Гiды

Залатыя часы: Ты можаш валодаць маёмасцю

Залатыя часы: Ты можаш валодаць маёмасцю

Малюнак Волі Пранкевіч

Са школьных урокаў літаратуры ды з экскурсій у Дудуткі ў нас пазаставаліся вобразы падушкі пад пахай у нявесты ды распісанага куфара з нейкімі хатнімі рэчамі — гэта называлася таямнічым словам «пасаг», то-бок маёмасць, якую дзяўчына атрымлівала ад бацькі, калі выходзіла замуж. І часта гэта і было адзінае, што мелася ў яе прыватнай уласнасці да канца жыцця. А недзе ў іншых краінах не было і такога — жанчыны проста не мелі права ні на спадчыну, ні на валоданне хоць якой маёмасцю. Сёння Сойка расследуе, як было і як стала з правам жанчын мець нешта сваё.

Старажытнасць: дзе жылося лепей

Вядома, усе старажытныя дзяржавы былі ў большай ці яшчэ большай ступені патрыярхальнымі — але ў нейкіх з іх жанчынам жылося крыху лепей у маёмасным плане. Напрыклад, Тора ў старажытным Ізраілі практычна ўроўнівае жанчын у мужчын у фінансавым аспекце: жанчыны мелі права на прыватную ўласнасць і на атрыманне спадчыны, а таксама яны маглі падаць пазоў у суд — і пры гэтым не патрабавалася, каб іх там прадстаўляў мужчына. Падобная сітуацыя была і ў Старажытым Егіпце.

Сярэднявечная Еўропа і Блізкі Усход

Аднак у сярэднявечнай Еўропе гэткай фінансавай свабоды жанчыны ў асноўным не мелі: хаця б з кніг Джэйн Остэн мы ведаем, што спадчына ў Англіі перадавалася па мужчынскай лініі — нават калі гэта былі далейшыя сваякі (ака містар Колінз), а не ўласныя дзеці.

Што цікава, паводле ісламскага права, спадчына была абсалютнай уласнасцю жанчыны, а маёмасць замужніх жанчын, уключна з зямлёй, належала ім, была аформленая на іх уласнае імя і не станавілася ўласнасцю іх мужоў, у адрозненне ад агульнага і рымскага права, паводле якіх жыла Еўропа.

Ангельскае права

Жанчыны ў Англіі мелі пэўную «юрыдычную недзеяздольнасць», якая надыходзіла з уступленнем яе ў шлюб і заканчвалася разам з яго заканчэннем, — падчас замужжа жанчына цалкам губляла сваю юрыдычную асобу. Муж і жонка складалі адну асобу, і, вядома, прадстаўніком яе быў муж. Ён не мог нічога падарыць жонцы ці заключыць з ёю дамову, бо нельга дамаўляцца з самім сабой; ейныя даўгі да замужжа станавіліся даўгамі мужа; ейны тастамент знішчаўся з выхадам яе замуж; уся ейная рухомая маёмасць рабілася ўласнасцю мужа.

Толькі ў 1882 годзе жанчыны Вялікабрытаніі атрымалі права валодаць маёмасцю і пакідаць нешта ў спадчыну сваім дзецям.

Вялікае Княства Літоўскае

У Статуце ВКЛ 1588 года сярод іншага было абгаворана маёмаснае права датычна пасагу. У 5 раздзеле было аж 22 артыкулы пра гэта — вось назвы некаторых з іх:

1) «Якім звычаем быцька, выдаючы дачку сваю замуж, павінен замацаваць і забяспечыць запіс вена (то-бок пасаг) ад зяця»; 2) «Як павінен муж жонцы запісаць вена»; 17) «Аб маёнтку, на якім муж жонцы забеспячэнне аформіць»; 18) «Аб крыўдах, якія чыняцца мужам з маёнтка, вянованага жонцы» — і яшчэ парачка іншых.

У першым артыкуле вызначалася:

«Кожны абывацель гэтага панства, якога-небудзь будучы стану, выдаючы дачку сваю замуж і даючы за ёю пасаг або выправу па добрай волі сваёй, перш чым дачку выдасць, павінен ад зяця ўзяць запіс пад пячаткай і з подпісам рукі яго, хто пісаць умее, і пад пячаткамі людзей добрых, якім ён на трэцяй частцы маёнтка ляжачага свайго гэты пасаг, гэта значыць грошы наяўныя, золата, срэбра, жэмчуг, дарагое каменне, удвая ацэньваючы. А іншую выправу — строі і ўсякія ўборы, і палотны белыя, коні, каляскі і ўсе іншыя рэчы рухомыя — адной ацэнкай без падваення ацаніць, павінен апісаць».

Карацей, так ці іначай, але Статут бараніў маёмасныя правы шляхцянак на пасаг, атрыманы на вяселле.

Маёмасць жанчыны-сялянкі

Пасаг, атрыманы з бацькоўскага дому, заставаўся пажыццёвай уласнасю жанчыны. Яго падрыхтоўка пачыналася яшчэ з яе маленства, і яна сама падключалася да працэсу ў свае 12 гадоў, калі пачынала збіраць у куфар уласнаручна натканае. Чым большы яна мела пасаг — тым лепшае становішча было яе як жонкі ў новастворанай сям’і. У чэк-лісце звычайна было адзенне, пасцельная бялізна, дываны і посуды, а яшчэ прылады для ткацтва (як калаўрот, прасніцу, верацёны) — каб пасля рыхтаваць пасаг для ўжо ўласных дачок.

А як цяпер

У сучасных еўрапейскіх краінах жанчыны маюць права ўласнасці толькі дзякуючы законам, прынятым у перыяд з 1850 па 1980 год. Жанчыны заваявалі права атрымання спадчыны падчас Французскай рэвалюцыі, але праз пяць гадоў зноў іх страцілі паводле Кодэксу Напалеона.

У Асманскай імперыі яны больш за стагоддзе карысталіся шырокімі эканамічнымі правамі, уключаючы права ўласнасці на зямлю, але страцілі іх і зноў здабылі толькі пры Атацюрку ў 1923 годзе.

Карацей, ні адна жанчына не магла быць упэўненая, што яе правы ўласнасці не будуць сёння ці заўтра парушаныя. І ў многіх жанчын няма такой упэўненасці і сёння — прычым у любой краіне свету, і нават бліжэй, чым нам можа здавацца.