«Бі, бяжы ці замры», — загадвае лімбічная сістэма ў тваёй галаве, калі ты трапляеш у небяспеку. Падумай, ацані, пашукай рацыянальнае зерне — гэта ўжо парада ад прэфрантальнай кары. Яна ўключаецца ў справы, калі ў крыві не бурліць адрэналін і ўласнае сэрца не б’е барабанам у вушы. Калі небяспека — не небяспека, а так, нібы камарык укусіў. Калі ты можаш дазволіць сабе застацца homo sapiens, а не кавалкам напужанага мяса. Будзь дарослай, будзь чалавекам. Ну не станеш жа ты рабіць канфлікт, калі нехта ацэньвае не тваю працу, а твае ногі?! Калі нехта адпускае жарты пра твой азадак. Чаго ты, у цябе ж ёсць азадак, што ж ты мнешся?!
Але чакай, нешта тут не тое… Здаецца, нехта карыстаецца тваім жаданнем быць чалавекам.
Ты сутыкаешся з непрыемнымі сітуацыямі штодзень. Перапоўнены аўтобус, стрэлка на калготках, мякенькі каментар ад знаёмай: «О, ты так паправілася», сяброўская рэакцыя на тваё фота ў сацсетках: «Ну ты смелая — такую кароткую спадніцу з тваімі нагамі». Кап-кап-кап — кропелькі новай інфармацыі слязінкамі на тваю кагнітыўную сістэму, якая аналізуе і вывучае сябе і іншых. Якая створаная, каб упісаць цябе ў гэты складаны сусвет. Кап-кап-кап… Паводле аналізу дадзеных з вонкавых крыніц, вердыкт: ты не ўпісваешся. Мільёны год эвалюцыі абарваліся, продкі адвярнулі свае твары ў Іншасвеце, сонца змарнавала сваю цеплыню. Нехта заўважыў тваю недасканаласць, нехта іншы падкрэсліў недахопы, нехта іншы акцэнтаваў на гэтым увагу. Значыць, ты мусіш выправіцца, ты павінна справіцца, ты адказная за вынік? Сядаеш на дыету, адмаўляешся ад салодкага, не носіш спадніцы, не выкладваеш фота ў сеціва. Хто цяпер кіруе тваімі ўчынкамі?
Страх — моцнае пачуццё, ён даў нам магчымасць выжыць і развівацца. Скарыць космас, перамагчы хваробы, прыдумаць айфон і марозіва. Страх гуляе з намі ў гульні, прымушае пазбягаць таго, што яго выклікала. Страх — як вартавы звер пры тваім парозе, ён ратуе ад цемры, не падпускае небяспеку.
Але чакай, нешта тут не тое… Ці не хоча нехта іншы ператварыць твайго абаронцу ў турэмшчыка?
Кантралюй свой страх. Мы скарылі космас, перамаглі хваробы, прыдумалі айфон і марозіва, хоць было страшна. Было вельмі страшна. Калі засцерагалі і па-сяброўску раілі, калі ўсміхаліся і адкрыта абражалі. Быць той, каго ўхваляюць, значыць даць сабе дадатковыя шанцы на існаванне. Значыць уратаваць сваю кагнітыўную сістэму ад катавання кроплямі сумневаў. Але чакай… Ці не сягаем мы зораў тады, калі пачынаем кантраляваць свой страх?
Do not let them get under your skin. Не дай ім трапіць табе пад скуру. І не лічы, што бывае вялікая і маленькая абраза. Магутнае і слабенькае абясцэньванне. «Ах, мы усяго толькі пахвалілі твае ножкі! Табе ж мусіць быць прыемна!». Калі ты пытала пра ножкі, то так. А калі не пытала? Калі праца, дасягненні, перажыванні і боль ацэньваюць праз ножкі, аб’ём бюста, даўжыню чэлеса ці магутнасць сківіцы, нас адкідвае назад. Туды, дзе мы не homo sapiens, а кавалак напужанага мяса, які падпарадкоўваецца сваім страхам і небяспецы быць адрынутымі суполкай. Do not let them get under your skin. І не лезь пад скуру іншым.
Калі захочаш па-добраму ці па-злому пакінуць каментар пра знешнасць, стан, перавагі і недахопы чалавека, калі ён сам цябе пра гэта не прасіў, лепей прыкусіць язык. Мы не можам кантраляваць лімбічную сістэму, якая прымушае нас у адказ на стрэс біць, бегчы ці заміраць. Але свой язык, свае пальцы, што танчаць па клавіятуры, мы кантраляваць можам. На гэта эвалюцыя і дала нам раскошу вышэйшай нервовай арганізацыі, а цывілізацыя — веды пра тое, што чужыя ногі — гэта не твая праблема.