Цімафей Акудовіч — экскурсавод, гісторык, папулярызатар беларускай мовы і гісторыі, які пасля 2020-га адчуў, што шмат людзей хочуць гаварыць па-беларуску, а ім няма з кім, і заснаваў праект «Вольная Мова» — платформу па арганізацыі анлайн-сустрэч для людзей, якія хацелі б зрабіць сваю пасіўную беларускую мову актыўнай. Цімафей падзяліўся з Сойкай сваім бачаннем таго, якой мусіць быць роля дзяржавы ў пашырэнні нашай мовы і як увогуле павінна адбывацца беларусізацыя, прывёў формулу выбару мовы ў нашай сітуацыі і яшчэ расказаў, як тысяча чалавек 24 гадзіны вывучалі беларускую мову.
— Вы — «дзіця Аліндаркі», у сэнсе, вы раслі ў беларускамоўнай сям’і. Ці адчувалі вы ў дзяцінстве, што гэта не самая тыповая сітуацыя ў Менску канца 80-х і нават пачатку 90-х?
Беларускую мову я чуў, відавочна, з маленства, але паслядоўна перайшоў на яе толькі ў 10 класе, калі знайшоў сабе кампанію, у якой было не страшна практыкаваць. З гэтага досведу часткова і вырастае «Вольная Мова», бо я мяркую, што можна доўга чытаць пра веліч і трагізм нашай мовы, але пяройдзеш на яе толькі тады, калі знойдзеш «тусоўку».
Нетыповасць сваёй сітуацыі ў 1990-я я разумеў, але не скажу, што гэта паўплывала на нешта. У сям’і ніколі не прапагандавалася нейкая моўная адасобленасць і выбранасць, таму праблем з гэтым не было.
— З вуснаў беларускамоўнага чалавека думка пра тое, што беларуская не мусіць быць адзінай дзяржаўнай, гучыць нечакана.
Я не выступаю супраць адзінай дзяржаўнай беларускай мовы. Проста ў пэўны момант усвядоміў: я не разумею, што гэты канцэпт значыць. Што мусіць памяняць у грамадстве змена гэтага аднаго радка ў канстытуцыі? І галоўнае, я не разумею механізму, як гэтая змена прывядзе да павелічэння беларускамоўных у грамадстве.
Мне падаецца, у нас склалася заганнае ўяўленне, што змена двух слоў у дакуменце, які цяпер сам пад вялікім сумневам (я пра канстытуцыю), нешта аўтаматычна памяняе.
Ёсць нейкія дзіўныя спадзяванні на школу і чыноўнікаў, якія, стаўшы беларускамоўнымі пад прымусам, зменяць Беларусь
Ёсць праблема, што канцэпт адзінай беларускай ніхто не крытыкуе, бо ён мае сакральны статус апошнія 25 год. Але гэта прыводзіць толькі да таго, што ён зусім не развіваецца. Адсутнасць дыскусій прывяла да таго, што мы абсалютна не разумеем, што ў гэтым канцэпце ўнутры. Ведаеце, ёсць такі бізнэс-трэнінг, калі чалавеку шэсць раз задаюць пытанне, для чаго ён хоча выпусціць нейкі прадукт. І кожнае наступнае «для чаго?” прыводзіць да паглыблення сэнсу або да адмовы ад прадукту. Дык вось, у пытанні адзінай дзяржаўнай мы спатыкаемся ўжо на другім «для чаго?».
Я выказваю крыху правакатыўную думку, што сам канцэпт адзінай дзяржаўнай — састарэлы. Ён з ХХ стагоддзя. Яго цяпер трэба пераасэнсоўваць. Трэба зразумець, чаго мы хочам, і спакойна разгледзець інструменты, якімі мы можам гэтага дасягнуць.
Мне падаецца, што вялікая праблема ідэі адзінай дзяржаўнай палягае ў тым, што рускамоўныя беларусы ў ёй — механічая памеха, якую трэба проста паспрабаваць не заўважыць.
Але, па-першае, гэта нерэалістычна, а па-другое, крыўдна. Бо, на маю думку, большасць беларусаў выступаюць за захаванне і развіццё беларускай мовы, але проста не разумеюць, што для гэтага трэба рабіць. І дзіўным чынам, канцэпцыя адзінай дзяржаўнай на дадзены момант не толькі не дае на гэта адказу, а наадварот, пужае людзей.
Тут выйсце — змясціць фокус з дзяржаўнай мовы (мовы сістэмы, машыны), на нацыянальную мову, мову нацыі. Гэта важней, і ў нашым ХХІ стагоддзі не на 100 адсоткаў ідэнтычна дзяржаве. Калі ж мы разглядаем адзіную дзяржаўную беларускую мову як інструмент беларусізацыі, то трэба зразумець, ці будзе гэты інструмент эфектыўны. А значыцца, яго трэба аналізаваць.
А вось гэтага ў нас зусім няма. Няма аналізу, ацэнкі механізмаў, перспектыў. Няма банальнага плана — што зменіцца пасля прызнання адзінай дзяржаўнай і на што гэта паўплывае. Адсюль і маўклівае непрыняцце людзей.
— Яшчэ больш можа ўзнікнуць пытанняў у сувязі з вашай канцэпцыяй аб неабавязковасці беларускамоўнага навучання.
Не, беларускамоўнае навучанне ў школе абавязковае! Я толькі звяртаю ўвагу на тое, што ў нас пераацэньваецца значэнне гэтага навучання. Дакладней, на яго ўскладаецца ажно зашмат спадзеваў.
Ёсць тры чыннікі, якія ўплываюць на развіццё дзіця: гэта сям’я, асяроддзе і школа.
Калі два з гэтых чыннікаў транслююць адну мову, а трэці транслюе другую, то перамагаюць тыя два
Сям’я і асяроддзе перамагаюць школу, асяроддзе і школа перамагаюць сям’ю.
У роспачнай сітуацыі, калі мы разумеем, што сем’і і асяроддзе ў нас рускамоўныя, у грамадстве склалася ўяўленне, што калі мы зробім школу (школу як інстытут) бастыёнам беларушчыны, то яна нам выхавае беларускамоўнае пакаленне. Але так не будзе.
Школа стане важным інструментам беларусізацыі толькі калі колькасць беларускамоўных сем’яў дасягне пэўнага ўзроўню, пачне фармаваць асяроддзе і ўплываць на школу
Бо школа ж таксама фармуецца з асяроддзя — адтуль бяруцца настаўнікі і іх упэўненасць у сваіх дзеяннях.
Іншае пытанне, што беларуская школа мусіць актыўна трансляваць мэсыдж легітымізацыі беларускай мовы. Легітымізацыя мовы ў галовах людзей і пераход на беларускую мову — гэта два розныя працэсы! Чамусьці у нас на гэта рэдка звяртаюць увагу.
Вось жа, школа мусіць быць напоўненая беларускімі вобразамі пры любым раскладзе і фармаваць у дзяцей вобраз «нармальнасці» беларускай мовы. Зрэшты, школа і спрабуе гэта рабіць апошнія 30 год. Бо ёсць загад дзяржавы. Але поспехі ў яе на гэтай глебе вельмі слабыя. А чаму? Па-першае, улада перыядычна зневажае беларускую мову наўпрост (напрыклад, праз навучанне гісторыі Беларусі па-руску). Але другі чыннік — самой школе няма на што абаперціся ў грамадстве.
Таму, калі ў беларусізацыі грамадства мы разлічваем ў першую чаргу толькі на школу, то можам атрымаць замест аднаго конкурса песні «Беларусь мая васільковая» дзесяць такіх конкурсаў. І ўсё. Эфект будзе хутчэй адмоўны.
Усё гэта значыць, што трэба біцца за кожнае беларускае слова ў школе і ў дзіцячым жыцці па-за школай, а не чакаць, пакуль «мы прыйдзем да ўлады і ўсё памяняем».
Спушчаная зверху беларусізацыя без нармальнага аналізу будзе пшыкам
У нас наперадзе вельмі шмат «ручной работы» ад чалавека да чалавека. Мы ніяк не праскочым гэты этап напаўнення асяроддзя беларускамоўнымі сем’ямі. Спрабаваць беларусізаваць грамадства праз школу не атрымаецца.
— Вы гаворыце, што вельмі важна раздзяляць два працэсы — «легалізацыю» беларускай мовы ў грамадстве і пераход на яе канкрэтнага чалавека. Чым адрозніваюцца гэтыя працэсы?
Стаць беларускамоўным (пачаць думаць па-беларуску) — гэта вельмі сур’ёзнае рашэнне для чалавека, якое мяняе ягонае жыццё. Гэта крыху шлях бусідо. Нельга ўгаварыць чалавека стаць беларускамоўным. Гэта рашэнне, якое выспявае ўнутры.
Але мы (беларускамоўныя) відавочна можам на гэтае рашэнне ўплываць, падаючы свой прыклад, ствараючы асяроддзе. І гэта «ручная работа», крыху інтымная. Кожны чалавек, які вырашыў перайсці на беларускую ў асабістым жыцці, — гэта падзея, поспех. Можна кожны раз шампанскае адкаркоўваць.
Бо нас няшмат. І аднаго працэнта не маем (калі браць усвядомленых беларускамоўных).
А вось беларускамоўная прастора ахоплівае дзясяткі працэнтаў беларусаў. Яна пашыраецца імкліва, скачкамі. Дзясяткі тысяч людзей пачынаюць чытаць навіны па-беларуску, знаходзяць для сябе цікавых блогераў, падпісваюцца на прывабныя інстраграм-акаўнты.
Гэтую прастору можна і трэба развіваць агрэсіўна, напорыста з выкарыстаннем сучасных маркетынгавых тэхналогій. Гэта зона, дзе вынік можна мераць грашыма.
Чым больш грошай укладзем, тым больш атрымаем беларусаў у беларускамоўнай прасторы
Адзін напраўду папулярны маладзёвы цік-ток блогер зробіць для легітымізацыі беларушчыны сярод школьнікаў больш чым усё міністэрства адукацыі за 10 год. Дакладней, выправіць тое, што нарабіла міністэрства адукацыі.
Карацей кажучы, на кожным узроўні трэба выпрацоўваць свае метады працы. А яны розныя.
Да беларусізацыі трэба пачынаць ставіцца як да працоўнай задачы на стратэгічным і тактычным узроўні, а не як да мары
— Ініцыятыва «Вольная Мова» — калі яна з’явілася, наколькі паспяхова развіваецца, што мае на мэце і наколькі ўдаецца гэтую мэту рэалізаваць?
«Вольная Мова» з’явілася ў кастрычіку 2021 года як адказ на запыт рускамоўных, якія хацелі папрактыкаваць беларускую, але баяліся і не ведалі, дзе можна. Ідэя была простая: ніякіх правілаў, толькі камунікацыя ў невялікіх групах на адвольныя тэмы.
Збіраемся анлайн па 5-8 чалавек і гутарым. У тыдзень праходзіць 5-8 такіх гутарак. За гэты час каля 50 чалавек наведала больш за 5 сустрэч, а гэта значыць, змаглі паламаць свой моўны бар’ер і цяпер вальней пачуваюцца ў беларускамоўнай прасторы.
Карыстаючыся нагодай, хачу выказаць падзяку нашым вядоўцам гутарак! Дзякуй усім вялікі! Вы робіце беларусаў больш беларускімі.
Але першыя паўгода — гэта быў «тэставы» перыяд. Зараз актыўна пашыраемся. Запусцілі лекторый, заснавалі клуб «Вольная Мова», дзе рэгулярным удзельнікам нашых гутарак прапануем дадатковыя актыўнасці.
— Сёлета на Дзень роднай мовы вы ўпершыню правялі 24-гадзінны марафон MOVA24. Ці задаволеныя вы тым, як усё атрымалася?
Гэта была крыху хайповая ідэя. Хацелася «падсвяціць» банальны факт, што беларускамоўных цяпер шмат, яны жывуць па ўсім свеце і радуюцца сваёй беларускамоўнасці, з задавальненнем камунікуюць і супрацоўнічаюць.
Па выніку за суткі без перапынку правялі 64 мерапрыемствы (лекцыі, гутаркі, віктарыны) для амаль тысячы ўдзельнікаў з дзясяткаў краін. Карацей, зрабілі так, што цягам сутак над беларускай мовай не заходзіла сонца.
— Якога праекта, на вашу думку, моцна не хапае сёння ў Беларусі?
Выбар вельмі вялікі. Амаль што любая сфера патрабуе актыўнага ўдзелу. Вельмі хочацца заняцца кніжным праектам. Нягледзячы на сучасны лічбавы свет, кніга ўсё яшчэ застаецца асноўным інструментам складвання кода ідэнтычнасці.
І тут як з мовай — тысячы людзей цяпер хочуць гэты код дазбіраць, але ня ведаюць як. Варта было б дапамагчы.