там, дзе мякка і дождж, кожны з нас застаецца адзін.
там, дзе зоры не спяць, — ціха яблыкам Божанька ўпаў.
Артур Камароўскі
Калі ты ела яблыкі да сённяшняга дня, ты награшыла. Есці можна было хіба агуркі, а на яблыкі бадай толькі глядзець — круглымі, як яблыкі, вачамі. Гэткімі ж вачамі ты неўзабаве будзеш праводзіць буслоў у доўгія вакацыі, разглядаць прожылкі кляновых лістоў напрасвет і хутка міргаць, выйшаўшы на першае пасля лета маразнаватае паветра. Меланхолія ўбудаваная ў беларуску разам са жніўнем — з перкусіяй яблыкападу ў садзе, адлётам птушак у вырай і магутнай народнай культурай, ацаляльнай і знішчальнай для жанчыны ў прапорцыі 50 на 50.
Малюнкі Дашы Бурвель
Гэта расповед пра Яблычны спас.
Яблычны спас настае 19 жніўня, яго хрысціянская назва — свята Перамянення Гасподняга. Нягледзячы на тое, што сёння гэтае свята неразрыўна звязанае з царквой, мноства сімвалаў і абрадаў сведчаць пра старажытнае, дахрысціянскае паходжанне спасу.
Вернікі ў гэты дзень нясуць у храм кошыкі з яблыкамі і іншай садавіной. Святары адзетыя ва ўсё белае, у гонар асляпляльнага Боскага святла, якое выпраменьваў Хрыстос на гары Фавор. Пасля службы садавіну асвячаюць, і людзі нясуць яблыкі на магілы сваякоў. З гэтага ж дня пачынаецца і няспыннае (у яблычныя гады) паяданне румяных пладоў — у сырым, печаным выглядзе, у выглядзе соку, кампоту, начынкі пірага і хатняга зефіру. Пах яблыкаў будзе ляцець разам з намі ледзь не да самых Калядаў, па дарозе набываючы ўсё больш цынамонавых нотаў.
Наўрад ці ў фальклоры знойдзецца больш жаночае дрэва за яблыню. Гэта яна сімвалізуе нявесту, калі ўвесну зацвітае пяцюдзесяццю адценнямі белага. Гэта ад яе недалёка падаюць дзеткі-яблычкі, падобныя да маці знешне і норавам. Ты даўно чытала народныя казкі на сон? Папесці сябе — там пра яблычкі маладзільныя, пра залатыя і пра райскія. Містычны расповед пра любоў і смерць. У канцы гаспадар ссечанага яблычнага саду памрэ, каб ажыць у наступнай серыі, куснуўшы хрумсткі плод з рук маладзіцы.
Дзве навіны пра Яблычны спас — добрая і кепская. З якой пачынаць?
Пачнем з добрай. Паводле нашага рамантычнага народа, жаданне, загаданае ў гэты дзень, абавязкова збудзецца. Дрэнная ж навіна ў тым, што наш народ-фаталіст менавіта на сёння прызначыў афіцыйны пачатак восені. Прыказкі ў гэтым плане зусім няўмольныя: «Спас — лета шась!», «Спас — бяры рукавіцы ў запас».
Можна сказаць лету «бывай», а можа, загадаць жаданне, каб лета яшчэ патрывала?
Нягледзячы на намёкі на хуткія халады, для земляробаў пара Спасу яшчэ самая гарачая. Таму ў гэтага дня не столькі забаўляльнага ці містычнага вайбу, колькі ў позневосеньскіх і зімовых святаў. На першым месцы пакуль ураджай з агародаў і пасек, які шчодра выкладаецца на прылаўкі спасаўскіх кірмашоў. У валачобных песнях Спас наогул паўстае старым працавітым дзядком, які сядлае коней, аб’язджае поле, малоціць жыта.
Разам з яблыкамі на спасаўскую сцэну выходзіць яшчэ адзін сімвал Беларусі, жніўня і надзеі — бусел. Яблычны спас — дзень пачатку канца. То бок, пачатку адлёту буслоў у вырай. Наш народ, пэўна, быў бы не сабой, каб не выдзеліў гэтую частку праграмы на прагноз сіноптыкаў. Калі буслы пачынаюць зборы за тыдзень да Спасу, зіма прыйдзе хутка, будзе марознай і скончыцца на карысць цёплай вясны. Калі ж Спас прыйшоў, а буслы яшчэ не пішуць развітальных лістоў, восень будзе цёплая і доўгая, зіма прыйдзе позна, затое вясна будзе прахалодная. Што там у нас выйшла сёлета?
Ну і трошкі людаедскага народнага трэшу, мы верым у тваю эмацыйную ўстройлівасць! Яблык да Спасу быў плодам забароненым для ўсіх, але асабліва — для матак, у якіх памерлі дзеці (што ў дапеніцылінавыя часы здаралася, на жаль, досыць часта). Калі ж хто-небудзь хацеў пагрызці сакавіты фрукт нелегальна, ёй, яму ці ім жахлівенькі народны фальклор пагражаў, што карма забярэ дзяцей за празмернае ласаванне.
Але ты ўжо выратаваная — ты проста нічога не ведала. Сёння ты з’ясі свой першы яблык у гэтым новым, усвядомленым стане. Пакладзеш томік беларускіх народных казак каля пасцелі, заварыш чорнай гарбаты, выйдзеш праверыць бусла – яшчэ не зазбіраўся? Усё будзе добра. Гэта проста беларуская меланхолія, яблычны спас. Ну і прывітанне, сяброўка Восень!