Гiды

Жаночы час: як настроіць гадзіннік на сябе

Жаночы час: як настроіць гадзіннік на сябе

Малюнак Анастасіі Дачко

Час па-асабліваму нялітасцівы да жанчынаў. Ён цікае гадзіннікам у плечы, бяжыць міма і так кукуе зязюляй, што зрывае дах. І хоць жанчыны скарылі космас і палітыку, навуку і мастацтва, час усё яшчэ не заўсёды даецца ў рукі і балюча б’е па самым уразлівым — магчымасці жыць сваё найлепшае жыццё тут і цяпер. Сёння сойчына гаворка пра жаночы час.

Час на жаночы час

Не існуе навуковага тэрміна «жаночы час», але існуе праблема: цягам гісторыі жанчыны амаль не мелі магчымасці выдаткаваць час на сябе, свае жаданні, патрэбы і дасягненні. Дзяўчынка мусіла дапамагаць па гаспадарцы, прыглядаць за малодшымі, пазней вучыцца, клапаціцца пра мужа, дзяцей, сваякоў, зарабляць і падтрымліваць дабрабыт. Жанчына ў гэтай схеме не толькі была істотнай працоўнай сілай, а яшчэ мэнэджаркай праекта пад назвай «сям’я».

Хіба не тая ж гісторыя з мужчынамі?

Ва ўсе часы мужчына меў больш магчымасцяў для самарэалізацыі. І хоць стагоддзямі жыццё людзей абодвух палоў было нялёгкім, пра мужчынскі побыт клапацілася жанчына. Нават само рашэнне не заводзіць сям’ю і самастойна распараджацца сабой і сваёй маёмасцю стала дасяжнае для жанчын толькі ў XIX стагоддзі. Нават сёння, паводле даследаванняў, сярэднестатыстычная жанчына аддае 3,5 гадзіны на дзень на хатнія справы, а сярэднестатыстычны мужчына — толькі 35 хвілінаў.

Чаму «проста адпачыць» не дапамагае?

Знакаміты медыцынскі часопіс «Ланцэт» прыводзіць вынікі медыцынскіх даследаванняў апошніх дзесяцігоддзеў: мінімум адна гадзіна на дзень сам-насам з сабою неабходная жанчынам для захавання ментальнага і фізічнага здароўя.

Аўтарка бестсэлера «Fair Play» Іў Родскі нават склала спіс хатняй працы, якая горш за усё ўплывае на псіхіку. Топ-3 знаёмы ўсім:

  • Неабходнасць думаць пра пранне, сушку і сартаванне рэчаў пасля прання.
  • Патрэба трымаць у галаве спіс неабходных прадуктаў і рэчаў для паходу ў краму.
  • Штодзённы абавязак прыдумляць меню і гатаваць ежу.

У спісе яшчэ шмат пазіцый, але негатыўны ўплыў ад таго, што пастаянна даводзіцца быць дарослай, можа выправіць гадзіна якаснага адпачынку. Адна гадзіна, калі вы не проста будзеце сядзець з тэлефонам у руках ці кожныя пятнаццаць хвілінаў адрывацца на пошук чыстых майткоў для блізкіх або думаць на фоне пра тое, што трэба развесіць бялізну ці запісаць дзіця на прыём да стаматолага. Час на сябе менавіта таму так і завецца, што выдаткоўваць яго трэба толькі на сябе. Дарэчы, фітнэс, кулінарныя курсы ці рэпетытар па ангельскай — гэта таксама не адпачынак. Нават калі вам гэта вельмі падабаецца, гэта не час бласлаўлёнага часу для сябе.

Усё прападзе. Ці не?

Найлепшы варыянт даць сабе перадых — выйсці з дому. Не па справах, а менавіта на невялікі шпацыр, падыхаць паветрам, нават пасядзець у машыне адной. Нават 20 хвілінаў на дзень дапамогуць падмацаваць псіхалагічны стан. Тэлефон можна адключыць ці паставіць на бязгучны рэжым. Спачатку вам абавязкова будзе званіць увесь свет, але паступова вы прывучыце навакольных даваць вам час на перапынак.

Даследчыкі з Універсітэта штата Аклахома і Універсітэта штата Арызона вывучылі ўплыў нябачнай працы на 393 жанчын у Злучаных Штатах. Высветлілася, што менавіта жанчыны адчуваюць сваю адказнасць за псіхалагічны стан сваіх блізкіх і кожны раз адчуваюць трывожнасць, калі не могуць імгненна дапамагчы. «Перастаньце!» — просяць даследчыкі.

Калі вы асвоіце тэхніку адзіночных шпацыраў штодзень (у выходныя і на святы таксама), можна пачаць планаваць час для творчасці, займацца ўлюбёным спортам ці ладзіць хатняе спа. Галоўнае, каб ніхто не спрабаваў перашкаджаць, а калі такія спробы і будуць, то каб вы заўжды памяталі, што гэты час — для вас. Бо ніхто не пражыве вашае жыццё добра за вас.