ROUBLEZONE
I’m Not Forgiving You
Найлепшы беларускі англамоўны трэк пра каханне (запісаны барысаўскімі музыкамі, што напаўняе маё сэрца гонарам!) – ад Алега «Джагера» Мінакова, які ўсё жыццё (пачынаючы літаральна з калыскі, сур’ёзна!) кахаў і працягвае кахаць адну-адзіную жанчыну – сваю жонку Волю. Ці гэта не ўзорная і незвычайная для рок-зоркі гісторыя? Песня «Я табе не дарую» – пра тое, што нават адзінае на ўсё жыццё каханне часам праходзіць праз суворыя і невыносныя выпрабаванні, але нават у сітуацыі, калі вы абодва нарабілі нейкай невыбачальнай фігні, заўжды есць шанц усё выправіць.
ПЕСНЯРЫ
Ты мне вясною прыснілася
У «Песняроў» шмат песень пра каханне, але менавіта ў гэтым трэку даволі дакладна можна зразумець, чаму яны – беларускія King Crimson. Дакладней, King Crimson яшчэ не выпусцілі свой Starless, а «Песняры» ўжо спявалі вось такое.
КРАМА
Стэфка
Усе найлепшыя беларускія песні пра каханне – пра нігілістычны момант растання, а не пра стадыю захаплення і аксітацынавага шоку. Тут лірычны герой таксама развітаўся са сваёю Стэфкай каля старога млына і патрабуе ад яе перастаць яго кахаць – пры гэтым адначасова абвінавачваючы яе ў тым, што жар яе кахання згас. Беларускія мужчыны з тых гадоў не вельмі змяніліся, але за гэта мы іх і любім (ці не).
ПЕТЛЯ ПРИСТРАСТИЯ
Дышать и смотреть
Не ўсе песні «Петли» – пра алкаголь, ангеданію, самавызначэнне (ягоную немагчымасць) і дзэн-будызм як стан і метафару эмацыйнай нерухомасці – таксама ў іх есць проста ірвучыя душу песні пра каханне. Менавіта гэтая песня, канечне, пра нейкую суворую форму сузалежнасці – лірычны герой добра арыентуецца ў сваім заблытаным нарцысічным мэсаджы, дапускаючы і жадаючы, што жанчыне з ім давядзецца памучыцца, але што паробіш.
SVET BOOGIE BAND
Nothing But Love
Усё, што рабіў Свет, і ўсё, што ён паспеў зрабіць за імгненныя і такія кароткія, як цяпер бачна, 28 год, было пра любоў і пра каханне, і ўсе гэта рабілася ім дзеля любові, а іншых рэчаў ён проста не заўважаў і не лічыў іх вартымі. Гэта адзін з ягоных першых аўтарскіх трэкаў (дагэтуль Свет у асноўным пацвярджаў сваю любоў да старых блюзмэнаў праз творчае пераасэнсаванне іх спадчыны), і ў ім пакуль няма такіх пакутаў і болю, як у самых апошніх («I need pain to feel love») – там толькі святло, радасць і так і не спраўджанае, але ад гэтага не менш праўдзівае абяцанне, што ніхто ніколі не памрэ, бо любоў не памірае.
СЕРЕБРЯНАЯ СВАДЬБА
Пилоты
Кананічная беларуская песня пра каханне – і, дарэчы, першая ў сваім родзе рок-н-рольная фем-лірыка, спетая ад асобы беларускай жанчыны, якая задзяўблася чакаць свайго прынца ля легендарнай «Паціа піцы». Ад «Паціа піцы» ўжо нічога не засталося; ад беларускіх нулявых, калі можна было весела хуліганіць і ўсё навокал здавалася нейкай ржачнай гульнёй ва ўяўных дарослых – таксама нават успамінаў не засталося, а калі я склала гэты спіс, я даведалася пра смерць Арцёма Залескага, бубнача «Серебряной Свадьбы» і геніяльнага музыкі, чый рытм можна пачуць не менш, чым у 4 трэках з гэтай падборкі. «Толькі любоў» – напісала Света Бень у Фэйсбуку Арцёма, паведамляючы пра трагедыю. «Паціа піцы» няма, нулявыя памерлі, гурт «Серебряная свадьба» больш ніколі не выступіць – але тут яны ўсе смешныя, прыгожыя і ніколі не памруць. І мы ім верым.
НЕЙРО ДЮБЕЛЬ
Лучшая девушка
У Сашы Кулінковіча амаль кожная песня, здаецца, пра метафізічнага складу любоў, якая вызначаецца праз нетрывіяльную, але самую дакладную, проста ў сэрца, метафару (прыкладам, «штаны» з апошняга альбома пад назвай «Першы»: «штаны – они неразделимы, штаны – это ты, это я»), але гэтая песенька – проста прызнанне ў каханні беларускім дзяўчатам – што можа быць лепш. Увогуле, усё, што рабіў Саша, таксама было пра любоў.
НАРОДНЫ АЛЬБОМ
Надзенька
На маю думку, гэта самая самая павучальная і сумленная песня пра каханне і стасункі, якую можна выкарыстоўваць як інструкцыю і ў нашыя часы – а яшчэ няма і не бывае іншай беларускай песні, якую гэтак жа сама прыемна выконваць крыху п’янаватым моладзевым хорам дзесьці за філармоніяй у садочку на лавачках (ці дырыжыраваць гэтым хорам, калі ты ўжо не зусім моладзь). Колькі ў нашым жыцці было такіх сітуацый, калі мы засталіся, як бедна Надзенька, з чамаданам пустым у руках!
ЛЯПИС ТРУБЕЦКОЙ
Розочка
«Ляпісы» запісалі пасля гэтага канфетна-букетнага перыяду безліч геніяльных песень і альбомаў, але толькі цяпер, калі прайшло дастаткова часу для фармавання адэкватнай рэфлексіі, мы можам сумленна сказаць: нічога не можа абысці «Розочку», «Розочка» – the best! Бо ў часы розачкі мы самі былі, так бы мовіць, розачка.
БЕЗ БИЛЕТА
Нарисована
Гэты наіўны кліп Тані Кушнер пра Менск праз акно таксі – паездка па праспекце Незалежнасці ад пачатковай да канечнай кропкі (фактычна, аўтобус «Сотачка» – ну ўсё, я зноў у слязах) здаваўся тады крышачку дурацкім: ну што гэта за ідэя – катацца ў дождж у таксі з відэакамерай. А цяпер гэта псіхагеаграфічны аб’ект памяці, мутнае дрыготкае шкельца настальгіі і імгненны злепак таго асаблівага іррэальнага размытага стану, калі ты проста едзеш куды вочы глядзяць, нават калі нічога не бачна. Дарэчы, «Без Білета» потым таксама запісалі столькі выдатных песень пра каханне – але ніводная ўжо не выклікала такога імгненнага і безнадзейнага ўколу шалёнага і балючага шчасця, як гэтая.
УЛІС
Твой шэры твар
Не самая вясёлая песня пра каханне – хутчэй, пра сустрэчу з чалавекам, якога кахаў колькі год таму (гэта можа быць і жанчына, і сябар, і былы суайчыннік, і нават нейкі зборны вобраз радзімы) – але для мяне яна зараз пра абяцанне сустрэчы нават з тымі, з кім ужо немагчыма пабачыцца ні ў гэтым свеце, ні ў тым. Гэта ўсе магічная лірыка Фелікса Аксёнцава – там і ад’езд, і надзея, і лісты, якія мы пішам і пішам, не чакаючы адказу.
ЛЮБОВЬ И СПОРТ
Лед и солнце
Немагчыма было скласці спіс найлепшых песень пра каханне без гурта, які ўключыў каханне проста ў сваю назву. «Любовь и спорт» былі адной з самых яскравых брыт-поп камандаў багемнага Менску пачатку нулявых, яны хутка з’явіліся, гэтак жа сама хутка зніклі і бліскуча ды балюча выканалі рок-н-рольны загад жыць імгненна і памерці маладым – вакаліст Андрэй Вашкевіч памёр ад сардэчнага прыступу, калі яму было крыху больш за 30. Цяпер няма з намі і бубнача гурта Арцёма Залескага. «Если б знать, когда увижу я тебя опять». Цяпер у нас ёсць любімыя гурты, дзе ўсе ключавыя фігуры памерлі. Я не з тых, хто суцяшае сябе вобразамі кшталту «цяпер Арцем і Андрэй зноў разам і граюць на нябёсах», гэта ўсе булшыт, ніхто ні з кім не грае, але ўсе ж так хацелася б верыць, што гэта ўсе нікуды не знікне. Вось вы паслухалі гэтую песню – і дапамаглі гэтаму не знікнуць, і дзякуй вам за гэта.
AKUTE
Шчасце
Найлепшыя і самыя пякучыя песні пра каханне ў 2010-х нам, безумоўна, пастаўляў гурт Akute – нават немагчыма абраць любімую, але няхай будзе гэта – сэрца маё разаб’ецца і мы дакранемся да зор (куды мы ўсе разам ляцім, безумоўна).
ПУКСТ
Я люблю тебя
Хочацца скончыць гэты спіс, які выглядае пад канец як нейкі рэквіем беларускаму рок-н-ролу тых часоў, калі мы ўсе былі ў Беларусі і ўсё гэта прымалі як дасціпнае, звычайнае і неўміручае, нечым жыццесцвярджальным. Сяргей Пукст – увесь пра жыццё і пра экзістэнцыяльную вусціш – гэта песня-тэрапія, яе добра спяваць караоке ў вясёлай кампаніі (хаця я ўжо не ўпэўненая, што вашай кампаніі зараз вельмі весела – але прабачце, якая краіна, такія і песні пра каханне).
ВОЛЬСКІ
Маё каханне
Для фінала ўзгадалася самая светлая песня любімага нашага Вольскага – канечне, пра каханне, пра любоў, пра край, пра мёртвую ваду з чорных крыніц (без гэтага немагчыма, прабачце) і пра шлях дадому, які абавязкова знойдзецца.
Калі ласка, любіце і беражыце адна адну, адзін аднога і адны адных, любіце нашых музыкаў, пакуль яны жывыя, і скажыце сёння ўсім, каго вы любіце, што вы іх любіце і што вы ў іх ёсць (і я сапраўды маю гэта на ўвазе).
ТОП-5 БЕЛАРУСКІХ КНІГ І АЎТАРАЎ – ПРА КАХАННЕ
Бонусам – для тых, хто любіць чытаць сваё, настаўніца беларускай літаратуры і пісьменніца Ганна Севярынец сабрала 5 варыянтаў найлепшага чытва пра каханне па-беларуску.
Кузьма Чорны. «Пошукі будучыні»
Апошнія старонкі першай главы – адно з самых шчымлівых, напружаных, глыбокіх і далікатных адлюстраванняў гісторыі кахання ў беларускай літаратуры. Кожны раз, як перачытваю, ажно сціскаецца ў грудзях.
Міхась Зарэцкі. «Мар'я» і «На маладое»
Першае апавяданне – своеасаблівае мастацкае суправаджэнне тэорыі Фройда, якая была вельмі папулярнай у дваццатыя гады мінулага стагоддзя і якое Зарэцкі, відаць па ўсім, пільна і ўважліва чытаў. Другое – тыповае для Зарэцкага: напружанае, насычанае эмоцыямі, шэкспіраўскімі жарсцямі і рамантыкай тых гадоў.
Сяргей Календа. «Часам панкі паміраюць»
Шчыры расповед пра каханне без залішняга пафасу і рамантызацыі.
Марыя Мартысевіч, «Сарматыя». 18+
Брутальнае, ёмістае і канцэнтраванае пагружэнне ў тэму літаральна за пару радкоў.
Наста Кудасава. Вершы
Гэта проста само па сабе – чыстае каханне, нават калі і не пра яго.