Армія РФ у Беларусі
Цягам года пытанне «Уступіць ці не ўступіць Беларусь у гарачую фазу вайны?» застаецца прадметам дыскусіяў.
- Расейскія войскі ў Беларусі з’явіліся ў студзені 2022 года — прыбылі на саюзныя вучэнні і з таго часу застаюцца. 24 лютага з нашай тэрыторыі ў бок Украіны паляцелі першыя ракеты. Лукашэнка назваў гэта «вымушанымі мерамі».
- Цягам кастрычніка эшалоны з расейскімі войскамі прыбывалі ў Беларусь амаль бесперапынна, пазней нарошчванне войскаў то павялічвалася, то падала. Большасць войска знаходзіцца на чатырох палігонах — далёка ад паўднёвай мяжы, але расейскіх вайскоўцаў бачаць практычна ва ўсіх населеных пунктах Беларусі.
- За першыя месяцы вайны з нашай тэрыторыі ў бок Украіны выпусцілі каля 600 расейскіх ракетаў. Пазней гэтыя абстрэлы скараціліся, аднак, як сцвярджаюць назіральнікі, з Чарнобыльскай зоны цяпер атакуюць дронамі-камікадзэ.
Беларусы ўзялі ў рукі зброю
З пачаткам вайны стала зразумела, што час «мірных людзей» таксама адышоў у нябыт. Беларусы выходзяць абараняць справядлівасць — гэтак, як могуць, у сваім месцы, у сваёй сітуацыі. І нясуць за гэта пакаранне.
- Ледзь не ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі былі створаны дабраахвотныя ваенныя адзінкі (палкі Каліноўскага і «Пагоня», батальён «Тэрор» і інш. фармаванні), у склад якіх уваходзяць выключна грамадзяне Беларусі. За год агрэсіі, абараняючы Украіну, загінулі не менш за 18 беларускіх ваяроў.
- У самой Беларусі з пачатку агрэсіі развязалася рэйкавая вайна. Сучасныя партызаны намагаліся перашкодзіць перасоўванню па чыгунцы расейскай зброі і боепрыпасаў. У канцы снежня 2022 суд у Гомелі асудзіў трох рэйкавых партызанаў са Светлагорску, ім далі ад 21 да 23 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
- Адміністрацыйныя і крымінальныя справы ўзбуджаюцца за любыя праявы антываеннай актыўнасці. Паколькі сходаў і мітынгаў ужо не адбываецца, падставай для ўзбуджэння справы становяцца антываенныя каментары і выказванні супраць расейскіх вайскоўцаў у інтэрнэце.
Cancel culture
Атакі з боку Беларусі непазбежна адбіліся на ўкраінска-беларускіх стасунках — асабліва балюча гэта ўдарыла па тых, хто і без таго зазнаў рэпрэсіі з боку ўладаў Лукашэнкі ды нядаўна перабраўся жыць ва Украіну.
- З пачаткам вайны ўкраінскія банкі пачалі блакаваць рахункі грамадзянаў Беларусі, у тым ліку камерцыйныя. Беларусы сутыкнуліся з дадатковымі праверкамі і немагчымасцю завесці рахункі ў многіх еўрапейскіх банках, а таксама з немагчымасцю скарыстацца карткамі беларускіх банкаў, якія трапілі ў санкцыйны спіс. (Трымайце гід пра тое, як карыстацца беларускімі карткамі за мяжой).
- Беларускія грамадзяне ва Украіне сутыкнуліся з пагрозай дэпартацыі — Дзяржаўная міграцыйная служба анулявала некалькі дзясяткаў відаў на жыхарства (у тым ліку гэта закранула некаторых беларускіх валанцёраў). Пры гэтым дзяржорганы практычна перасталі прымаць заяўкі на легалізацыю.
- У сеціве пачаў шырыцца хэйт супраць беларусаў, дзеці ўцекачоў з Беларусі неаднаразова зазнавалі (і зазнаюць) булінг праз сваю датычнасць да краіны-агрэсара ад аднагодкаў у навучальных установах за мяжой.
- Выказванні супраць беларусаў гучалі з боку афіцыйных асобаў ва Украіне, а прэзідэнт Зяленскі забыўся ўзгадаць пра беларусаў і Каліноўскага, гаворачы пра паўстанне 1863 года. Хаця беларускі полк імені гэтага лідара сёння змагаецца ва Украіне супраць расейскай агрэсіі.
Жалезная заслона ўсё ніжэй
Выехаць з Беларусі ўсё складаней — спіс краінаў, куды можна трапіць без візы і доўга знаходзіцца без віду на жыхарства, вельмі кароткі. Атрымаць візу ў Еўразвяз усё складаней — вялікія чэргі, і візы даюць далёка не кожнаму.
- У польскіх консульствах засталося толькі 20% ад ранейшай колькасці працаўнікоў, у канцы лютага Беларусь выслала яшчэ трох дыпламатаў.
- Польшча закрыла пункт пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Гарадзенскай вобласцю Беларусі «праз інтарэсы дзяржаўнай бяспекі», абмежавала рух беларускіх грузавікоў праз памежны пераход «Кукурыкі-Казловічы». На выезд з Беларусі (і ў Польшчу, і ў Літву) утварыліся шматкіламетровыя і шматгадзінныя чэргі з пасажырскага і грузавога транспарту.
- Без візаў беларусы могуць пастаянна знаходзіцца ў пяці краінах: Грузія, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан. Ну і Расея, быць ў якой можа быць гэтаксама небяспечна, як і ў Беларусі.
Шызафрэнія вакол «беглых»
Палічыць людзей, якія з палітычных, эканамічных ды прычынаў бяспекі былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі, практычна немагчыма (у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы кажуць — да паўмільёна чалавек). Немагчыма і не заўважыць масавай міграцыі. Улады таксама не могуць вызначыцца, што ім рабіць — запалохаць, прынізіць або прымусіць вярнуцца актыўнае ды працаздольнае насельніцтва.
- У канцы 2022-га быў прыняты законапраект аб пазбаўленні грамадзянства за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне цяжкой шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, калі такія асобы жывуць за межамі нашай краіны. Тэарэтычна, прызнаць экстрэмістам і адабраць пашпарт могуць у кожнага, хто з’ехаў — практыка завочных судоў ужо цалкам звычайная.
- У 2023-м улады аб’явілі пра стварэнне адмысловай камісіі па вяртанні «беглых» — у яе ўвайшлі сілавікі і прапагандысты. Палітычным эмігрантам прапанавалі вяртацца ў абмен на раскаянне, але ні пра якія гарантыі бяспекі для патэнцыйных вяртанцаў не ідзецца. Пры гэтым за 2022 год затрымалі не менш за 58 чалавек, якія паспрабавалі вярнуцца дадому.
«Ачышчэнне» культуры
Больш за 90 чалавек, звязаных з культурнай дзейнасцю, знаходзяцца за кратамі, тысячы культурных дзеячаў з’ехалі. У Беларусі ўжо два нобелеўскія лаўрэаты: адна ў замежжы, другі — у турме.
- Улады апублікавалі «стоп-ліст» беларускіх выканаўцаў, у які ўвайшлі 80 музыкаў. Прозвішчы многіх з іх раней не лічыліся варожымі. Міністр культуры заявіў, што «здраднікам» не месца на сцэне і паабяцаў вяртаць туды толькі тых, хто раскаецца ў сваіх думках, лайках і пастах.
- Нобелеўскую прэмію міру атрымаў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», шматгадовы барацьбіт за правы беларускай мовы і правы чалавека Алесь Бяляцкі, якога трымаюць за кратамі. Адначасова прэмію ўручылі ўкраінскаму Цэнтру грамадзянскіх свабод і расейскаму «Мемарыялу».