Што такое працоўныя правы жанчын
Працоўныя правы жанчын уключаюць у сябе недыскрымінацыйны доступ жанчын да працы і роўную аплату працы. Гэта калі табе не адмаўляюць у прыняцці на працу, бо «ай, ты маладая, хутка замуж выскачыш, дзяцей народзіш, а мы толькі бальнічныя будзем табе аплочваць». Або калі ў апісанні вакансіі няма такога патрабавання, як «узрост да 30 гадоў» — там, дзе не вымагаюць надзвычайнай фізічнай актыўнасці, як праца на рэцэпцыі гатэля або ў салоне прыгажосці. А роўная аплата працы прадугледжвае, што ваш калега на той самай пасадзе, з тым самым досведам (а часам і меншым), чым у вас, атрымлівае больш толькі праз наяўнасць Y-храмасомы.
Як было раней
У некаторых еўрапейскіх краінах замужнія жанчыны яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму не маглі працаваць без згоды сваіх мужоў, напрыклад, у Францыі да 1965-га і ў Іспаніі да 1975 года. Акрамя таго, шлюбныя забароны, практыка, прынятая з канца 19-га стагоддзя па 1970-я гады ў многіх краінах, уключаючы Аўстрыю, Аўстралію, Ірландыю, Канаду і Швейцарыю, абмяжоўвалі працу замужніх жанчын па многіх прафесіях.
Да пачатку 1970-х гадоў урад брытанскага Ганконга адкрыта адмаўляў правы жанчын і мужчын на роўную аплату і роўныя льготы за роўную працу.
А што ў нашым рэгіёне?
У Беларусі і ва Украіне жанчыны займелі права свабодна працаваць пасля 1917 года. Але не ва ўсіх галінах. Усё яшчэ існуе пералік прафесій, куды жанчыне не трапіць.
Толькі ў 2017-м Вярхоўная Рада адмяніла пералік з больш за 450 прафесій, забароненых для жанчын. Сярод іх — праца ў горнай галіне, металургіі, у хімічнай вытворчасці. Абмежаванні таксама былі ў вайсковай службе, праваахоўнай дзейнасці, у галіне харчовай вытворчасці, транспарту, сувязі і сельскай гаспадаркі. Напрыклад, жанчына не мела права вадзіць аўтобус і цягнік метро. Жанчына магла працаваць толькі сцюардэсай, а кіраваць самалётам не магла.
У Беларусі такіх прафесій менш (цяпер засталося 88, а да 2022 года была 181) — іх выбар абгрунтоўваюць патэнцыйнай пагрозай для рэпрадуктыўнай сістэмы жанчыны: гэта прафесіі, звязаныя з кавальствам, шкоднымі рэчывамі, пажарныя, вадалазы, вышкамантажнікі і інш. А што калі жанчына пасля дзетароднага ўзросту надумала заняцца кавальствам? Мінпрацы кажа, шта нельга, таму што не мужык.
Што сёння з роўнасцю?
Што да аплаты працы, то сёння, прынамсі ў заходніх краінах, было б маветонам (і нагодай для пазову ў суд) прызнацца адкрыта, што ты плоціш жанчынам менш на той самай пасадзе, чым мужчынам. Але хіба не кожная з нас чула такую гісторыю ад сяброўкі, маці ці дачкі мамінай сяброўкі? Падобная сітуацыя і з наймам: часта пры аднолькавых роўных працадаўца выбера мужчыну (бо ён не пойдзе ў дэкрэт і не будзе часта браць бальнічны, бо дзіцё хварэе), або проста лічыцца, што нейкія прафесіі «не пад жанчын» — чулі такое?
Прэзідэнткі
Глабальна, сёння ўжо нікога не здзівіш словам «прэзідэнтка» ці «прэм’ер-міністарка», але хіба ў кожнай краіне, калі жанчына ўпершыню займала гэтую пасаду, гэта была не проста палітычная перамога — гэта была перамога сацыяльная, псіхалагічная, перамога многіх забабонаў, што сядзелі (і дагэтуль сядзяць) у некаторых галовах. Прэзідэнтка Малдовы Мая Санду ды былая прэм’ер-міністарка Фінляндыі Сана Марын — гэта хібы тыя імёны, якія назавуць нават далёкія ад зацікаўленасці геапалітыкай людзі. Аднак гэта зусім не адзіныя выпадкі: сёння прэзідэнтка Славеніі — Наташа Пірц-Мусар, Грэцыі — Катэрына Сакелярапулю, Грузіі — Саломе Зурабішвілі, і шэраг іншых жанчын у розных краінах свету даказваюць, што нічога спецыфічна мужчынскага гэтая пасада не вымагае.
Як жа не абмеркаваць выбары ў ЗША?
Сёння свет актыўна назірае за дэбатамі Камалы Харыс з Дональдам Трампам — у тым ліку і задаючыся пытаннем: ці саспела «самая дэмкратычная краіна ў свеце» да таго, каб аддаць самую важную пасаду ў краіне жанчыне? Сойка скрыжавала пёркі.