я думаю, што за паўтара месяца вайны ўкраінцы цудоўна зразумелі, што ракеты б’юць не па пашпарце. І тыя беларусы, якія застаюцца тут, атрымліваюць такі ж досвед, хаваюцца ў тых жа падвалах, гэтак жа рызыкуюць сваімі жыццямі, як і ўкраінцы. А агульны досвед, вядома, вельмі моцна яднае.
Я думаю, што за паўтара месяца вайны ўкраінцы цудоўна зразумелі, што ракеты б’юць не па пашпарце
Мы прыехалі ў Львоў і адразу трапілі на каменданцкую гадзіну, нас спыніў патруль. Праверыўшы дакументы, зірнуўшы на валізы і клетку з коткамі, людзі ў форме крыху жартаўліва папракнулі нас: «Ну што ж вы, беларусы, мы думалі, вы будзеце нам дапамагаць, а вы таксама едзеце». Але мы так і не з’ехалі. І пакуль не плануем.
— Ты пісала, што Кіеў – твой дом. Як гэта адбылося, што за такі кароткі перыяд Кіеў стаў для цябе сваім?
Я апынулася ў Кіеве летам 2021 года, калі была вымушана з’ехаць з Менску. Памятаю, што яшчэ доўгі час я адчувала вялікую страту і ўвесь час спрабавала сфармуляваць сабе, што такое дом, чаго менавіта я пазбавілася. Ну і выходзіла рознае мяшчанскае глупства пра талеркі, бяспеку, хатніх жывёл і ўсялякія статуэткі на камодзе. Але выявілася, што дом – гэта ўвогуле штосьці іншае. Гэта нават не мама і тата ў паўгадзіннай даступнасці. Дом – гэта месца, якое ў цябе больш за ўсё баліць у дадзены момант. Цяпер я адчуваю ў дачыненні да Кіева тое, што ў першыя месяцы ад’езду з Беларусі адчувала ў дачыненні да Менску: пяшчота, любоў, боль з-за таго, што адбываецца з горадам без цябе. Я памятаю, як у першыя дні вайны сабатавала ад’езд з Кіева, памятаю як плакала, седзячы ў аўтобусе, які вывозіў нас у Львоў. У гэтых слёз былі прычыны – я зноў пакідала дом.
Прыехаўшы ва Украіну, спачатку мы не былі ніяк звязаныя з ёй, проста ў адзін момант мы вырашылі тут асесці, а праз нейкі час, магчыма, паспрабаваць пашукаць сябе ў якой-небудзь іншай краіне. За два месяцы да пачатку вайны мы з мужам пачалі абмяркоўваць розныя варыянты для пераезду, і я сказала, што хацела б яшчэ хаця б на год застацца ва Украіне, паездзіць па краіне, паглядзець яе, бо яна такая розная, а мы толкам яе і не бачылі. Яшчэ праз месяц я адчула гарачую, вострую неабходнасць абавязкова быць тут, быццам разумеючы, прадчуваючы, што тут будзе адбывацца нешта вельмі важнае, што тут пішацца гісторыя.
— У цябе ёсць знаёмыя і ў Расеі, і ва Украіне, ну і беларусы, само сабой. Чым адрозніваюцца людзі твайго пакалення з гэтых трох краінаў?
Я страшэнна не люблю ўсю гэтую маніпулятыўную канцэпцыю брацкіх народаў, акрамя таго, мне падаецца, расейцы, беларусы і ўкраінцы даволі моцна адрозніваюцца адно ад аднаго. Расейцы – імперцы, гэта дэфолтная прашыўка любога рускага чалавека, за вельмі рэдкім выключэннем. Твая руская сяброўка-лібералка будзе ў першую чаргу рускай, а ўжо ў другую чаргу лібералкай і тваёй сяброўкай. Цяпер «добрыя рускія» шмат каяцца ў сацсетках, рэфлексуюць сваю імперскую траўму, калектыўнае пачуццё віны, але робяць гэта максімальна нарцысічна, быццам даказваючы, што і ў пакутах ім няма роўных. Беларусы – гэта пасіўна-агрэсіўная, неўратычная нацыя, нам вельмі важна выглядаць добра ў вачах суседзяў і сябе саміх. Мне здаецца, гэта наша самая вялікая бяда: мы самі сабе не гатовы дараваць цёмныя плямы на нашым белым паліто. Таму ў нашым мірным пратэсце ключавым было слова «мірны», і не таму, што мы баімся вайны, сілы ці крыві, а таму што нам вельмі важна захаваць свой прыгожы вобраз.
Украінцы больш адкрытыя, часам яны здаюцца бесцырымоннымі, яны хуткія на расправу, яны могуць палюбіць цябе з першага позірку і зненавідзець з другога. Яны гатовыя ўдарыць, а праз пяць хвілінаў будуць абдымацца і прасіць прабачэння, у гэтым шмат душэўнай шчодрасці. Мне падаецца, гэта менавіта тое, што зараз адбываецца паміж украінцамі і беларусамі. У публічным полі і праўда вельмі шмат злосці і прыкрасці ў дачыненні да нас з боку ўкраінцаў, але я бачу, як хутка яны астываюць.
Мне падаецца, расейцы, беларусы і ўкраінцы даволі моцна адрозніваюцца адно ад аднаго
— Пытанне пра мову. Ці змянілася роля нацыянальных моваў сёння, на тваю думку? Ці патрэбнае пераасэнсаванне расейскай цяпер – пытаюся ў цябе, як у прафесійнага ейнага носьбіта.
Мае погляды наконт моўнага пытання не змяніліся. Нягледзячы на тое, што я рускамоўная, я заўсёды была і застаюся за тое, каб у Беларусі была адна-адзіная дзяржаўная мова – беларуская. Канцэптуальна мне падаецца гэта правільным.
Ледзь прыехаўшы ва Украіну, мы з мужам пачалі шукаць спосаб вучыць украінскую мову, хоць, шчыра кажучы, у Кіеве цалкам можна было абысціся і рускай. Цяпер я актыўна выкарыстоўваю тры мовы – украінскую, беларускую і расейскую. Украінская – мова краіны, у якой я жыву, беларуская – мая родная мова, мне вельмі важна не забываць яе, расейская – гэта мова, якой я валодаю лепш за ўсё і на якой мне прасцей за ўсё выказваць думкі, па сутнасці, гэта мой працоўны інструмент. Я пісьменніца, і для мяне важная дакладнасць слова. Не хачу, каб гэта гучала як апраўданне, але з маім узроўнем непрымання рускага свету я магу дазволіць сабе пісаць на расейскай.
Часта ўкраінцы чуюць беларускую гаворку ці бачаць каментары ў фэйсбуку на беларускай і дзівяцца: усё зразумела, нашыя мовы такія падобныя! Мне здаецца, гэта вельмі эфектыўны і наглядны прыём – паказаць праз падабенства мовы нашу еднасць, у процівагу расейцам, якія заўсёды перапытваюць, просяць перакласці, не разумеюць. Я ўпэўненая, гэтае неразуменне мае не лінгвістычныя карані, а ўсё той жа расейскі імперскі эгацэнтрызм.
— І пра прафесію. Як пажывае твая кніга, ці працягвае пашырацца па свеце, ці працягваюць сцякацца водгукі да цябе?
Я і да вайны разумела, што жыццё не складаецца з адных толькі кніжак, хіба толькі калі ты пісьменнік. Цяпер людзі не чытаюць кніг, людзі чытаюць навіны, аналітыку. Дакументалістыка выйшла на першы план, ніводная выдуманая гісторыя не параўнаецца з тым, што адбываецца ў нас за акном ужо які год. Але мне як аўтару, як пісьменніцы па-сапраўднаму прыемна, калі людзі, якія ўцяклі ад вайны, пішуць, што маю кніжку, ужо прачытаную, яны ўзялі з сабой. Я па сабе ведаю, як мала месца ў заплечніку ўцекача, і разумею, што гэта дарагога каштуе.
У канцы сваёй кнігі я напісала, што дзяржава Расійская Федэрацыя праз 8 гадоў спыніць сваё існаванне – тады я пісала гэта як жарт, як нешта фантастычнае, неверагоднае. Я пісала яе ў 2016 годзе, такім чынам, няцяжка праверыць, ці спраўдзіцца мой прагноз. Цікава, што зараз усё больш людзей гаворыць пра гэта сур’ёзна. Жыццё – дзіўная штука.
Я па сабе ведаю, як мала месца ў заплечніку ўцекача, і разумею, што гэта дарагога каштуе
Я не ведаю, калі я напішу наступную кнігу і ці напішу. З усяго вынікае, што няхутка – проза не патрабуе моцных эмоцыяў, лепш за ўсё яна пішацца ў спакойным, ціхамірным стане. Больш за ўсё на свеце хацелася б вярнуцца да сумнага, руціннага жыцця і пісьменніцтва. З іншага боку, кніжкі ствараюцца з нашага досведу і нашых каштоўнасцяў. Можа быць, тут і цяпер закладваецца нешта, што калі-небудзь, праз гады стане яшчэ адным тэкстам.
* тест тест тест